Изменить стиль страницы

— Вам, пан Палоній, трэба было дзяўчынай нарадзіцца, — пільна гледзячы ў спіну доктару, прагаварыў пан Гервасій сваю ўлюбёную за апошнія дні фразу. Багінская адказала ў звыклай манеры, але без ценю весялосці, таксама не адводзячы пагляду ад чорнай постаці на кані, што набліжалася да страшнай знаходкі:

— Гэта было б вашым найвялікшым няшчасцем, пан Гервасій. Бо вы б закахаліся ў мяне, і вашае сэрца было б разбітае маёй жорсткасцю.

Лёднік спыніў каня, праз нейкі час рэзка развярнуў яго і падскакаў да спадарожнікаў. Ягоны худы твар быў неяк занадта спакойны.

— Чума.

Паланэя зноў ускрыкнула, пан Гервасій зашаптаў пацеры…

— І… што рабіць? — як ні прыкра было прызнаваць гэта, але ў іхняй высакароднай кампаніі ў цяжкіх абставінах падобныя пытанні ўсе мімаволі найперш задавалі адзінаму невысакароднаму чальцу. Лёднік іранічна хмыкнуў.

— Ну што я магу вам прапанаваць, пан Вырвіч. Толькі тое, што стагоддзямі раілі мае калегі ў падобных сітуацыях: «Сito longe fugas et tarde redeas» — сыходзь хутка, далёка, і доўга не вяртайся.

І раптам прышпорыў свайго каня:

— Гайда!

Яны несліся па дарозе, далей ад крыжа з чэрапам, і здавалася, што за імі ляціць страшны цень з раскінутымі крыламі…

На наступным раздарожжы давялося прыпыніцца. Лёднік агледзеў пераляканыя твары.

— Пакуль баяцца няма чаго. Мяркуючы па паставах нябожчыкаў, пошасць у тым баку, адкуль яны рухаліся. А значыць, мы ад яе аддаляемся. Урэшце, з вамі доктар, і, паверце, я пабачыў не адну эпідэмію. Шкада, валіза з інструментамі ды лекамі страчаная…

Вырашана было, аднак, спыніцца на начлег, ад’ехаўшы як мага далей ад страшнага месца. На шчасце, сёння не дажджыла, і дарога нават трохі падсохла. Міналі вярста за вярстой… Лясы змяняліся палямі, цямнелі прыгорбленыя хаткі, нібыта зграі пачварных істотаў прыгнуліся да зямлі, рыхтуючыся да нападу… Пан Гервасій адзін балбатаў, распавядаючы байкі пра пошасць. Асабліва амерыканскія: як іспанскія кандацьеры знайшлі ў зарасцях залаты горад, але варта было ўзяць аднаму з іх у рукі злітак, ягоная скура пачала пакрывацца пазалотай, і небарака памёр на месцы, бо сэрца таксама зрабілася залатым. А другі атрад, на гэты раз ангельцаў, разбіў лагер на палянцы з прыгожымі ружовымі кветачкамі, а нараніцу выявілася, што гэтыя кветачкі, падобныя да ўюнка, прараслі проста скрозь целы спячых, і пакуль атрад выбраўся да людзей, усе памерлі пакутлівай смерцю, і былі спрэс пакрытыя кветкамі.

Расповеды весялосці не дадавалі.

Лёднік зноў зверыўся з картамі, наконт бліжэйшай станцыі, да якой можна даехаць засветла. Але калі Багінская даведалася, што ёсць магчымасць патрапіць у мястэчка пад назвай Тамашоў, запрасілася туды. Ясна, чаму: цяпер выглядаў маскарадны пан Бжастоўскі зусім не так прыгожанька, як на фэсце ў Дракошчыне, бо пераапрануцца не было ў што, у корчмах галантных рэчаў не прадавалі, панчохі даўно сталі чорнымі ад гразі, парык трэба было высушыць і напудрыць, а ўласныя валасы паненкі, цёмныя, коратка стрыжаныя, віселі жаласнымі водарасцямі… Паненка марыла пра боты, чыстую кашулю… Ну а яшчэ гарачую ваду, люстэрка, парфуму, ложак… Урэшце, і Пранціш не супраць быў наведаць Тамашоў. Наўрад там таксама трымалі цмока.

Здаля горад выглядаў больш змрочна, чыў Дракошчын. Шэрыя муры, ніякіх табе стракатых штандараў на іх… Ну і народу да гарадскіх варотаў кіравалася куды меней. Вось заехаў самотны воз, гружаны бочкамі, зайшоў мужык з мехам на плячах… І ўсё. Ніводнай жывой душы, як кінуць вокам. Нават распытацца няма каго, што ў горадзе робіцца, хаця Лёднік гэтага жадаў.

Калі яны пад’язджалі да брамы, Вырвічу раптам дужа захацелася павярнуць каня… Нейкі дурны страх апанаваў, што студыёзус спісаў на наступствы перажытага ў Дракошчыне. Лёднік называў такое «фобія» — чалавек чагосьці адзін раз спалохаецца, а пасля шугаецца падобнага ўсё жыццё…

Не, страх не пераможа шляхціца герба Гіпацэнтаўр!

Пранціш пакратаў шаблю, задраў галаву і пастараўся надаць твару асабліва фанабэрысты выраз.

Але ж калі падарожныя апынуліся па той бок брамы, уласныя адчуванні не падаліся студыёзусу такімі ўжо бязглуздымі. З абодвух бакоў на гасцей наставілі стрэльбы вартавыя з абвязанымі анучамі ажно да вачэй тварамі. Мяркуючы па вохкім паху, анучы былі вымачаныя ў лекавым адвары.

— Прашу панства спешыцца і прайсці вунь у той намёт. Вас агледзіць доктар, ці няма слядоў хваробы.

Белы палатняны намёт стаяў проста перад брамай, так, каб яго нельга было прамінуць. Пан Агалінскі пачаў быў абурацца наконт шляхецкіх правоў і слова гонару, якое пераважвае любыя агляды. Але Лёднік саскочыў з каня першы.

— Мы ахвотна пакажамся доктару. А нехта ў горадзе ўжо захварэў?

— Хай бароніць святы Рох, пакуль не. Таму няхай панства выбачае — калі хоць цень падазрэння, што вы прынеслі заразу, пагонім прэч кулямі ды вагнём.

Калючыя вочы вартаўніка хавалі той спалох, пракаветны, цёмны, які можа зрабіць з чалавека звера, горшага ад цмока. Панна Багінская трывожна кусала вусны — а што, калі змусяць распранацца? Пранціш зласліва пасміхнуўся: не ўсё ж табе, паненка, іншых ставіць у няёмкае становішча! А Лёднік паклаў руку паненцы на плячо і ціхенька прагаварыў:

— Трымайцеся за мной, пан Бжастоўскі. Што-небудзь прыдумаем.

Ну як жа, прафесар не мог не пашкадаваць дурное дзяўчо! Якое прафесара, калі што, не пашкадуе ані на каліўца.

Палотнішча намёту адхінулася, і Вырвіч ледзь стрымаў ускрык: там стаяла пачварнае стварэнне. У галаўным уборы, падобным да птушынай галавы з вялізнай загнутай дзюбай, у чорным прасмоленым балахоне і пальчатках. Ад таго, што студыёзус ведаў, што гэта лекар у звычайнай вопратцы, якую носяць служкі Гіпакрату падчас эпідэмій, спакайней не рабілася. Здавалася, перад імі ўвасобленая чума.

Першым зайшоў пан Гервасій, і адразу пачаў лаяцца… Падумаеш, раскамандваліся тут усялякія!

Мясцовы доктар меў добрую вытрымку, бо на лаянку Агалінскага не адказваў, чулася толькі ўладнае «Павярніцеся, ваша мосць!», «Расшпіліце, зрабіце ласку, кашулю».

Пранціш, як без кропачкі выпускнік Віленскай акадэміі і асістэнт медыка, паводзіўся куды больш разумна: прадэманстраваў адсутнасць чумных бубонаў, непашкоджанасць слізістых абалонак, пакорліва прыняў апырскванне смярдзючай вадкасцю, якое здзяйснялі па той бок намёту яшчэ дзве фігуры ў балаханах…

Дзесьці на гарадской ратушы гадзіннік адлічыў пятую вечара, час восеньскага змяркання. Зараз жа выстраліла гармата — ці мясцовы звычай, ці сродак адганяць чуму.

І тут у намёт зайшоў Лёднік.

— Баўтрамеюс! Якім лёсам?

Тамашоўскі доктар сцягнуў з сябе застрашлівую дзюбу, выявіўшы зусім не страшнае, з мяккімі рысамі аблічча, якое зараз асвятлялася радаснай усмешкай.

— Ёханес Вайда!

Абодва дактары абняліся, паляпваючы адзін аднаго па спіне, як могуць толькі сябры юнацтва.

— Як добра, што ты з’явіўся! Сапраўды — Бог пасылае памочнікаў у цяжкую часіну… А тут — аднакурснік па Празе! Сачыў, сачыў за тваімі публікацыямі. Падобна, твае пагляды моцна змяніліся. А тут столькі справаў — не паспяваю… Ведаеш, напэўна, што пошасць блізка падбіраецца?

У светлых вачах пана Ёханеса сапраўды хавалася стома.

— Прабач, сябар мой, але я тут толькі выпадкам — і праездам. Нам да серады трэба быць у Гданьску, чакае карабель, — вінавата прамовіў Баўтрамей.

Ёханес сумна ўздыхнуў:

— Тады ты вельмі няўдала завітаў у Тамашоў, мой сябар. Каб яшчэ гадзіну таму… Але — сам чуў! — прабіла пяць, стрэліла гармата… А значыць, у горадзе па волі біскупа аб’яўлена абложнае становішча. Цяпер ніхто сюды не заедзе, не выедзе — пакуль не пройдзе пошасць. Нават з каралеўскімі патэнтамі. Вы — апошнія нашы госці. Я б мог абвесціць вас хворымі, каб вытурылі з горада — але біскуп загадаў абыходзіцца з носьбітамі заразы, як з ерэтыкамі. Баюся, вас могуць проста расстраляць са сценаў, а целы спаліць.

Вось табе маеш! Пранціш застыў, паспеўшы апрануць камзол толькі на адно плячо, Лёднік, падобна, быў таксама агаломшаны.