Изменить стиль страницы

А Батысту як вада з гусі.

— Грошы немалыя… Але з дапамогай графіні Батысты я магу зарабіць яшчэ больш. Да таго ж, пан Лёднік, вы не думаеце, што ў мяне могуць быць свае сардэчныя схільнасці? Я ажаніцца са сваёй прыгажунькай сабраўся… Ужо столькі гадоў разам, у адным ложку, пачуцці правераныя… Лепшую наўрад знайду.

— Знайдзі хаця б тую, якую ванітаваць ад тваіх дотыкаў не будзе! — выкрыкнула Міхалішыўна, і Батыста злосна прыжмурыўся. Цяпер ясна, калі Раіна застанецца ў гэтым доме, яе чакае самае суровае пакаранне. І Пранціш вырашыў біцца да апошняга…

— Значыць, тысячы дукатаў пану за ягоную асістэнтку мала… — задумліва прагаварыў Лёднік.

— Запэўніваю, у вас ніякіх грошай не хопіць! — насмешна пацвердзіў Батыста. — А паводле закону, калі звезяце маю маёмасць, я заўтра ж падам у суд, і дзеўку мне вернуць з жаўнерамі, а вы сядзеце ў вязніцу.

Лёднік на насмешкі італьянца ўвагі не звярнуў, зноў палез у валізу і дастаў знаёмы квадратны куфэрак, абцягнуты пунсовым аксамітам, адчыніў.

— Карона вульгарыс, звычайная, трохі памятая, але пазнавальная, арнамент друідычны…

Пакуль Лёднік блазнаваў, Батыста ажно ўсякую раўнавагу страціў, ягоны рот ледзь сліну не пускаў, а рукі самі цягнуліся да рэліквіі, як у прапойцы да кварты.

— Адкуль… — прахрыпеў ён.

— Шпегі вашы слаба працуць, — усміхнуўся Лёднік. — Усё законна, падарунак яе вялікасці імператрыцы.

— А, — саркастычная здагадка з дамешкам зайздрасці мільганула ў шэрых, шырока расстаўленых вачах мага. — Плата за палкую ноч… А я думаю, чаму ваша мосць дасюль не генерал і не ўладальнік вялікіх маёнткаў, яе вялікасць шчодрая да фаварытаў. А вы вось што атрымалі…

— А пан Манчыні, трэба разумець, са свечкай каля мяне ў тую ноч стаяў, каб у фаварыты запісаць. У любым выпадку, я не бяру платы за каханне, — халодна прагаварыў Лёднік. — А гэта — так, сувенір, забаўка напамяць… Магу прапанаваць як дадатак за выкуп вашай асістэнткі.

Батыста перавёў позірк на Міхалішыўну, якая ўхапілася за Пранціша, як той, хто патанае, за човен.

— Жанчын час ад часу трэба мяняць… Тым болей такіх, якія могуць цябе нажом пырнуць. Не паверыце, пан Пранціш — спрабавала, і не раз. Добра, пан Лёднік, пагодзімся…

Папера на куплю-продаж актрысы Раіны Міхалішыўны была падпісаная ў прысутнасці сведкаў, прыведзеных прыслугай з бліжэйшай карчмы, дзе заўсёды аціраліся «юрысты з палестры». Потым Пранціш Вырвіч засведчыў, што адпускае сваю набытую кметку Міхалішыўну на волю, на што таксама была складзеная адпаведная папера.

— Калі яшчэ адзін чалавек у гэтым свеце выходзіць са стану рабства, свет робіцца на прыступку вышэй да неба, — задаволена прамовіў Лёднік. — Бывайце, пан Батыста! Паслухайцеся маёй парады: едзьце ў Ангельшчыну! Карона святога Альфрэда — рэч не простая, бачыце, як гаспадароў мяняе… Проста як валан у гульні. Магчыма, сапраўднае месца ёй толькі на радзіме, у скарбніцы ангельскіх каралёў. Да таго ж, там вам заплоцяць даражэй за ўсё. Кароль Георг неадменна захоча пакрасавацца перад сваім бунтоўным народам у кароне, якую насіў святы Эдуард Спаведнік, ды ўцерці нос вігам.

— Слушная парада, прафесар, — усміхнуўся маг, прыціскаючы абедзьвума рукамі да сябе куфэрак, як вясельны каравай. — Шчыра спадзяюся больш з вамі не сустрэцца.

Перавёў позірк на Міхалішыўну.

— А ты, мія кара, заўсёды можаш вярнуцца, калі надакучыць засцянковае жыццё і засумуеш па вялікіх сцэнах ды ўвазе каранаваных асобаў.

— Хутчэй памру! — з нянавісцю прамовіла Раіна, і госці сышлі з дому, асветленага чужым золатам і цьмянымі свечкамі.

У фурманцы Пранціш, тулячы да сябе Міхалішыўну, падняў на Лёдніка шчаслівы твар.

— Ты ж з самага пачатку гэта задумаў, Бутрым! Яшчэ ў Вільні! Грошы ўзяў, карону… Выпрабаваць мяне вырашыў?

Аблічча Лёдніка было задаволеным, як пасля дыспуту, на якім удалося ўсіх апанентаў абвергнуць.

— З табою нешта задумаеш… Хіба я мог уявіць, што ты ў вакно станеш з дзеўкай сігаць? А з’ясаваць трэба было. Ты сам мне казаў, што не ведаеш, чаго хочаш. І заставаўся варыянт, што высакародны пан Вырвіч выбера не прыгонную актрысу, а панну Макавецкую.

— І што тады? — насцярожана папытаўся Пранціш.

— Тады я проста выкупіў бы ў Батысты панну Раіну і ўладкаваў яе дзесь згодна ейнаму жаданню. На такіх актрыс у Еўропе попыт вялікі.

— Дзякую, пан Лёднік… — ціха прагаварыла Міхалішыўна, у яе вачах было столькі ўдзячнасці, што доктару стала няёмка.

— Мяне самога куплялі і прадавалі, — нагадаў ён.

Вырвіч крануў вуснамі фарбаваныя басмай валасы каханай, якім абавязкова павінен вярнуцца першапачатковы русявы колер:

— Я не буду замыкаць яе ў хаце. Яна зможа выступаць на сцэне…

Лёднік скептычна паглядзеў на маладзейшага сябра.

— Я таксама лічыў, што змагу дапусціць, каб Саламея мела медычную практыку. Паглядзім, як складзецца ваша сямейнае жыццё, пан Вырвіч. З такой легкадумнай асобай, як ты, нічога не сплануеш. Гэта ж адурэць, павалок нявесту на сцюжу, у адной сукенцы, акно выбіў, калі дзверы маюцца…

— А дзе ты столькі грошай узяў?

Лёднік адвёў вочы.

— Прафесарскі аклад за год, плюс прадаў спадчыну Разанцава, пару грашовых пацыентаў наведаў, тое-сёе ж адкладзена было, ну і набралася. Якая табе розніца?

Доктар пабуркатаў яшчэ, а пасля далікатна зрабіў выгляд, што задрамаў. Для маладой пары вельмі дарэчы.

— Я не была з Панятоўскім, — прашаптала ў перапынках паміж пацалункамі Раіна. — На Пісанні магу прысягнуць. Спявала для яго, таньчыла… Але ў яго каралеўскай мосці зараз вельмі раўнівая каханка, так што далей, дзякуй Богу, ён зайсці не наважыўся, а я вельмі старалася трымаць бяспечную адлегласць.

Вырвіч пацалаваў яе бровы, вочы і сказаў тое, што думаў.

— Мне ўсё роўна, з кім ты была… Мінулае — страшны сон, а ты са мной ад сёння і да веку…

А над горадам велічна плыў-скакаў алень Святога Губерта, пагружаючы капыты ў сінія хмары, і залаты крыж паміж ягонымі рогамі некаторыя прымалі за месяц, некаторыя — за веер з мануфактуры пана Тызенгаўза, закінуты ветрам на дрэва, а некаторыя — за наступствы добрай беларускай медавухі, толькі што выпітай у гасціннай карчомцы…

І калі і было што пэўнае ў гэтым свеце, дык гэта словы і пацалункі між двума, якія ледзь не страцілі адзін аднаго.

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

АПОШНІ НАЕЗД ГЕРМАНА ВАТМАНА

Калі чалавека гоніць па свеце, як сарваны ліст, неадменна ў ягонай хаце пасялілася Бадзюля, страшная істота, якая змушае чалавека падарожнічаць і шукаць краіну, дзе, вядома, лепей, чым тут…

Прагнаць Бадзюлю проста: падмесці хату, вымыць падлогу чысцютка, і ўвесь бруд выліць на заход сонца. Тады й выскачыць следам Бадзюля, нечасаная, струплівая, апранутая ў адну посцілку…

Вось, здаецца, пані Саламея Лёднік хату трымае ў чысціні, а мужа ейнага час ад часу гоніць па белым свеце, так, што невядома, ці вернецца… А як атрымаецца ў Пранціша і Раіны? Дзе будзе іхні дом, і куды панясе абаіх суворы Похвіст, зімовая завіруха?

Яны прыехалі ў Вільню яшчэ засветла, калі сінія цені дрэў клаліся на заснежаную брукаванку амаль незаўважна, а шэрае неба яшчэ не набыло колеру дыму… Пранціш даўно распавёў Раіне пра гасцінны дом з зялёнымі аканіцамі, пра пані Саламею Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, прыгожую, як Сільфіда, пра маленькага Алеся, нават пра Піфагора і Хвельку. Як жа хацелася апынуцца там, у бяспецы ды ўтульнасці, няхай і ўяўных… Дзе з карціны паглядае Арыстоцель, вельмі падобны да Лёдніка ў старасці, на каміне пакручваецца сіня-белы гадзіннік-ваза, а ў лабараторыі, умацаванай, як маленькая крэпасць, узіраецца шэрымі шклянымі вачыма ў ангельскую далеч, за мора і дзюны, васковая лялька-аўтамат Пандора…

Калі знаёмы дах яшчэ толькі паказаўся з-за заснежаных дрэў, з таго боку пачуўся стрэл і сярдзітыя крыкі… Яшчэ стрэл… А вось, здаецца, жанчына крычыць…

Лёднік высунуўся з фурманкі, выхапіў з рук наёмнага фурмана пугу і сцебануў коней.

Дом з зялёнымі аканіцамі трымаў сапраўдную аблогу. Ля яго стаяла дзясяткі два асёдланых коней, на двары, хаваючыся за дрэвы, бегалі людзі са стрэльбамі і шаблямі. Не ў мундзірах, а, відаць, найміты, бо добра ўзброеныя і з фізіяноміямі, шмат разоў залатанымі… А вось ляжыць штосьці рудое, калматае… Піфагор! Загінуў, верны абаронца…