Изменить стиль страницы

— Я, напэўна, таксама павінен быць рады, што не памёр, — глуха адказаў Лёднік. — Хаця мая наяўнасць у свеце жывых усё ўскладняе.

— Не гавары так, Варфаламей! — Разанцаў падняў на сябра змучаныя вочы. — Усё ўскладняе толькі твая ўпартасць. Ведаеш… — павагаўся ён. — У Санкт-Пецярбурзе ёсць магутныя людзі, якія даўно ненавідзяць Георгія Арлова… Ён дурны, нахабны, і царыца ад яго ўжо стамілася. Часам дазваляе сабе проста неналежнае — сам бачыў… Гэтыя людзі маглі б зрабіць стаўку на цябе, Варфаламей…

— Калі б былі ўпэўненыя ў маёй вернасці, і калі б я пагадзіўся кінуць жонку і жыць у граху, загубіўшы душу. Не, запэўніваю цябе, нічога б не атрымалася. Я не Геркулес і не Апалон. І тым болей не палацавы шваркун. Я ліцвін і люблю сваю радзіму.

— Я ведаю… — пасміхнуўся Разанцаў. — Мы і самі не чакалі такога… куртуазнага павароту. Арлоў цяпер са скуры лупіцца, каб яе вялікасць забаўляць ды задавольваць найлепшым чынам. Царыца зноў падпала пад ягоны ўплыў. Вось, мяне адсылаюць у Кітай…

— Значыць, я і табе жыццё паламаў…—задумліва прамовіў Лёднік, аднак без раскайвання. Разанцаў паціснуў плячыма.

— Гэта не такое благое месца, Варфаламей. Калі вярнуся, змагу заняць яшчэ больш высокую пасаду, чым тут.

Сябры — былыя, ці не — не разабраць, ізноў памаўчалі.

— Ведаеш, хачу сказаць, як бы цябе ні цкавалі, штосьці кепскае рабіць цяпер пабаяцца. Яе вялікасць не забываецца на тых, з кім была хоць аднойчы. Ты заўсёды можаш ёй напісаць і папрасіць абароны.

Выразна перакрыўленая фізіяномія Лёдніка сведчыла, што аніколі ў жыцці такога пісьма ён не напіша, няхай бы зноў на кавалачкі дзёрлі.

— З’язджай у Вену, Баўтрамей… — ціха прагаварыў Разанцаў. — Ва ўніверсітэце цябе добра ведаюць. Альбо ў Прагу, у Лейпцыг. І там палітычныя мітрэнгі, але там ты чужы, цябе ў інтрыгі не ўцягнуць, а добрыя дактары патрэбныя ўсім аднолькава. Ты вялікі вучоны. А тут хутка будзе горача. Ведаеш, царыца перапісваецца з магілёўскім біскупам Георгіем Каніскім, пра тое, як абараніць тут праваслаўную царкву. Хутка праваслаўная і пратэстанцкая шляхта збярэцца, падпішуць зварот да імператрыцы, каб заступілася. Пачнецца вайна. Гэтыя землі ўсё роўна ўвойдуць у склад Расіі. Ты не зможаш застацца ўбаку, а куды цябе занясе пры тваім характары — не ведаю…

Прафесар правёў рукой па худым твары.

— Дзякуй за клопат. Я падумаю.

Разанцаў уздыхнуў.

— Пакідаю табе ўсё, што магу… Вось купчая на дом, коней у стайні забярэш… Усё, што ў доме — мэбля, карціны. Мне — навошта… Няма куды цягнуць.

— Не вазьму, — зацяўся Лёднік.

— А я не табе пакідаю. А твайму сыну. Можаш зладзіць тут шпіталь, як марыў… Але найлепей — з’язджай…

Памаўчаў.

— Вось жа, і браты мы па веры, і аднадумцы ў навуцы, а так атрымалася… Спадзяюся, нам не давядзецца адзін аднаго забіваць.

— Кожны павінен выканаць свой доўг перад Айчынай, — ціха прамовіў Лёднік. — Проста Айчына ў нас розная. Ведаеш, я — просты паходжаннем чалавек, але я палачанін… У 1605 годзе ў маім горадзе быў прыняты маніфест, у якім «рыцарства і абывацельства Полацкага ваяводства» заяўлялі, што «ніякія кошты, цяжары і бяспека не такія важныя, як свабода. Яна наймілейшая і найудзячнейшая, пад ёй мы нарадзіліся, жывём і хочам яе цэлую, непарушаную нашчадкам нашым пакінуць…»

На развітанне яны пастаялі моўчкі, хаваючы вочы, а потым усё-ткі рыўком абняліся.

Назад доктар з драгунам ехалі, не размаўляючы, падаў снег, мядзяна-залацісты ў святле ліхтароў, і можна было не азірацца, каб упэўніцца, што сляды твае замяло.

Гэтак жа, як і кафедру прафесара Лёдніка ў Віленскай акадэміі.

Рэктар быў з калегам выключна ветлівы, і выдаў гадавую аплату, але — паколькі лекцый прафесар з пачатку навучальнага году не чытаў, студэнты з сярэдзіны сяместру не могуць жа ўзяцца за вывучэнне прадмету… Так што пагуляйце да наступнага верасня, прафесар. У вас багатая медычная практыка, можаце чытаць факультатыўныя лекцыі… Аптэка акадэмічная зноў жа пад вашай рукою застаецца.

Але на прыём да доктара Лёдніка запрасіліся адразу ўсе… Нават той жа рэктар пачаў жаліцца, што ў спіне штось страляе, быццам фартэцыя абараняецца ад злога войска, і добра было б, каб шаноўны калега ўлучыў часу на кансультацыю, а яшчэ лепей — на свой цудадзейны масаж…

Рэшту дня прафесар правёў у лабараторыі, рыхтучы лекі — мікстуры, адвары, мазі, нават памочнікаў не папрасіў. Вырвіч ведаў, што доктар такім чынам змагаецца з моцнымі перажываннямі. Альбо фехтаваннем, альбо зельніцтвам. Але як прыехаў, за шаблю яшчэ не браўся. Відаць, хапіла пакуль з яго збройных подзьвігаў.

Новаспечаны харужы Пранціш Вырвіч таксама быў пакуль не пры справе. З палка прыйшоў ліст, што ягоная харугва перафармуецца, і, магчыма, пана Вырвіча перавядуць у другое месца, аб чым яму паведамяць лістом.

А плату за год прыслалі таксама.

— Плюнь ты на гэтую акадэмію, Бутрым! — рашуча сказала пані Саламея. — Напеклаваўся ты ўжо з-з яе. Нават калі не хочаш з’язджаць у іншы ўніверсітэт, як лекар не прападзеш, да цябе вунь Масальскія пасылаюць, Пацы, старая пані Браніцкая запрашае для кансультацыі… Ды другі б азалаціўся. Пражывем.

А назаўтра Бутрыму прынеслі нейкі ліст, запячатаны чорным воскам. Доктар пачытаў з невызначальнай фізіяноміяй, раскатурхаў драгуна, які прыдрамаў ля каміну з томікам вершаў, і заявіў:

— Збірайся, жаніх, паедзем у Ляшчыны. Хоць я не бачу, каб ты гарэў палкім жаданнем хутчэй пабачыцца з нявестай, да яе цябе давязу. І буду спакойны хоць за твой лёс. А па дарозе спаткаемся з Батыстай…

Паглядзеў, як Пранціш ускінуўся, і патлумачыў:

— Ад яго, паскудніка, ліст. Паказвацца ў Вільні не хоча, а спаткацца неабходна. Трэба тым-сім з ім абмяняцца… Гэты пазёр прызначыў спатканне ў Гародні, пасля свайго выступлення ў доме гарадзенскага старасты Антонія Тызенгаўза. Вось і білеты даслаў…

Пранціш узяў у доктара два аркушыкі з выцісненымі вензелямі — пальцы чамусьці дрыжэлі — і прачытаў і пра тое, што нашчадак егіпецкіх жрацоў граф Рудольфіюс Батыста будзе дэманстраваць карціны далёкіх краінаў і часоў, і пра егіпецкую прынцэсу Серафіну, якая размаўляе са змеямі, таньчыць на распаленых вуглях і выканае для прысутных сцэну з оперы «Дыдона».

Пранцішу адразу так яскрава ўспомнілася фігурка ў чырвоным плашчы на фоне белых дзюнаў і чорных дрэў, голас, які ўзлятаў разам з ветрам, крыкі чаіц… Горасныя вочы… Вялікаватыя ружовыя вусны…

Няўжо Раіна Міхалішыўна ўсё жыццё так і правядзе ва ўладзе бессардэчнага Батысты? І той будзе па вечарах па-гаспадарску адводзіць яе ў спачывальню, а пры выпадку прымушаць фліртаваць з уладарамі? Вырвічу нават прыйшло ў галаву, што калі б бацька Раіны, паўстанец Вашчылы, ведаў, які лёс чакае ягоную дачку, ён цалкам меў права заганяць вілы ў жываты панам…

Лёднік пахмура паназіраў за перайманнямі былога гаспадара, прабуркатаў «Ясна…» і сышоў у свой кабінет.

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

ЯК ПРАНЦІШ І ЛЁДНІК КАРОНУ СВЯТОГА АЛЬФРЭДА АБМЕНЬВАЛІ

У «Кнізе Кайранід» расказваецца пра марскога аленя, які ўздымае над паверхняй мора галаву з галінастымі рогамі і прываблівае птушак, якія садзяцца на ягоныя рогі, каб адпачыць.

А тады марскі алень хапае іх і зжырае, нібыта мала яму водарасцяў.

На шчасце, у беларускіх рэках, нават велічным Нёмане, такіх пачвараў не вадзілася. А вось алень Святога Губерта з крыжам у лобе быў — на гарадзенскім гербе. Аленя, паводле легенды, пабачыў Губерт з Аквітаніі, калі быў на паляванні, і раскаяўся ў сваім грэшным жыцці…

Наўрад, праўда, беларускія алені плююць вадой у кожную шчылінку, каб адтуль выпаўзлі змеі, і раздушваюць гадаў сваймі капытамі, як сцвярджаюць пра гэтых звяроў сярэднявечныя бестыарыі. Затое бясспрэчна, што грэцкі цар Андранік загадваў прыбіваць на дзверы дамоў жанчын, з якімі ён спаў, рогі аленя, бо мужыкам тых жанчын даваў паляўнічыя прывілеі.

Так атрымалася, што Вырвіч ніколі раней у Гародні, горадзе, на чыім гербе красаваўся алень Святога Губерта, не быў, таму круціў галавой па баках, як шкаляр. Слаўны горад! Адзін Фарны касцёл чаго варты… Каменныя скляпенні ўзлятаюць уверх, як пена марская на высокай хвалі…