Изменить стиль страницы

Але жанчына пазірала ўніз, у праём, з адчаем і не краталася з месца.

— Не магу! Мне нельга!

— Скачы, не бойся! — Лёднік пачынаў нервавацца.

— Не! Не магу!

У доме рабілася ўсё гарачэй, дым выядаў вочы, а на двары нарэшце пачуліся галасы — віленчукі, суседзі дарагія… Пакуль быў брутальны наезд — сядзелі па дамах, як мышы, ніхто бараніць жанчыну і дзіцёнка не кідаўся. Мала якія разборкі між панамі… А вось пажар — гэта сур’ёзна. Ад пажару можна самім пацярпець. Зноў паўгорада выгарыць, ды яшчэ сярод зімы… Таму зарыпелі калодзежныя калаўроты, забразгалі вёдры… На пажарных, як заўсёды, надзеі было малавата, але і ў звон на каланчы нехта ўдарыў. Вільня агнём моцна напалоханая.

А між тым Саламея ўсё яшчэ не наважвалася саскочыць. Пранціш заазіраўся вакол.

— А дзе драбіны?

— Вунь там! — Саламея паказала ўбок. — Застраглі… Сіл у мяне не было зацягнуць іх… А дзе Алесік? З ім усё добра? Не ўчадзеў? Вы, калі выводзілі, далі яму цёплую вопратку? Бутрым, цябе пытаюся, сынок цёпла апрануты?

Пані як не заўважала небяспекі для сябе асабіста. А драбіны знаходзіліся недзе пасярэдзіне між уваходам на гарышча і падлогай — іх прыціснула цяжкімі створкамі дзвярэй у столі, калі гаспадыня, спяшаючыся, уцягвала іх наверх. Пранціш паспрабаваў падскочыць — не дастаць ніяк… Разгублены Лёднік заазіраўся ў пошуках таго, што можна выкарыстаць, як лесвіцу…

— Падсадзі! — скамандвала Вырвічу Раіна. І вось, ускараскаўшыся на плечы драгуна, яна ўжо, як яшчарка, уздымаецца па сцяне, абапіраючыся на выступы зрубу… Учапілася за драбіны… Павісла на іх… Драбіны з грукатам паваліліся, а Раіна падымалася з падлогі. Пранціш, які не паспеў яе падхапіць, падляцеў, дрыжачымі рукамі абмацаў…

— Лухта, калена толькі пабіла, — лёгка адказала Міхалішыўна. — Гэта не з тэатральных канструкцый гахнуцца на сцэну…

Лёднік хуценька ўзяў на рукі Саламею, якая павольна спускалася па драбінах з прыступкі на прыступку, вынес на свежае паветра… Расцалаваў пад шэрым зімовым небам, у водсветах агню, які знішчаў сямейнае дабро.

— Ты чаму спалохалася скочыць? Я так пералякаўся…

Саламея дакорліва паглядзела ў цёмныя вочы мужа.

— І нехта лічыць яго спрактыкаваным эскулапам… Я ж сказала — нельга мне цяпер скакаць!

Лёднік разгубіўся.

— Ты… ты чакаеш дзіця?

— Ужо тры месяцы. Самы небяспечны тэрмін, нельга рабіць рэзкіх рухаў…

Доктар выглядаў так, нібыта ў яго не дом гарэў, а анёл у гародзе прызямліўся.

— Але… як жа?

— Ну, мы ж былі разам там, у вязьніцы… Калі я цябе лекавала…

Перад домам выстраіліся людзі з вёдрамі, і нават з самавітым грукатам пад’язджала пажарная калымага, везучы бочкі з вадой. Толькі гаспадарам было да гэтага, як да кольцаў Сатурна.

Пранціша разабраў істэрычны смех:

— Ну, доктар, падобна, што дзяцей у цябе атрымліваецца рабіць толькі ў вязьніцы, ды з абдзёртай спінай.

Лёднік кінуў на Пранціша сярдзіты позірк. А што, хіба не так — з маці Алесіка ў Лёдніка атрымаўся раман, калі яна прыйшла да яго ў скляпенне, дзе ён замярзаў, збіты ейным мужам.

Пані Саламея перавяла позірк на Раіну, чыё адзенне таксама было перапэцканае, а месцамі падзёртае, з-за пояса тырчэў пісталет, праз шчаку цягнулася драпіна і пасак размазанага попелу.

— Гэта мая нявеста, Раіна Міхалішыўна! — цырымонна прадставіў Пранціш, і жанчыны шчыра расцалаваліся.

Нехта міласэрны выносіў з хаты дабро, на якое вар’яты-гаспадары, падобна, начхалі. Вывальваў на снег кнігі, посуд, нейкія вазы, крэслы…

— Пані маці! Пан бацька!

Хвелька падводзіў да гаспадароў Алесіка, які ўпарта вырываў сваю руку з рукі слугі, і Саламея зараз жа занялася рэвізіяй здароўя і цеплыні вопраткі малога.

А Пранціш адыйшоўся са сваім шчасцем, зазірнуў у ягоныя празрыста-зялёныя вочы, пацалаваў у кончык носа, які так міла прыўздымаўся:

— Ну што, шыкоўнае атрымалася знаёмства з сям’ёй жаніха? Вось, бачыш — наша гаспода… — Пранціш абвёў рукой пейзаж з агнём. — Наезды, гвалт, папялішча… Ты цяпер чалавек вольны, можа, перадумаеш звязвацца з такой небяспечнай кампаніяй? Цябе ў любы тэатр возьмуць… Нават у каралеўскі.

Але Міхалішыўна толькі, смеючыся шчасліва, абняла Вырвіча за шыю да пацалавала.

— Такі ўжо мой лёс — на гарачых вуголлях таньчыць! Нікуды я ад цябе не пайду! Ніколі! Прынц мой, рыцар мой, сэрца маё!

Гаспадары моўчкі стаялі перад парэшткамі свайго дому. Уласна кажучы, магло быць горш. Найбольш пацярпела вітальня і зала — тут агонь вылізаў нават столь. Што адтуль не вынеслі — згарэла. Ад карціны з Арыстоцелем заставалася толькі абвугленая рама, у якой дарэчы глядзелася б толькі мумія. А ўсё яшчэ было залітае вадой, што на марозе, які выстудзіць вуглі, ператворыцца ў лёд.

Але дах быў цэлы. Амаль непарушнай засталася лабараторыя — толькі ад гарачыні канчаткова сапсавалася Пандора, якая цяпер нагадвала нейкую расамаху, а не праўнучку ангельскай каралевы, і Лёднік, уздыхнуўшы, накінуў на аўтамат анучу. Спёка сапсавала многія лекі, а ўжо смурод які ад дыму… Большая частка гардэробу таксама ляснулася, гэтак жа, як і кнігі, што захоўваліся ў зале. Затое ацалеў кабінет прафесара, нават карта Ерусаліму, што засталася ў спадчыну ад аптэкара Лейбы. Лёднік з дрыготкай у руках гладзіў стос сваіх бясцэнных рукапісаў. Ацалеў і катух Пранціша, і ягоны стары камзол, з-за падкладкі якога ён дастаў стосік скрэмзаных аркушаў. Што ж, раз гэтыя вершы не згарэлі нават у пажары, значыць, лёс ім пажыць падаўжэй…

Апошнія клубы дыму расчыняліся ў звечарэлым паветры, згасалі залітыя вуглі… І тут выявілася, што не ўсім доктар — як стрэмка ў горле. Да пагарэльцаў пачалі падыходзіць, адзін за адным прапаноўваліся месцы для начлегу, дапамога ў навядзенні парадку…

Але доктар, падзякваўшы, ад усяго адмовіўся. Ёсць пару некранутых пакояў, печка ў іх цэлая, праветрыцца — пераначуем без шкоды для здароўя. А пераначуем — болей пачуем…

На шчасце, пані Саламея калісьці настояла, каб у доме зрабіць надзейную хованку для каштоўнасцяў. Пад выгарэлай падлогай залы ацалела жалезная скрыня, толькі нагрэлася, як бляха, на якой пяклі булкі. А ў скрынцы — трохі дукатаў, яшчэ з падораных калісьці вялікім гетманам, турэцкая шабля-кілідж у залатых похвах, усыпаная каштоўнымі камянямі, што дасталася Лёдніку ад ангельскай ледзі, па чыім абліччы была зробленая Пандора. А яшчэ залаты крыж з гербам «Агнявец», упрыгожаны дыяментамі, які на развітанне падарыла Пранцішу княжна Багінская, а той аддаў разам з балючымі ўспамінамі ў агульную сямейную скарбонку. Была і жменька пярсцёнкаў ды маністаў з пасагу Саламеі Рэніч і спадчыны пана Вырвіча… А што ж — Вырвічы хоць і лапцюжная шляхта, але тым ад мужыкоў і адрозніваюцца высакародныя паны, што ў іх заўсёды беражліва захоўваюцца фамільныя каштоўнасці, хай бы паны з голаду пухлі: шаблі, пярсцёнкі з гербамі, тастаменты… Вось ён, скрутак пажаўцелай паперы са шматлікімі пячаткамі на вяровачках — пацверджанне шляхецтва Вырвічаў… А вось і куды навейшая папера аб набілітацыі полацкага мешчаніна Баўтрамея Лёдніка, падпісаная вялікім гетманам, а таксама два дыпломы, Пражскага ды Лейпцыгскага ўніверсітэтаў.

А вось куды падзеў свой дыплом пан Вырвіч, ён доўга ўспомніць не мог… Але дурням шанцуе — паміж печкай і сцяной у кутнім пакойчыку валялася абвугленая па краях, вільготная папера — нават прачытаць можна было, што Пранцішу Вырвічу надаецца званне доктара вольных навук.

Што ж, смерць ад голаду сямейству, якое заўважна павялічылася, не пагражала. У пограбе засталося віно і шынка, тое-сёе з ежы прынеслі суседзі…

Так і адзначылі заручыны пана Вырвіча, які ўрачыста ўдзеў на палец Міхалішыўны фамільны пярсцёнак у якасці аnte nupitas donatio, давясельнага падарунка. Памянулі і смерць Германа Ватмана, злога духа сям’і Лёднікаў.

— А ты ўпэўнены, што забіў яго? — недаверліва папытаўся Вырвіч, памятаючы нетрадыцыйны метад, якім скарыстаўся Лёднік. Доктар паціснуў плячыма.

— Раней такога ўтвараць не даводзілася… Грэх, вядома, жадаць бліжняму смерці, але ўсё ж не хацелася б перажыць яшчэ адну сустрэчу з Германам.