Изменить стиль страницы

Панна Паланэя Багінская, спрактыкаваная ў палацавых інтрыгах, збівала народ з тропу. Пасля яе выкрыку нават музыка раптам пачала граць, а нехта крыкнуў «Віват!».

— Ты не проста сапсаваў людзям свята, ты, пане, дабрабыт усяго горада скасаваў, — ласкава-пагрозна гаварыў на вуха Пранцішу Лёднік. — Усміхайся, рукой памахай, дурань няшчасны… Можа, удасца прайсці без бойкі… Пан Бжастоўскі, трымайцеся за маёй спінай!

— Хапай іх! — крычаў нехта, але з-за шуму і агульнай неразбярыхі ніхто толкам не разумеў, каго хапаць і за што.

— Я ж вызваліў горад… Тут жа дзяўчат у ахвяру цмоку прыносілі…— мармытаў Пранціш.

— Сім-ва-ліч-на! Сімвалічна прыносілі ў ахвяру! — раздражнёна тлумачыў на хаду доктар. — Прыгажуні спаборнічалі, каторая лепшая, пераможца ўрачыста заносіла ў сутарэнне вянок і вэлюм… А потым шчасліва выходзіла замуж з вылучаным ад магістрату пасагам. Месцічы гэтага рэліктавага яшчара ў балотах вылавілі. Доктар, з якім я пазнаёміўся, лячыў яго — істота старая, наскрозь хворая… Нават выпусці — нікога не дагоніць. Затое які эканамічны поспех! Нам бы, беларусам, так навучыцца свае малыя гарады паднімаць. Зембліца гэты за васемнаццаць гадоў у тры разы разбудаваўся. А працы колькі паэтам, мастакам, артыстам, музыкам, архітэктарам! І ўсё ляснулася з-за аднаго студыёзуса, якому закарцела подзвіга!

— А як жа гэты… абраны… з месяцам у лобе? — разгублена прагаварыў Пранціш, мінаючы аб’ёмістую пані ў спадніцы з фальбонамі, нібыта калючы ружовы куст.

— І як ты займаўся навукай медычнай, калі не можаш пазнаць звычайнага шнару ад падкаванага капыта!

— А ну, з дарогі, гіцалі! — пан Гервасій, як заўсёды, не прасіўся, а дзейнічаў сілай, грубай і надзейнай. Панна Паланэя сціпла хавалася за спінай Лёдніка, самага высокага з кампаніі.

Нарэшце яны выбраліся з густога натоўпу. Але ж і пагоня набліжалася, мяркуючы па крыках.

— Нас і на кавалачкі могуць разарваць… — задумліва прагаварыў Лёднік, і было зразумела, што не жартуе. — Хутчэй! — і прыспешыў крок да бегу. — Пан Бжастоўскі, не адставайце! Галоўнае, з горада выбрацца…

— А як жа рэчы ў гатэлі? — задыхаючыся, пракрычала на бягу Багінская.

— Лічыце, іх цмок заглынуў!

Паступова людзі ўцягваліся ў новую гульню — «лаві злачынцу».

— Тут яны, вунь, уцякаюць! Хапай!

Нехта штурхануў гандляра паветранымі цмокамі, і яны стракатай зграйкай узляцелі ў паветра.

Калі Пранціш у чарговы раз азірнуўся, то не пабачыў пана Гервасія.

«Спалохаўся, руды ваяка!» — зласліва падумаў студыёзус.

А між тым, падобна, іх даганялі…

Пранцысь тужліва разважаў — вось, зусім нядаўна здзейсніў, як лічыў, вялікі подзьвіг і разлічваў на віваты і шанаванне, і вянкі, і захопленыя пагляды… А цяпер пасякуць іх на чужой брукаванцы ды на целы плюнуць…

Раптам усіх аглушыў свіст, шалёным намётам прыімчалі коні, запрэжаныя ў прыгожую карэту з незнаёмым гербам, прыпыніліся, ледзь не іскры з-пад капытоў.

— Сядайце!

Пан Агалінскі стоячы кіраваў коньмі, ягоныя рудыя валасы развяваліся, як сцяг — капялюш пан дзесьці згубіў. Паланэя першай учапілася за адчыненую дзверцу карэты, спрытна залезла ўнутр. Пранціш і Лёднік паўскоквалі ўжо на хаду.

— З дарогі, лабідуды! Цмока вам перамаглі, а вы яшчэ незадаволеныя! — гарлаў Агалінскі, няшчадна паганяючы коней. — Я пастрашней цмока буду! Пан мой Караль гарадок ваш за гадзіну панішчыць!

Паланэя выпусціла некалькі куляў у вершнікаў, што спрабавалі дагнаць карэту, і іхні імпэт паменшыўся. Нарэшце прамінулі гарадскія вароты — з нагоды свята мост быў апушчаны… Вось колы карэты затрэсліся на каляінах небрукаванага гасцінцу… Потым па даху застукалі яловыя лапы… Уцекачы заехалі ў лес, збочыўшы з наезжанага шляху. Пагоня адстала.

Нарэшце пан Агалінскі спыніў натомленых коней і таксама залез у карэту, шумна выдыхнуў.

— Я нават астралябію пакінуў! Пракляты гарадок…

— Цяпер Дракошчын давядзецца зноў пераймяноўваць у Зембліцу, — задумліва прагаварыў Лёднік, які паспеў ужо выказаць студыёзусу ўсё, што думаў наконт ягоных разумовых здольнасцяў і авантурнасці, збольшага задаволіўся шчырым раскайваннем і сам трохі супакоіўся.

— А што абранцу іхняму цяпер рабіць? — фыркнуў Агалінскі. — Адразу дзяўчаты адскочаць, як блохі з дохлага сабакі.

Паланея засмяялася, і Пранціш не ўтрымаўся ад усмешкі. Хаця на душы было так пагана, так пагана… Аж нудзіла — як на першым курсе, калі яны з Недалужным патрапіліся рэктару за гульнёй у карты, ды яшчэ расклаліся на зручным каменным надмагіллі каля ўніверсітэцкага храму, і раз’юшаны рэктар па старым звычаі загадаў тую калоду карт пашаткаваць, прыправіць бігасам ды скарміць гульцам да апошняй лыжкі.

— Гэх, такую рэдкую жывёліну не пашкадаваў! — дакорліва прагаварыў Лёднік. — Яны калісьці насялялі зямлю, яшчэ да таго, як з’явіліся звыклыя нам звяры. Яшчар гэны, цмокам называны, апошні, можа, са свайго племені застаўся, а ты яго… Як свінню шылам…

Пранціш адвярнуўся, шчокі запалалі… Сапраўды. Забіў старую, хворую, пасаджаную на ланцуг жывёліну…

— Ого, свінню такую забіць! — запярэчыў пан Агалінскі. — Ягоная мосць пан Вырвіч не ведаў жа, наколькі тая пачвара бяспечная… Ён ішоў у смяротны бой, гатовы загінуць! Гэта рыцарская годнасць!

— Адзін французскі кароль, паміраючы, так гэтую годнасць азначыў, ваша мосць: пасля нас — хоць патоп! — раздражнёна прабурчэў Лёднік і з’едліва дадаў: — Але ж я, просты мяшчук, не маю права разважаць пра гэткія высокія матэрыі.

Памаўчаў, неахвотна прамовіў:

— Дарэчы, дзякую вам, пан Агалінскі — вы нас усіх выратавалі.

— Не мог жа я пазбавіцца магчымасці ўласнаручна цябе забіць! — выскаліўся пан Гервасій і ўздыхнуў.

— Гэх, а я так жывога цмока і не пабачыў!

А панна Багінская страшэнна спахмурнела, разглядаючы свае абламаныя пазногцікі, і Пранціш разумеў, чаму: успомніла пра куфры, пакінутыя ў гатэлі Дракошчына. А там жа і нажнічкі-прыціранні, і сукенкі-чаравічкі на выпадак, калі ўдасца вярнуць сабе жаночае аблічча… Так, гэтага паненка яму ніколі не даруе. Сталася яшчэ паганей на душы. Хоць ты вяртайся ў той Дракошчын, каб на кавалачкі заслужана разарвалі.

А Багінская раптам усміхнулася і прамовіла да Пранціша мілым галаском:

— А чаму пан Вырвіч не прынёс галавы цмока якой-небудзь чароўнай даме? Наступны раз не забудзьцеся менавіта так учыніць. Чароўная дама будзе вам удзячная!

РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ

ЛЁДНІК І АБДЫМКІ СВЯТОГА ТАМАША

Трасея трасе, Агнея распальвае, Лядзея выстуджвае, Каркуша корчыць, Гняцея на рэбры ды чэрава кладзецца, Грынуша на грудзі… Нявея — усіх пракляцее, і чалавек жыці ад яе не маець…

На пацямнелым ад вятроў і дажджоў прыдарожным крыжы матлялася тое, што калісьці было клапатліва вытканым рушніком, а зараз здавалася выцвілай да шэрасці туману анучай. А самае пагрознае — выбелены конскі чэрап, які нехта старанна прыбіў да верхняй перакладзіны крыжа, намаляваўшы на лобнай костцы пунсовы крыж. Праз чорныя прагалы вачніцаў глядзела «сястрыца-бясіца» Нявея са страшных аповедаў.

— Дапамажы, святы Віліброрд… Святы Себасціян… Святы Антоній… Святы Хрыстафор… — пан Гервасій Агалінскі перажагнаўся і замармытаў пацеры. Ад таго, што ён згадваў святых, якія лічыліся абаронцамі ад чумы, Пранцішу стала зусім непамысна. Адна справа — калі перад табой ворагі з шаблямi ды стрэльбамі, няхай бы і цэлы натоўп, і іншая — калі вораг нябачны і неадольны…

— Пошасць, — сурова агучыў Лёднік тое, што круцілася ва ўсіх у галаве.

— Трэба было не збочваць з тракту… — паныла прамовіў Пранціш, хаця ясна, што збочыць давялося менавіта з-за ягоных прыгод у Дракошчыне, каб збіць магчымы пераслед.

Раптам Паланэя зусім па-дзявочы завішчэла, паказваючы некуды пальцам — ажно коні спужаліся. Вырвіч угледзеўся — наводдаль, у сівой траве, ляжаў чалавек… Побач яшчэ… Падобна было на тое, што зняможаныя людзі паўзлі да дарогі ў пошуках ратунку. Лёднік падняў руку:

— Стойце на месцы… — і няспешна паехаў у бок целаў.