Изменить стиль страницы

Тады ён, ужо не раздумваючы, рашуча, на руках і каленях папоўз у вузкую дзірку, нібы ў пашчу якога звера.

І што было асабліва страшна: яму хацелася ў гэтую зяпу!

І той жа час, як толькі яго ногі ўвабраліся ў трубу, ён пачуў, што за ім ляпнула жалеза, нешта зашыпела і засквірчэла, быццам недзе побач працавала электразварка, а потым усё сціхла.

У трубе стала зусім цёмна. Ён здагадаўся, што нехта — а хто, бог яго ведае: калі аглядаўся, нікога ж нідзе не было відаць — прыставіў да ўвахода жалезны ліст і заварыў дзірку, у якую ён толькі што ўпоўз.

Вось цяпер толькі яго апанаваў страх.

Ён пачаў задыхацца — у трубе не хапала паветра, пахла паленым жалезам, акалінай, хацелася кашляць. І колькі ні ўглядаўся наперад, не было бачна нават намёку на святло — чорна, цёмна, хоць вока выкалі.

Няўжо яны і выхад заварылі?!

Ад такой думкі зрабілася яшчэ больш жудасна: гэта ж сапраўдная цэльнаметалічная труна! І ці намнога хопіць яму паветра, замураванага разам з ім у трубе?! Разумеў, што хутка ператворыць увесь кісларод у вуглякіслы газ і памрэ.

У роспачы пасунуўся назад і пачаў малаціць абцасамі па жалезе, якім заварылі ўваход. Жалеза грымела, труба рэзаніравала, што аж ламіла ў вушах, а ён усё малаціў і малаціў нагамі. Потым пачаў біць перад сабою кулакамі па трубе — грымела ўжо меней, да таго ж ён бачыў і разумеў сваё глупства: ты што, думаеш, кулакамі размалоціш жалеза?!

Прыслухаўся, а што робіцца на волі? Там было зусім ціха: ці то і напраўду ля трубы нікога не засталося — зрабілі сваю гнюсную справу і разышліся, — ці то яны там і шумелі, і гаварылі, але сюды, у запаяную, як кансервавая бляшанка, трубу ніякія гукі не даходзілі.

Яго разбірала злосць: навошта ім гэта? Запрасілі ў госці, так міла сустрэлі, так шчыра ўсміхаліся, а цяпер запаялі ў трубе?!

І тут ён усё ж разгледзеў далёкую-далёкую крапку святла і ўзрадаваўся: значыць, труба на выхадзе не запаяна! І памагаючы сабе локцямі, каленямі, нават наскамі і пяткамі чаравікаў, выгінаючыся, як уюн, усім целам, спяшаючыся папоўз на гэтую крапку.

Дыхаць было дужа цяжка, а паўзці яшчэ цяжэй: яму нават здалося, што труба да выхада звужаецца. Яна сціскала плечы, ім ужо было цесна зусім, яны выціралі ўсюды пыл — той, хоць і нябачны ў цемры, хутчэй за ўсё клубіўся навокал, запаўняючы сабою кожны зазор паміж ім і трубою, набіваўся ў нос, у рот.

Не, ён не памыліўся — труба к выхаду і праўда звужалася!

Затрывожыўся, што неўзабаве не пралезуць плечы, і ён тады зусім заткне сабою гэтую трубу, а паветра яму застанецца толькі тое, што перад ім. Пачаў спяшацца, бязладна тузацца, варушыцца, шкрэбціся рукамі і адчуў, што выбіваецца з сіл, — ці то ад страху, ці то ад лішняй мітусні.

«Пачакай, пачакай, — загаварыў сам да сябе і пачуў, якія глухія і чужыя яму словы паўтараюць сценкі,— што ж ты робіш? Зусім зняможашся, акволееш, і тады ўжо ніхто табе не дапаможа».

Ён паляжаў крыху спакойна, адпачыў. А затым паціху пачаў варушыцца зноў.

Поўз ён зараз вельмі марудна, але ўсё ж поўз. Хоць да святла ўжо было як рукою падаць, набліжаўся да яго госць дужа доўга. І калі ўжо засталося прыкласці апошнія намаганні, каб выціснуць сябе на волю, перад вачыма штосьці мільганула і ў трубе зноў зрабілася зусім цёмна.

«І тут заварылі выхад, нягоднікі!» — з прыкрасцю падумаў госць.

Памацаў, павадзіў рукою перад сабою, але ні на якую перашкоду пальцы не наткнуліся: значыць, дзірка хутчэй за ўсё засталася адкрытая. Значыць, не заварылі, значыць, пралаз вольны!

Крыху падсунуўся, зноў павадзіў рукою па трубе. Пальцы наткнуліся на шурпатае шво — яно было яшчэ гарачае… «О, — здагадаўся госць, — яны наварылі новую трубу! Падкацілі і наварылі».

Перапаўзаючы ў яе, ён ледзь не паапякаў далоні; адчуваў, як ад шва горача плячам, бакам, нагам — усё сваё цела трэба было прасунуць праз гэтае гарачае кольца.

Ужо калі ўвесь быў у новай трубе, яго, нібы пугаю, ударыла раптам нечаканая думка: а што, калі і гэта труба таксама звужаецца да выхада?! Тады ўжо напраўду нішто яму не дапаможа…

Хто і навошта здзекуецца з яго? І галоўнае — за што на яго так злуюцца тутэйшыя? Што ён ім кепскае зрабіў? Здаецца, яны самі спакусілі госця гэтаю трубою, зазвалі туды, а цяпер што хочуць, тое і вырабляюць.

Што ім ад яго трэба?!

Колькі ні прыглядаўся, як ні ўглядаўся, наперадзе ніякага святла і на гэты раз не ўбачыў. А можа, яны наварылі новую трубу, ужо загадзя запаяўшы ў ёй выхад?

Адчуў, што лоб і ўсё цела пакрываецца халодным потам — страх заўсёды выціскае з чалавека халодны пот.

Але ён усё ж змусіў сябе супакоіцца і пачаў настойліва, з сілаю праціскацца наперад — у яго не было іншага ратунку, як толькі паўзці да выхада.

Прадзіраўся па трубе з цяжкасцю — нялёгка даставаўся яму кожны сантыметр: даводзілася варушыць усімі цягліцамі, каб хоць крышку прасунуцца наперад.

Святла ўсё не было відно. Дыхалася ўсё цяжэй і цяжэй — ці то ад роспачных думак, ці то, і праўда, паветра станавілася меней: ён сам, змяншаючы прастору, спрасоўваў яго.

І раптам ён у штосьці ўпёрся галавою: труба з таго боку ўжо была нечым заткнутая! Памацаў рукамі, натрапіў на нешта круглае, абмацаў яго з усіх бакоў, затым пальцы намацалі нібыта вуха… Яму нават здалося, што перад ім звычайная чалавечая галава! Паспрабаваў піхаць яе даланёю, яна спружыніла, але не пасоўвалася ні на грам.

Тады ён пачаў шукаць плечы — калі ёсць галава, павінны ж быць і плечы — і неўзабаве знайшоў іх. Упёрся абедзвюма рукамі, але скрануць з месца таго, каму належалі гэтая галава і гэтыя плечы, і цяпер не змог: сам ад'язджаў па трубе назад, бо там, дзе ён прапоўз, было крыху шырэй.

Але куды і навошта ён піхае тое, чым забіта труба, што замінае яму паўзці далей?!

Ну добра, скране ён гэтае заткала. А далей што? А калі і другая труба да выхада звужаецца? Гэты корак заб'е зусім выхад, і тады, як кажуць, стойце, прыехалі: ні наперад, ні назад, бо туды, адкуль прыпоўз, вяртацца няма сэнсу, а наперадзе яго таксама нічога не чакае — з чалавекам жа, тым больш з мёртвым, у вузкай трубе не размінешся. Ды і зноў жа няма надзеі, што труба на выхадзе не заварана…

І ўсё ж у яго няма іншага выйсця, як толькі піхаць гэтае заткала, што нечакана з'явілася на яго шляху. Хто заткнуў ім трубу?

Уперціся не было ў што, і таму ногі саслізгвалі ўсё часцей і часцей. Пакутаваў ён вельмі доўга, аж пакуль заткала, здаецца, ледзь-ледзь скранулася. Ён прыціх, ляжаў і не варушыўся — не верыў і сам, што яму ўдалося скрануць яго з месца.

І правільна рабіў, што не верыў: у трубе нічога не скранулася з месца, а галава чалавека хутчэй за ўсё змяла шыю і ўціснулася ў плечы — чалавек, канечне ж, нежывы, і яго шыя зусім не трымае галавы.

Гэтая думка па-новаму яшчэ болей зачапіла яго, ад яе ён увесь сцяўся, скалануўся: ён запаяны ў адной трубе з мерцвяком! І гэты мярцвяк, упёршыся з ім галава ў галаву, не дае яму выйсці адсюль, робіць усё, каб і ён неўзабаве ператварыўся ў мерцвяка.

Госць моцна ўчапіўся ў плечы мерцвяка і раз'юшана, са злосцю пачаў круціць яго, нібы вывінчваючы з трубы. Рабіў гэта так доўга, упарта, зацята, што і сам не заўважыў, калі той скрануўся. А як убачыў, што мярцвяк пасунуўся, што ў трубе папрасторнела, узрадаваўся, як малое дзіця: труба ж, на шчасце, да выхада не звужаецца, а расшыраецца!

Цяпер ужо ён паспешліва піхаў перад сабою мерцвяка, лягчэй поўз да выхада і сам. Яшчэ болей павесялеў, калі ўбачыў, што ў зазоры паміж трупам і сценкамі трубы пасвятлела, — значыць, выхад з трубы, канечне ж, не завараны!

Гэта дало чалавеку, які ўжо збіраўся і паміраць у гэтай жалезнай труне, столькі сілы, што ён у адно імгненне дапхнуў мерцвяка да выхада, выштурхнуў яго з трубы і хуценька выпаўз сам.

Падымацца не спяшаўся: ляжаў у бур'яне і радаваўся волі.

Ён яшчэ не бачыў, што яго сустракаюць, што тут сабралася дужа многа людзей, і спалохана падхапіўся толькі тады, калі зусім непадалёк ад яго грымнуў аркестр.

Госць пакуль не ведаў, што ў гэтай краіне вось так, праз трубу, выбіраюць сабе кіраўніка дзяржавы, а таму стаяў, лыпаў вачыма і, нічога не разумеючы, углядаўся ў святочна апрануты натоўп, які з вялікаю ўвагаю і павагаю пазіраў на яго.