Мiхась ад такой нечаканкi знiякавеў. У яго задрыжалi вусны. Здавалася, што з ягоных вачэй зараз пырснуць слёзы. Мы таксама збянтэжылiся. I стварылася ўражанне, што нiбыта нехта заскочыў у садок, паламаў, патаптаў бэзавыя кусты, кветкi, распудзiў салаўёў, а пасля кiем ударыў па струнах, i яны пачалi не спяваць, а рыдаць, надрыўна галасiць.

Ад таго часу Цыпрук i некаторыя iншыя хлопцы нiколi не называлi Мiхася iнакш, як толькi "бабулiна фiсгармонiя". А хлопец быў такi сцiплы, што нават адгукаўся на мянушку...

Нядаўна сустрэў я таго Цыпрука зноў. Пражыўшы жыццё, ён нiколькi не змянiўся. Узяўшы мяне за гузiк, пачаў:

- Ты разумееш: паэт у сваiм вершы кажа, што яго расчулiў пах свежага, толькi што спечанага духмянага хлеба. Цi варта псаваць паперу такой гастранамiчнай пiсанiнай?!

- Слухай, Цыпрук! - адказаў я, далiкатна вызвалiўшы свой гузiк. Прызнайся шчыра: табе малому мядзведзь вуха адтаптаў? У маладыя гады ты быў супраць музыкi, цяпер ты супраць паэзii. Ды якi ж ты тонкi крытык, проста дзiва!

Першае заляцанне

Рыхтуючы з нас вясковых настаўнiкаў, якiя павiнны ствараць у сваiх вёсках асяродкi культуры, нашы педагогi iмкнулiся прышчапiць нам усе добрыя якасцi, уласцiвыя сапраўднаму культурнаму чалавеку. Кожны настаўнiк звяртаў нашу ўвагу на ўсе станоўчыя i адмоўныя рысы лiтаратурных цi гiстарычных асоб, якiя маглi б быць карысныя i каштоўныя пры фармаваннi нашых уласных характараў.

Дырэктар, чалавек надзвычайна высокай адукацыi, аўтар вялiкiх прац па гiсторыi расейскага старадаўняга мастацтва, Н.Н.Ушакоў выказваў неаднойчы жаль з прычыны таго, што мы, прыехаўшы ў параўнаўча чужы горад, не маючы ўласнага памяшкання, не можам наладжваць лiтаратурна-мастацкiх вечарын, на якiя б маглi запрасiць хлопцаў i дзяўчат з iншых школ. Шкадаваў i аб тым, што мы не можам праз гэту ж прычыну навучыцца правiльна i прыгожа танцаваць класiчныя танцы. Некалькi разоў на сваiх лекцыях па гiсторыi педагогiкi ён казаў нам, што мы не павiнны трымацца дзiкунамi ў адносiнах да дзяўчат-гiмназiстак, рэкамендаваў нам знаёмiцца з iмi, праводзiць iх у школу, на канцэрты.

I вось аднойчы, хоць i ў чужым памяшканнi, нашай настаўнiцкай семiнарыяй быў арганiзаваны вечар. Праграма была бадай што звычайная: дэкламацыя вершаў, спевы, гульнi ў розныя фанты, танцы. Нам дырэктар загадзя наказаў, каб мы даглядалi гасцей, стваралi сваiм удзелам добры настрой i, самае галоўнае, каб пасля вечарын абавязкова праводзiлi дзяўчат да iхнiх кватэр.

На гэтым вечары я i пазнаёмiўся з адной гiмназiсткай - Ленай Багдановiч, бацькi якой жылi ў Невелi i мелi ўласную хатку блiзу Вiцебскага вакзала. Было ёй гадоў чатырнаццаць-пятнаццаць, бадай мая равеснiца. Была яна даволi прыгожая, з карымi вачамi, з доўгiмi русявымi косамi, якiя ў тыя гады былi модныя. Твар у яе быў тыпова беларускi: з тонкiм носiкам, злёгку хударлявы, з натуральным румянцам. Адным словам - звычайная сiмпатычная дзяўчына. Калi канчаўся вечар, я папрасiў у сваёй спадабанкi дазволу праводзiць яе дадому. Яна дазволiла, крыху падумаўшы:

- А цi зручна будзе табе? Табе ж трэба зусiм у адваротны бок...

Памогшы ён апрануць палiто, я сам хутка апрануў свой шынель, павязаў на шыю башлык, без яго мы не мелi права нiдзе з'яўляцца ў зiмовы перыяд, усклаў на галаву сваю шапку, i мы памаленьку пайшлi. Калi крочыць не спяшаючыся, да дома маёй спадабанкi было не больш васьмi хвiлiн хады. Мы неяк ухiтрылiся iсцi больш паўгадзiны. Я, зразумела, вёў яе пад руку. Размаўлялi мы пра ўсё на свеце: пра сваiх настаўнiкаў, сяброў, пра навукi. Нават закранулi тэму кахання, але ў лiтаратурным плане. Калi падыходзiлi да яе хаты, мы ўжо так зблiзiлi свае галовы, што засталося зусiм, зусiм недалёка да пацалунка. Я, стаўшы на iхнiм ганку, наважыўся быў дакрануцца сваiмi вуснамi да яе такiх слаўных, прыгожых вусначкаў. I ў гэты самы момант нейкая цёмная хмара нечакана закрыла ад мяне i маю спадабанку, i ясны месяц, i зорнае неба: на маю галаву апусцiлася "чудзiшча обла, стазеўна i лаяй", абдало мяне попелам, укалола мiльёнам iголак i аглушыла, як громам, словамi:

- Ах вы, саплiвiкi, абнiмацца? Цалавацца? Заляцацца? Вось табе раз! - па мне... - Вось табе два! - па маёй спадабанцы... - Вось табе раз! - зноў па мне... - Вось табе...

Кожнае слова сваёй энергiчнай прамовы гэтая хмара падмацоўвала не менш энергiчным ударам памяла, звязанага, вiдаць, для нейкай хлебапякарскай печы.

Каб пазбавiць сваю мiлую Леначку ад новых удараў, бо карнiца ўсё адлiчвала: "Вось табе два", - я адскочыў ад ганка. Матка Лены, гэта была менавiта яна, дадала тады:

- Я скажу твайму дырэктару, што замест таго каб урокi вучыць, ты да дзяўчат цягаешся...

Стоячы на даволi пачцiвай адлегласцi ад яе i страсаючы з сябе, наколькi магчыма, попел ад памяла, я сцiпла адказаў:

- Дырэктар нам i загадаў, каб мы ўночы не адпусцiлi дзяўчат адных, абавязкова праводзiлi да самага дому. Я ж у ваш дом не ўваходзiў...

На гэта яна, махнуўшы памялом так, што яно зноў закрыла ад мяне ясны месяц, сказала:

- Не будзе мала i вашаму дырэктару, калi так...

Усё ж з Ленай мы пасля гэтага сустракалiся, праўда, выпадкова. Яна пад вялiкiм сакрэтам мне сказала:

- А ведаеш, ты маёй маме спадабаўся. Мне думаецца, што можаш смела прыйсцi да нас у госцi.

Гэта для мяне было вельмi нечакана, але рызыкаваць у другi раз я не адважыўся.

Так мы i разышлiся з ёй у розныя бакi...

Даехалi ў добрым гуморы...

Давялося мне летам 1931 года плысцi на невялiчкiм параходзiку па рацэ Вятцы ад горада Кацельнiчы да горада Кукаркi. Дакладней кажучы васемнаццатага чэрвеня, можна сказаць - самым летам. А лета было зiмнае, а параходзiк - прымiтыўны. Кают на iм - нiякiх. На палубе, адкрытай з усiх бакоў, стаялi, як у гарадскiм садзе, драўляныя лаўкi. Толькi мы кранулiся, як пачаў дзьмуць з усiх бакоў сiберны вецер, аж пасiнелi рукi мае. Бачу, што так i замерзнуць можна лёгка. Доўга не думаючы, развязаў я свой багаж, дастаў кажушок, валёнкi, зiмовую шапку i рукавiцы. Пачынаю ўсё нацягваць на сябе. Мой таварыш адзiн, зямляк, з якiм я ехаў, штурхае мяне пад бок.

- Што? - пытаюся ў яго.

- Што ты робiш! - пачынае ён саромiць мяне. - Зiрнi, людзi смяяцца пачынаюць з цябе.

А было ўсiх пасажыраў, мясцовых людзей, чалавек дваццаць.

- Няхай смяюцца, - адказваю. Апрануўся, каўнер паставiў, ад ветру закрыўся i сяджу сабе ў поўнай выгодзе. А мой зямляк аж дрыжаць пачаў, аж пасiнеў увесь. Урэшце ўстаў, распакаваў свой пак, дастаў раманаўскi кажух, зiмовую шапку - ды на сябе. Я яму, як ён мне крыху раней: