Так i вырашылi. Адну платформу мы ўсё ж пагрузiлi, ды i то, як сказаў дзесятнiк, не зусiм поўна. Але запiсаў як поўную, i запiсаў чамусьцi на мяне.

Назаўтра, на нашу радасць, мы ўсе атрымалi поўныя пайкi. Вiдаць, усё ж начальства зразумела, што ад дахадзяг пасля этапу нельга патрабаваць поўнай нормы.

Я прыцiскаў да грудзей сваю вялiкую пайку яшчэ цёплага фармовачнага хлеба з даважкай, прыколатай трэсачкай, i мне нават пацяплела ад яго. Бог мой, якiя ж ёсць шчаслiвыя людзi, што могуць есцi вось такi хлеб уволю. Вось ён, хлеб, у маiх руках, тая жыватворчая сiла, якая ажывiць мяне, не дасць загнуцца, паплысцi за зону на зэкаўскiя могiлкi.

Эх, думаў я, вось бы дарвацца да хлеба, каб кожны дзень яго есцi колькi хочаш, i тады б я зусiм ажыў i мышцы мае патаўсцелi б, а я рос бы.

Прага паесцi ў тыя днi мяне не пакiдала нi ўдзень, нi ўначы. I калi спаў, то недзе ў куточку мозга не засынала думка аб ядзе. Неяк прачнуўся ад паху свежага, гарачага бохана. Я сеў, пачаў мацаць вакол сябе, азiрацца, дзе ж той бохан, уцягваць ноздрамi паветра, каб адчуць, адкуль iдзе гэты пах, але паху не было, не адчуваў яго. Ён мне проста прыснiўся. Аказваецца, i пахi могуць снiцца.

Я зайздросцiў чорнай зайздрасцю рабочым па кухнi - яны сытыя. Вялiкай марай было стаць хлебарэзам або памочнiкам кладаўшчыка. Гэтыя пасады былi для мяне тады самымi высокiмi ў свеце, i мае мары, жаданне iх заняць не маглi па важнасцi нi з чым параўнацца. Жаданне нейкага чалавека стаць, скажам, наркомам, акадэмiкам - драбяза. Хлебарэз цi рабочы па кухнi вышэй за ўсякiх там наркомаў i акадэмiкаў.

Калi чалавек пастаянна галодны, то ў яго адно iмкненне, адна мэта ухапiць недзе хоць што-небудзь ядомае. Усё чалавечае ў iм - дружба, спагада, гонар - адступае, знiкае, саступае жывёльнаму i раслiннаму закону барацьбы за выжыванне. Не верце тым, якiя гавораць, што ў лагеры яны, галодныя i знясiленыя ад хранiчнага голаду, дзялiлiся пайкай з такiм жа галодным або саступалi месца каля катла ў чарзе па дабаўку. Лагерная мараль, законы бесчалавечныя, там не жыццё, а антыжыццё.

Я адно зразумеў, што калi не траплю на больш лёгкую i сытную працу, то прападу. Ну хоць бы месяц, тыдзень пажыць, дзе лягчэй. А то ж з турмы, этапу i адразу на ЦФП - цяжкую фiзiчную працу.

Пра тое, што я некалi запiсаўся хлебапёкам, я ўжо i забыў, не верыў, што той запiс мне некалi паможа. I па-ранейшаму хадзiў на ЦФП, грузiў пясок, гравiй, падсыпаў адхоны пуцей, разгружаў шпалы з платформы.

Я даходзiў, згасаў, дагараў, i брыгадзiр, хоць i шкадаваў мяне, усё часцей запiсваў мне невыкананне нормы, а гэта значыла - няпоўная пайка. Цяпер я разам з такiмi ж дахадзягамi не адыходзiў ад кухнi з надзеяй хоць што-небудзь ухапiць, хоць якiя агрызкi, аб'едкi, саскрэбкi ў катле. Аднак удачы выпадалi рэдка - была вялiкая канкурэнцыя. Я схуднеў, здавалася, да апошняй гранi. Далей ужо не худзеюць, а пачынаюць пухнуць. I я баяўся гэтага.

У санчасцi, куды я звяртаўся з просьбай паслаць мяне на АП - аздараўленчы пункт, дапамогi не атрымаў, такiх, як я, было палова калоны.

А надышла зiма, мароз працiнаў маё худое цела не толькi да касцей, а ўсяго наскрозь, i, каб не замерзнуць, трэба было рухацца, рухацца, а на рухi не было сiлы. Часта ўзнiкала жаданне абмарозiць руку, нагу, каб трапiць у лазарэт, а то i iнвалiднасць атрымаць.

Паратунак прыйшоў тады, калi я яго не чакаў. Ужо тыдзень запар я меў толькi трохсотграмовую пайку. Жыццё маё iшло да развязкi. Працаваць я ўжо не мог, не выходзiў на работу i нават не кожны дзень з'яўляўся на развод.

Аднойчы шчаслiвай для мяне ранiцай на разводзе нарадчык выгукнуў маё прозвiшча i сказаў, каб я застаўся ў зоне. Калi брыгады прайшлi праз вахту, над варотамi якой быў дугой-аркай прыбiты транспарант са словамi: "Праца ў СССР ёсць справа гонару, доблесцi i геройства", нарадчык павёў мяне за зону ў напрамку пякарнi.

Яна была побач, абнесеная, як i калона, драцяной агароджай, i там працавалi расканваiраваныя зэкi-пекары.

- Ты пекар? - спытаў мяне дарогай нарадчык.

- Ага, - схлусiў я.

Чым блiжэй мы падыходзiлi да пякарнi, пах хлеба ўсё мацнеў i мацнеў. Ён бiў у ноздры i выклiкаў ледзь не галавакружэнне. Нясцерпна засмактала пад лыжачкай не ад паху, а ад думкi, што вось зараз я апынуся перад цэлай кучай буханак i што б там нi было адразу ўхаплюся за буханку, угрызуся ў яе i не аддам, няхай хоць забiваюць.

- Ты на хлебазаводзе працаваў цi на пякарнi? - перапынiў мае думкi нарадчык.

- Ага, каля печы на заводзе. Праз два гады я быў бы тэхнiкам па хлебапячэннi.

- Ну, тут не завод, механiзмаў няма, гарбом i рукамi ўсё трэба рабiць.

- А кiм мяне туды? - нясмела спытаў я.

- Галоўны пекар праз тры месяцы вызвалiцца. Вось яму замену трэба рыхтаваць.

"Ну няхай рыхтуюць. Хоць тыдзень, хоць дзень, ды пабуду ж там", радаваўся я.

Ну вось i пякарня з закапцелым комiнам над дахам, з якога цягнуўся струмень чорнага дыму. Нарадчык, калi пераступiлi парог пякарнi, крыкнуў некуды ў цёмную, шумную залу, дзе людзей я не бачыў:

- Парфёнаў! Дзе ты там? Змену прывёў, разбiрайся. - I выйшаў.

Людзей я не ўбачыў, таму што iх засланялi штабелi мукi i штабель буханак. Бог мой, як iх, буханак, тут многа! Цяпло хлеба, вiдаць, нядаўна вынятага з печы, я адчуваў тварам, голымi рукамi. У мяне пачалася iкаўка, я ажно ўздрыгваў ад яе, нейкая спазма перахапiла горла. Мной завалодала толькi адно жаданне - схапiць буханку. I я зрабiў бы гэта, дык ногi як прыстылi да падлогi.

Я не заўважыў, як падышоў да мяне пажылы, шырокi ў плячах барадач.

- Ты хто? - спытаў ён.

- Я? - Да мяне не даходзiла яго пытанне, я не разумеў, пра што ён пытае. Я паказаў на буханкi i сказаў: - Можна хлеба?

Стары i добры Парфёнаў - гэта быў ён - крануў мяне за плячо i падвёў да столiка, на якiм стаяў чайнiк, кубкi, а ў вялiкай мiсцы ляжаў нарэзаны тонкiмi скiбачкамi хлеб.

- Паеш, потым пагаворым. - Ён налiў мне ў кубак салодкага гарачага чаю.

Хлеб, што быў у мiсцы, я з'еў увесь, выпiў два кубкi чаю, i ўсё адно ўсярэдзiне мяне смактала, смактала.

Хлеба больш мне Парфёнаў не падлажыў. Я зразумеў, што стары пашкадаваў не хлеба, а мяне. Часта ж было ў лагеры - навалiцца нейкi галодны зэк на яду, якая яму нечакана прывалiла, а там - заварот кiшак.

- Ну а цяпер пагаворым, - прысеў каля мяне Парфёнаў. Ён паспеў мяне, канечне, добра разгледзець, худога тонкага "фiцiля", з кашчавымi вузкiмi кiсцямi рук, i зразумеў, што нiякi я не пекар i замянiць яго не змагу. Таму ён i не наладзiў мне экзамену, як звычайна наладжвалi такiм самазванцам, як я. Загадвалi, напрыклад, узяць тапор i пасячы ў карыце муку, маўляў, зляжалася. Той браўся сячы, i яго адразу ж праганялi. А Парфёнаў распытаў, хто я, адкуль, за што судзiўся.