Изменить стиль страницы
…Люструюцца ў вострым лязе вочы майго Алканоста,
Што напявае пра свет без нянавісці і крыві…
Здацца і адысціся, змірыцца — гэта так проста,
Ды шабляй адной аддзелена смерць ад маёй любві.

Саламею прывезлі назад у карэце Разанцава, калі было ўжо зусім цёмна, і цені ад полымя свечак варушыліся па сценах, абклееных цёмна-сінімі шпалерамі ў залатыя кветкі, як начніцы. Жанчына зайшла ў пакой, валізка выпала з яе рукі на падлогу. Жонка доктара бяссіла апусцілася на крэсла, закрыла твар рукамі, і раптам плечы яе затрэсліся — Вырвіч яшчэ ні разу не бачыў, каб яна так адчайна плакала, хаця перажыць давялося разам нямала. Ён у самых жахлівых прадчуваннях падкульгаў да пані і крануў рукой за плячо. Яна падняла твар, велічная прыгажосць якога змусіла б не аднаго рыцара кінуцца зараз жа на абарону хай бы і ад крыважэрнага цмока.

— Прабач, нервы не вытрымалі…

Выцерла тонкай рукой слёзы, цяпер у яе рысах праз адчай вызірала тая ўнутраная сіла, якая робіць прыгажосць нечым большым, чым аб’ект для прыемнага сузірання.

— Збілі яго так, што жывога месца няма, — голас Саламеі быў суровы, толькі ледзь прыкметна дрыжэў. — Спіна — адна суцэльная рана, так што давялося цэлае палатно бальзамам вымачыць і прыкласці… Апрытомнеў толькі на хвілю… Каб прабурчэць, што я ў бальзам не дадала дастаткова ладану.

Усмешка кранула куточак вуснаў Саламеі. Доктар, напэўна, і на тым свеце пачне вучыць прабацьку Абрама правільнай рэцэптуры піва, а херувімаў — гігіене наконт падтрымкі пер’яў у чысціні.

— Перанеслі Бутрыма ў самы лепшы пакой, здаецца, каменданта выселілі, — працягвала жанчына. — Вырашыла адразу заехаць да цябе, каб Алесіка слязьмі не палохаць — бо адчувала, што не вытрымаю, а пры… гэтых таксама плакаць не хацелася.

Жанчына здушыла ўсхліп, страсянула галавой, яе нізкаваты голас зноў загучэў цвёрда.

— Зараз заеду дадому, суцешу сыночка, набяру яшчэ лекаў — і назад… Да Бутрыма… Алесік з Хвелькай перабудзе. Прабач, і да цябе ў бліжэйшыя дні наўрад выберуся, застанешся з Агапай, яна маўклівая, але старанная. Трэба яшчэ спадара Лі абавязкова да мужа прывезці. З ягонымі нетрадыцыйнымі метадамі весялей справа пойдзе…

— Як ты думаеш, доктар ачуняе? — у страшнай трывозе папытаўся Пранціш.

— Не ведаю… Усё ў волі Божай… — ціха прагаварыла Саламея, голас яе дрыжэў. — Але Бутрым моцны. Будзем маліцца і спадзявацца…

Памаўчалі…

— А гэтыя ж хочуць, каб я паставіла яго на ногі за месяц, — з горыччу прагаварыла жонка доктара. — На Каляды ён мусіць быць у Санкт-Пецярбурзе… Разанцаў ажно манжэты згрыз ад нецярпення — Бутрым жа непрытомны ўвесь час, дык пан Міхайла дасюль не змог з ім дамовіцца і штось патлумачыць. Нічога, пацерпіць, — Саламея нядобра пасміхнулася. — Наколькі я ведаю Баўтрамея, ён, калі свядомасць вернецца, яшчэ добра прыпячэ языком сябрука нашага.

І пацягнуліся дні панылыя і трывожныя, як час паміж позняй восенню і ранняй зімой, калі дрэвы ўжо ўсе голыя, страшныя, як пакараныя грэшнікі, а неба ўсё не скідвае на іх белае цнатлівае покрыва снегу.

Хаця снег, трывалы, сыпкі, нарэшце выпаў… Пад капытамі каня пана Караля Рыся ён разлятаўся іскрыстымі фантанамі, і пляваць было альбанчыку, ці сочаць, ці не сочаць, арыштуюць, заб’юць: шляхціц конна — каралю роўны! Твар пана свяціўся ад шчасця:

— Сын! У мяне нарадзіўся сын, пан Вырвіч! Я назваў яго Станіслаў Баўтрамей!

Пранціш ледзь не заперхаўся ад навіны. Вядомы шляхціц назваў спадчынніка ў гонар сына полацкага гарбара! А першае імя, Станіслаў — гэта адно з імёнаў Пане Каханку, князя і магната. Ну што ж, кожны сам каваль свайго лёсу, можна нарадзіцца князем, а пра цябе загавораць уголас толькі тады, калі спадчыну дзяліць давядзецца.

Ідэі з пана Рыся па вызваленні Лёдніка білі гданьскім фантанам, чорныя вусы тапырыліся, як дзве шпагі, гатовыя да бою, але Пранцішу хутка надакучыла выслухоўваць гэтыя «А тады мы як кінемся…», і ён паставіў перад альбанчыкам канкрэтную, як пляшка гарэлкі, задачу: любым спосабам выведаць, калі і якім шляхам маг Батыста выправіцца ў Санкт-Пецярбург, на якіх станцыях будзе спыняцца, хто з ім паедзе. У Вільні, дзе вакол паўжывога Лёдніка аховы і шпегаў было, як машкаты над лужынай, разлічваць на ўдалы напад не даводзілася.

Найбольш, вядома, чакалася візітаў пані Саламеі. Тая прыходзіла змучаная, але ўсё больш радасная: вось Бутрым перастаў траціць прытомнасць… Зрабіў ласку нармальна пад’есці… Пачаў уладна кіраваць працэсам свайго лячэння… Адбылася і нялёгкая размова з Міхайлам Разанцавым. Да гонару апошняга, той ні аб чым ні прасіў зняволенага, не ўгаворваў. Проста паведаміў пра абставіны, якія склаліся, і даў зразумець, што цяпер цалкам залежыць ад словаў былога аднакурсніка, але прымушаць гаварыць тое ці іншае не збіраецца.

— Маеш магчымасць мне адпомсціць, — толькі і сказаў, апусціўшы вочы. На што Баўтрамей, які ўсё яшчэ не мог перавярнуцца на спіну, прабуркатаў «Кожны павінен выканаць свой доўг і захаваць гонар».

Як гэта разумець — Разанцаў мог толькі гадаць. Следства па справе прафесара Віленскай акадэміі Баўтрамея Лёдніка часова прыпынілася. А, каб не ягонае маўчанне, магло раскруціцца адчувальна і для ягоных блізкіх. Бо, аказваецца, усплыло і падарожжа прафесара з драгунам Вырвічам у якасці суправаджаючых падазронага хворага: з Менску даклалі, што яны праязджалі праз заставу. На шчасце, Батыста не стаў у даносе распісваць вываз езуіцкага золата, бо сам быў уквэцаны ў «залатой» справе, як котка ў смятане. Аднойчы на допыт прывялі для апазнання яшчэ аднаго вязня: Зыгмунд Грос абыякава агледзеў скрываўленага прафесара і запэўніў, што яго не ведае. Лёднік, у сваю чаргу, рашуча адмовіўся ад усялякага знаёмства з падазроным панам. І ясна было, што хоць збівай кожнага да смерці або другіх сведкаў прывядзі, меркавання не зменяць. Сапраўды, кожны мусіць выканаць свой доўг, якім чынам бы ён яго ні разумеў, як аднойчы сказаў над паміраючым Шрэдэрам Грос.

Прыйшоў наведаць Пранціша і кітаец. Сунуўся ў дом, ступаючы бязгучна, як дух-Хатнік, нізенькі, у сінім халаце, падбітым ватай, з вечнай усмешкай на маршчыністым твары, са смешнай казлінай бародкай. Так і здавалася, што зараз вымавіць якое-небудзь пагрознае «Фух-фух, чур мяне, дай-дай, гаспадар, без солі яечні, а то атрымаеш у плечы».

Але спадар Лі гаварыў ветліва і ціха, смешна перакрыўляючы словы. Ён агледзеў Пранціша, балюча націскаючы на асобныя кропкі цела, павадзіў рукой над ранай, якая ўжо зацягнулася, паглядзеў у вочы, ды так, што галава закруцілася — хаця вузкія вочы кітайца з жаўтаватымі бялкамі зусім не здаваліся страшнымі ў параўнанні з цёмнымі пранізлівымі вачыма Лёдніка.

— Паправішся хутка, малады чалавек! — паляпаў Чунь Лі Вырвіча па спіне. — Будзеш жыць доўга, ажэнішся, прыгожыя словы напішаш!

Вырвічу ажно стала непамысна: чаму кітаец сказаў пра словы, а не пра слаўныя бойкі? Няўжо, як і Лёднік, хоча з яго выхаваць вершаплёта?

На роспыты пра здароўе Бутрыма Чунь Лі сказаў, што доктар «Моцны, вельмі моцны. Але жарсны. Жарсць перашкаджае, бо толькі халодны розум павінен кіраваць высакародным мужам у часы небяспекі, стрыманасць прыводзіць да поспеху». І дадаў, што Канфуцый вучыў, не з тым трэба быць у бойцы, хто можа кінуцца на тыгра з голымі рукамі ці кінуцца ў раку, не чакаючы лодкі.

— Але Чунь Лі сам чалавек жарсны… — заўздыхаў скрушліва дзядок і прызнаўся, што з радзімы давялося яму ўцякаць пасля таго, як ягоны гаспадар, вельмі важны чыноўнік, патрапіў у няміласць да імператара, і прыйшлі жаўнеры з загадам усё сямейства чыноўніка забіць. Чунь Лі, улюбёны вучань і целаахоўнік, не змог разам з гаспадаром ды іншымі слугамі добраахвотна прыняць смерць, а наадварот, пачаў біцца з прыхаднямі… А калі ўсіх перабіў — выратаваны гаспадар з раздражненнем на занадта стараннага слугу сябе зарэзаў, бо волю імператара парушаць нельга. Вось і блукае цяпер Чунь Лі па чужыне, як бяздомны сабака…