Изменить стиль страницы

— Спадзяюся, вы зацікаўленыя ў тым, каб доктар Лёднік быў жывы і здаровы?

Саламея і Пранціш перазірнуліся, жанчына насцярожана спытала:

— Што ад нас для гэтага патрабуецца?

Граф нават не пасміхнуўся.

— Нічога, што было б для вас ганебна.

Памаўчаў, пахадзіў па пакоі, нібы наважваючыся на шчырасць, невясёлая ўсмешка перакрывіла ягоны твар.

— Кола Фартуны круціцца незалежна ад нашых жаданняў… Я сёння вярнуўся з Санкт-Пецярбургу. Выклікалі мяне па справе закалоту, які я па даручэнні канцлера Паніна павінен быў выкрыць. Справа мусіла быць гучнай, з прыцягненнем многіх вядомых родаў… Усе мы ведаем, што дзякуючы майму сябру Баўтрамею Лёдніку і ягонаму своеасабліваму пачуццю доўгу гучная справа пераўтварылася ў фарс.

Разанцаў з сілай сцебануў пальчаткамі аб край стала, нібыта той быў ва ўсім вінаваты.

— Майму рапарту ніхто не паверыў! У мяне, як і ў кожнага больш-менш прыкметнага чалавека, шмат ворагаў, якія не супраць заняць маё месца або нашкодзіць тым, хто мной апякуецца. Дзвесце ўзброеных жаўнераў супраць аднаго прафесара! Ну, добра, у бойцы ў зале змаглі ўзяць удзел не больш трох дзесяткаў… Але — ён быў адзін! Ніхто не забіты. Не паранены… Ды нада мной проста пасмяяліся!

Граф хадзіў туды-сюды, як звер у клетцы.

— Яе вялікасці даклалі, што я згаварыўся з маім сябрам Варфаламеем Лёднікам, што я дазволіў змоўшчыкам сысці, зрабіўшы імітацыю бойкі… І што ягоная мосць князь Рапнін, мой апякун, атрымаў за гэта вялікія грошы ад князя Радзівіла. А вы ж ведаеце, што канцлер Панін — дзядзька ягонай мосці Мікалая Рапніна, таму падазрэнне падае і на яго, чаму многія ў Санкт-Пецярбурзе вельмі рады, бо дасюль ніяк не маглі ачарніць яснавяльможнага канцлера ў вачах яе вялікасці. Вось бачыце, што нарабіў наш агульны знаёмы, вучоны доктар?

Пан Міхайла быў амаль у адчаі, так што Пранцішу нават зрабілася яго трохі шкада. Але Лёдніка было шкада куды больш. І Вырвіч спытаўся насмешна:

— Выходзіць, вы цяпер таксама дзяржаўны злачынца, ваша мосць?

Разанцаў злосна бліснуў шэрымі вачыма:

— У нашым родзе ніколі не было здраднікаў! І не будзе! Ёсць адзін сродак давесці, што рапарт быў праўдзівы… Князь Рапнін пацвердзіў і ягонай мосці канцлеру Паніну, і яе вялікасці Кацярыне, што прафесар Лёднік сапраўды з’яўляецца выбітным майстрам фехтавання і здатны на падобныя подзвігі. Але яе вялікасць не можа даць веры такому цуду, не ўбачыўшы сваймі вачыма.

— І гэта значыць… — пачаў здагадвацца Пранціш.

— І гэта значыць, што ў мяне загад прывезці дзяржаўнага злачынцу ў Санкт-Пецярбург, дзе ён мусіць пацвердзіць праўдзівасць маіх слоў. Альбо абвергнуць… Яе вялікасць літасціва дала згоду высветліць усё падчас калядных карнавалаў, калі ў яе з’явіцца вольны час. Але…

Разанцаў апусціў вочы і кусаў вусны, быццам яму стала страшэнна няёмка.

— Але… Варфаламей у кепскім стане.

— Што вы з ім зрабілі, нягоднікі? — Саламея кінулася на графа.

— А што вы хацелі, каб дзяржаўнага злачынцу пернікамі частавалі? — выкрыкнуў знерваваны граф, адчапляючы ад сябе ўгневаную кабету. — Ён сам вырашыў свой лёс — сваім учынкам і сваёй упартасцю падчас следства! Я і так загадаў яго не калечыць, косткі не ламаць… Проста, пакуль мяне не было, ён паводзіўся занадта дзёрзка, ну і тыя, хто дапытваў, перастараліся…

— Я павінна яго ўбачыць!

Вочы Саламеі гарэлі сінім агнём, так, што Разанцаву было відавочна не па сабе.

— Я і хацеў прапанаваць… Я ведаю, што вы, пані Саламея, таксама выдатная лекарка… Доктар, думаю, жадаў бы, каб менавіта вы яго і лекавалі, ад рук любай усё ж хутчэй зажывае, праўда? Мы перавядзем Варфаламея ў добрыя ўмовы… Усе лекі, якія патрэбныя, дамо… Зможаце сына да яго прывесці… Пану Вырвічу, нават калі паправіцца, лепей не паказвацца — ён таксама пад падазрэннем, але ліст зможаце яму напісаць.

— Карацей, гатовы на ўсё, каб толькі Бутрым ачуняў і згадзіўся вас абяліць перад царыцай, — саркастычна прагаварыў Пранціш. — Вы ж цяпер усе ад ягоных словаў і ягонага самаадчування залежыце, ці не так?

— Так… — Разанцаў цвёрда зірнуў Вырвічу ў вочы. — Магу легчы пад тыя ж бізуны. І я зразумею, калі цяпер Варфаламей не захоча за мяне заступацца. Але гэта шанец выратавацца і для яго. І, паверце, я не зраблю закладнікамі ягоную сям’ю. Вам у любым выпадку нічога не пагражае, даю слова.

— Вязіце мяне да яго зараз жа! — пані Саламея хапала бутэлечкі з лекамі і ссыпала ў чорную валізку, якой карыстаўся Лёднік, калі хадзіў да пацыентаў. Павярнулася да Разанцава, і ў яе быў такі твар, з якім царыта Іпаліта змагалася за свой пояс з нахабным афінянінам Тэсеем.

— Але калі з маім мужам здарыцца штосьці непапраўнае, я вас выклічу на двубой і заб’ю!

У абодвух прысутных мужчын не ўзнікла і цені сумніву, што менавіта так і станецца.

Тое, што Разанцаў даверыў лячыць вязня Саламеі, ні яе самую, ні Пранціша не здзіўляла: па-першае, пані Лёднік сапраўды была добрай лекаркай, навучанай геніяльным мужам, а па-другое, у доктара ўтварылася такая рэпутацыя, што ні адзін віленскі медык не наважыўся б без ягонай згоды ўзяцца за лячэнне, калі заставаўся шанец, што злосны прафесар ачуняе і выкажа ўсё, што думае, пра здольнасці калегі. Дый звязвацца з бунтаўніком і блюзнерам мала хто захацеў бы.

…За вакном згушчаўся чорна-белы прыцемак — снег яшчэ толькі намацваў свае новыя ўладанні, і першыя сняжынкі, пасланыя на выведку, утваралі сіня-белыя лапікі на жабрацкіх рызманах ліцвінскай глебы, якая зараз жа абтрасала са сваіх лахманоў прыгожыя, ды халодныя латкі. Але тыя ліцвіны, хто ўвесну, на святога Марціна, варажыў на грудной костцы марціновай запечанай гусі, ведалі дакладна, што зіма чакаецца снежнай і марознай.

— Кавалю Марціну,
Падкуй ты мне свінню,
Бо зіма падходзіць,
Свіння боса ходзіць, —

напяваў Пранціш дзіцячую песеньку і нецярпліва пазіраў праз цьмяныя шыбы — ці вернецца сёння пані Саламея? А пакуль спрабаваў вярнуць целу былы спрыт, што не так проста пасля трох тыдняў у блёкаце і гарачцы. Паціху соўгаўся, трымаючыся за сцены і мэблю, рабіў дыхальныя практыкаванні, якім навучыў Лёднік.

Прыйшла кабета, немаладая, маўклівая, у белай хустцы. Не здзівілася, што хворы прытомны, на ўсе пытанні адказвала: «А Бог яго ведае, мой пане…». Зато прыгатавала смачны булён і аўсяную кашу, якая падалася драгуну далікатэсам. А раз есці зноў хочацца, значыць, будзем жыць, і трымціце, ворагі, і чакайце нас, прыўкрасныя дамы… Ганулька Макавецкая, пэўна, сядзіць у Ляшчынах і тужыць, і лье слёзы па бравым драгуне. Вось яна б зараз вакол яго насілася з лекамі і напоямі, тонкія ручкі б дрыжэлі, цёмныя вочы напаўняліся слязьмі — то ад жалю, то ад шчасця. А Пранціш паблажліва б камандаваў: гарбату падагрэй! Кнігу падай! Люльку пачысці! О, трэба яшчэ вывучыцца курыць — Лёднік дужа не ўхваляў гэтую агульную моду, і Вырвіч падпаў пад занудны ўплыў доктара. А гэта ж так мужна выглядае — адкінуўся ў фатэлі, нага за нагу, і пускаеш дым з доўгай люлькі…

Вось Міхалішыўна, напэўна, толькі пасмяялася б над тым, як важна драгун пыхкае дымам — не раўнуючы цмок… І даглядала б яго, як пані Саламея — не плакала, а спрытна рабіла перавязкі, змушала захоўваць дыету, жартамі ды трапнымі гісторыямі не давала б хвораму надта шкадаваць сябе… «Вось ваш святы Франтасій змог нават пазбаўлены галавы дайсці да храма, развітацца са сваім біскупам. А ў вас, пан Франтасій, і галава, і рукі-ногі на месцы… Ёсць людзі, якім нашмат горай, чым вам!». Вырвіч нібыта наяве пачуў іранічны голас Міхалішыўны. Якую цяпер, магчыма, абдымае кароль і цалуе празрыста-зялёныя русалчыны вочы…

Вырвіч ажно замыкаў ад гневу і болю і пастараўся адагнаць непрыемнае відовішча… Праўда, яшчэ больш балюча было ўяўляць, як зараз валяецца ў каменным мяшку непрытомны доктар Лёднік…

Хворая рука пачынала патроху ажываць, боль у плячы ўжо не ірваў на часткі. Вырвіч абшукаў камзол: вось ліст для палкоўніка Масальскага, у якім нябожчык Шрэдэр запэўніваў, што падхаружы Вырвіч як найлепей выканаў даручэнне па суправаджэнні хворага шляхціца ў паломніцтве да святых мясцінаў. Каб ведаць, чым абернецца — адразу паслаў бы да Хута суддзю Юдыцкага з ягонай спакуснай прапановай! Вось скрэмзаныя паперы і аловак — а вершаў набралася парадкам, хаця што гэта за вершы — няўклюдныя, як матылі з абарванымі крылцамі, хоць зараз адпраўляй іх у вогненную магілу… Толькі абяцанне Лёдніку не давала так учыніць.