Пан Гервасій на дзіва не лекаваўся гарэліцай. Напачатку, вядома, заваліўся ў рэстарацыю «Пад ласосем», пакаштаваў знакамітай «залатой вады» — гарэлкі з дадаткам сусальнага золата, трохі посуду пабіў… Але як застудзіўся, валяўся сабе на канапе, нешта запісваў у зялёны нататнічак ды паўтараў пану Палонію Бжастоўскаму наконт таго, што той павінен выхоўваць у сабе мужнасць, і надта падобны да дзеўкі.
Каб быў гэта хто іншы, а не Амерыканец, Вырвіч западозрыў бы, што пан раскрыў сапраўдную сутнасць хлапчыскі Бжастоўскага. Панна Багінская нават стамілася аджартоўвацца, а часам проста счаплялася з панам Агалінскім, як Лёднік на дыспуце з менш прагрэсіўнымі калегамі, і іхнія сваркі Пранціша дужа радавалі. Бо на яго самога панна Багінская асабліва ўвагі не звяртала, хоць Пранціш і так, і гэтак намагаўся завязаць размову, намякнуць, што не можа забыцца на абдоймы ў тамашоўскай вязніцы ды пацалункі ў доме за Дамініканскім касцёлам, няхай і з прысмакам атруты. Але князёўна ўсім выглядам паказвала, што для яе гэта не значыла нічога. Гэтак каралевы ад нудоты дапускаюць да інтымных жартаў блазнаў ды лёкаяў. Панна знайшла іншую цацку: чаплялася да доктара, як дзядоўнік за крысо, з просьбай паказаць яшчэ што-небудзь… Гэткае… А прадметы пан доктар можа рухаць? А рабіцца нябачным? Майстэрствам адводзіць вочы авалодваюць жа нават вясковыя ведзьмакі! А як выглядае філасофскі камень? Ці праўда, што пан Лёднік яго знайшоў? А як наконт сувязі з сільфідай?
Калі ж гаворка заходзіла пра прадказанні і гараскопы — ну не будзе гэта вялікім грахом, дарагі пан Баўтрамей, скласці мале-енечкі такі гараскопчык для адной добрай высакароднай асобы — Лёднік сціскаў зубы і рэтыраваўся, як Генрых Валуа з польскага трону. Моўчкі і раптоўна.
Пан Гервасій пра цёмную сутнасць спадарожніка не ўспамінаў, толькі па прыездзе ў Гданьск Вырвіч падслухаў гарачую размову: Амерыканец умольваў доктара прызнацца, ці не счараваў той усё-ткі пані Галену Агалінскую, схіляючы да любошчаў, а Лёднік ледзь не рычэў, адмаўляючы.
А раздражнення свайго не мог спагнаць нават фехтаваннем… Бо на другі дзень па прыездзе ў Гданьск раптам выпусціў на падлогу кубак і пачаў лаяцца на пяці мовах… Сэнс усіх праклёнаў быў прыблізна «ацаляльнік хрэнаў». Вырвіч пабачыў, што з далоняў доктара крапае кроў — адкрыліся цудам зажыўленыя раны. Так што цяпер доктар хадзіў з забінтаванымі рукамі, а на параду Паланэйкі палячыцца тым самым спосабам, што прадэманстраваў айцец Габрыелюс, сярдзіта адказваў, што гэтая ментальная медыцына — усё роўна што завешваць дыванком пралом у сцяне. Эфект імгненны, а карысці трохі… Нічога, загаіцца натуральным чынам.
За два тыдні, на якія іх прывязала да сушы непагадзь, рукі прафесарскія з дапамогай адмысловых мазяў сапраўды больш-менш загаіліся, пісаць ды рыхтаваць лекі доктар мог па-ранейшаму, а вось брацца за шаблю пакуль сабе не дазваляў. Добра, што знаёмства з мясцовымі калегамі адцягвала ўвагу ад выхавання няшчаснага студыёзуса Вырвіча. Да таго ж, прынеслі ліст ад Саламеі — панна Багінская расстаралася. Ліст кароценькі, жывая-здаровая, у бяспецы… Не лезь, Фаўст, у дрыгву, бессмяротную душу беражы…
Нарэшце флюгер у выглядзе залатога пеўня перастаў круціцца, як шалёны. Са шхуны «Святая Брыгіта» прыслалі вестку, што праз пару дзён можна будзе адплываць. Даўно спакаваныя куфры адправілі на карабель.
І тут да пана Палонія Бжастоўскага прыйшоў госць.
Вельмі ветлівы і палітычны, у парыку і камзоле са срэбнай парчы… Але ад шляхетнага госця чамусьці нават недасведчаная прыслуга рассыпалася ўбакі, як шкадлівыя дзеці ад сярдзітага гувернёра. Калі б беларускія волаты паўсталі з курганоў, магчыма, хтось з іх выглядаў бы менавіта так. Пан мог увайсці не ў кожныя дзверы, такі здаровы. Бровы і вейкі светлыя, як пушынкі дзьмухаўца, а вочы на спаласаваным шнарамі твары падманлівыя, то таксама светлыя, то бяздонна-цёмныя, з барвовым адценнем. Пан нават усміхаўся — і ад гэтай усмешкі хацелася намацаць шаблю, а яшчэ лепей — зараджаны пісталет.
— Рады бачыць вашую княскую мосць! — раскланяўся пан перад пераляканым панічам з Бжастоўскіх. — Таму што знікненне вашае нарабіла шмат гора і спалоху, і для несуцешнага жаніха, і асабліва для вашага яснавяльможнага пана брата. Доўгія дні пошукаў вашае княскае мосці былі горкімі, як палыновая гарэліца, і шчасліва завершыліся дзякуючы паведамленню ад гданьскага банкіра, чыймі паслугамі вы зрабілі ласку скарыстацца. Ваш пан брат неадкладна хоча вас бачыць у Слоніме, дзе адбудуцца заручыны вашай мосці з яснавяльможным панам падкаморыем Пацам. І ці не будзе ласкавая ваша мосць, найяснейшая панна, паведаміць, дзе падзеўся ягоная мосць пан Марцін Баршчэўскі, знаўца моў і слынны картограф, які мусіў быць у гэтай кампаніі заміж вашай яснавяльможнай асобы і ад чыйго імя да вашага брата адсылаліся лісты?
На апошнім сказе ў ветлівым голасе пана Германа Ватмана дадалося металу. Пранціш зірнуў на Амерыканца, які стаяў у баку і нічым не выдаў здзіўлення наконт таго, што ягоны спадарожнік выявіўся высакароднай паннай. Але калі Ватман выкрыў перад Агалінскім асобу Паланэйкі, значыць, цвёрда намерваецца яе звезці. Панна Багінская стала, як на каранацыі:
— Пан Марцін Баршчэўскі дужа хацеў паглядзець Гішпанію, і дзякуючы шчасліваму выпадку ягоная мара здзейснілася. А я падмяніла пана ў ягонай місіі. І пакуль не здзейсню падарожжа, вяртацца не збіраюся, вашамосць. А на заручыны я сваёй згоды не давала. У Статуце забаронена паненку насуперак волі замуж выдаваць. Так і перадайце майму пану брату.
Найміт удавана скрушна ўздыхнуў.
— Як вы засмуцілі мяне, ваша мосць. Бо маю даручэнне прывезці вас незалежна ад жадання панны, таму што воля вашага брата і жаніха маюць моц большую.
— Ягоная мосць Пац мне пакуль не жаніх! — адчайна выкрыкнула хрыплым ад застуды голасам Багінская. — Лепей у моры згінуць, чым з ім пашлюбавацца!
Пакой, дзе адбывалася размова, быў завешаны пастаральнымі пейзажыкамі: пастухі і пастушкі ў прыгожанькіх строях пасвілі авечачак, гайдаліся на арэлях, збіралі кветачкі… Так, што хацелася запусціць у іхні марцыпанавы свет натуральнага худога і злога ваўка… Ці хаця б з’едлівага прафесара Віленскай акадэміі. Лёднік змрочна маўчаў, матрыманіяльныя планы Багінскіх яго не хвалявалі, але відаць было, прыкідвае: звязуць дзеўку, яно прасцей далей будзе, але каго замест яе пашлюць? Ватман тут жа гэта паясніў:
— А я замест панны з’езджу ў Ангельшчыну, дапамагу сваім дарагім сябрам панам Вырвічу ды Лёдніку ў дарожных цяжкасцях.
Прафесар пазмрачнеў, але пярэчыць не стаў: вядома, спрактыкаваны забойца за спадарожніка — справа нярвовая, але лепей мець яго пры сабе, чым ён будзе круціцца дзесьці каля Саламеі.
— Панна Багінская сама павінна вырашаць, ехаць ёй ці заставацца! — усклікнуў Пранціш. — Ваша мосць не можа яе прымушаць.
— А я тут пры чым? — удавана здзіўлена прамовіў Ватман. — Панна незамужняя, таму яе апекун — ейны брат. Збірайцеся, ваша мосць! Карэта чакае.
Паланэя збялела, як ліпіначка. Бездапаможна азірнулася ў пошуках ратунку.
— Калі вашамосць сцвярджае, што жаніх мае права вырашаць лёс сваёй нявесты, дык не бачу ніякіх перашкодаў для паразумення! — раптам ступіў наперад Амерыканец, так расправіўшы шырокія плечы, абцягнутыя аксамітным залацістым шлафрокам з пясцовай апушкай, што ўтульная хатняя вопратка падалася воінскай кальчугай. — Яснавяльможная панна зрабіла мне гонар назвацца маёй нявестай!
— Што? — Пранціш веры вушам не даваў. Панна Паланэя, падобна, таксама такога не чакала і цяпер не ведала, што рабіць.
— Вашамосць не шмат на сябе бярэ, называючыся жаніхом панны Паланэі Багінскай, сястры ягонай мосці князя Міхала Багінскага? — халодна і трохі насцярожана спытаў Ватман. Амерыканец задраў нос:
— Я — пан Гервасій Агалінскі, на сёння — старэйшы ў нашым родзе, мечнік Дрысвяцкі, паручнік войска ягонай мосці князя Радзівіла. Панна Багінская пад маёй абаронай, і калі вы, пан Ватман, будзеце настойваць на ад’ездзе панны, мы сёння ж з ёй абвянчаемся.