Изменить стиль страницы

Герман Ватман ажно крактануў раздражнёна:

— Ну, панна, ну кручаная! Сама хоць разумееш, што нарабіла? Ды твой брат і з цябе, і з мяне скуру спусціць, калі даведаецца пра такога самавольнага жанішка!

Пагроза было не жартоўная. Бітвы за нявестаў з пасагам былі частымі і крывавымі. І слова згоды тут значыла шмат. Вунь пан Салагуб аднойчы гасцяваў у багатага суседа, ды не хацеў ад’язджаць, пакуль прыгожая дачка гаспадара не прап’е яму страмяннога кубка. Каб выправіць п’янога шумлівага госця, бацька папрасіў дачку не ўпірацца, ды яшчэ нешта такое неадмоўнае кінуў на настойлівыя просьбы пана наконт шлюбу… Госць з’ехаў, праспаўся, а абяцання гаспадара не забыў. І пад пагрозай суда, двубоя ці наезда бацька мусіў выдаць дачку за не самага выгаднага жаніха. Так што словы пана Агалінскага маглі мець сумныя наступствы. За кожным радавітым шляхціцам стаяла цэлая партыя — сваякоў, прыхільнікаў, а над тымі ў сваю чаргу — адзін з магнатаў, якога яны падтрымлівалі. Пане Каханку цалкам мог умяшацца і пачаць дапамагаць аднаму з альбанчыкаў пашлюбавацца з абранніцай. Ватман ажно пот з ілба абцёр…

— Пан Герман, а навошта майму брату-дабрадзею ведаць пра пана Агалінскага? Тым болей, я і перадумаць наконт шлюбу з ім магу… — хуценька ацаніла сітуацыю Паланэя. — Дапусцім, вы не знайшлі мяне, спазніліся… А з-за мора я вярнулася б, як была, цнатлівай і дабрадзейнай паненкай і адразу паехала б да свайго брата. А калі вы, пан Ватман, будзеце змушаць мяне зараз жа вяртацца, касцёл у канцы вуліцы…

Найміт абвёў вачыма кампанію, відаць, прымерваючыся, ці не перабіць усіх лішніх ды не звалачы шкадлівую паненку, але тут былі слугі, тут быў вольны горад Гданьск, тут быў пасланец князя Радзівіла, і найміт крыва ўсміхнуўся:

— Я заўсёды выконваю тое, што мне даручылі.

— Вось і выканаеце даручанае… Толькі трохі пазней, — міла прагаварыла Паланэя. — Баюся, лепшага выйсця ў вас, пан Герман, няма.

— І ты гатовы ўзяць такую за жонку? — з жахам папытаўся ў Агалінскага Ватман. Пан Гервасій падкруціў руды вус.

— А я люблю коней і жанчын з характарам.

На развітанне Ватман ледзь дзверы не вынес. Ажно пастухі і пастушкі на карцінах здрыгануліся.

— І даўно ваша мосць ведае, што я — не мужчына? — з некаторай няёмкасцю папыталася Багінская.

— Ну, у тамашоўскіх сутарэннях я канчаткова вырашыў, што пан Вырвіч з мужчынам абдымацца не стаў бы.

Панна Багінская пачырванела і чхнула. Зараз жа, нібыта ў адказ, чхнуў і пан Гервасій. І абодва весела рассмяяліся. А Пранціш… Пранціш развярнуўся і пайшоў… У дождж, вецер і адчай.

Слёзы засцілалі вочы… У чарговы раз шарачка ткнулі носам, хто ён ёсць. Няхай словы пра жаніхоўства былі шалберствам, спосабам выратаваць даму з няёмкага становішча… Але пан Агалінскі зрабіў лёгка, жартуючы тое, што Пранцішу не пад сілу. Бо памкненні Вырвіча да жаніхоўства нават прыкасцёльны юрад не прыняў бы ўсур’ёз. А пан Агалінскі, хоць і не магнат, меў дастаткова высокае становішча, каб ягоныя прэтэнзіі на руку князёўны Багінскай не выглядалі зусім неверагодна. Здаралася, такім шанцавала парадніцца з магнатамі. А Пранціш — так, паабдымацца ў цемры…

Ля фантану Няптуна, у якім шэрыя струмені змешваліся з дажджавой вадой, Пранціш раптам выхапіў шаблю, яшчэ не ведаючы, што зараз зробіць: сябе засячэ, ці кагось іншага… Лязо люстравала шэры халодны свет, у якім не мелася спагады і надзеі…

— Пан сабраўся біцца з мармуровым Няптунам? — задыханы голас Лёдніка прагучэў за правым плячом, нібыта азваўся анёл-ахоўнік. Пранціш, памарудзіўшы, усё-ткі схаваў Гіпацэтаўра.

— Як ты думаеш, яны ажэняцца?

Вырвіч сам не пазнаваў свайго голасу. Усе гэтыя гады студыёзуса падштурхоўвала далёкая мара дабіцца княжны Багінскай, стаць з ёю ўпоравень… І вось — гэтую мару мімаходзь адабраў руды, але багаты і радавіты невук…

— Ты што, таксама будзеш змушаць мяне гараскоп складаць? — Лёднік паклаў руку Пранцысю на плячо. — Павер, хлопча, не зоры вырашаюць лёс чалавечы. Самы дасканалы гараскоп — усяго толькі варыянт падзей… А малітва мае моц нават зрушыць шляхі планетаў. Таму на тваё пытанне ў мяне адзін адказ — не ведаю.

Пранціш закрыў твар рукамі. У фантане цурчэла вада, і па звычаі, выпраўляючыся ў царства Няптуна, трэба было кінуць да ног мармуровага марского бога манетку… Але Лёднік заўсёды так сувора ставіўся да забабонаў, што Пранціш не наважыўся праявіць ганебную слабасць. Так і не кінуў.

Хмары плылі па небе Кароны з боку Літвы, як фрэгаты невядомай краіны.

А іхняя шхуна была самай звычайнай. Гандлёвым караблём пад назвай «Святая Брыгіта», чый трум быў забіты нецікавымі рэчамі кшталту ільняных сувояў і канопляў. Шлях чакаўся доўгі і небяспечны… Са спынамі ў розных портах. Пранціш нават на некаторы час забыўся на сваё прыніжэнне.

А вось у каюце настрой зноў падупаў. Усё-ткі Пранціш уяўляў нешта больш выгоднае… Адведзены ім на пару з Лёднікам катух быў больш падобны да каморы, спаць належала ў падвешаных на вяроўках гамаках з грубага радна, ды яшчэ смярдзіць усё гнілой рыбай! За тыя грошы, што Радзівілы адвалілі за месца на «Святой Брыгіце», на сушы можна было б зняць пакоі з суцэльнага золата. Праўда, калі Пранціш паглядзеў апартаменты Агалінскага і Паланэі, якія мелі кожны асобную каюту, ягонае раздражненне трошкі прыціхла. Бо пакоі важных паноў былі не лепшыя за іхні. А ўжо калі паказалі, як жывуць матросы… А што хацець, купецкі карабель — не палац, тут кожны вяршок павінен выкарыстоўвацца з карысцю. Чым болей тавару рассоўваць, пасажыраў пасяліць.

Лёднік нічым не выказаў незадаволенасці, выпіў нейкі зялёны напой з маленькай бутэлечкі — такіх у яго была з сабою цэлая валіза, прыладкаваўся ля круглага вакенца, каб чытаць, і ўсё — нават лекцый няма. А Пранціш быў страшэнна расчараваны. Колькі разоў ён уяўляў сабе сваё марское падарожжа — стаяць на палубе, дыхаць ветрам, назіраць, як велічна коцяцца хвалі… А тут асабліва па палубе не пройдзешся — вецер з ног збівае, мора шэрае, неба шэрае… Ад гайданкі нудзіць.

Але чалавек да ўсяго прывыкае. Хутка Пранціш аблазіў увесь карабель, куды яго толькі пускалі. Асабліва цікавіўся навігацыйнымі прыборамі — некаторыя з іх, між іншым, прыдумаў таямнічы доктар Дзі. І Амерыканец знайшоў сабе занятак — выявіў, што штурман ды двое матросаў пабывалі ў Амерыцы, адзін нават біўся з індыянамі… Начальства, вядома, скоса пазірала на тое, што чальцоў каманды адцягваюць ад службы, але пасажыры важныя, грошы заплацілі… А мараходы і радыя за байкамі час бавіць. Са штурманам, сівым падцягнутым немцам, у пана Агалінскага ўвогуле ледзь не сяброўства завязалася на тэме экзатычных прыгодаў.

Пранціш усё дзівіўся, якая цяжкая гэта праца — марская… Нават цяжэй, чым сялянская. Гэта яны, пасажыры, маглі гайдацца сабе ў ложках, а матросы цалюткі дзень нечым займаліся, часам зусім бязглуздым, кшталту надрайвання да бляску розных дэталяў. Ды яшчэ за найменшую правіну іх сцябалі няшчадна. Дзіва што на караблях звыклай справай былі бунты.

Панна Багінская носу з каюты амаль не паказвала, нават на вячэры афіцэраў і радавітых пасажыраў у кают-кампанію, дзе па традыцыі было больш раскошна. Лёднік папярэдзіў, што раз вырашыла надалей падарожнічаць у якасці пана Бжастоўскага, лепей, каб у каманды карабля не ўзнікала ніякіх падазрэнняў. Вядома, век Асветніцтва… Але забабоны наконт таго, што жанчына ў моры прыносіць няшчасце, жывучыя.

Шхуна рабіла дзесяць вузлоў у гадзіну, мора было восеньскае, суровае, і Пранціш заўважыў, што з Лёднікам нешта не тое. Прафесар і так не адрозніваўся румянкам, а тут зрабіўся не тое што белы, а проста зеленкаваты. У кают-кампанію не хадзіў. І, здаецца, увогуле нічога не еў, толькі спусташаў свае бутэлечкі — ажно вочы ўваліліся, так што ў цемры прафесара можна было цалкам прыняць за нейкую пазасветную істоту кшталту вупыра.

Бяда здарылася, калі Пранцысь неяк неасцярожна прабіраўся каля Лёдніка, які зноў палез у сваю валізу з лекамі, зачапіўся, паваліўся проста на валізу… Карацей, бутэлечкі пабіліся. Лёднік рэдка быў такі ўгневаны, добра што саслаб і не здолеў ухапіць шкадлівага студыёзуса за русявы чуб, і той удала ўцёк з каюты і прыбіўся да пана Гервасія, які спажываў разам са штурманам чарговую порцыю грогу — цёплага напою са шчодрым дадаткам рому. А калі Вырвіч вярнуўся, то Лёднік стаяў, укленчыўшы, у куце каюты, ухапіўшыся за рундук, і яго ванітавала… Паколькі страўнік прафесара даўно быў пусты, відовішча цяжкое.