Жылi мы вельмi добра, спакойна. Спалi ўсе на падлозе ў гасцiнай, а займалiся на кухнi. Тут стаяў вялiзны стол, было светла i цёпла ад добра складзенай печы: у яе шчыток быў наўкол, так што залазiць на печ можна было толькi ў адным месцы i на печы чалавек пачуваўся нiбы ў нейкай маленькай утульнай хатцы.

Стары гаспадар займаўся сваёй пазалотнiцкай працай днём, калi нас не было. Мы яму нi ў чым не перашкаджалi, хлопцы нашы былi добрыя, далiкатныя, i гаспадары былi намi дужа задаволены.

Калi ў нас здаралася вольная хвiлiна, мы прасiлi гаспадара паiграць нам на гiтары. Згаджаўся ён ахвотна. Мы былi задаволены яго канцэртамi, ад усяго сэрца дзякавалi яму, а ён быў задаволены, вiдаць, тым, што ўсё ж больш-менш культурныя хлопцы разумеюць, паважаюць i з сапраўднай пашанаю ставяцца да ягонага выканання.

Але вось стары гаспадар заўважыў, што я хутчэй за сваiх сяброў спраўляюся з падрыхтоўкай да чарговых заняткаў i пачынаю чытаць кнiгi.

А яму, як нi кажы, маркотна. Мы маўчым, гаспадыня, каб не перашкаджаць нам, маўчыць. Вось ён i пачаў мяне запрашаць:

- Давай згуляем у шашкi.

Я катэгарычна адмаўляюся:

- Што вы, што вы! Я буду з вамi гуляць у шашкi?! З чэмпiёнам?

А ён - згуляем ды згуляем.

I спакусiў ён так мяне пачаць з iм гуляць у шашкi. Гулялi мы моўчкi, толькi шашка стукне па дошчачцы калi, а гульня нiяк не перашкаджала маiм сябрам у iхнiх занятках.

Трэба было зiрнуць, пацiкавiцца, як ён са мной гуляў!

Праводзiў мяне ў дамкi, пасля - закрываў. Закрываў па дзве, па тры, па чатыры шашкi. Карацей i прасцей кажучы, ён гуляў са мной рыхтык так, як гуляе кот з мышкай, не даючы ёй нiякай магчымасцi пазбавiцца ягоных кiпцюроў.

Гуляем мы з iм тыдзень, два, гуляем мы з iм месяц, два. На трэцiм месяцы пачалi нашы партыi канчацца разыгранкамi - не перамагаў ён, не перамагаю я.

I вось блiзка каляд селi мы з iм гуляць. Згулялi партыю, i я ўзяў ды закрыў ягоную шашку. Выбегла на гэтае вiдовiшча гаспадыня, спынiлi свае заняткi мае сябры, ды ў голас:

- Гаспадар! Што гэта вы? Як гэта вы?!

Мой стары партнёр, самае сапраўднае прозвiшча якога было Бабаха, як бабахнуў кулаком па шашках, дык яны i пакацiлiся па ўсёй падлозе. Тут жа спавяшчае:

- Машэнства - i больш нiчога! Давай новую партыю.

Пачалi мы новую. Мае сябры i гаспадыня не адыходзяць. Кантроль! Скончылi мы нарэшце i гэтую партыю. Закрыў я зноў шашку. Вiнаваты, вiдаць, ва ўсiм далейшым мае сябры. Яны зноў, у адзiн голас:

- Га-га-га! Ды што ж гэта за такое?!

А гаспадар, - так яго самалюбства за старое сэрца ўзяло, - схапiў нож, якiм золата рэзаў для пазалоты сваёй, ды з гэтым нажом на мяне.

Я ад нечаканкi i спалохаўся i разгубiўся. Замест таго каб выскачыць з кухнi на панадворак, ускочыў на печ. А печ жа iхняя, як я ўжо казаў, нiбы пастка якая. Жонка, хлопцы чалавека за ногi трымаюць. А ён толькi адно паўтарае:

- Зарэжу!

Ледзь-ледзь угаварылi яго i адвялi ў спальню. Я ўсю ноч не спаў, баяўся. Днём, пасля заняткаў, знайшоў сабе новую кватэру, прыйшоў на старую толькi разрахавацца ды забраць свае сцiплыя рэчы. Гаспадыня, ды i сам гаспадар прасiлi мяне застацца. Я расчулiўся, пашкадаваў старога i сказаў:

- Я не гневаюся на вас, гэта няпраўда, што я з-за шашак якiх ад вас адыходжу. Я знайшоў кватэру побач самой семiнарыi, бо ў мяне дужа кепскi абутак, а вулiцы гразкiя.

Прыходзiў пасля разы са два ў госцi да iх, да хлопцаў. Але з таго дня больш нiколi i нi з кiм за ўсё сваё жыццё не гуляў нi ў шашкi, нi ў шахматы.

Бабулiна фiсгармонiя

Наш настаўнiк даў тэму для сачынення - "Мае самыя дарагiя ўспамiны".

Зусiм нядаўна мы, трыццаць шэсць юнакоў, вытрымалi сапраўдны бой уступныя экзамены ў настаўнiцкую семiнарыю. Бой быў цяжкi: на кожнае месца чатыры кандыдаты. Цяпер гордыя сваёй перамогай, мы павiнны пацвердзiць зноў, што настаўнiкi не памылiлiся, прыняўшы менавiта нас, што мы можам складна i прыгожа выказваць свае думкi, самыя задушэўныя.

Трыццаць шэсць хлопцаў, трыццаць шэсць розных беларускiх куточкаў, розных вёсак, краявiдаў! Ды такая тэма! Тут не можа быць, каб хто i хацеў, нiякага падабенства.

Так яно i сталася. Напiсалi ўсе па-рознаму. Хто - пра бацькоў, хто - пра першае знаёмства з горадам, пра любiмую кнiгу, пра шчырых сяброў. Адзiн наш хлопец, Мiхась, родам з Навагрудчыны, напiсаў пра музыку, якую слухаў у бабулiнай хаце.

Расказаў ён пра бабулiну сядзiбу, цудоўны сад, бэзавыя альтанкi, салаўiныя спевы, сардэчнасць старэнькай бабулi. А больш за ўсё i прыгажэй за ўсё пра тое, як стройна, дзiвосна iграла яна на фiсгармонii розныя песнi i розныя музычныя творы выдатных кампазiтараў. У свае дзявочыя гады была тая бабуля пакаёўкай у багатай панi i навучылася iграць тады, калi вучылi паненку. Паненка не мела нiякай здольнасцi да музыкi, а ў пакаёўкi такая здольнасць была ды яшчэ - выдатны музычны слых. Настаўнiк перадаў ёй за кароткi час тое, чаго нiяк не мог перадаць паненцы...

Калi пакаёўка выходзiла замуж, старая панi, расчулiўшыся з такой падзеi, запыталася:

- Якi ж бы ты хацела атрымаць ад мяне падарунак на вяселле?

Яна думала, што маладая папросiць грошай або карову, але пачула нечаканае:

- Панечка! Фiсгармонiю!

Дужа здзiвiлася панi: якраз тады пачалi з'яўляцца пiянiна i раялi, а фiсгармонii выходзiлi з моды. Так i паехала фiсгармонiя ў сялянскую хату. Так i дажыла да бабулiных старых гадоў. Навучылася, праўда, iграць на ёй i Мiхасёва матка, але бабуля трымала iнструмент пакуль што ў сябе. Дзiва што: дочкi замуж павыляталi, дык хоць музыка ў хаце засталася, дапаможа смутак калi развеяць... Вось i iграла бабуля сваiм унучкам i ўнукам, калi тыя прыходзiлi ў госцi, жывучы ў блiзкiх вёсках.

Напiсаў Мiхась сваё сачыненне так складна, так прыгожа, што настаўнiк сам прачытаў яго перад усiм класам. Гэта была большая ўзнагарода, чымсьцi пастаўленая чырвоным атрамантам пяцёрка.

У Мiхася на твары была сцiплая радасць. Здавалася, што ён сваiмi думкамi лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе, слухае пявучыя акорды. Ды i многiя з нас у сваiм уяўленнi бачылi так добра i выразна намаляваны Мiхасём утульны куточак!

I вось на перапынку падаў свой голас наш аднакласнiк Цыпрук, якому паставiлi тройку.

- Гэй ты, бабулiна фiсгармонiя! А я паставiў бы табе тройку, а не пяцёрку. Падумаеш! Музыкай бабуля займаецца! Мая бабуля дапамагае бацьку кiлбасы рабiць на продаж, машыну круцiць. Гэта больш каштоўная музыка!..