Изменить стиль страницы

Дзяўчына прынесла з сабою ў турму ладны стосік нейкіх кніжак. Зноў жа з апаскаю падышла бліжэй, паклала кнігі на шкляны столік, сказала:

— Чытайце. Вучыце. Гэта мае падручнікі па вашай мове, — яна быццам засаромелася, зачырванелася яшчэ болей і дадала: — А то ж ганьба такая… Ведаеце, у нас не разумеюць, як гэта можна жыць і не ведаць роднай мовы… Пытаюць, як вы размаўляеце між сабою без сваіх слоў?

Оя гаварыла далікатна, таму ён не крыўдзіўся на яе. Міжволі зірнуў на рукі, на жалезныя рубінавыя ружы, якія моцна сціскалі запясці, і нічога не адказаў. Дзяўчына перастрэла ягоны позірк, супакоіла:

— Усё будзе добра. Я вам паспрабую памагчы. Неўзабаве яны ўжо былі на «ты» і размаўлялі як даўнія добрыя знаёмыя, — быццам Оя вучылася ў яго школе і ў яго класе. Хоць у калідоры сядзеў наглядчык і, раз-пораз прыкладаючыся да нейкай чорнай, закопчанай конаўкі, глядзеў на іх, гаворачы сам з сабою, яны ўжо на яго не звярталі аніякай ўвагі.

Оя зняла з ягоных рук наручнікі, пад якімі аж зачырванелася садраная там-сям скура, далікатна вадзіла пальчыкам па ранках, і ад гэтага яму было шарготка і адначасова прыемна-прыемна — аж пачынаў дыбіцца пушок на руках.

— Слухай, Оя, а за што мяне ўсё ж пасадзілі сюды? За тое, што я не размаўляю на роднай мове?

— Не толькі за гэта. Але і за гэта. Разумееш, у нас чалавек, які выракся сваёй мовы, лічыцца… як бы табе мякчэй сказаць… лічыцца злачынцам. Але, калі б твая віна была толькі гэткаю, то цябе б, канечне, пасадзілі сюды, але наручнікі табе не адзявалі б, — яна знарок, не асцерагаючыся кінула рубінавыя ружы на шкляны стол — тыя, моцна бразгочучы, затрымаліся на самым крайку, ля стосіка кніг.

Наглядчык, пачуўшы грукат, замоўк, насцярожыўся, уважліва паглядзеў на іх, а потым махнуў рукою, заківаўся, зноў загаварыў сам з сабою.

— Дык а за што ж мне адзелі іх? — Радзім вачыма паказаў на рубінавыя ружы.

— За хімію!

— Чаму вас так напалохаў мой школьны падручнік па хіміі?

— Ведаеш, каб табе ўсё расказаць і каб ты ўсё зразумеў, я павінна нагадаць сёе-тое пра нашу краіну, пра яе нядаўнюю гісторыю…

Оя прысела на краёк яго шклянога ложка, задумалася.

— Разумееш, наш край яшчэ зусім нядаўна быў квітнеючым ва ўсіх адносінах. Гэтаму спрыяла і само геаграфічнае становішча: у нас не было вельмі марозных зімаў і дужа спякотных летаў, у нас расла бульба і спеў вінаград, у нас былі чыстыя рэкі і такія ж крыштальныя азёры. Шумелі густыя лясы, поўныя птушак і жывёл. Людзі былі шчаслівыя і вясёлыя — было дзе жыць, было што есці. Яны нават і не падазравалі, што ў краіне з'явілася частка змоўшчыкаў. Яны прыкінуліся хімікамі і пачалі сваю чорную патаемную працу — пачалі шукаць атруту на зямлю і людзей. І пакуль людзі разабраліся, што і да чаго, яны многа паспелі зрабіць.

Оя дрыжэла, нібы ад холаду. Радзім узяў яе за руку, пагладзіў пальцы, сказаў:

— Супакойся.

Крыху памаўчаўшы, Оя гаварыла далей:

— Спачатку яны загубілі нашы палі — сыпалі на іх шкодныя хімічныя ўгнаенні, труцілі ядахімікатамі і іншай нечысцю. Затым загінулі рэкі — уся ж гэта брыда сцякала ў рэкі і азёры і труціла і іх саміх, і ўсё, што было ў іх. Пасля знішчылі траву, лясы, падчыстую ўсе дрэвы — яны не перанеслі кіслотных дажджоў. І вось зніклі ўсе птушкі — птушка ж жыве альбо на зямлі, альбо на дрэве. А ў нас і тое і другое было ўжо заражонае — і дрэва, і нівы на той час зрабіліся міжвольнымі забойцамі. І вось прыйшла чарга чалавека — як яму выжыць, калі ўсё вакол яго заражонае, калі нават тое, што на полі і на лузе — нельга есці: адна хімія!

Яна заплакала. Зноў замоўк стары. Уважліва паглядзеў у іх бок, але ўбачыўшы, што яе ніхто не крыўдзіць, што плача яна сама па сабе, пацягнуўся рукою да конаўкі.

— Оя! — усклікнуў узрушаны Радзім. — Ты ж не пра сябе расказваеш, а пра нас! Вось гэткая бесталач цяпер робіцца ў нас. Паліваюць ядахімікатамі жывога чалавека.

— І вы маўчыцё? — спыталася дзяўчына. Ён зірнуў у яе вочы: у іх стаялі слёзы.

— Не маўчым. Пішчым! Але толку з гэтага… Колер Оіных валасоў увачавідкі мяняўся — з зялёных яны рабіліся зноў чырвонымі-чырвонымі…

— А ў нас, калі пачалі паміраць людзі, успыхнула паўстанне супраць хімікаў.

— А пры чым тут хімікі? Гэта ж палітыкі вінаватыя. То ж яны заўсёды скарыстоўваюць тое, што робяць вучоныя. Да прыкладу, адкрыцці. Адкрыў нешта разумны чалавек, глядзіць, а каля яго працы ўжо чорт завіхаецца — загадвае яму, што далей рабіць. Хоць сама навука і ад бога, але да яе часцей за ўсё чэрці падсуседжваюцца.

Яна слухала Радзіма ўважліва, не перапыняла і пачала гаварыць далей толькі тады, калі ён скончыў.

— Паўстанне было жорсткім — адступаць людзям не было куды: і там смерць, і там смерць. Шмат людзей загінула. Некаторыя хімікі былі забітыя падчас паўстання, некаторых паслалі на гільяціну пасля яго, шмат хто ўцёк у іншыя краі. І вось так у Зэміі на асталося ніводнага хіміка. Гэтая прафесія, нават адно гэтае слова стала ў нас страшным — яго з тых часоў усе баяліся вымаўляць.

— І таму ўсе так спалохаліся, калі я па недасведчанасці сваёй вымавіў яго? — усміхнуўся Радзім. — Нават ты збегла з экрана. І ты баялася?

— Канечне, у нас жа гэтым словам палохаюць дзяцей. Як у вас чортам. Таля-маля — перакладаецца, як «хімік-сатана» ці яшчэ: «нячыстая сіла». Вось таму і рукі твае зашчапілі рубінаваю ружаю. Гэта ў нас лічыцца самаю вялікаю абразаю. Бо кайданы Рубінавая Ружа адзяваюцца толькі на самых небяспечных злачынцаў.

— Ого, дык я — злачынца, самы люты ваш вораг? Мяне могуць расстраляць?

— Не смейся — усё можа быць.

— І ты прыйшла да мяне, такога страшнага злачынцы, у турму. Чаму?

— Таму што ведаю: ты ніякі не злачынца. Злачынцам зрабіла цябе я. Магла і прамаўчаць, не сказаць уголас, якая кніга ў цябе за поясам. А я — таля-маля, таля-маля!..

Оя адхінула з вачэй пасму валасоў — яны ўжо былі зараз блакітныя.

— А што цяпер са мною будзе?

— Не ведаю. Ведаю толькі, што я сама буду памагаць табе. Я ж адна разумею тваю мову…

- І няўжо ў вас ва ўсёй краіне не засталося ніводнага хіміка?

— Здаецца, не засталося. Хаця вось жа дзед Жыў, твой наглядчык. Цяпер ён ветэран таго паўстання і ўдзельнік руху супраць хімікаў. Хоць сам быў напачатку такі ўжо заўзяты хімік! А потым убачыў, куды яго вядуць хцівыя прайдзісветы, і пайшоў супраць іх. Толькі ён, мусіць, і застаўся з удзельнікаў таго змагання. А зараз мы ў яго самога спытаемся…

І яна крыкнула нешта дзеду, загаварыла да яго пасвойму. Дзед Жыў падняўся з табурэткі — у яго пакоі, дарэчы, таксама ўсё было шкляное, — падышоў да дзвярэй і, гледзячы на Радзіма, пачаў нешта тлумачыць.

— Дзед кажа, што ён і праўда апошні з паўстанцаў, што хваробы і старыя раны даканалі ягоных баявых сяброў. І яшчэ ён гаворыць, што кожны дзень расказвае табе, як яны ваявалі, як перамаглі. Шкада, што ты не ведаеш нашай мовы. А то табе б дома, у тваёй краіне, многае з таго, што расказвае дзед Жыў, магло б спатрэбіцца.

— Памажы мне вывучыць вашу мову…

— Добра. Але пасля таго, як ты вывучыш сваю.

— Ведаеш, — нібы не пачуўшы яе, разважаў далей Радзім, — мне цікава не толькі, як яны паўсталі, але і тое, як людзі, даведзеныя да адчаю, змаглі пабудаваць вось гэтую шкляную дзяржаву. Там жа, за ёю, за шклом, пустэльня, смерць…

Раптам дзед Жыў неспадзявана ўгледзеўся ў стол, спалохана кінуўся да яго, спяшаючыся схапіў Рубінавыя Ружы і спрытна, як і тыя папярэднія канвойцы, зашчоўкнуў іх на Радзімавых запясцях. Дакорліва паглядзеў на Ою, паківаў ёй пальцам і тады паціху падаўся ў свой пакой. Оя ўслед яму нешта яшчэ гаварыла, але ён адказваў ёй неахвотна, не адварочваючыся.

Дзед Жыў сеў на табурэтку, зноў прыгубіў штосьці са свае чорнае конаўкі, зноў пачаў ківацца, загаварыў — мусіць, і гэты раз расказваў пра паўстанне і пра сваіх сяброў.

— Ніхто не ведае, што ён п'е. Кажуць, нейкую атруту, нейкую дурную горкую ваду. А ён ніколі не раскрывае сакрэтаў яе прыгатавання. Сам робіць, сам і п'е. І нікому нават паспытаць не дае. Кажа, што і яна памагала губіць нашу зямлю, а таму сакрэт гэтай злой вадкасці ён забярэ з сабою ў магілу.