Изменить стиль страницы

Палазы парыпвалі па сыпкім снезе, пакідаючы ў ім глыбокія шнары. Карэта з закратаванымі вокнамі спынілася каля прыдарожнай карчмы, дзе ўжо два дні знаходзіўся маг са спадарожнікамі. Разанцаў, захутаны ў мядзвежае футра, выйшаў на стаптаны снег, падазрона азірнуўся і адправіўся ў будынак. А жаўнеры заняліся тым, чым спрадвеку займаюцца тыя, хто спыняецца каля карчомкі. Вядома, асабліва шляхетных гатункаў віна тут не было, але піва налівалі някепскае. А хутка яшчэ з вокнаў пачуўся дзівосны жаночы спеў на італьянскай мове… Нават фурман злез з аблучка і пацягнуўся, як зачараваны, бліжэй да дому. Жаўнеры, якія дзяжурылі ля карэты, таксама адышліся, задраўшы галовы да вакна, за якім разводіла рулады райская птушка.

У закратаванае вакно экіпажу з адваротнага ад карчмы боку зараз жа зазірнуў, выслізнуўшы невядома адкуль, егіпецкі хлопец:

— Бутрым!

Дзяржаўны злачынца, які драмаў, адкінуўшыся на мяккім сядзенні, адплюшчыў цёмныя вочы, абведзеныя кругамі, адчыніў знутры зашклёную шыбу:

— Пранціш! Ну і выгляд у цябе… Адкуль?

— Ціха! Зараз паспрабуем цябе адбіць… Мы разам з Батыстам прыехалі. Там пан Рысь, яшчэ колькі чалавек пазбіралі з суседніх маёнткаў… Жаўнераў ля карэты ціха прыкончаць, і бяжым. Іншай магчымасці не будзе. Трымай пісталет і нож…

Але Лёднік пакруціў галавой з адрослымі чорнымі валасамі, на яго схуднелым абліччы была стома:

— Выбачай, не магу…

— Ты што, прыкаваны? Справімся…

— Не, дарагі! — доктар з мяккай усмешкай паціснуў праз краты руку нечаканага госця. — Я даў слова Міхайле, што паеду з ім. Я павінен пацвердзіць, што ён не здраднік.

Вырвічу на імгненне мову адняло. І сапраўды падалося, што на галаве доктара — дзіравы медны тазік, апрануты ён у іржавыя рыцарскія латы, а рука сціскае дзіду, нацэленую на вятрак. Дон Кіхот няшчасны, рыцар сумнага вобразу!

— Ты што, здурэў? Якое слова? Цябе ледзь не замучылі! Выратуеш яго, твой сябручок зноў цябе на крук павесіць! І яшчэ мяне побач!

Лёднік трохі змяніўся ў твары:

— Ты не павінен папасціся… Сыходзь!

— Пайшлі разам! — Вырвічу хацелася проста аглушыць зараз упартага доктара, як рыбіну, і звалачы сілком. — Пра Саламею падумай! Пра Алесіка! У Італіі пажывем, там вучоных шмат!

Спевы ў карчме скончыліся, людзі ўхвальна загулі.

— Зразумей, у мяне ёсць магчымасць заступіцца не толькі за Міхайлу… — з тугою адказаў Лёднік. — Магчыма, удасца пераканаць, каб не чапалі Акадэмію, не пераследвалі студэнтаў. Сам ведаеш — наш кароль зробіць тое, што скажа Пецярбург… Ты лепей Батысту прыцісні, каб ад даносу адмовіўся… Зараз мне збегчы — гэта здрада! Гэта пацвердзіць, што ўсё-ткі ёсць змова, і трэба ўсіх арыштоўваць і дапытваць! Увядуць ваеннае становішча, і… Да таго ж — пагоня, кроў, загінулыя людзі… Ды жаўнеры тут пекла ўчыняць! Навошта тады ўсе мае высілкі былі?

Пачуўся ціхі свіст, што азначала — егіпецкаму слузе, які так і не падаў знаку на пачатак аперацыі, трэба ўцякаць. Калі вядзецца, дык і на трэску прадзецца, а калі Фартуна маўчыць, дык і мёд гарчыць.

— Дурань! Усё роўна будзе вайна! — Пранціша аж калаціла ад злосці і адчаю. — Шляхта збірацца скласці канфедэрацыю супраць Панятоўскага і расейцаў, расейцы агітуюць, каб у іхнюю канфедэрацыю ўступалі…

— Тым больш я павінен абараніць хоць тое, што магу. Не трэба ўчыняць тут безнадзейнай бойкі. Сыходзь, Вырвіч!

Адзін афіцэр ужо заўважыў, што ля карэты с арыштаваным круціцца падазроны тып, і сярдзіта закрычаў. Пранціш паспеў яшчэ абмяняцца з доктарам тужлівымі паглядамі і змушаны быў хуценька слізгануць між коламі карэты…

Нягоднік Батыста, які да гэтага не быў пасвечаны ў бліскучы план выкрадання вязня на станцыі, паводзіны доктара ўхваліў, затое Пранціша і пана Рыся аблаяў на чым свет… Авантурысты, гатовыя загубіць усё і ўсіх непрадуманымі планамі! Калі ўжо яны вымушаны дзейнічаць разам, трэба хаця б трохі пытацца, хто і што збіраецца рабіць… Ледзь усё не сапсавалі, у тым ліку і свайму доктару! Amicus incommodus ab inimico non differt![14]

Пан Рысь выхапіў шаблю, а Пранцішу толькі цяпер прыйшла ў галаву запозненая здагадка — не здарма ж маг адправіўся ў расейскую сталіцу ў адзін час з Разанцавым, не выпадковая і гэтая сустрэча на станцыі! Батыста ж таксама замяшаны ў справе закалоту ў Віленскай акадэміі, гэта ж з ягонага даносу ўсё пачыналася! А Лёднік зблытаў усё і яму… І цяпер на расследванне выкліканы і Батыста. Напэўна, Разанцаў з магам пра нешта дамовіліся, і пан Міхайла па дарозе ўсё абмяркуе з Лёднікам: якой версіі хто стане трымацца, як выйсці ўсім з сітуацыі з найменшымі стратамі. Дыпламатыя, палітыка, палацавыя інтрыгі! Цяпер Вырвіч быў упэўнены, што карона святога Альфрэда будзе выкупляць правіну мага перад расейцамі. А Панятоўскі — што, яму цікавей з актрысай Шэкспіра разыграць, чым разбірацца ў даносах і змовах. Ён толькі рады, можа, што ўдалося пазбегнуць вялікай бойкі.

Батыста пацвердзіў, што збіраецца ператлумачыць уладам па-іншаму словы свайго даносу, і чым менш Пранціш з кампаніяй будуць умешвацца, тым лепей. Нават Міхалішыўна, якая выканала просьбу Пранціша пацешыць спевамі расійскіх жаўнераў, але таксама не ведала пра рызыкоўную задуму спадарожнікаў, нечакана выказалася, як і маг. Людзей бы толькі загубілі, сябе загубілі… Пацвердзілі б, што закалот існуе, а пан Лёднік на пакуты пайшоў, каб гэта абвергнуць.

Пранціш яшчэ раз падзівіўся, як выпадкова часам мяняецца ход гісторыі. Вось патрапіў між яе адладжаных, грувасткіх колаў адзін чалавек — і змусіў усю машыну спыніцца. Праўда, для гэтага чалавек павінен быць не парушынкай і не простым каменьчыкам, а адамантам, дыяментам…

Падобнае здарылася, калі па намове князя Вітаўта жонку старога Ягайлы Соф’ю Гальшанскую абвінавацілі ў здрадзе мужу-каралю, нібыта сыноў яна нарадзіла не ад яго, а ад маладога прыгожага рыцара Генрыка з Рогава. Кароль раз’юшыўся і загадаў аддаць магчымага суперніка на допыт… І каб той зламаўся пад катаваннем, прызнаў віну — прынцы, будучыя манархі, былі б пазбаўленыя права на трон, з’явіліся б іншыя прэтэндэнты, і як бы тады ўсё павярнулася? Але рыцар паўтараў: «Каралева не здраджвала каралю», і ўсё пайшло тым шляхам, які застаўся ў летапісах…

Цяпер гэты шлях залежыць ад нязломнасці Лёдніка, якая ўжо змусіла моцных свету мяняць планы, а здрайцаў і падлюкаў прыстасоўвацца.

Пан Рысь ад злосці і расчаравання шабляй усе сцены пакоя пасек, як быццам тут начаваў галодны лемпард з вострымі кіпцямі.

Што ж, заставалася ехаць далей на Поўнач.

РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

ЯК ПРАНЦІШ І ЛЁДНІК З ПАЎНОЧНАЙ ПАЛЬМІРЫ ЎЦЯКАЛІ

У чорным, як пашча астылай печы, небе ўспыхвалі вогненныя кветкі і вензелі. Асабліва часта паўтараліся ініцыялы імператрыцы. А што вы хочаце — хто на куце, для таго й булкі…

А неба тут было асабліва цёмнае… Як столь у сутарэннях, дзе дагарэла апошняя свечка. Але й удзень не пакідала адчуванне, што да гэтага нізкага паўночнага неба можна, добра падскочыўшы, дакрануцца рукою, асабліва паміж шэрых камяніцаў і раўнюткіх, як накрэсленых, брукаваных вуліцаў і каналаў.

Смуглявага юнака ў чалме, які трымаў нешта вялікае, захутанае ў футра, штурханула паненка ў сукенцы, расшытай перлінамі. Крыналіны спакусна шаргатнулі, паненка азірнулася, у мігатлівых агнях феерверкаў і паходняў толькі і можна было разгледзець бліскучыя вочы ў проразях чорнай аксамітнай паўмаскі, ды ярка нафарбаваныя вусны ўсміхаліся… На карнавале любая дама сыдзе за прыгажуню.

Цяпер штурхаліся з усіх бакоў, і паненка пабегла далей… Мала што тут малады блакітнавокі егіпцянін… Навокал хапала самых неверагодных персанажаў, з велізарнымі дзюбамі, у капелюшах-караблях… Нехта нават у мурына пафарбаваўся — а можа, гэта і насамрэч быў мурын, у вясёлай мітульзе карнавалу нельга было адрозніць сапраўднае ад несапраўднага.

Вось пад карліка не падробішся… А іх тут было столькі, быццам спецыяльна вырошчвалі (а хадзілі чуткі, што так і ёсць — калечаць дзяцей адмыслова, трымаюць іх у спецыяльных прыстасаваннях, каб косткі раслі няправільна, і вось — жывая забаўка для багацеяў). І як ні любіў Пранціш Вырвіч пагулянкі ды зухаватыя бяседы, не было яму весела пад гэтым нізкім, як скляпенне, небам, між бліскучага натоўпу, кожны з якога ў любы момант мог ператварыцца з усмешлівага прыдворнага ў атласе і карунках у апальнага раба з вырванымі ноздрамі і кляйном дзяржаўнага злачынцы на ілбе… Хто ведае, дзе паслізнешся на наваскаваным палацавым паркеце? Тут шляхціц не выкрыкне таму, хто займае трон, што гэта ж ён і выбіраў цяперашняга манарха на элекцыйным сойме, а раз яны ўсе — роўныя ў шляхецтве сваім, дык няхай Трыбунал вырашае, чыя праўда. Вунь Панятоўскі паспрабаваў цыдулкі адной замужняй пані перасылаць з давераным чалавекам, муж высачыў, пасланца дзягай збіў, а з цыдулкай на суд прыйшоў… Кароль ледзь адкупіўся, а пані ў кляштар адправілася грахі замольваць.

вернуться

14

Някемны сябар не адрозніваецца ад ворага (лац).