Изменить стиль страницы

Людзі, сустракаючыся на вуліцы, замест прывітання астрашана казалі адно аднаму:

— А яна ўжо ляціць!

І калі нават нечым займаліся, нешта рабілі па гаспадарцы ў хаце ці на двары, у полі ці ў градах, яны ўсё роўна думалі пра тое, што яна ўжо ляціць.

У школах, на ўроках, у поўнай цішыні сачынення ці, скажам, самастойнай працы і то падхопліваўся раптам хто-небудзь з дзяцей і спалохана крычаў:

— А яна ўжо ляціць!

Косіць мужчына сена, а потым успомніць, зразумее, што гэта ўжо нікому не трэба, кідае касу і ідзе абы-куды з поплава:

— Яна ж ужо ляціць!

Доіць жанчына карову, але, так і не выдаіўшы, падымаецца і бяздумна ідзе куды-небудзь з хлява, не ўзяўшы з сабою даёнку з малаком: каму трэба цяпер тая даёнка і тое малако!

— Яна ж ужо ляціць!

Цалуюцца закаханыя, а тады нечакана халадзеюць, замаўкаюць на вуснах вусны, робяцца абыякавымі, нежывымі вочы — навошта гэты пацалунак?!

— Яна ж ужо ляціць!

— Ага, яна ўжо ляціць. І неўзабаве ўпадзе на іхнюю краіну, накрые яе, і ўжо тут нікому нічога не трэба будзе.

Балістычная ракета з самаю вялікаю і моцнаю нейтроннаю начынкаю набліжаецца да іх, свідруе, дзіравіць неба, каб неўзабаве ўпасці на іх галовы, а яны яшчэ косяць, дояць і цалуюцца!

Але ж і думаюць. З таго моманту, як стала вядома, што ракета ўзляцела, усе ў гэтай краіне ліхаманкава ўзяліся думаць, каб папярэдзіць катастрофу, каб выратаваць і самую краіну, і яе народ.

Што можна зрабіць?! Яна ж ужо ляціць!

Часу было вобмаль, ён так спяшаўся, што, здавалася, нават чутно, як хапатліва чакаюць секунды, аднак ніхто нічога не прапаноўваў — звычайна ў такім паспеху немагчыма думаць: думкі блытаюцца, мітусяцца, таўкуцца, і ніяк не можна засяродзіцца на чымсьці адным.

І раптам у нейкай далёкай-далёкай напаўразбуранай неперспектыўнай вёсачцы нейкае зусім малое дзіця, якое толькі навучылася гаварыць, прамовіла адно толькі слова:

— Тамагаўк…

І гэтае слова пачула ўся краіна.

Тамагаўк! Канечне ж, тамагаўк! Як яны самі не дадумаліся… Тамагаўк!

Самыя светлыя розумы тут жа ліхаманкава пачалі шукаць, як выкарыстаць прынцып тамагаўка для выратавання, — ракету трэба неяк спыніць і па яе ж арбіце вярнуць назад: туды, адкуль яна і ўзляцела. Але і ў іх гэта не атрымлівалася — замінала мітусяніна.

А тое ж самае дзіця не сунімалася. Яно па-даросламу разважала далей — як усё роўна чытала па кніжцы:

— Трэба насустрач чужой ракеце паслаць сваю. Але яна павінна быць мацнейшай, павінна прыклеіцца да яе і, пасіліўшы, пацягнуць назад.

«Разумна! — падумалі светлыя галовы. — Няхай узарвецца там, дзе яе ўзгадавалі».

Хутка падрыхтавалі самую моцную ракету, прыдумалі, як яна будзе прыклейвацца да чужой, і запусцілі ёй насустрач. А самі заселі за лакатары — балазе лакатары тут, у краіне, што жыла ў пастаяннай трывозе, былі, як у нас тэлевізары і дазіметры, у кожнай сям'і. Неспакойна чакалі — калі ж… калі ж… А як убачылі, што іх ракета прыклеілася да чужой і змусіла яе рухацца назад, запляскалі ў далоні, закрычалі «ўра!».

Людзі выйшлі на вуліцы. Спявалі і танцавалі. Гучала музыка. Грымеў салют.

— Мы выратаваліся! — радасна крычалі святочныя натоўпы.

А малое не супакойвалася:

— Дык а там жа, куды паляцела ракета, таксама людзі… Чаго мы радуемся?

— Тыя ж людзі першыя хацелі нас знішчыць, — апраўдваліся старыя. — Яны нягоднікі.

— А цяпер нягоднікі мы. Мы паслалі на іх загубу.

— Дык загуба ж іхняя. Яны яе зрабілі.

— Але ж паслалі яе на іх мы…

Калі малы надакучыў, яму проста нашлёпалі па седаўцы і выправілі на вуліцу. І самі выйшлі таксама.

Там весяліўся, радаваўся свайму выратаванню ўвесь народ.

Высока ўверх узляталі феерверкі, лопаліся петарды, круціліся над самай зямлёю зыркія, як электразварка, бенгальскія агні.

Народ святкаваў сваё выратаванне.

Ніхто яшчэ не ведаў, што там, куды цяпер ляціць ракета, знайшоўся таксама мудрэц, стопяцідзесяцігадовы стары, які прыдумаў тое ж самае, што і дзіця, і іхняя новая ракета вось-вось прыклеіцца да ранейшых, і яны, усе трое, пачнуць дужацца ў нейтральным небе…

Няўжо такі тамагаўк вечны?

Усяго толькі прывітанне

Яна адчула, што нехта за ёю пільна назірае — глядзіць збоку, але вельмі і вельмі настойліва. У гэтай чужой краіне ёй не хацелася заводзіць знаёмствы, хацелася астацца непрыкметнай, незаўважнай сярод людскога натоўпу, і таму яна, не бачачы, не цікавячыся, хто сочыць за ёю, не падымаючы вачэй, адвярнулася да акна.

Праўда, і раней мужчыны, сустрэўшыся з ёю на вуліцы, кідалі на яе зацікаўленыя, нават захопленыя позіркі — тут ёй замінала свая ж прыгажосць: які мужчына абыякава, раўнадушна пройдзе ля самой харашыні! — але вось так нахабна на яе, здаецца, ніхто не глядзеў.

Час быў позні, а тралейбус, хоць і перапоўнены паязджанамі, не спяшаўся. Ішоў паволі, спакойна. Спакойныя былі і людзі ў ім: ніхто ні з кім не гаварыў, кожны стаяў сам па сабе, ці то чытаючы кнігу, ці то ўнурыўшыся ў свае думкі.

І толькі яна не магла супакоіцца — спіною, шыяй, патыліцаю, валасамі адчувала ўсё той жа настойлівы позірк.

Падняла вочы, зірнула ў асветленае акно і незадаволена перасмыкнулася — з шыбіны на яе, не хаваючыся, глядзелі вельмі выразныя чужыя зекры. Яны знайшлі пройму між галоў і цяпер узіраліся так, быццам хацелі нешта сказаць.

Канечне, ёй гэта не падабалася.

Яна адразу перавяла позірк з акна на дзверы і зноў сцялася ад нечаканасці — з маленькіх шыбак, устаўленых у дзверы, на яе глядзелі ўжо дзве пары адных і тых жа вачэй.

Ёй захацелася хутчэй выйсці з тралейбуса, але людзей было столькі, што нават думаць пра гэта не выпадала.

Жанчына хвалявалася, а паязджане стаялі спакойна, не заўважаючы яе мітусні — па-першае, мітусня была толькі ў душы, яна не выходзіла навонкі, але калі б нават і стала відавочнаю, якая ім усім справа да яе хвалявання!

Яна адвяла вочы ад дзвярэй і, каб выратавацца ад нахабнага позірку, угледзелася ў столь — там жа няма шкла! Але і на белай, нібы палакаванай пластмасавай столі іх вочы зноў жа сустрэліся. Праўда, хоць не так выразна, хоць больш размыта, але яна і тут убачыла ягоны позірк. І той жа час зноў перавяла вочы на акно…

Чаго ён сочыць за ёю? Што яму трэба? Што ён хоча ад яе?

Напачатку самога твару жанчына не бачыла. Бачыла толькі вочы, якія ўзіраліся ў самую душу. А тут раптам, пільней разглядаючы акрэсленую выяву на шыбіне, зразумела, што яна гэты твар аднекуль ведае, чамусьці помніць. І яшчэ заўважыла, што чалавек, які сочыць за ёю, пакрысе, вельмі павольна, але ўсё ж набліжаецца да яе. Выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб пасунуцца бліжэй.

Што ён хоча сказаць ці зрабіць?!

Пачала ўспамінаць, перабіраць у памяці, дзе яна магла бачыць гэты твар.

І тады ўспомніла, што з гэтым чалавекам нейкі час разам вучылася ва універсітэце яшчэ ў сваёй краіне. Хоць і займаліся яны ў розных групах, але зрэдзьчасу сустракаліся на агульных лекцыях. Ён, здаецца, нават сімпатызаваў ёй, аднак пасля першага курса кудысьці знік зусім.

Значыць, гэта зямляк. Свой чалавек. Але якраз сваіх землякоў яна баялася і не хацела з імі сустракацца.

А зямляк усё набліжаўся. Марудна, але настойліва. Яна ўжо нават чула яго блізкае дыханне. Зірнула яшчэ раз у шыбу, і яе вочы зноў наткнуліся на ягоныя: яны былі зусім побач.

«Трэба бегчы!» — у адчаі, разумеючы, што зрабіць гэта нельга, падумала яна, і той жа момант ён, як усё роўна пачуў яе думкі, гучна прывітаўся:

— Добры вечар, спадарыня!

Прывітаўся на сваёй мове, якой тут ніхто не ведае. Аднак усе паязджане надзіва дружна павярнулі да яго галовы. І толькі адна яна не павярнулася — стаяла як глуханямая: лічыла, што паязджане падумаюць, паколькі не ведае незнаёмай мовы, значыць, свая.

І гэтым выдала сябе.

Паязджане тут жа ўсе павярнуліся да яе.

— Гэта яна! Гэта яна! — хорам закрычалі тыя, што ехалі, і адразу схапілі яе за рукі.