Изменить стиль страницы

Збіраўся ён вельмі доўга, марудна, нібыта ўсё яшчэ на нешта спадзеючыся. Доўга шукаў плячак, доўга выбіваў яго ад пылу. Затым паволі, не спяшаючыся, вайстрыў нож, правяраў вайстрыню і на вока, і водзячы пальцам па лязу. Пасля знайшоў вяроўку, паторгаў яе за канцы, спрабуючы, ці моцная, ці парвецца, а пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, скруціў яе і разам з нажом наклаў у плячак — не разумее чаму, але яму сказалі, каб абавязкова ўзяў з сабою менавіта нож і вяроўку.

Узяўшы яшчэ сёе-тое, закінуў плячак за спіну, паклаў на руку плашч — дарога ж будзе далёкая, і хутчэй за ўсё ці то ад дажджу ці, можа, ад холаду давядзецца неяк ратавацца — пайшоў, зноў жа вельмі павольна, на аўтобусны прыпынак.

Бачыў і разумеў, што спазняецца, але кроку не прыбаўляў: калі і не паспее на гэты апошні аўтобус, то ў яго будзе хоць нейкая адгаворка, чаму не прыехаў у той дзень, як загадалі.

На прыпынак прыйшоў пазнавата — аўтобус павінен быў ужо даўно пайсці. Але ён яшчэ не пайшоў. І нават пакуль што не прыйшоў. «Спазняецца», — казалі людзі, нервова круцячы па баках галовамі. Пасажыры нерваваліся, а ён радаваўся: то ж добра, што аўтобус не пойдзе! Мусіць, сапсаваўся… Ага, на сёння такое не дзіва: няма запчастак, няма бензіну, няма таго, няма гэтага… Апошнім часам ён амаль што і не хадзіў.

А тут, як назло, хоць і са спазненнем, але ж прыйшоў. А правільней, прыкульгаў — ён быў такі дабіты, амаль увесь паламаны, так тарахцеў і бразгатаў, што ў яго боязна было лезці, але ён усё ж, сцяўшы зубы, пайшоў у расчыненыя дзверы.

Думалася, што аўтобус сапсуецца, разваліцца па дарозе і не даедзе да прыстані. Ён сядзеў і, моцна ўчапіўшыся за поручні, чакаў, калі гэта здарыцца.

Але аўтобус усё ж давёз яго да прыстані! Спыніўся і фанабэрыста адчыніў перад ім адным дзверы — сюды ён ехаў ужо толькі адзін: маўляў, вось я які!

Прыстань была амаль што пустая. На моры якраз разбушаваўся вялікі шторм, і ўсе караблі і караблікі, учапіўшыся за бераг, баяліся адыходзіцца ад яго.

Яму ж трэба на той бераг, на аэрадром, а дабрацца туды, ён ведаў, ніякім іншым транспартам, як толькі караблём, нельга.

Ужо ледзь не закрычаў ад радасці, удзячны шторму, як да яго падышоў чалавек у строгай марской форме і спытаўся:

— Вы не на Маналы?

— На Маналы, — яшчэ нічога не разумеючы, адказаў ён.

— Тады хадземце. Цеплаход на Маналы адпраўляецца праз пяць хвілін.

Толькі цяпер ён заўважыў, што ля прыстані стаіць гатовы да адплыцця цеплаход, таксама старэнькі і абшарпаны, і нецярпліва, упарта кідаецца грудзьмі на высокія хвалі.

Як толькі па хісткім трапе ён узышоў на палубу, цеплаход адразу ж даў развітальны гудок і адплыў ад берага.

Пасажыраў на палубе не было відаць — іх і плыло мала, і ўсе яны былі ў каютах, каб не рызыкаваць: у такі шторм можа змыць у адкрытае мора.

Карабель натужна ўзбіраўся з хвалі на хвалю. Часам у яго агаляўся вінт, і тады лопасці круціліся ў паветры ўхаластую, а часам носам ныраў у аграмадную хвалю, і тая накрывала цеплаход, як кажуць, з галавою — з мачтаю!

І ўсё ж, калі ўжо амаль усе пасажыры, змучаныя марскою хваробаю, сінія, зялёныя, бледныя, ляжалі на падлозе, карабель торкнуўся носам у супрацьлеглы бераг.

Ён не спяшаўся на аэрадром, хацеў проста пахадзіць па зямлі, каб крыху адпачыць ад шторму, ад карабля, але тут зноў жа да яго падышоў незнаёмы чалавек і спытаўся:

— Вам на Маналы?

Таксі давезла яго да аэрадрома імгненна.

Над аэрадромам, над лётным полем стаяў дужа густы туман, воблачнасць была вельмі нізкая — хмары, здаецца, чапляліся нават за самалёты, што, як мокрыя куры, моклі на зямлі,— ішоў праліўны дождж, і ён ужо напраўду паверыў, што самалёт не паляціць.

Але аэраплан, як толькі чалавек увайшоў у салон, адразу ж выруліў на ўзлётную паласу.

Узляцеў ён, не зважаючы на туман, нізкую бачнасць, лёгка і проста. Ляцеў таксама смела, хоць вакол жыхалі маланкі, свяціліся яркія разрады, дзьмуў моцны бакавы вецер, ад чаго тонка вібрыравала і вагалася крылле.

Садзіцца было яшчэ цяжэй, чым узлятаць. Ужо колькі разоў самалёт зніжаўся як не да самай зямлі, але зноў узлятаў угору, бо ўнізе нічога не было відно — воблакі паўзлі па самай узлётнай паласе.

Ён ужо быў больш чым упэўнены, што самалёт вось зараз развернецца і паляціць назад, на свой аэрадром, але лётчыкі зноў і зноў заходзілі на пасадку, рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб пасадзіць лайнер.

І нарэшце ім гэта ўдалося — самалёт чыркнуў коламі па самым краі пасадачнай паласы. Каб ледзь-ледзь раней — быць бы бядзе: колы б угрузлі ў раскіслую ад дажджоў зямлю і ён бы перавярнуўся.

Спяшацца не хацелася і тут. Зайшоў у памяшканне аэрапорта, сеў на лаўку, каб пабыць аднаму, каб адцягнуць сустрэчу, якая, ён адчуваў, будзе яму непрыемнаю.

Але тут да яго зноў падышоў чалавек:

— Вы не на Маналы?

— На Маналы.

— Тады пойдзем. Я вас крыху падвязу. Бо пешкі ісці вам доўга давядзецца.

Праз нейкі час шафёр збочыў налева, на дарогу, якая бралася на гару, спыніўся і адчыніў дзверцы.

— Мне — сюды. А вам прама.

Ён ішоў па раскіслай ад дажджоў дарозе — здавалася, адзін на ўвесь свет — і думаў, што вось цяпер і напраўду адзін: хоча ісці — пойдзе, не хоча — зверне з дарогі пад елку, раскладзе агонь і будзе грэцца каля полымя колькі захоча.

Але яго даганялі ўсё новыя і новыя машыны, а шафёры зноў жа заклапочана пыталіся:

— Вы на Маналы?

І бралі яго ў кабіну, а калі яна была занятая — садзілі ў кузаў і везлі наперад. Ехалі разам, колькі маглі, а тады ссаджвалі зноў на дарогу, але яго праз нейкі час падбіралі іншыя машыны.

Калі адна машына засела, ён, бачачы, як яна ўсё глыбей і глыбей, па самую вось закопваецца ў зямлю, ужо не хаваў сваёй радасці — гэта ж была ці не апошняя магчымасць не даехаць да Маналы.

Але шафёр па рацыі выклікаў цягач, і той, падчапіўшы машыну, лёгка вывалак яе з твані, а потым цягнуў да самага горада.

У Маналы яго ўжо чакалі.

— Вы мяне выклікалі? — спытаўся ён у чалавека, які хадзіў, заклаўшы рукі за спіну, па прасторным кабінеце.

— Выклікаў.

Верхавод яшчэ нейкі час моўчкі пахадзіў па кабінеце, а затым спытаўся сам:

— А нож вы ўзялі?

— Узяў. А навошта ён?

— Трэба зарэзаць вунь таго нягодніка, — і паказаў пальцам у кут, дзе на падлозе ляжаў звязаны чалавек. — Ідзіце і зарэжце.

— Я? Зарэзаць чалавека? Што вы! Не пайду! Не буду я нікога рэзаць!

— А я вам загадваю!

— А я не буду! — закрычаў ён.

— Вяроўку вы ўзялі? — ціха, спакойна, не павышаючы голасу, спытаўся Верхавод.

— Узяў,— паспакайнеў і выкліканы.

— Пакажыце.

Ён зняў плячак, пакапаўся там, дастаў вяроўку і падаў яе Верхаводу.

Тут жа аднекуль, як усё роўна яны выраслі з-пад зямлі, з'явілася трое малайцоў, яны яго ж вяроўкаю звязалі пакліканага і кінулі на падлогу побач з тым чалавекам, якога ён павінен быў зарэзаць.

— А што мне зараз рабіць? — ужо лежачы, наіўна спытаўся ён.

— Чакаць, калі знойдзецца нехта трэці, хто зарэжа вас абодвух.

Ён ляжаў і аж дрыжаў ад гневу, абурэння і адкрытай ісціны, пра якую, канечне ж, здагадваўся і раней: зла ў жыцці болей, чым дабрыні.

Яно часта так бывае: калі на нешта добрае, то і аўтобус паламаецца, і карабель не паплыве, і самалёт не паляціць, і чалавек ніколі не даедзе туды, дзе яго чакае радасць.

А як на што дрэннае — усё і едзе, і плыве, і ляціць… І абавязкова, насуперак яго жаданню, давядзе чалавека да болі.

Мусіць, каб паказаць яму, які ён слабы, бязвольны і безабаронны.

Спатканне

Упершыню за столькі гадоў ростані ім дазволілі гэтае спатканне. Яны сядзелі ў розных турмах: ён тут, у сваёй, айчыннай, а жонка — у іншай, чужой і вельмі далёкай адсюль. Тыя, хто дазваляў гэтую сустрэчу, патаемна спадзяваліся, што вязні, узрадаваўшыся магчымасці ўбачыць адно аднаго, шчыра разгаворацца і міжволі выдадуць нейкія таямніцы, якіх якраз і не стае ў абвінавачванні.