Изменить стиль страницы

Скрыня для вуголляў была новая, на гэты раз круглай формы, і егіпецкая прынцэса слізгала па коле, гнуткая, прыўкрасная, як Мятлушка, а Пранціш Вырвіч з абміраннем сэрца сачыў за яе рухамі. Таму што ўжо ведаў, што хаця Міхалішыўна ўмее пазбягаць апёкаў, часам выстрэльвае які-небудзь вугалёк, і тады ўтвараюцца раны, а паказваць, што балюча, нельга. І драгуну здавалася, што вось да ножкі танцоркі прыпаў у згубным пацалунку агеньчык… І страшэнна злавала тая прага, з якой гледачы назіралі за відовішчам, асабліва позіркі мужчын, ад якіх на скуры артысткі быццам заставаліся сляды, як ад выпацканых у тлушчы пальцаў. А яшчэ Вырвіч ніяк не мог зразумець, заўважыла яго Міхалішыўна ў зале ці не, і кожны раз, калі яна паварочвалася ў ягоны бок, сэрца драгуна абрывалася. Каб не Лёднік, які час ад часу сярдзіта касавурыўся на падапечнага, дык Пранціш не вытрымаў бы ды пачаў як-небудзь падаваць актрысе знакі…

А прафесар між тым перагаворваўся з панам Антоніем Тызенгаўзам, і тое, што далятала да Пранціша, сведчыла: мара Лёдніка пра медычную акадэмію на Беларусі можа здзейсніцца!

Пан Антоній быў імклівы, амбіцыйны і ўсемагутны, яго не спынялі ніякія мяркуемыя цяжкасці. Тое, што вытваралі на сцэне маг з асістэнткай, пакідала яго абыякавым: вось каб там дэманстравалі дзеянне новага станка, больш уважлівага гледача не знайшлося б.

Падскарбій проста прапанаваў Лёдніку, без усялякіх нюансаў ды ўгавораў, скласці праект стварэння ў Гародні вышэйшай медычнай школы. Якія мусяць быць кафедры, якое абсталяванне, колькі студэнтаў, каго браць на вучобу… Ну і хто мог бы там выкладаць. Зразумела, Лёднік быў адным з галоўных кандыдатаў.

Бутрым дапамагчы згадзіўся, і адразу параіў запрасіць прафесара медыцыны з Каралеўскага Ліёнскага каледжу Жана Жылібера, з якім меў ліставанне і агульныя погляды на тое, якім мусіць быць медычнае навучанне і шпіталі, а ў іх не павінны хворыя валяцца на саломе, ці па трое на адным ложку, як паўсюдна здаралася.

Вырвічу нават прыйшло ў галаву, ці не лёс ім цяпер надоўга затрымацца ў Гародні?

Так што калі Батыста разлічваў уразіць фанабэрыстага доктара новымі штукарствамі, яму гэта не ўдалося, бо Лёднік прадстаўленне глядзеў у паўвока, адцягнуты сур’ёзнымі дзяржаўнымі размовамі. Толькі тады, як Міхалішыўна заспявала арыю Дыдоны, нават Тызенгаўз змоўк і ўтаропіўся на сцэну праз павелічальнае шкельца на ручцы са слановай косткі.

— Вось бы такую актрысу для майго тэатру… — прамармытаў ён, а гэта быў ужо амаль план дзеянняў.

А Вырвіча ажно да душы кожная нотка спеваў даставала… Гэх, нашто такі талент на фокусы траціць — няхай бы Раіна Міхалішыўна іграла проста ў оперы ці ў п’есе, гэта было б самае ўражлівае… Гэта было б мастацтва… А так — балаган, дзіцячы бой на палках-пальцатах, у якім змусілі браць удзел дарослага і знакамітага вайскаводцу.

Між тым прадстаўленне падыходзіла да канца. Хто хацеў, атрымалі прагнозы на паспяховую будучыню. Хто хацеў, налюбаваўся егіпецкай прынцэсай… Магі раскланяліся, і Вырвіч ажно падскокваў, каб хутчэй адправіцца з імі на спатканне. Дакладней, пабачыць Міхалішыўну. Ледзь дачакаўся, пакуль скончыцца цырымонія развітання з ягонай мосцю падскарбіем.

Цяпер з віленскім прафесарам раскланьваліся асабліва ветліва ўсе, хто бачыў, што ён сядзеў у адной ложы з гэткай важнай персонай і меў з ёй доўгую і змястоўную гутарку. Той-сёй, праўда, пазіраў зверавата, бо рэформы Тызенгаўза пачыналі выклікаць і сапраўднае шаленства, асабліва ягоныя рэвізіі каралеўскіх уладанняў ды правядзенне добрых дарог, якія часцяком праставалі праз шляхецкія землі, што лічыліся непарушнымі.

Пара Пфальцманаў расчынілася ў натоўпе, як цукар у кіпні. Асцярожлівы Якуб добра памятаў, чым заканчваюцца спатканні з былым аднакурснікам.

Але і тут для Вырвіча выпрабаванні не скончыліся. Лёднік, замест таго, каб нарэшце пайсці сустракацца з Батыстай, моцна ўхапіў Вырвіча пад руку і павалок некуды ў другую частку залы, спрытна слізгаючы між прыбраных гасцей, занятых свецкай гаворкай. І вось — невысокая пані ў старасвецкім багатым каптуры і строгай чорнай сукенцы, а побач з ёю танклявая дзяўчына з вялізнымі цёмнымі вачыма, рахманымі да наіўнасці. Ганулька Макавецкая з цёткай! Вось што Лёднік, апякун клапатлівы, утварыў…

Шчокі Пранціша запалалі, але чамусьці не ад радасці. Між тым пані Гартэнзія расцалавалася з Лёднікам, і драгуна доўга туліла да грудзей, той аж ледзь не зачхаўся ад моцнай саладкаватай парфумы з прысмакам лекаў. А Ганулька зачырванелася амаль да слёзаў, калі Пранціш пацалаваў яе халодную, як пралеска, ручку…

— Дай вам Бог здароўя, пан доктар, так вы мяне палекавалі, такія парады далі! Год таму я б да Гародні не дабралася.

Пані Гартэнзія падала знак, і лёкай спрытна паднёс ёй сінюю шкляніцу з нюхацельнай соллю. Пані некалькі разоў удыхнула пах лекаў, адкашлялася, прыкрываючы рот хустачкай.

— Але не, ваша мосць Лёднік, больш я на такія вядзьмарскія вечарыны не пайду! — рашуча заявіла пані. — Зусім свет сапсаваўся… Змеяў, гадаў сатанінскіх, абдымаць! А гэтая распусніца з голымі нагамі! Чаму ёй толькі пяты не падсмаліла?

Вырвіч ледзь стрымаўся, каб не заступіцца за Міхалішыўну.

— Але добра, хоць нагода надарылася дачушку ў свет вывезці. Мы спыніліся ў камяніцы насупраць Новага замку. Заўтра сходзім на імшу ў Фарны, а тады чакаем вас з панам Пранцішам, і разам адправімся ў Ляшчыны.

Пані Гартэнзія азірнулася на Пранціша і Ганульку, якія, здавалася, вялі ветлівую размову, і нейкі сумніў адбіўся на яе твары.

— Часам мая Ганулька нагадвае мне слуцкую князёўну, Сафію Алелькавіч, — прамовіла да Лёдніка пані Гартэнзія. — І абліччам, і рахманасцю сваёю, і дабрадзейнасцю… Княжна Сафія стала жонкай Януша Радзівіла, і напакутвалася, бедная. Бо хоць муж яе і кахаў напачатку, але ён быў ваяр, буяш, любіў тлум ды небяспечныя забавы. Нічога добрага не атрымліваецца, калі такія розныя натуры з’яднаць.

— Што ж, усё ў волі Божай, — сур’ёзна прамовіў Лёднік. — Я, як і вы Ганульцы, хачу толькі шчасця для гэтага маладога чалавека. А Гасподзь управіць, як належыць.

— Амін, — прагаварыла пані Гартэнзія.

Калі яны ішлі да фурманкі, каб нарэшце адправіцца да Батыстаў, Лёднік папытаўся Вырвіча, як прайшло спатканне з патэнцыйнай нявестай.

А Пранціш толькі мармытаў нешта няпэўнае. Ганулька яму падабалася, асабліва як чырванела ды трапятала перад ім, але пра што з ёй на гэты раз размаўляць, так і не прыдумаў. Вядома, паненка цікавілася, як здароў’е пана Вырвіча, ці зажыла ягоная рана… Пранціш, у сваю чаргу, пытаўся, як здароўе цётухны… Здаецца, у драгуна заўсёды быў язык добра падвешаны ў куртуазных справах, любую кабету мог загаварыць, забалбатаць, хоць карчмарку, хоць магнатку. Вунь перад князёўнай Багіскай якія вензеля плёў. Але ж тут— будучая жонка, тут мянціць абы што не станеш, тым болей яна такая сціплюсенькая… Пранціш такіх звычайна пазбягаў. Гэтай не пачнеш, як пан Рысь, абцасы адстрэльваць, бо памрэ ад страху, небарака.

Што ж, многія пачыналі сямейнае жыццё з яшчэ меншага, нават не бачылі абліччаў адно аднаго. Драгун у іхнім палку хваліўся, што, як ажаніўся, з жонкай за пяць гадоў ні разу не пагаварыў болей хвіліны. А што з белагаловай размаўляць? Яе справа — загады мужа выконваць ды ў ложак класціся.

А вось і дом вандроўных артыстаў. З фурманкі доктар выйшаў з цяжкой валізай і самай суровай фізіяноміяй, быццам збіраўся лекаваць складаную хваробу. Пранціш нервова прыгладзіў па-ранейшаму русявы чуб…

Батыста сустрэў гасцей у пакоі, асветленым трыма свечкамі ў кандэлябры, ад чаго вечаровыя цені клаліся густа, як масла на лусту пасля посту. Вырвіч ледзь не замыкаў ад расчаравання, калі не пабачыў Міхалішыўны. Дзе яна, што з ёю?

Але вось паказалася танклявая фігурка, наблізілася да згаслага каміну, на якім стаў кандэлябр, і шчыпчыкамі для нагару падправіла свечкі… Падалося, ці не, што ў пакоі адразу стала светла? Міхалішыўна нарэшце падняла вочы на драгуна, усміхнулася куточкамі вуснаў… Здаецца, яе трагічны твар трошкі абсунуўся…