Изменить стиль страницы

— Гэта я сам… Сам напрасіўся… — язык ледзь варушыўся, але ў вачах патроху разімглялася. Пранціш змог усё-ткі адарвацца ад падушкі, абапёрся на локаць здаровай рукі. — Дзе… ён? Дзе Бутрым?

Саламея адвяла вочы.

— У вязьніцы.

Значыць, зусім дрэнныя справы. Наўрад пасля мірных перамоваў доктар бы там апынуўся.

— Колькі ўжо?

— Тры тыдні.

Не можа быць! Няўжо Пранціш столькі праваляўся ў ложку, пакуль…

Вырвіч сціснуў зубы і, нягледзячы на пратэсты пані Саламеі, сеў, свет, вядома, паплыў вакол, як карусель, але не час для слабасці! Калі дыханне выраўнялася, і ў скронях перасталі грукаць маленькія кавалі сваймі балючымі малаткамі, драгун нарэшце агледзеўся. Незнаёмы пакой з новенькімі сінімі ў залатыя кветачкі шпалерамі, якія пачалі вырабляць на пастаўскіх мануфактурах. Дамы і кавалеры, што ганарыста паглядалі з партрэтаў, былі таксама раней не бачаныя. Пранціш прыгледзеўся да герба, намаляванага на парсунах: «Парай»… Белая кветка з пяццю пялёсткамі на чырвоным фоне… Такім гербам карыстаюцца многія.

— У нашым доме вам было б небяспечна… — вінавата прамовіла Саламея. — Да мяне ж прыходзілі судовыя, дапытвалі… І пра вас таксама. А гэта дом сябра пана Караля Рысі, які зараз у Італіі. Тут ніхто вас не знойдзе. Дом пусты, для догляду за вамі нанялі двух добрых кабетаў, і я прыходжу. А яшчэ спадар Чунь Лі наведваўся — гэта дзякуючы яму вы, мабыць, і апрытомнелі: ён учора рабіў вам кропкавы масаж…

Вось яно што… Дом змоўшчыка… І раз сюды не з’яўляюцца з ператрусам, значыць, з гэтага вынікае, што ад Лёдніка ніякіх звестак следчыя не дабіліся, і магчымых удзельнікаў закалоту не чапаюць.

— Як Бутрым? — горла зноў пераціснула ад гора. Саламея сутаргава ўздыхнула і ціха прамовіла:

— Кепска…

Памаўчала, збіраючы сілы, яе тонкі профіль, здавалася, яшчэ больш вытанчыўся ад перажыванняў, і ціха патлумачыла:

— Ён жа ў Акадэміі біўся, жаўнераў затрымаў. Нікога не засек, так, падрапаў, шаблі павыбіваў з рук… Сам ведаеш, як доўга ён адпрацоўваў методыку — як абязбройваць ворагаў, у якія кропкі на руцэ наносіць удары, пад якім вуглом выкручваць… Спецыяльна, каб не забіваць. Але ўяўляеш, у якім усе шаленстве! Яго там, калі нарэшце здаўся, жаўнеры з-за свайго прыніжэння ледзь на часткі не раздзёрлі. На шчасце, Бутрым у горадзе многім дапамог, як доктар, і паўсюль знаходзяцца ўдзячныя яму людзі. І ў турме таксама. Ён калісь выратаваў сына аднаго з наглядчыкаў, у якога гнойнае запаленне было. Той чалавек мне і расказвае ўсё… Носіць Баўтрамею добрую ежу, коўдру здабыў, каб на саломе не ляжаў, вопратку цёплую. Нядаўна я зноў перадала праз яго драўлянае масла… Цэлы збан. Турэмшчык папярэдзіў, што яшчэ спатрэбіцца. Шмат лекаў перадала… Для спынення крыві, ад запалення, абязбольваючае… Спадар Лі нейкі бальзам адмысловы нарыхтаваў.

Саламея адвярнулася, каб схаваць плач. Вырвіч прыгнечана маўчаў. Драўляным маслам змазвалі раны, якія марудна зажывалі… Калі скура здзёртая, напрыклад, ударамі пугай. Але доктар сам вучыў — пакуль чалавек жывы, усё можна перамяніць, біблейскі Іоў вунь сядзеў на кучы гною ды язвы свае чарапком расчэсваў, а потым Гасподзь зноў яго ўзвысіў ва ўладары зямныя…

— Прыдумалі, як Бутрыма выручаць?

Пані Лёднік паціснула плячыма.

— Пан Рысь ужо столькі пражэктаў выдаў… Ад падкопу да патопу. Але ён зараз дома, у маёнтку — жонка павінна нарадзіць. Студэнты, якія тады на сходзе былі, хочуць проста напасці на вязніцу, глупства, зразумела. Хадзіла да Міхайлы Разанцава — вочы хавае, сам ледзь не плача, але ён — расейскі патрыёт, адданы царыцы, для яго дзяржаўнае злачынства — недаравальны грэх, і дапамагаць не стане. Яго ў Санкт-Пецярбург выклікалі, магчыма, па гэтай самай справе. Суддзя Юдыцкі таксама з’ехаў — на лекавыя воды. Лісты напісала каралю, у Трыбунал, рэктару Акадэміі… Праўда, ад езуітаў аднаго баюся дачакацца — з самых лепшых намераў возьмуць ды Бутрыма атруцяць, каб не пакутваў, небарака, ну і, вядома, іх не выдаў. А кароль, можа, адгукнецца — ён вучоных людзей шануе, а ніякіх прамых доказаў, што мой муж удзельнічаў у змове супраць яго, няма — толькі даносы. Праўда, не толькі вашага мага Батысты, але і кагось з Акадэміі…

Вырвіч пры згадцы пра Батысту ледзь не падскочыў — боль перашкодзіла.

— А дзе камзол, які на мне быў? Вы з яго нічога не даставалі?

Саламея, мудрая жанчына, не стала нічога перапытваць, а хуценька прынесла Пранцішаву вопратку.

— Не стала мыць, каб чагось не сапсаваць, мала што ты мог прыхаваць…

Вырвіч, як мог паспешліва, абмацаў кішэні: вось ён, ліст, перададзены Шрэдэрам! Магчыма, дапамога егіпецкага жраца, здрадніка, з-за якога Бутрым і патрапіў у турму, спатрэбіцца, каб доктара ж і выцягнуць. І ўспамін пра Міхалішыўну прымусіў сэрца здрыгануцца… Што маг з ёй вытварыў за гэты час?

— А не чуваць нічога пра нягодніка Батысту? — спытаў Пранціш праз зубы.

Саламея горка ўсміхнулася.

— Яшчэ як чуваць! Уся Варшава толькі пра іх і гаворыць, аж сюды чуткі дайшлі: пра вялікага прадказальніка і чарадзея графа Рудольфіюса Батысту і ягоную прыгажуню-жонку, як яна на гарачых вуголлях таньчыць і бессаромна ногі паказвае. Пан Рысь збіраўся быў паехаць мага на двубой выклікаць, але яго адгаварылі: Батыста ў фаварытах у Панятоўскага, кароль нават за жонкай яго валочыцца, і, кажуць, быў адораны ейнымі ласкамі…

Пры гэтых словах Вырвічу стала так балюча, што, здаецца, сэрца спыніцца… Пані Саламея ажно спалохалася:

— Табе кепска? Прыляж…

Вырвіч адкінуўся на падушку, сцяўшы зубы. А чаго ён чакаў, што егіпецкая прынцэса ні з поля вецер будзе захоўваць яму вернасць? Што ж, яна дастаткова прыгожая, таленавітая, разумная і… і незвычайная, каб счараваць нават караля, тым больш маладога і кідкага на кабетаў. А Батыста яшчэ, пэўна, і змушае нявольніцу да выгаднага флірту з манархам. А можа, Міхалішыўна ў Цялка і закахалася — а чаму не, прыгожы, дужы, далікатны, на флейце грае, Шэкспіра перакладае… А яна для яго ў спачывальні Афелію або Віёлу разыгрывае… А што ж, усемагутная мадам дэ Пампадур, фаварытка французскага караля, таксама з беднаты, з гразі вылезла, а ўсёй дзяржавай кіруе, каралева ёй кланяецца… Пазалаці вароне пер’е — вось табе і пава.

— Кажуць, Батысту расейская царыца да сябе запрашае на Каляды… А ў Расіі яго зусім не дастанеш, — скрушна прагаварыла Саламея.

— Нічога, я яго адусюль дастану… — ненавісна прагаварыў Вырвіч. — У мяне ёсць чым яго на наліснік раскатаць. А ты не чула, ці не перадаваў ён Панятоўскаму адну дужа рэдкую рэліквію?

— Не, не расказвалі такога…

Для каго ж італьянскі шалбер прыберагае карону святога Альфрэда, якую везлі для Пана Каханку? Бо трымаць такую рэч пры сабе — усё роўна што ездзіць з бомбай з запаленым кнотам. Няўжо для імператрыцы? Эх, з Лёднікам бы параіцца…

Успамін пра доктара зноў увагнаў у тугу.

Саламея лекаркай была дасведчанай, рану драгуна спрытна перавязала, паабяцала, што праз некалькі дзён можна паспрабаваць устаць.

Некалькі дзён! Ды для Бутрыма кожны дзень у вязніцы — пакутлівае стагоддзе… Драгун не збіраецца адлежвацца, калі ўжо ачомаўся. Ды зараз ён усю Вільню на ногі паставіць, каб доктара вызваліць! І Батысту знойдзе, і Разанцава…

— Вітаю ягамосць Вырвіча і пані Лёднік.

Граф Міхайла Разанцаў зайшоў у пакой, як быццам да сябе дахаты. У дарожным плашчы і капелюшы, з якога яшчэ не строс першы, вільготны, снег, рука яго нервова камячыла дарагія шчыгрэневыя пальчаткі.

— Рады бачыць, што пан Вырвіч апрытомнеў.

Па голасе графа, аднак, гэтага не было чуваць. Халодны быў голас, са стрыманым гневам і горыччу, быццам гаварыў з сябрамі, якія яго моцна расчаравалі.

Саламея ўскочыла, у яе руцэ апынуўся кінжал. Вырвіч пакутліва азіраўся ў пошуках шаблі.

— Не хвалюйцеся, вам нічога не пагражае. Калі будзеце паводзіць сябе разумна. Калі б я хацеў, пана Вырвіча даўно б арыштавалі.

А граф змяніўся. Схуднеў, на твары стома, вочы пачырванелыя, зморшчыны паглыбіліся… Здаецца, гады, а не месяцы прайшлі ад Бутрымавай лекцыі, пасля якой ягоны сябар Міхайла Разанцаў, абараняючы дакладчыка, распавядаў пра расейскую кунсткамеру…