- Што ты робiш? Людзi смяяцца будуць.

А ён:

- Маўчы, братка, маўчы! Зуб на зуб не трапляе, якi там смех...

Пачакаўшы крыху - усе пасажыры, гледзячы на нас, пачалi ратавацца ад холаду, падаставаўшы ўсё, што ў каго прыдатнага было. Адна кабета толькi засталася ў блюзачцы, а ў самой аж слёзы на вочы набеглi. У яе нiчога з сабой цёплага не было.

Не кажучы лiшняга слова, я дастаў сваю суконную коўдру, падаю ёй i кажу:

- Ахiнiся, даражэнькая!

Як яна дзякавала, як яна ўсцешылася, ахiнуўшыся тою коўдрай!

Тры бульбiнкi - дзве стравы

Трапны жарт, бадзёрасць духу можа памагчы тады, калi часовая нядоля ахiне чалавека...

У маiм асабiстым жыццi бывалi моманты вельмi добрыя, прыгожыя, бывалi i дужа цяжкiя, горкiя. Я неяк прызвычаiўся быў нiколi не танцаваць ад радасцi, а прыглядацца да яе, можа, гэта не сапраўдная радасць, а якое-небудзь ашуканства або падробка. Калi ж з'яўлялася да нас гора, я прыглядаўся таксама, цi няма ў iм добрага хоць крыху. Быць не можа, так думалася мне, каб гора цалкам было саткана з аднае змрочнасцi ды гаркаты. Хоць адна-дзве светлыя нiтачкi павiнны быць у гэтай тканiне.

I знаходзiлiся. Быў адзiн такi момант. Прыходжу дадому, а жонка мне цiхенька кажа:

- Засталiся ў нас тры бульбiнкi. Больш - анiчагуткi.

Сын, маленькi хлопчык, пачуў гэта i дадае:

- Адна цыбулiнка ёсць яшчэ ў нас!

Я адразу адказваю:

- Гэта ж цуд! Беларусы кажуць, што гора тады, калi нi цыбулькi, нi крышыць у што. А ў нас зараз будуць з усяго гэтага не адна, а дзве стравы!

I пачаў сам гатаваць абед. Адцадзiў адвар ад бульбы, пакрышыў цыбулiнку першая страва. З'елi па бульбiне - другая страва.

Тады мой сын, узяўшы вясёлы тон, дадаў:

- Яшчэ ёсць трэцяя страва - рот прапаласкаць...

Так мы паабедалi. На другi дзень з харчаваннем справа наладзiлася, з'явiлiся нават i трэцiя стравы. Так што рот паласкаць перайшло на чацвёртую...

Добрая кнiга дапамагла

Працаваў я ў райспажыўсаюзе, - канец лiпеня 1931 года. Са сваёй новай работай i абавязкамi азнаёмiўся хутка. Сяджу аднойчы, працую. Iдзе аднекуль наш старшыня. Зiрнуў я i аж спалохаўся: нельга пазнаць, з твару змянiўся, усхваляваны, вiдаць, бясконца. Не павiтаўшыся, прайшоў да сябе, у кабiнет. А ў мяне была тэрмiновая справа да яго. Заходжу. Сядзiць, маўчыць, а выгляд усё такi самы - дужа неспакойны.

Я маўчу пра паперу, з якой прыйшоў, а пытаюся:

- Скажыце, калi ласка, якая ў вас непрыемнасць здарылася? Цi не здолею я хоць чым-небудзь памагчы вам?

- А вы не чулi, што ўчора адбылося?

- Не, кажу, нiчога не чуў.

I вось што выявiлася. Наш гарадок быў ад чыгуначнай станцыi Кацельнiчы ў ста сарака кiламетрах. Сувязь падтрымлiвалася коньмi. Напрыклад, занаражалася трыста або чатырыста сялянскiх фурманак. Нагружалi iх лёнам, каноплевым валакном, збожжам, адным словам - усялякай сельскагаспадарчай прадукцыяй, i накiроўвалi на станцыю Кацельнiчы. Там усё гэта згружалася, а замест сельскагаспадарчай грузiлася на фурманкi прадукцыя прамысловая: жалеза, шкло, мануфактура. Улегцы фурманкi не хадзiлi, прывозiлi крамныя тавары. Але, як на тое лiха, прамысловасць перастала чамусьцi рабiць каламазь. Каламазi не было анiдзе. На такую вялiкую адлегласць, - ледзь не трыста кiламетраў, - ды з грузам фурманкi хадзiлi на нямазаных колах. А нездарма ж i прымаўка iснавала ў нас: "Пiшчыць, як нямазанае кола". А калi запiшчаць адразу тысяча або паўтары тысячы нямазаных колаў, што тады? Пякельны канцэрт нейкi, суцэльная какафонiя, не горш, чымсьцi некаторыя сучасныя музычныя творы "попмузыкi". Спрабавалi людзi рабiць нейкую сваю мазь, - каторыя шукалi дзёгаць, каторыя нават маслам мазалi, - нi таго дзёгцю, нi масла на ўсе колы не хапала. I вось аднойчы накiравалi ў Кацельнiчы аж чатыры сотнi фурманак, а каб яны не параз'язджалiся па сваiх вёсках выпадкова, адзiн нейкi мясцовы начальнiк у арганiзаваным парадку прагнаў фурманкi па цэнтральнай вулiцы горада на пагрузку. Ехаў такi абоз дужа доўга. I ўсе колы, кожнае на свой лад, пiшчалi. Атрымалася такая страшная музыка, што чутно было нават на ўскраiне горада. Зразумела, усе кiраўнiкi раёна абурылiся ў першую чаргу на гандлёвыя арганiзацыi: "Што вы робiце, чаму не можаце забяспечыць сялян каламаззю?"

Майму старшынi вызначылi тэрмiн, дужа кароткi, пасля якога, калi ён не дасць насельнiцтву каламазь - павiнен пашукаць сабе iншую работу.

Паслухаўшы пра гэту сумную i непрыемную гiсторыю, я падаў прапанову: паслаць агентаў i закупiць дзе каламазь, запатрабаваць ад вышэйшых гандлёвых арганiзацый. Старшыня мне адказаў:

- А вы думаеце, не пасылалi? Не пiсалi? Не прасiлi? Аж кленчылi перад тымi арганiзацыямi - нiчога не памагае, нiдзе гэтай каламазi няма.

- Тады, кажу, iншая справа. Будзем рабiць яе самi!

- А вы ўмееце рабiць?

- Не толькi не ўмею, але нават не ведаю, з чаго яе робяць.

- Дык як жа?

- Для гэтага iснуюць кнiгi. Зараз дамо маланку, - гэта былi такiя тэрмiновыя тэлеграмы, - у Маскву, у "Кнiгу - поштай" i папросiм, каб яны прыслалi нам адпаведную лiтаратуру.

Простая справа? Зусiм простая. Але вось уявiце сабе, што дужа часта многiя не даацэньваюць ролю кнiгi, пачынаюць адкрываць адкрытыя Амерыкi, замест таго каб праверыць у адпаведным падручнiку: што зроблена папярэднiкамi раней. А тут яшчэ, як на грэх, бывае, што i "Кнiга - поштай" не заўсёды акуратна адгукаецца на запытаннi. З уласнай практыкi апошнiх гадоў маю факты, калi толькi праз пяць-шэсць месяцаў выконвалiся мае ўласныя заказы адной правiнцыяльнай "Кнiга - поштай" i то, калi да iх зайшоў жыхар таго горада i настойлiва папрасiў выканаць заказанае... Але ж там - правiнцыяльная арганiзацыя. А я даў тэлеграму ў маскоўскую. Можаце ўявiць сабе, што праз двое сутак на трэцiя прыйшла пасылка з кнiгамi! Каб я ведаў прозвiшча таго добрасумленнага працаўнiка, яго трэба было б адзначыць для ўсеагульнага ведама! Той працаўнiк лiтаральна выратаваў i нашага старшыню, i нашу арганiзацыю, i наш конны транспарт. У пасылцы было шэсць кнiг. Усе яны - капiтальныя, фундаментальныя падручнiкi i тлумачаць, як арганiзаваць вялiкую каламазную вытворчасць, цэлыя заводы. Але адна з iх была самая маленькая, з назвай, надрукаванай на сiняй вокладцы белымi лiтарамi: "Как самому простейшим способом изготовить колесную мазь". Каштавала яна ўсяго трыццаць пяць капеек. I гэтая танюсенькая кнiжачка прынесла такую карысць!