Пасля вызвалення я прыехаў у Астрахань, бо ў Беларусь мяне не пусцiлi. У Астраханi ўладкаваўся грузчыкам на рыбалоўную базу - грузiў лёд, соль на баркасы. Жыў у iнтэрнаце. Магчымасцi вучыцца або выбраць нейкую па душы працу не было - я ж меў яшчэ тры гады паражэння ў правах. Я па-ранейшаму заставаўся бяспраўным.

Усё змянiлася ў адзiн дзень. Недзе ў канцы мая пасля работы я пайшоў у райваенкамат, каб стаць на ваенны ўлiк. Прыйшоў туды, а там - мiтусня, шматлюддзе: рыхтавалася да адпраўкi каманда ў армiю з рэзервiстаў. Нехта не з'явiўся, не хапала людзей, а тут я трапiў на вочы. Мяне з ходу i залiчылi ў тую каманду, не дазволiўшы нават збегаць у iнтэрнат па рэчы. Так чамадан мой з фатаграфiяй Сяргея Дарожнага, яго лiстом Петрусю Броўку - думалася ж, што паеду ў Беларусь i пры сустрэчы перадам адрасату - загiнулi назаўжды.

Ваенкамацкi пiсар даў мне запоўнiць анкету, я i запоўнiў. У графе пра судзiмасць запiсаў - не судзiмы. У графе пра партыйнасць зрабiў запiс, што я камсамолец. Указаў няпраўду i пра адукацыю - быццам скончыў адзiн курс iнстытута журналiстыкi ў Менску.

З той анкетай я i пайшоў служыць у армiю i праслужыў потым у ёй ажно дваццаць сем гадоў. Калi пачалася вайна, нас адправiлi на фронт, i хто там будзе правяраць цi ўдакладняць бiяграфiчныя дадзеныя. Ваяваў радавым, потым скончыў ваенна-пяхотнае вучылiшча, уступiў у партыю, атрымаў узнагароды, а канец вайны сустрэў у Аўстрыi камандзiрам мiнамётнага ўзвода.

Адразу ж пасля вайны я хацеў звольнiцца. Звольнiцца не далi. Выклiкалi ў штаб дывiзii i сказалi, гледзячы на маю тую анкету:

- Вы афiцэр з адукацыяй, вучылiся ў iнстытуце журналiстыкi, i мы прапануем вам паступiць у ваенную акадэмiю. - Назвалi некалькi акадэмiй, я выбраў ваенна-юрыдычную, падумаўшы, што прафесiя юрыста спатрэбiцца i ў цывiльнай службе.

У акадэмiю я паступiў, вучыўся там чатыры гады i ўвесь час думаў, што мяне вось-вось выкрыюць як судзiмага i папруць з акадэмii, з армii i з партыi за падман.

Не выкрылi. У пяцьдзесят першым годзе акадэмiю скончыў i да канца шэсцьдзесят восьмага года служыў у ваенных трыбуналах суддзёй. За семнаццаць гадоў судзейскай працы я разгледзеў нямала судовых спраў, пазбавiў волi багата людзей. Я, былы зэк, цяпер сам заганяў людзей за краты.

За чатыры гады няволi ў турмах i лагерах я кожнай клеткай сваёй душы адчуваў, як цяжка прабыць нават адзiн дзень за калючым дротам. Кожны вечар падлiчваеш, колькi яшчэ засталося месяцаў, тыдняў, дзён. Ну што б, думалася тады, далi б мне не чатыры, а на паўгода менш, i быў бы я ўжо блiзка ад волi. Вось гэта адчуванне невыноснасцi няволi кожны раз, застаючыся ў пакоi для вынясення прыгавору, я i ўспамiнаў. Вядома ж, што санкцыi кожнага артыкула Крымiнальнага кодэкса маюць нiжэйшую i вышэйшую мяжу. У гэтых межах трэба i выбраць тэрмiн пазбаўлення волi. Можна вызначыць i нiжэй нiжэйшай мяжы, калi знойдуцца на гэта падставы, але пераступаць вышэйшую нельга.

Я стараўся быць справядлiвым суддзёй. Мяне лiчылi калегi мяккацелым, нават лiбералам, начальства крытыкавала за гэту мяккацеласць. У мяне былi адмененыя прыгаворы, але толькi з-за мяккасцi пакарання i не было нiводнага прыгавору, па якiм бы вышэйшая iнстанцыя знiзiла тэрмiн няволi асуджанаму.

Вялiкi расейскi юрыст i вучоны Анатоль Фёдаравiч Конi ў свой час, раздумваючы, якiя павiнны быць суддзi, аднойчы сцвердзiў наступнае: самым справядлiвым суддзёй быў бы той, якi на сваёй шкуры пазнаў, што такое няволя i якое неадольнае iмкненне ў вязня да волi. Добра было б, гаварыў Конi, кожнага кандыдата на пасаду суддзi патрымаць у няволi з арыштаванымi ну хоць з месяц.

Вядома, на практыцы такое не праводзiлася i не будзе праводзiцца. А я вось прайшоў такую практыку i ведаю, што значыць падлiчваць днi да вызвалення.

Калi я вяршыў суд, я гаварыў сабе: помнi аб няволi. Паўтараў, як некалi паўтаралi рымляне, - помнi аб смерцi. Так яно i павiнна быць.

Аднак агаваруся, лiбералам да тых, хто ўчынiў цяжкiя злачынствы, да розных блатароў-рэцыдывiстаў я не быў. Я iх узненавiдзеў яшчэ ў лагеры i турмах.

Згодна Канстытуцыi СССР нашы суддзi пры вырашэннi канкрэтных спраў з'яўляюцца незалежнымi i падначальваюцца толькi закону i свайму сумленню. Гэта, вядома, тэарэтычна. На практыцы ж было дагэтуль зусiм iншае. У сталiнскiя часы не iснавала права ў сапраўдным канстытуцыйным сэнсе. Толькi цяпер востра пастаўлена пытанне - зрабiць нашу дзяржаву прававой.

На спiнцы крэсла суддзi ёсць дзяржаўны герб - гэта як бы афiцыйны напамiнак, што суддзя дзейнiчае ад iмя дзяржавы i яму дадзены вялiкiя правы. Я засядаў пад гэтым гербам шмат гадоў i вяршыў правасуддзе толькi на дабро, таму маё сумленне чыстае.

У канцы шэсцьдзесят восьмага я звольнiўся з армii i перайшоў на лiтаратурную працу.

Мяне так i не выкрылi. Нiкому, на маё здзiўленне, не стала вядома пра мае судзiмасцi. А тое, што пры залiчэннi ў акадэмiю i пры назначэннi на службу ў ваенны трыбунал мяне правяралi, я быў упэўнены. Вiдаць жа, рабiлiся запыты ў адпаведныя ўстановы, дзе ёсць улiк усiх судзiмых. Толькi ж чаму абышлося ўсё цiха?

Я падаў заяву ў пракуратуру рэспублiкi аб маёй рэабiлiтацыi. Пракурор БССР Пастрэвiч Iван Пракопавiч, мой зямляк з Магiлеўшчыны, былы ваенны пракурор, з якiм я разам нейкi час служыў, атрымаўшы маю заяву, не паверыў, што я судзiўся, але загадаў зрабiць праверку гэтага.

Вось тут я i атрымаў разгадку майго шанцавання. Нi ў аддзеле ўлiку асуджаных МУС СССР, нi ў такiм жа рэспублiканскiм аддзеле я сярод асуджаных не значыўся. Чаму ж я выпаў з гэтага строгага ўлiку? А вельмi проста: нейкi супрацоўнiк аддзела гэтага не туды, куды трэба, сунуў заведзеную на мяне картку. Неахайнасць таго супрацоўнiка дала мне спакойную службу i спакойнае жыццё. Як кажуць, Бог мне памог.

Такi вось беглы эскiз майго жыцця з яго нечаканымi зiгзагамi. I меў рацыю забыты лiтаратар Баласогла, што можна, не трапiўшы куды iмкнуўся, быць карысным людзям хоць чым-небудзь. Я быў, лiчу, карысным.

А пра розныя судовыя i лагерныя гiсторыi мае апавяданнi нiжэй.

БАЕЦ ЛЁВА З БАБРУЙСКА

Баец Лёва, пра якога пойдзе гаворка, - не воiн, а рабочы на бойнi, якi забiвае жывёл на мяса.

Недзе ў чэрвенi трыццаць сёмага года ў менскую турму прывезлi з Бабруйска цэлы этап арыштаваных i распiхалi iх па камерах абы-як, нават многiя i падзельнiкi трапiлi разам. У нашу камеру завялi трох бабруйчан-жыдоў. Адзiн з iх быў бухгалтар, другi - шапачнiк, а трэцi, яго Лёва звалi, працаваў на бойнi байцом. Мужчына ён быў магутны, са здаравеннымi валасатымi рукамi, якiмi здолеў бы задушыць i быка. I рост меў каля двух метраў. Прырода вельмi разумная, яна надзяляе такiх асiлкаў спакойным, мяккiм характарам. Лёва i быў такi спакойны, часам нават сарамлiвы, з цiхай прабачальнай усмешкай. Яму ў камеры было цесна, нязручна, праходы памiж ложкамi - вузкiя, i Лёва ўвесь час стукаўся аб iх нагамi. А ложкi для яго былi кароткiя, на ўвесь рост не выпрастаешся. Але самай для яго вялiкай бядой была малая турэмная пайка. Пры раздачы яды раздатчык, зiрнуўшы на Лёву, мiжволi тапiў чарпак на поўную глыбiню i даставаў самую гушчу. Голас у Лёвы гучаў такiм магутным басам i з такой сiлай, што калi б ён гаркнуў у шклянку, то яна павiнна б рассыпацца.