Калі яны праходзілі каля ўзвышэння з распяццем, зноў абнесенага ланцугом, Пранціш заўважыў, што апошнія кроплі крыві ўжо сцёртыя з каменю аматарамі рэліквій.
Ад цікаўнікаў, якія чапляліся з роспытамі, удалося схавацца толькі ў доме пана Вайды. Пан Гервасій нарэшце даў волю ўзрушэнню і пачаў выпытваць тамашоўскага доктара, што той думае пра цуд ацалення, сведкамі якому яны сталі ў саборы. Але пан Вайда толькі адмахваўся і спасылаўся на волю Божую. Але Пранціш бачыў, што ў святасць айца Габрыелюса пан Вайда асабліва не верыць.
Што ж гэта тады, чараўніцтва? І чаму прыёр казаў Лёдніку, што той таксама так можа?
Затое пан Вайда запэўніў гасцей, што шлях з горада для іх адкрыты. Панна Паланэя зараз жа пачала збірацца, парадкаваць накупленае, чаго не хапала — прасіць у пані Вайды.
А Вырвіч заўважыў, што насоўку, якой выцірала твар Лёдніку, панна грэбліва выкінула праз вакно.
Лёднік вярнуўся позна. Нармальныя людзі, гэта значыць, фраў Вайда, дзеці, прыслуга — ужо спалі. Вырвіч кінуўся з роспытамі…
Але доктар нават галавы не павярнуў, моўчкі зайшоў у адведзены яму пакой, упаў спінай на ложак, паклаўшы вылечаныя рукі пад галаву, і засяроджана ўтаропіўся ў столь.
Столь была, як столь — дубовыя бэлькі, прывэнджаныя свечкамі, павуцінне па кутах, куды не дапяў дабрацца руплівы венік пакаёўкі. Але ясна, што Лёднік бачыў зусім не гэты нецікавы матэрыяльны прадмет. Ягоны цёмны пагляд быў такі адсутны, што рабілася страшна.
— Бутрым, заўтра выпраўляемся!
— Я застаюся.
Доктар прамовіў гэта вельмі будзённа.
— Слухай, мы і так час страцілі. І пакуль ёсць магчымасць…
— Я нікуды не еду, — доктар зрабіў ласку перавесці позірк на Пранціша. І Вырвіч спалохаўся. Такога Лёдніка ён яшчэ не бачыў… Дакладней, той час ад часу праяўляўся — калі ладзіліся небяспечныя доследы альбо дыспуты… Полацкі Фаўст.
— Адпраўляйцеся без мяне. Вас выпусцяць. Вось дазвол ад пробашча.
Баўтрамей дастаў з кішэні паперыну, кінуў Пранцішу. У святле свечак худы твар былога алхіміка падаваўся злавесным.
— Бутрым, што ён з табой зрабіў? — амаль закрычаў Пранціш. — Чым пагразіўся? Раскажы, што-небудзь прыдумаем!
Лёднік зноў утаропіўся ў столь.
— Ён даў мне магчымасць выбару. Я магу з’ехаць з вамі, калі захачу. Толькі я зразумеў, што ўвесь гэты час хацеў іншага… Каб толькі вы ведалі, што паказаў мне сёння айцец Габрыелюс! Якія адкрыцці, якія магчымасці для незацуглянага розуму! Гэта проста неверагодна! Зброя доктара Дзі…—прафесар пагардліва фыркнуў. — Састарэлае! Дзі быў майстрам, але не самых высокіх ступеняў. Пра самых абазнаных — ніхто не чуе і не ведае. Падобную зброю ў таемных лабараторыях яны даўно, напэўна, умеюць рабіць, і куды болей дасканалую…
У голасе Лёдніка гучэла захапленне і сапраўдная жарсць. Пранціш спалохаўся.
— Бутрым, ты ж столькі разоў казаў, што ёсць веды небяспечныя, што сам ледзь не загубіў душу… Успомні, як ты каяўся! Зноў хочаш абрынуцца ў цемру?
— Можа быць, варта рызыкнуць і прайсці праз цемру, каб здабыць святло? — адсутна прагаварыў Лёднік.
— Ты ж праваслаўны!
— Айцец Габрыелюс ніколі не патрабаваў ад мяне змяніць веравызнанне. Галоўнае — шчырая вера ў Госпада.
— Нічога сабе! — абурыўся Пранціш. — Не ведаю, якімі фокусамі задурыў табе галаву прыёр, але чаму ж ён, такі прагрэсіўны ды цярпімы, палюе тут на ведзьмакоў ды развёў у горадзе такую гразюку?
— Усё ў свой час зменіцца…
Пранціш, Паланэя і пан Агалінскі стаялі перад ложкам, на якім валяўся мройны доктар, у страшэннай разгубленасці.
— Пан Лёднік, няхай вашамосць успомніць пра сваю прыгажуню жонку. Няўжо пан не хоча больш пабачыць яе? — мілым галаском прагаварыла Паланэя. Доктар трохі памаўчаў, потым адказаў гэтак жа абыякава:
— Магчыма, ёй будзе лепей без такога мужа, як я.
Вырвіч не верыў сваім вушам.
— Як ты можаш прадаць Саламею? Яна ж цябе кахае!
— А што наконт лёсу аднаго маленькага хлопчыка? Наконт слова гонару? — пагрозна спытаў пан Агалінскі. Доктар павольна сеў на ложку, скіраваў на пана Гервасія халодны позірк:
— Такім, як я, не трэба мець ніякіх прыхільнасцяў і абавязкаў. Гэта замінае.
І ўстаў, ільдзяны, абыякавы, нетутэйшы.
— Дарэчы, калі я вярнуся ў брацтва, куды мяне аднойчы прынялі і дзе я прайшоў так мала па дарозе ведаў, я сам змагу вырашаць чужыя лёсы. Увогуле, хутка надыдзе час, калі светам будуць кіраваць не звыродлівыя атожылкі манархічных дынастый, а навукоўцы і філосафы.
— Ах ты халоп паганы! — пан Агалінскі схапіўся за шаблю, але раптам усвядоміў, што не можа выцягнуць яе з похваў. Ён тузаў сваю верную зброю і абліваўся потам пад пільным цяжкім позіркам Лёдніка.
— Я мусіў прынізіцца перад вашым братам толькі таму, пан Агалінскі, што быў недавукам і адмовіўся карыстацца сваімі пэўнымі здольнасцямі. Гэта было не маё бяссілле, а мой выбар, — роўным голасам прагаварыў доктар.
— Бутрым, хопіць! — у жаху закрычаў Пранціш. — Спыніся! Падумай пра Саламею! Пра Алесіка! Пра мяне, урэшце!
— Я і думаю, — глуха прамовіў Лёднік, зрабіўшы крок да дзвярэй. — Вам усім лепей быць ад мяне падалей.
— Я нікуды цябе не пушчу! Зараз жа — на коней і прэч з клятага горада! — Пранціш паспрабаваў схапіць Лёдніка за рукаў, але пад позіркам настаўніка не мог зрабіць і кроку. Паветра нібыта згусла, сцінула горла. Здаецца, гэта адчуў не толькі адзін студыёзус, таму што панна Паланэя зноў завішчэла.
Цяпер Вырвіч ясна бачыў страшнае падабенства позіркаў Лёдніка і прыёра манастыра святога Тамаша.
— Бывайце.
Лёднік рэзка развярнуўся і выйшаў. Адразу аднавілася вольнасць рухаў. Але настрой быў самы адчайны.
Яны сядзелі за сталом, пілі гарбату з малаком па мясцовым звычаі, і здавалася, нават гадзіннік на сцяне не цікае, а ўскрыквае.
— Я так і ведаў, што ён — чараўнік! І як мы цяпер без доктара знойдзем пячору, панства? — паныла пытаўся пан Гервасій.
— Што ж, я буду за яго! — уздыхнуў Пранціш. — Усе разлікі ён пакінуў, збольшага я ў ягоныя даследванні пасвечаны.
— Калі вы дапаможаце ў росшуках, вы атрымаеце вялікую ўзнагароду, пан Вырвіч! — адразу падтрымала гераічны парыў студыёзуса панна Багінская. — Вас чакае бліскучая будучыня!
— На вастрыі шаблі Германа Ватмана, ваша мосць? — з’едліва спытаў Пранціш. Панна Багінская пачырванела і пачала ў нечым запэўніваць, але Пранціш не слухаў.
— Пан Караль Радзівіл зробіць вас мечнікам! — са свайго боку дадаў пан Гервасій. — І вы, пан Бжастоўскі, калі дапаможаце, таксама трапіце ў лік альбанчыкаў! З вас вырасце сапраўдны мужчына!
Паланэя, нягледзячы на трагічнасць становішча, не папусціла панасмешнічаць.
— Такі ж мужчына, як вы, пан Гервасій?
— Анягож! Я сам займуся вашым выхаваннем, вашамосць!
Цяпер ужо і Пранціш ледзь не зарагатаў.
— Не ведаю, якія вашыя далейшыя планы, літасцівыя панове, і ведаць не хачу, але найлепей вы зробіце сабе і мне, калі на золку адсюль з’едзеце, — нервова прамовіў пан Вайда, які сядзеў, счапіўшы рукі і не кранаючы свой кубак. — Не тое, каб я вас выганяў, але… Я люблю ціхае жыццё. Звык, ведаеце, да свайго маленькага шчасця. Я сказаў вам, што мы баяліся ў часы навучання пана Габрыелюса Правітуса. Але аднойчы мы пачалі гэтак жа пабойвацца свайго аднакурсніка Баўтрамея Лёдніка. І я вельмі паважаў яго за тое, што ён змог парваць з панам Правітусам і тымі, хто за ім стаіць. Бо лічылася, што ад іх сысці немагчыма. Але так і ёсць, відаць…
У дарогу выправіліся, як раіў тамашоўскі доктар, на золку, яшчэ ў цемры і цішы. Але варта было выехаць за вароты дома — іх перапынілі. Усё адбылося хутка, спрактыкавана… І Пранціш зразумеў, што з гораду яны не выедуць ніколі — проста знікнуць, і Лёднік, магчыма, ніколі не даведаецца пра іхні лёс. Дый ці стане даведвацца?
На развітанне Пранціш схітрыўся ўсунуць пану Вайду, які выйшаў іх праводзіць і стаяў пераляканы, як верабей пад лапай коткі, аркушык паперы, пакінуты Лёднікам. Аркушык з накрэсленым імем «Аляксандр».