Изменить стиль страницы

— Гэта немагчыма… Я мушу ехаць! Можа, перагаварыць з біскупам? Выпусціўшы мяне і спадарожнікаў за браму, горад жа не панясе шкоды!

Ёханес пакруціў галавой з чорна-сівымі валасамі.

— Сябар мой, ты ведаеш, хто ў нас стаў біскупам, пробашчам храма святога Тамаша, а заадно прыёрам кляштара? Айцец Габрыелюс Правітус!

Падобна, гэта была вельмі дрэнная навіна, таму што Лёднік збялеў і схапіўся рукой за горла, як бы ад задухі.

— Так, так, твой былы пражскі настаўнік! — з нейкім асаблівым выразам вымавіў Ёханес.

— Мне сапраўды не варта з ім сустракацца… — здушана прагаварыў Лёднік.

— Так, біскуп наш чалавек няпросты, усё ў горадзе яму падпарадкоўваецца — і бурмістр, і рада, і купцы, і рамеснікі. Людзі на яго моляцца — цудатворца, святы дабрадзей… А калі ты збег тады з Прагі, пан Правітус, расказвалі, моцна на цябе гневаўся. Маўляў, улюбёны вучань прадаў яго, збэсціў спадзяванні.

Ёханес выпрабавальна глядзеў на аднакурсніка, той прыгнечана маўчаў.

— Як далёка ты зайшоў за сваім колішнім настаўнікам, Бутрыме? — ціха спытаўся пан Вайда.

— Далекавата, Ёхане. Далей, чым варта было, — гэтак жа сцішана прагаварыў Баўтрамей.

— А мы ж тады, як ён лекцыі ў нас стаў чытаць, усе яго баяліся. Каб, не дай Гасподзь, не бліснуць розумам, каб не зацягнуў у свой гурток. Хадзілі чуткі пра ягоныя магічныя заняткі, на якіх людзі знікаюць, а нехта вар’яцее, альбо пачынае гаварыць не сваім голасам. Я дык назнарок іспыты заваліў, — задумліва прамовіў пан Вайда.

— А я вось бліснуў… Са скуры лупіўся, абы заўважылі, дапусцілі да таемных ведаў…— з горкай насмешкай прамовіў Лёднік.

— Ну, усім Бог суддзя, — страсянуў з сябе сум пан Вайда. — Пана Правітуса ў свой час з Прагі таксама ледзь не на дзідах вынеслі, у нашым гарадку для яго — проста высылка. Так ці іначай — бліжэйшы час ты правядзеш у маім доме, Бутрыме! Месца хапае — хопіць і тваім спадарожнікам… Заразы ж ніхто не падчапіў? Цябе аглядаць не стану — шаўцу ботаў не шыюць…

— І хлопчыка, што там, каля намёту, чакае, не варта аглядаць, — паспешліва прамовіў Лёднік. Ёханес вызірнуў вонкі, абмерыў паглядам шчуплую мітуслівую постаць пана Бжастоўскага, пасміхнуўся:

— Ты спрактыкаванага медыка задумаў падмануць, Бутрыме? Добра, калі даеш слова, што твой… хлопчык не заражаны, няхай паненка больш не нервуецца. Распранацца не змушу. А то вунь чаравічкамі дзірку ў бруку пракруціць. Але абліванне расчыннем прыняць давядзецца і табе, і ёй.

— Ядловец, ладан, спірт, часнык? — прынюхаўся Баўтрамей. — А чаму не абкурванне?

— Вадкасць лічу больш эфектыўнай за дым.

— Маеш рацыю, але для мяне твой выбар фатальны… — са змрочнай іроніяй прагаварыў Лёднік.

— Чаму? — здзівіўся пан Вайда.

— Таму, што калі б ты зёлкі паліў, а не запарваў, я б яшчэ да брамы пачуў пах, і ўжо ні ў якім разе не пусціў бы сваіх сюды.

Дактары пачалі нецікавую лекарскую дыскусію. А Пранціш вырашыў, што прыгоды ў Дракошчыне і на праклятым млыне — гэта яшчэ першыя сняжынкі ў параўнанні з завірухай, якую абяцае гасцяванне ў Тамашове.

Ён не надта памыліўся.

Дом доктара Вайды аказаўся сапраўды змястоўным. Як выявілася, доктар пасля сканчэння ўніверсітэту выгадна ажаніўся, з дачкой тамашоўскага войта. Таму займеў камяніцу на два паверхі. Пані доктарава была павольная, беласкурая і вялікая, ледзь не ўдвая большая за мужа. Яна хадзіла ў дарагой сукенцы з брабанцкімі карункамі, яе кірпаносы, крыху выцягнуты твар у атачэнні бялюткіх фальбонаў каптура быў такі спакойны, што пані здавалася надзейнай выспай пасярод бурлівага акіяну. Ля калень пані мітусілася двое дзетак — хлопчык і дзяўчынка, трэці, зусім малы, спаў на руках у нянькі, чырванашчокай матроны, якая таксама выпраменьвала спакой і ўпэўненасць. Стол ламіўся ад кілбасаў ды бліноў.

— Вось так і жывем, — задаволена абвёў рукой ідылічную карціну пан Вайда.

— А як твае даследванні крывяных складнікаў? — папытаўся Лёднік. — У цябе былі цікавыя ідэі…

Вайда махнуў рукой.

— Усё, што мне трэба ведаць, мне распавялі ва ўніверсітэце. Гэта ты ў акадэміі можаш лунаць сабе ў эмпірэях, шукаць філасофскі камень, патрашыць трупы. А тут трэба людзей лячыць, ды так, каб адобрыў святы касцёл, і не западозрылі ў блюзнерстве. Не высоўвацца. Не вылучацца. І калі святар сцвярджае, што грэшнае цела сваё сумленны хрысціянін дае мыць двойчы ў жыцці — пры нараджэнні і калі памрэ, мая справа сціпла маўчаць.

— Чакай, — здзівіўся Лёднік. — Айцец Габрыелюс сам жа эксперыменты любіў… І сцвярджаў, што ад старажытных рымлянаў абавязкова трэба пераняць звычай штодзень мыцца…

Пан Вайда толькі хмыкнуў.

— Сам ведаеш — грамчэй за ўсіх крычыць «Трымайце злодзея!» злодзей, і прыёр кляштара святога Тамаша проста палюе на іншадумцаў, блюзнераў, ведзьмакоў, чарнакніжнікаў…

— Хіба ён спыніў свае доследы? — насцярожана папытаўся Лёднік, чапляючы двузубым відэльцам каўбаску.

— Такія не спыняюцца, — хмыкнуў пан Ёханес. — Але пра ягоныя сапраўдныя заняткі здагадваемся я, ты, ну яшчэ некалькі чалавек, якія цалкам залежаць ад біскупа і біскупскіх памагатых. Тут — ягонае ўладанне. І ягоныя парадкі. І магутныя апекуны па ўсім свеце. Дзесяць год трымае людзей у страху. Паўсюль ягоныя вушы і вочы… Хто пачне благое казаць пра айца Габрыелюса — можа раптам знікнуць альбо памерці ад раптоўнай хваробы. А здараецца, біскуп адным поглядам паміраючага з ложка падыме. Сам кароль у яго гараскопы замаўляе. Так што пошасць яму — толькі ўмацаванне ўлады. А я — маленькі чалавек. Магу кроў пусціць, клізму паставіць. Што я — супраць чумы?

— Чакай, а памятаеш, мы спрабавалі прыдумаць ад яе лекі? — усклікнуў Лёднік. — Нават сам пан Правітус падказваў — узяць попел кароткага рабра і лімфатычнага падмышачнага вузла памерлага ад чумы…

— Яшчэ раз кажу — у Тамашове ўсё паводле дзядоўскага звычаю, — цвёрда прамовіў Ёханес. — Як сто, дзвесце, трыста год таму. Нам тут што вайна ў Амерыцы, што іnterregnum у Кароне… Вось пошасць — блізка. Зараз пачнецца чарговая істэрыя на тэму «Выкупляйце грахі, бо хутка канец свету». Пойдуць па вуліцах флагелянты, абсцябаюцца ў славу Гасподню, аж пырскі крыві паляцяць на сцены. Нехта ў імя святога Тамаша ахвяруе касцёлу ўсю маёмасць і стане жабраваць, на вуліцы Залатароў ці Рыбнікаў зловяць пару вядзьмарак і павядуць тапіць у сажалцы… Потым разгромяць лаўкі габрэяў… Апошніх і абвінавацяць у пошасці і пачнуць збіваць. Пасля габрэяў возьмуцца за жабракоў — маўляў, яны паатручвалі ваду ў студнях. Потым настане чарга пацукоў і мышэй — а можа, якой казы, у якую ўсяліўся д’ябал. Спадзяюся, да лекараў чарга не дойдзе. Гарадок маленькі, нас тут усяго чацвёра, калі лічыць цырульніка-зубадзёра. А потым пошасць скончыцца, вядома, дзякуючы малітвам айца Габрыелюса.

— А мы павінны тут сядзець і гэта ўсё назіраць? — абурыўся Пранціш, у якога сямейнае шчасце тамашоўскага доктара чамусьці выклікала пачуццё, як выпіты без асаблівага жадання, па прымусе нянькі кубак паранага малака з пенкай.

Пан Агалінскі шумна паставіў на стол пусты збан, у якім толькі што пенілася някепскае цёмнае піва.

— Няўжо імя ягонай мосці, яснавяльможнага пана Радзівіла тут нічога не значыць? Я выконваю ягонае даручэнне!

Багінская скрывілася, а пан Вайда ветліва схіліўся.

— Калі б ягоная мосць князь Радзівіл зрабіў ласку сюды завітаць, яго б, вядома, сустрэлі па-каралеўску. Але тут не ўладанні пана, да таго ж пошасць не разбірае тытулаў. Смерці баяцца больш, чым князёў чалавечых. Баюся, што вас, пан Агалінскі, біскуп нават не прыме. Ды ён пальцам варухне — вас адправяць у сутарэнні, як блюзнераў. Так што, Бутрыме, хоць ведаю, што ты — веры праваслаўнай, заўтра ўсе рушым на імшу ў касцёл. Я вунь, лютаранін, хаджу, як міленькі, і пра сваё веравызнанне маўчу, як труна. Пераседзеце ціхенька на апошніх лаўках… А мне апраўдацца прасцей будзе: прытуліў добрых хрысціянаў.

Лёднік зусім спахмурнеў, паглядаючы на малога сынка Вайды, які заўзята пускаў драўлянага коніка скакаць па парэнчах фатэля. Ясна — успомніў малога Алесіка.