Бухгалтар-бабруйчанiн сядзеў цi ляжаў у заўсёдным задуменнi, у спрэчкi не ўступаў, ён як бы згубiўся ў камерным шматлюддзi.

Шапачнiк, невядома як утаiўшы пару iголак, адразу ж пачаў перанiцоўваць камернiкам шапкi. Перарабiў ён i маю кепку. Распароў кавалачкам ляза, таксама iм утоенага, вывернуў падыспад наверх, перашыў, i кепка стала як новая. Гэтай сваёй работай шапачнiк ратаваў сябе ад цяжкай тугi, думак пра свой лёс, ад якiх часта i вар'яцелi людзi.

А Лёву рабiць было ў камеры нечага. Ён не мог, як бухгалтар, цiха ляжаць цi сядзець, засяроджаным у сваiх думках. Хадзiць у вузкiх праходах было нязручна, i Лёва падоўгу прастойваў каля акна, стараючыся нешта ўбачыць праз шчылiны аконнага шчыта-наморднiка.

Бухгалтар i шапачнiк ведалi, за якую вiну iх пасадзiлi. А Лёва не ведаў, бо яго яшчэ нi разу не выклiкалi следчыя.

- Прыехалi ка мне на бойню ў сiнiх фуражках i сказалi: збiрайся. А што я зрабiў, не сказалi, - тлумачыў ён не адзiн раз.

Быў ён жанаты, меў траiх дзяцей, свой дом i сад.

- Вiшнi ўжо ў садзе паспелi, здымаць хутка будуць. Ой, якiя ў мяне буйныя вiшнi! Амаль як слiўкi. Ай, якое варэнне з iх смачнае, - цмокаў ён i кiваў стрыжанай галавой. - Хто з вас будзе ў Бабруйску, заходзьце, пачастую варэннем.

- Лёва, а табе не шкада ўсiмi днямi забiваць бычкоў, авечак? Яны ж жывыя iстоты, - пыталiся ў яго.

- Шкада, калi iм у вочы паглядзiш. Яны так жаласна на цябе глядзяць. Яны ж разумеюць, куды iх прыгналi, чэснае слова. Дык я ў вочы iм не гляджу.

А забiваў Лёва жывёл малатком, бiў памiж рог, як забiвалi i забiваюць i цяпер на ўсiх невялiкiх бойнях. Аднак пра сваю працу ён не любiў расказваць. Аднойчы вось толькi i расказаў.

Ён любiў слухаць розныя турэмныя байкi-росказнi. Па-дзiцячы непасрэдна верыў iм, охаў, ахаў. З яго за гэта пацяшалiся, а ён не крыўдзiўся, прасiў яшчэ што-небудзь расказаць, i камерныя майстры залiваць i плялi яму розную лухту.

Цiхi, смiрны быў гэты асiлак Лёва. Здавалася б, ён са сваёй сiлай мог падначалiць усiх у камеры, камандаваць усiмi, выбраць сабе лепшае месца, адбiраць перадачы. А ён спаў на крайнiм ад дзвярэй, нязручным ложку, калi падыходзiла яго чарга, выносiў з камеры парашу, уступаў днём ложак паспаць тым, у каго месца было на падлозе.

Трэба сказаць, што ў той камеры было больш палiтычных, i блатары, што там сядзелi, улады не мелi, пабойвалiся адпору. Сталi пабойвацца i Лёву пасля аднаго выпадку.

Маладому хлопцу, майму суседу па ложку, прыслалi з волi перадачу - дзве ляпёшкi сыру, невялiкi кавалак сала i парэзаныя на скрылi дзве буханкi хлеба. Атрымаўшы пасылку, ён разгубiўся i не ведаў, што рабiць. Расклаў усё на ложку, глядзеў на перадачу i як бы не верыў, што такое яму прывалiла багацце. У турме iснуе правiла - не зацiскаць перадачу, ёю трэба дзялiцца. Хлопец, вiдаць, i думаў, як падзялiць усё на столькi людзей. Ён даў спачатку мне кавалачак сыру i хлеба, сам пачаў есцi, даў i суседу-шапачнiку за перашытую яму шапку. I тут адзiн блацюк са спрытам малпы падпоўз па ложках да хлопца, моўчкi згроб усю перадачу i панёс на свой ложак.

- Эй, - крыкнуў хлопец, - чаму ўсё забраў? Аддай.

Блацюк усеўся i стаў есцi.

Усе паглядзелi чамусьцi на Лёву, якi стаяў каля акна i моўчкi сачыў за гэтым канфлiктам.

- Дзядзька Лёва, ён у мяне ўсё забраў, - паскардзiўся яму хлопец.

Лёва падышоў да блацюка, падняў таго з ложка пад пахi, пасадзiў на падлогу, паднёс свой здаравенны кулак да твару:

- Каб больш такога не рабiў. Нельга чалавека крыўдзiць.

Блацюк пачаў лаяць, але не Лёву, а хлопца, якi нiбыта збiраўся зацiснуць сваю перадачу. З Лёвам лаяцца пабаяўся.

Ужо некалькi разоў выклiкалi на допыт бабруйчан, шапачнiка i бухгалтара, а Лёву ўсё не чапалi, нiбы забылiся на яго, а можа, дзе згубiлi ягоную справу. I ён стаў яшчэ больш марнець, нервавацца, па некалькi разоў на дзень выклiкаў дзяжурных i пытаўся ў iх, каб сказалi, завошта яго пасадзiлi i чаму нiкуды не выклiкаюць.

Яго супакойвалi.

- Сядзi, усё роўна гэтыя днi залiчаць у твой тэрмiн.

- Якi тэрмiн? За што мне тэрмiн? Я нiчога не зрабiў кепскага.

- Калi нiчога не зрабiў, то i дадуць менш.

- Чаму менш? Як гэта за нiшто дадуць? - абураўся ён.

З дня арышту Лёва сядзеў без допыту ўжо каля трох месяцаў. Не выклiкалi на допыт, бо, вiдаць, яшчэ не прыдумалi, што паставiць яму ў вiну.

Неяк ён сказаў наглядчыку:

- Скажы начальству, што калi мяне сёння цi заўтра не выклiчуць, то я паламаю гэтыя дзверы.

Наглядчык, агледзеўшы ягоную магутную постаць, крутнуў галавой:

- Такi, як ты, i сцяну можа развалiць. - I спагадлiва дадаў: - Куды ты спяшаешся? Усе следчыя занятыя буйнымi ворагамi народа. А ты, значыць, для iх дробны.

- Я на волю хачу, разумееш? - ускрыкнуў Лёва. - Якi я вораг народа?

Ад гэтых наiўных слоў у камеры зарагаталi - на волю ён хоча, а ўсе быццам не хочуць. Пра волю тую думаюць, а не гавораць. Да таго ж усе i даведваюцца, што яны ўчынiлi "варожага", толькi ад следчых. Так, у нашай камеры сядзеў чалавек, якi толькi праз чатыры месяцы арышту даведаўся, што ён быццам бы шпiён, бо выдаў дзяржаўную тайну: паведамiў невядомым людзям пра шашу Менск-Масква, пра яе шырыню i пакрыццё, хоць тайну той шашы ўсе ведалi нават за мяжой - па ёй ездзяць чужаземцы на сваiх аўтамабiлях.

Лёва, як нiхто ў камеры, быў упэўнены, што яго адразу ж, як толькi выклiчуць на допыт, вызваляць з турмы, бо нiякiх кепскiх спраў за сабою не знаходзiў: не краў, не хулiганiў, супраць начальства не iшоў, падаткi за дом, плату за электрычнасць акуратна ўносiў. Наiўна, канечне, думаў Лёва. Гэта ад слабасцi характару. I чым больш праходзiла часу, тым больш упэўнена ён гаварыў пра волю, чакаў яе, расказваў пра дзяцей, жонку, з якiмi хутка ўбачыцца. У дзяцей цяпер канiкулы, i яны працуюць на агародзе, памагаюць мацi. Дакараў жонку, што не шле яму пасылкi i не прывозiць перадачы.

- Я яе раменьчыкам, раменьчыкам за гэта, - абяцаў ён пасцябаць жонку. Яна што, буханку хлеба не можа прывезцi?

- Лёва, не кацi бочку на яе, - супакойваў яго шапачнiк. - Табе, як падследнаму, перадачы i пасылкi забаронены.

Ад акна Лёва стаў амаль не адыходзiць. У "наморднiку" зрабiлi ладныя шчылiны, i праз iх можна было нешта ўбачыць. Былi вiдаць дамы за турмой, дрэвы. Была вiдаць воля, якая i прыцягвала да сябе Лёву неадольна. На турэмным двары ляталi ластаўкi - птушкi вольныя, яны маглi ляцець, куды захочуць, для iх нi сцены турэмных двароў, нi вышкi з вартавымi, замкi нiчога не значылi. Захочуць i ў той жа Бабруйск, дзе Лёваў дом, жонка, дзецi, даляцяць. Ухапiўшыся рукамi за краты, ён падоўгу сачыў за ластаўкамi, якiя то падляталi сюды, вышэй акна, то адляталi. Вiдаць, пад акном у iх было злеплена гняздо.