I я ўцёк. У тую ноч пад ранiцу я дабраўся ў вёску да сястры, зайшоў у хату. Сястра ахнула.

- Божа, што з табой? Ты - стары.

Я зiрнуў у люстэрка на сцяне: валасы мае былi белыя як снег. Пасiвеў за дзень. У сястры я ўзяў грошы, свой пашпарт, якi я ў яе пакiнуў раней выпадкова, i махнуў куды вочы глядзяць.

А праз тры з паловай гады вайна пачалася. Быў фронт, вучоба ў ваенна-iнжынерным вучылiшчы. Шпiталь. Так вось i ўцалеў, дажыў да гэтага часу.

- Жылi са сваiм прозвiшчам? Няўжо вас не шукалi? - спытаў я.

- Выходзiць, не шукалi. Вiдаць, ахоўнiкi пабаялiся сказаць пра мае ўцёкi. Данеслi, што расстралялi ўсiх. Гэта пацвердзiлася пры маёй рэабiлiтацыi ў пяцьдзесят шостым годзе. У справе падшыта даведка: расстраляны пятага кастрычнiка, гэта значыць у дзень, калi я ўцёк.

Гiсторыя, як бачыце, неверагодная.

...Абодва мы нейкi час маўчалi, глядзелi ў акно вагона, якое раптам пасвятлела, бо пасвятлела неба i дожджык скончыўся. А ўжо перад самым Мурманскам убачылi, як на ачышчаным ад хмар вячэрнiм небе, нiба арка, успыхнула i працягнулася з усходу на захад паласа жаўтаватага святла. Яна трапяталася, зыбалася, выпрамляючыся або яшчэ больш згiнаючыся ў светла-жоўтую дугу. Край светлай паласы ўспыхваў чырванаватым ззяннем. Думалася, што вось-вось успыхне знакамiтае запалярнае ззянне. Праехалi далей, блiжэй да горада, ззянне не ўспыхнула, а, наадварот, аслабела, паблякла.

- Гэта Мурманск хацеў пасалютаваць нам, - сказаў Пётр Максiмавiч.

Пасля гэтай сустрэчы ў цягнiку мы з Пятром Максiмавiчам пасябравалi i, пакуль я служыў у Запаляр'i, сябравалi i сем'ямi.

Ды i цяпер не забываем адзiн аднаго, перапiсваемся, бачымся, праўда, рэдка, хоць i жыве Пётр Максiмавiч недалёка ад Менска.

СТРЭЛ У СУДЗЕ

Зайшоў да мяне ў кабiнет ваенны следчы маёр юстыцыi i спытаў, цi хачу я паглядзець на забойцу.

- А хто ён?

- Салдат.

Адносiны да забойцаў у мяне, як i ў кожнага нармальнага чалавека, даволi адназначныя - гэта самыя цяжкiя злачынцы, i з iмi трэба рабiць тое ж, што зрабiлi яны са сваiмi ахвярамi, - забiваць. Дзейнiчаць па прынцыпу талiёна: вока за вока, зуб за зуб, забiў - забiць самога. Так i было ў даўнiя часы, прымяняецца гэты прынцып i ў наш час у некаторых iсламскiх краiнах. I калi сёй-той з "гуманiстаў" выступае за адмену пакарання смерцю, няхай яны ўявяць або сябе ахвярамi забойцы, або сваiх самых блiзкiх. Я таксама стаю за адмену пакарання смерцю, але з iстотнай агаворкай - захаваць расстрэл забойцам. Толькi забойцам.

Вельмi цяжка зразумець, як псiхiчна здаровы чалавек можа забiць чалавека дзеля нейкай сваёй карысцi. Жах!

Сцвярджаюць, што кожны чалавек здольны ўчынiць супрацьпраўныя дзеяннi, толькi трэба, каб ён апынуўся ў пэўных умовах, якiя б спрыялi гэтаму дзеянню. Але забiць дадзена не кожнаму. Чалавек тоiць у сабе, можа быць, героя, а можа, злачынцу. Злачынцаў звычайна дзеляць на дзве катэгорыi - забойцаў i не забойцаў. Забойцы не абавязкова сядзяць у турме за забойствы, але гэтыя людзi здольны забiць. Перад iмi не iснуе псiхалагiчных бар'ераў, перашкод, якiя б маглi iх спынiць раней, чым яны паднясуць руку з нажом да грудзей ахвяры цi прыцэляцца з пiсталета ў патылiцу. А вось другая, большая частка злачынцаў, хоць яны i не вылазяць з турмаў, забiць не могуць, пазбягаюць "мокрых" спраў.

Маючы такiя непрымiрымыя адносiны да забойцаў, будучы суддзёй, я стараўся ўхiляцца ад разглядаў iх спраў. Мяне цяжка ўражвалi такiя разгляды. I таму, калi следчы запрасiў мяне зайсцi да яго ў кабiнет, дзе сядзеў падследны забойца, я адмовiўся. Але, даведаўшыся, хто ён такi i каго забiў, зайшоў.

Падследны - салдат унутраных войск - сядзеў на стуле ў поўнай вайсковай форме, бялявы, з вострым дзiцячым падбародкам. Белыя, як ватныя, броўкi амаль злiвалiся з белай скурай.

Служыў ён у канвойным падраздзяленнi першы год. Служба канвойных вядомая: дастаўляць падследных у пракуратуру, падсудных - у суд, этапiраваць з турмы ў калонiю. Гэты салдат, назавем яго Волкавым, i займаўся такой службай. Бачыў ён на судах розных злачынцаў, слухаў iх расказы пра ўчыненае i ўсё больш i больш, як потым прызнаваўся, здзiўляўся, адкуль яны, такiя нелюдзi, бяруцца.

Пра забойства, учыненае Волкавым, якое i расследавалася цяпер, мне коратка расказаў следчы перад заходам у яго кабiнет. Сутнасць справы такая. Волкаў у складзе канвою ахоўваў у судзе аднаго падсуднага. У час судовага следства нечакана для ўсiх Волкаў выхапiў з кабуры пiсталет i стрэлiў у падсуднага, якi сядзеў у загародцы цiха i смiрна. Начальнiк канвою з другiм канвойным адразу ж схапiлi Волкава i абяззброiлi.

I вось Волкаў у кабiнеце следчага.

- Ну што, - спытаў я Волкава, - як сябе адчуваеш?

Волкаў зiрнуў на мяне абыякава i нават неяк няўцямна, адказаў коратка:

- Адчуваю вось.

Я спытаў, адкуль ён родам, дзе працаваў да службы, ён адказаў, што нiдзе не працаваў, а вучыўся ў школе. Пра сутнасць справы я нiчога не спытаў i выйшаў.

У абедзенны перапынак я пацiкавiўся ў следчага, цi дойдзе справа да суда.

- Думаю, не дойдзе, я буду супраць, каб яго судзiлi.

Можа паказацца незразумелым: Волкаў застрэлiў чалавека, i яго, забойцу, трэба вызвалiць, быццам бы нiякай логiкi.

Што ж, паспрабуем узнавiць тую падзею, якая адбылася два днi назад у абласным судзе.

Дык вось, быў суд, i радавы Волкаў у зале суда ахоўваў падсуднага. Падсудны, яшчэ малады чалавек, яму i трыццацi не было, нiкчэмны апушчанiк, п'янiца, да арышту жыў удваiх з малой сястрой. Мацi iх памерла, бацька сям'ю пакiнуў даўно, i брат, як старэйшы, быў для сястры за бацьку.

Сястрычцы споўнiлася толькi дзевяць гадоў. Я яе бачыў у следчага худзенькая, забiтая i замучаная братам. Пенсiю, што належала ёй за мацi, брат прапiваў, i таму яна хадзiла часта галодная i ў абносках. Але гэта была яшчэ не ўся яе бяда. Брат яе гвалцiў, жорстка i дзiка. Гвалцiў кожны дзень, прымушаў малую рабiць яму тое, на што i не кожная дарослая жанчына згодзiцца. Бедная дзяўчынка цярпела, пакутавала i маўчала, нiкому не скардзiлася, бо брат прыгразiў зарэзаць, калi яна каму раскажа пра гэта.

Паказаннi падсуднага ў судзе былi кароткiя, без падрабязнасцей, адказваў толькi на пытаннi - так цi не так. Так, бiў яе, адымаў пенсiю, бо пiць трэба было. Так, гвалцiў, але калi быў п'яны. Так, малая хварэла, скардзiлася на болi ў жываце. Аднойчы па п'янцы стукнуў яе аб сцяну, i дзяўчынка страцiла прытомнасць.