Изменить стиль страницы

— Прабачце, калі ласка, што мы прывіталі вас не на вашай роднай мове. Будзьце ласкавы, паведаміце, раскажыце нам, хто вы, адкуль вы, абмалюйце сваю краіну, з якой вы наведаліся да нас. Нам будзе вельмі цікава пачуць і пра вас, і пра ваш цудоўны край.

Ён стаяў і маўчаў. Пачынаў ужо злавацца, толькі не разумеў на каго — на сябе, ці на дзяўчыну. Калі гэта і праўда Юля, то навошта яна выдурняецца, добра ведаючы, што іх клас не вучыў беларускай мовы, а калі ўсё ж не яна, то як растлумачыць гэтай незнаёмай дзяўчынцы, што ў іхняй акрузе і блізка не было ніводнай беларускай школы, а ў рускіх ад роднай мовы і літаратуры вызвалялі ўсіх, хто жадаў.

Ужо адчуваючы, што гэта, канечне ж, не Юля, — іначай адкуль жа ў Юлі чырвоныя валасы?! — здагадваючыся, што робіць недарэчнасць, усё ж адважыўся спытацца:

— Юля, гэта ты?

Дзяўчына зніякавела, паглядзела на яго, як на ненармальнага, хоць і здзівілася, але стрымалася, узяла сябе ў рукі, усміхнулася:

— Мяне завуць Оя. Дык мы чакаем вашага аповяду пра родны край, пра сваю зямлю.

— Я вас не панімаю, — раздражнёна, нібы назло каму, адказаў Радзім.

— Як не разумееце? — здзівілася дзяўчына. — Не разумееце, чаго ад вас хочуць ці не разумееце, што вам гаварыць? Вы што, і праўда не ведаеце роднай мовы?!

— Не ведаю, — насуперак усяму і ўсім — і сабе, і ёй — горда адказаў ён.

— Вы не вывучалі сваёй мовы?! — разгублена перапытала дзяўчына, спадзеючыся, што яна ўсё ж абчулася ці нешта не так зразумела, што хлопец зараз паправіцца, запярэчыць.

Але ён зацята стаяў на сваім:

— Не вывучаў.

— А вы ведаеце, што ў нас той, хто не шануе родную мову, лічыцца дзяржаўным злачынцам і адразу ж аддаецца пад суд? — пыталася дзяўчына ў яго і адначасова слухала кагосьці іншага, прыклаўшы, як нашы тэледыктаркі, да вуха тэлефон. Той іншы, мусіць, штосьці пытаўся ў яе, дзяўчына адказвала:

— Немагчыма! Ён жа — нямко… Сваёй мовы не ведае!

І ў той жа момант пачалі паварочвацца амаль усе люстэркі ва ўсіх чатырох сценах, а ў іх з'явіліся здзіўлена-зацікаўленыя твары, быццам усе, хто сачыў за ім нябачна, цяпер увачавідкі захацелі зблізку паглядзець на такое дзіўнае дзіва — на чалавека, які не ведае роднай мовы.

Дзяўчына зноў паднесла да вуха тэлефон, і Радзім, здаецца, сам адчуваў, як той, невідомы, быццам рэжысёр гэтага спектакля, падказваў штосьці Оі.

— А што ў вас за кніга? — ужо кладучы тэлефон, спыталася дзяўчына.

Ён, шануючы вывіхнутую руку, дастаў з-пад папружкі падручнік і абыякава адказаў:

— Хімія.

Дзяўчыну як уджаліў хто. Яна падхапілася, зноў паднесла да вуснаў мікрафон, спалохана закрычала ў яго:

— Таля-маля! Таля-маля!

Радзім не зразумеў, што здарылася. Адначасова заварушыліся ўсе люстэркі, пачаўся нейкі шум, тупат, крык — нібыта мноства людзей бегла кудысьці, уцякала. Умомант зніклі ўсе адлюстраванні ў люстэрках, і нават Оя таропка выбралася з-за стала.

Усе некуды хаваліся, усе спалохана крычалі:

— Таля-маля! Таля-маля! Таля-маля!

У шкляным памяшканні, дзе ён стаяў, зрабілася ціха-ціха — як усё роўна перад гэтым у пустыні: ні шолаху, ні пошуму, ні гуку.

Цішыня ціснула на вушы, стаяць вось так, нічога не ведаючы, і не разумеючы, што вакол цябе адбываецца, было непрыемна, але ён усё ж стаяў і чакаў.

І нарэшце пачуў крокі, а пасля і ўбачыў таго, хто ішоў да яго, — гэта быў адзін з тых зэмаў, якія сустрэлі Радзіма адразу ж за шкляною сцяною. Набліжаўся ён вельмі асцярожна, абачліва. У руках трымаў нейкія яркія, рубінавыя, падобныя на ружы, кветкі. Ён выстаўляў іх далёка наперад — ці то сам баяўся незнаёмца, ці то наадварот паказваў яму, што хвалявацца няма чаго: ён усяго толькі падорыць кветкі.

Калі Радзім працягнуў абедзьве рукі, каб узяць ружы, ён і сам не заўважыў, як кветкі ў той жа момант абвіліся вакол запясцяў.

Гэта былі, канечне, не кветкі. Гэта былі наручнікі. Радзім не пачуў нават пстрычкі — так лоўка зашчапіліся яны на руках.

Адразу ж аднекуль з'явіўся і другі канвойца, і зэмы зноў далікатна, тактоўнымі жэстамі паказалі, куды яму трэба ісці.

Значыць, яго арыштавалі і павядуць зараз, пэўна ж, у турму. За што арыштавалі, ён не разумеў — ці то за тое, што не ведае роднай мовы, ці то за тое, што прынёс сюды падручнік па хіміі, які хутчэй за ўсё тут лічыцца падпольнаю літаратураю. А можа, і ўвогуле за што-небудзь зусім іншае.

Хлопец пакуль не ведаў, што «таля-маля» тут непрыстойная лаянка.

Не ведаў, што мясцовыя вучоныя ўжо даказалі, што сама хімія і ёсць нячыстая сіла.

Калі раней, як канвойцы вялі яго па горадзе, людзі амаль зусім не звярталі на незнаёмага ніякай увагі, то зараз, толькі ўбачыўшы яго, толькі зірнуўшы на ружы, яшчэ здалёку ўсе кідаліся ўрассыпную і з крыкамі: «Таля-маля! Таля-маля!» хаваліся, хто куды можа.

Цікава, што палохае іх і чаго яны баяцца?

Турмою аказаўся невялікі, зноў жа шкляны куб, але празрысты-празрысты — усё ў ім відаць як на далоні. Усярэдзіне яго таксама ўсё было шкляное — лаўкі, табурэткі, сталы, нават ложак. Радзім спачатку вельмі асцярожна садзіўся на лаўкі і клаўся на ложак, усё прыслухоўваючыся, ці не трашчыць дзе шкло, — каб паспець падхапіцца, калі яно пачне пад ім раптам крышыцца.

Але шкло было моцнае, яно вытрымлівала яго, і ён паволі пачынаў усё больш і больш смялець — ужо з усяе сілы, не баючыся і не прыслухоўваючыся, гэпаўся на ложак ці соўгаў, як хацеў і куды хацеў, табурэткі.

Тут жа, на шкляным крэсле, ён знайшоў сарочку і штаны — яны былі такія ж, як і ягоныя, толькі зусім новыя. Зразумеўшы, што зэмы хочуць, каб ён пераапрануўся, Радзім, азіраючыся па баках, зняў сваё ашмоцце і адзеў усё іхняе.

У шкляным кубе адчуваў ён сябе вельмі няўтульна і нязручна — не было куды схавацца: ці ты сядзіш, ці ты ходзіш, ці ты спіш, ці яшчэ што-кольвек робіш, — усе цябе бачаць, увесь час ты навідавоку.

Здаралася, каля куба збіралася нямала разявак, якія, хоць і баяліся «талі-малі», але ўсё ж хацелі яго разгледзець зблізку — асабліва злоўжывалі гэтым дзеці! — і тады ён адчуваў сябе нібы ў звярынцы, а ад мноства вачэй на яго находзіла нейкая агрэсіўнасць, азвярэласць, якія пасля змяніліся апатыяй і абыякавасцю.

Тады за куб выходзіў наглядчык турмы, просты, крыху дзікаваты дзед, якому, як кажуць, з рук у рукі перадалі канвойцы Радзіма, нешта казаў да людзей — відаць, сарамаціў іх — і тыя, хаця і нехаця, неахвотна, але ўсё ж паступова разыходзіліся.

Гэты дзед сядзеў часцей за ўсё каля расчыненых у яго пакой дзвярэй і ўсё гаварыў, гаварыў і гаварыў — мусіць, расказваў яму нешта, а што — зняволены, канечне ж, не мог зразумець. Здаралася, ён і засынаў пад гэтае дзядзькава бубненне, а калі прачынаўся ўночы, чуў, што той усё яшчэ гаворыць. Але часцей за ўсё, хоць і не разумеючы нічога, Радзім слухаў — наглядчык гаварыў так эмацыянальна, смяяўся, уздыхаў, плакаў, махаў рукамі, моршчыўся, уздымаў бровы, што слухаць яго, нават не ведаючы мовы, было цікава.

Аднаго разу у куб нечакана зайшла Оя. Хоць валасы ў яе на гэты раз былі зялёныя, Радзім пазнаў дзяўчыну адразу, бо добра запомніў па тым першым допыце, на якім яна назвала яго таля-маля. Да таго ж здавалася, што ён бачыў яе колькі разоў перад гэтым за шклом — то яна, не спяшаючыся, гледзячы ў яго бок, праходзіла каля куба, то стаяла на другім баку вуліцы і, не асабліва вытыркаючыся, асцярожна назірала за ім здалёку.

Тады яго здзівіла, што валасы ў яе кожны раз былі іншага колеру — то зялёныя, то чырвоныя, то блакітныя, — а потым, паназіраўшы за тутэйшымі жанчынамі з свайго жытла, зразумеў, што іхнія валасы маюць здольнасць мяняць афарбоўку проста на вачах.

І вось цяпер Оя прыйшла ў самую турму. Наглядчык ветліва і ласкава сустрэў дзяўчыну, добра да яе гаварыў, ні ў чым не пярэчыў, дазволіў ёй зайсці да вязня ў шкляны пакой.

Оя, як высветлілася потым, і праўда была ягонай равесніцай. Яна, амаль як і яны з Юляю, таксама скончыла сёлета школу і паступіла ўжо ў Шкляны універсітэт, які вывучаў касмічныя мовы. Сярод шматлікіх моў сусветаў, галактык дзяўчына выбрала для вучобы менавіта беларускую, якую ведала ўжо нават у школе, — таму яе і запрасілі на размову з Радзімам, калі ён назваўся беларусам.