Изменить стиль страницы

Але яны маўчалі. Як падышлі да сплеценай з калючага дроту сеткі, якая разгароджвала іх, як сталі адно насупраць другога, як угледзеліся адно аднаму ў вочы, так і знерухомелі, так і застылі, нібыта муміі.

Стаяць, не варушачыся, глядзяць, не міргаючы.

Стаяць мінуту, пятую, дзесятую.

Глядзяць паўгадзіны, глядзяць гадзіну…

Першай захвалявалася, занепакоілася ахова. Яна падазрона пачала паглядаць на вязняў, перашэптвалася і ківала ў іхні бок галовамі. На варту нібыта напаў нейкі страх, яе быццам паралізавала.

— Яны нічога не гавораць! — нібыта скардзячыся камусьці, у жаху паўтаралі ахоўнікі.— Яны маўчаць!

А муж і жонка прагна глядзелі адно аднаму ў вочы, і ў гэтых паглядах і праўда было штосьці незвычайнае, незямное, нават жуднае: глядзелі яны не як людзі, а як нейкія незямныя істоты. Здавалася там, між імі, імклівелі, хадзілі нейкія няўлоўныя для іншых імпульсы, хвалі, а само паветра так спрасавалася, накалілася, што было нават боязна падыходзіць да вязняў блізка — яно магло спапяліць кожнага.

— Яны глядзяць у вочы і маўчаць! — яшчэ больш заводзілася ахова.

Усе бегалі і мітусіліся без толку. Усім здавалася, што перад імі адбываецца штосьці зусім неверагоднае, жудаснае — вязні глядзяць і маўчаць!

І тады больш разумныя і больш назіральныя з ахоўнікаў нібы зразумелі штосьці.

— Ды іх ужо тут няма, — няўпэўнена, нават не верачы сабе, здзіўлена разводзілі рукамі відушчыя. — Яны ж ужо на волі…

Ім пярэчылі:

— Не выдумляйце! Яны ў турме. Вунь стаяць. Кожны можа пераканацца, зачапіць іх.

— Не, няма. Яны ўцяклі адсюль.

— А хіба можна ўцячы з нашай турмы?

— Яны ўцяклі астаўшыся… Гледзячы адно аднаму ў вочы…

Такое тлумачэнне многім было незразумелае. Ахоўнікі пачалі спрачацца яшчэ мацней, і ў пакоі для спатканняў зрабілася зусім шумна.

На шум з'явіўся сам начальнік турмы.

— Адставіць спатканне! — адразу ж скамандаваў ён. Але вязні не скрануліся з месца — стаялі вочы ў вочы і, як раней, маўчалі.

Тады начальнік турмы аддаў новы загад:

— Зараз жа развесці зняволеных і вярнуць у камеры! Загад — ёсць загад. Яго трэба выконваць. Адразу ж да вязняў кінулася некалькі наглядчыкаў. Яны з двух бакоў падбеглі да сеткі і з сілаю схапілі Яго і Яе за рукі, спрабуючы іх заламаць, але тут жа ў жаху адбегліся назад: вязні, як толькі да іх дакрануліся, асыпаліся да ног пылам.

Значыць, і праўда, у турме іх ужо не было. Тут засталося толькі цела, а душа кожнага даўно вызвалілася — з таго часу, як сустрэліся позіркі.

Такую сілу мае каханне. І прага волі — таксама.

Начальнік турмы паспрабаваў быў аддаць яшчэ адзін загад:

— Злавіць і пакараць!

Але выконваць яго ніхто не кінуўся. Ды і сам ён, відаць, зразумеўшы, што сказаў глупства, не патрабаваў выканання: і праўда, як можна злавіць і пакараць тое, што ўжо не мае цела?

Выратавальны круг

— Ратуйце!

Гэты крык быў такі выразны, такі спалоханы і адчайны, што яго нельга было не пачуць. Хоць і ішоў ён здалёку, ад няблізкага мора, на яго б адгукнуўся кожны — пры чым тут адлегласць, далечыня, калі топіцца чалавек і яму трэба дапамагчы!

Падарожнік пачуў крык надвечар, і хоць быў зусім стомлены дарогаю, усё ж звярнуў з утаптанай гравійкі на ўтравелую сцежку і прыспешыў крок — канечне ж, трэба спяшацца, бо там чакаюць тваёй дапамогі!

Яшчэ не ведаў, як і чым будзе дапамагаць, але спяшаўся.

І ўсё азіраўся па баках, спадзеючыся ўбачыць хоць што-небудзь, што б згадзілася там, на беразе.

Ужо, мусіць, ля самага мора яму сустрэлася нейкая пабудова, на сцяне якой — ён убачыў гэта здалёку — вісеў выратавальны круг, быццам нехта падрыхтаваў яго знарок. Падарожнік узрадаваўся і, яшчэ не дабегшы да будынка, збочыў са сцежкі і па траве, напрамкі кінуўся да яго. Сарваў з цвіка круг і з ім паімчаўся да мора — цяпер ужо яму было чым ратаваць тапельца!

Але выбегшы на бераг, ён спыніўся, як стрыножаны конь, стаў і стаяў быццам укопаны, на месцы. Круціў галавою ва ўсе бакі і не ведаў, што яму рабіць.

Усё мора было забіта людзьмі. Яны кішэлі ў ім, нібы рыба ў нераце. І ўсе тапіліся, і ўсе цягнулі рукі ўгору і, вырачыўшы ад страху вочы, крычалі:

— Ратуйце!

Адны, задыхаючыся, захлынаючыся вадою, стараліся, як маглі, трымацца на плаву, другія — высока падскоквалі, прагнучы зусім выскачыць з вады, хоць пасля танулі яшчэ глыбей, трэція пускалі ўжо бурбалкі…

Убачыўшы Падарожніка з выратавальным кругам у руках, усе кінуліся плысці да берага, паспешліва, таропка малоцячы па вадзе рукамі. Ускаламучанае мора запенілася — яно як быццам закіпела. Мацнейшыя тапілі пад сабою слабейшых і па іх спяшаліся да выратавальнага берага — плылі нават па галовах.

Бераг быў вельмі стромы, абрывісты, непрыступны — па ім не выберашся з вады. Але людзі ўсё ж плылі да скалы ў надзеі першымі схапіць выратавальны круг, калі Падарожнік кіне яго ў возера.

І Падарожнік разгубіўся: людзей многа, а круг толькі адзін.

Каму яго кінуць?

Канечне ж, дзіцяці. Але ж дзяцей у вадзе дужа многа — вунь як яны целяпаюцца ў возеры, трацячы апошнія сілы, — і аднаго круга на ўсіх не хопіць. Ды і мацнейшыя мужчыны, тыя, што яшчэ ўпэўнена трымаюцца на вадзе, але ўжо звар'яцелі ад страху, канечне ж, перахопяць круг — бачыш, як яны высока выскокваюць з вады, як драпежна махаюць рукамі?

А можа, вунь тым дзяўчатам, у вачах якіх столькі жаху. Яны ж будучыя маці, народзяць новых дзяўчат… Але каторай кінуць? Як выбраць з іх адну? Ды і адкуль ён ведае, каму з іх сама болей варта дараваць жыццё?

А можа, гэтым во хлопцам, прыгожым, моцным, спартыўным — такія ж атлеты не лішнія любому народу, — а то і яны не доўга змогуць пратрымацца на вадзе, неўзабаве саслабнуць і пачнуць тануць.

А можа, вось гэтым старым, якія абняліся па-брацку нібы перад канцом і спяваюць — мусіць, былыя маракі — сваю развітальную матроскую песню. Няхай бы яшчэ пажылі — хапіла на іх век і дурноты, і войнаў.

А колькі хіжых рук ужо цягнецца да яго!

— Кінь мне! — крычаць адны.

— Не, мне! — пярэчаць ім другія.

— Не ім, а мне! — патрабуюць трэція. Падарожнік зусім змогся. Стаяў з кругам у руках, глядзеў, як віруе каля яго мора, слухаў, як тысячагалосы хор стогне: «Ратуйце!», а сам усё ніяк не мог вырашыць, каму кінуць круг. І ўжо нават злаваўся на самога сябе: навошта браў гэты злашчасны круг?!

І раптам ззаду ў яго грымнуў нейчы грубы голас:

— Чаго стаіш, дурань? Кідай ім хутчэй выратавальны круг!

Нечыя моцныя рукі вырвалі круг і шпульнулі яго ў возера. І вырываючы, шпурляючы, так таўханулі Падарожніка, што той не ўтрымаўся — стаяў пры самым беражку! — і паляцеў у возера.

Хто яго спіхнуў, Падарожнік, стоячы да незнаёмага спіною, не ўбачыў. Ен зваліўся на нейчыя галовы і нейчыя рукі і, толькі калі яны расступіліся, адчуў, як вада, намочваючы адзенне, падымаецца па целе.

Ён з жахам глядзеў, як на тым месцы, куды ўпаў круг, завірыла вада, як да яго нецярпліва пацягнуліся рукі, як у надзеі выратавацца спяшаліся сплывацца туды людзі з усяго мора.

Неўзабаве на тым месцы пачалася бойка, мацнейшыя па спінах суродзічаў беглі да выратавальнага круга, але людзі, што былі пад імі, танулі, а разам з імі ішлі пад ваду і яны самі.

Праз нейкі час на выратавальны круг панавалілася, панасядала столькі людзей, што ён ужо не змог іх усіх утрымаць і разам з тапельцамі пачаў асядаць на дно.

Калі патануў круг, калі схаваліся пад вадою і тыя «шчасліўчыкі», што не хацелі пакідаць яго, усё яшчэ спадзеючыся выратавацца, калі на тым месцы пайшлі толькі бурбалкі, а потым вада стала чыстаю і спакойнаю, тады тыя, што пакуль што засталіся на паверхні, у яшчэ большым жаху і адчаі закрычалі:

— Ратуйце!

Голас Падарожніка быў вельмі слабы, і яго ў гэтым крыку ніхто не адрозніў, не пачуў. Ды і на беразе ўжо нікога не было.

Тамагаўк

Страх апанаваў усю краіну.