Дык вось як было i былося.

Першая сусветная вайна, пачаўшыся ў 1914 годзе, загрузла ў нашых беларускiх балотах, пушчах, ля нашых азёр i рэчак. Па адным баку стаялi немцы, па другiм стаялi расейцы.

Увосень 1915 года дачуўся я, што наша настаўнiцкая семiнарыя пераехала з Новай Вiлейкi, паблiзу самой Вiльнi, у горад Невель, за Полацкам, i мне трэба туды з'явiцца. Бацька праз людзей даведаўся, што ехаць нам цяпер можна толькi на станцыю Парафiянава, бо папярэднiя нашы станцыi пазаймалi немцы.

Запрог бацька буланага конiка, паставiў мой кош з кнiгамi i вопраткай. Пакланiўся нiзенька я роднай матулi ды родным мясцiнам, i мы паехалi.

Як ехалi праз разбураныя вёскi, спаленыя, пакрышаныя снарадамi лясы - не буду казаць, бо гэта ўсё вядома i старым i малым у Беларусi. Многiя пазналi яшчэ большае гора i яшчэ большы жах у часе другой вайны. Як бы, кажу, нi ехалi, але прыехалi мы на станцыю Парафiянава.

Начальнiк станцыi сядзеў у нейкiм вагоне. Там была i чыгуначная апаратура. Паказалi мы яму свае паперы.

- Усё, кажа, дужа добра. Паперы таксама добрыя. Але бяда ў тым, што на паперах ехаць нельга, а ў нас цягнiкi не ходзяць, таксама нельга ехаць.

Давай мы яго прасiць, давай малiць:

- Пасадзiце хоць на якi паравiк, на дровы.

А людзi добрыя ёсць на ўсiм свеце, i нямала добрых людзей. Iх нават удвая, калi не ўтрая больш, чым дрэнных.

На наша шчасце, начальнiк на станцыi Парафiянава быў чалавек добры. Ну, здавалася б, што для яго я, нейкi хлопец вясковы, калi тут трэба iмперыю ратаваць i нiхто не можа ўратаваць. Тым не меш, ён паспагадаў мне i майму тату ды i кажа:

- Адзiнае, што я зраблю, гэта вось што. Зараз iдзе да нас i пойдзе да Полацка спалены снарадамi цягнiк. Павiнен ён iсцi, як царскi цягнiк: нiдзе не спыняючыся нi на адну хвiлiну. Дык я яго затрымаю. Скажу, што перагон заняты. А вы тады адразу лаштуйцеся. Толькi памятайце, нiводнага кавалачка дрэва на iм няма: усё згарэла. Папярэджваю, вы рызыкуеце: час асеннi, халепа, машынiст пагонiць так, што вецер толькi будзе свiстаць. Можна i звалiцца, можна i застудзiцца.

Падзякавалi мы начальнiку, пайшлi, падвалаклi пару доўгiх дошак, каб было што пакласцi на жалеза, дроту, каб было чым прывязаць, i чакаем.

Прыходзiць цягнiк. Доўгi, што вокам не скiнеш. Мы адразу дошкi на адну раму паўскiдалi, бацька дротам папрыкручваў, мой багаж вяроўкай да дошак прымацавалi. Застаюся адзiн я.

- Звалiшся, сынок, - кажа бацька. - На першай мiлi пад калёсы трапiш. Хоць здымай назад багаж... - Пастаяў, пастаяў бацька. А думаць доўга няма часу. Сядай, сынок.

Сеў я. Узяў тата сваёй рукою i прывязаў мяне вяроўкай да тых жа дошак i жалеза. Толькi паказаў, як у выпадку якога страху хутчэй адвязацца. Развiтаўся са мной. А тут i цягнiк пачаў адыходзiць.

Правiльна сказаў нам начальнiк станцыi: iшоў гэты цягнiк сапраўды, як царскi, - бачыў я, як яны iдуць нават праз станцыю. Добра, што я башлык на галаву завязаў, а то i твар памарозiў бы зусiм i вушы. Халепа страшная была, секла, ды яшчэ з ветрам.

Як бы нi было, даехаў я да Полацка. А там - другое гора: цягнiк спынiўся ледзьве не за мiлю ад станцыi.

Прыйшлося мне, пачапiўшы на плечы свой багаж i ўзяўшы ў рукi кiй, iсцi пехатой. Памаленьку дайшоў, а там i да свайго Невеля даехаў.

Пан i мужык

Пажыўшы ў ямах летам, мы пераканалiся, што да зiмы вайна не скончыцца. Забраўшы ўсю сям'ю, бацька выехаў у Маскву. Кватэру, адзiн вялiзны пакой, знайшоў хутка. Цяпер трэба было здабываць сродкi, каб жыць. Пакуль знойдзецца работа, бацька пайшоў у бежанскi камiтэт. Там, дачуўся ён, даюць грашовую дапамогу ахвярам вайны, бедным выгнанцам. На ўсякi выпадак тата ўзяў з сабой i мяне, бо я прыехаў якраз на вакацыi з Невеля. Прыйшлi мы з iм у камiтэт. Толькi чыноўнiк запытаўся ў нас: хто, чаго - як у пакой зайшоў нейкi пан у капелюшы, з лясачкай.

Чыноўнiк адразу спынiў гутарку з намi, устаў, запрасiў новага наведвальнiка сесцi i пачаў пiсаць. Пачулi мы, што гэта сапраўды пан, што ў яго за лiнiяй фронту застаўся невялiчкi маёнтак, а ўсёй сям'i - ён i жонка.

Чыноўнiк запiсаў i сказаў:

- Вам прызначаецца штомесячная дапамога пяцьдзесят рублёў. Вось адпаведны дакумент.

Пан падзякаваў i выйшаў з пакоя. Бацька толькi паспеў мне шапнуць:

- На дзве душы паўсотнi. Нам будзе, мабыць, уся сотня.

Чыноўнiк пачаў запаўняць лiст на нашу сям'ю. Сесцi ён майму тату не запрапанаваў. Пытаўся грубавата:

- Колькi дзяцей пры вас? Пяцёра? Ды яшчэ сам i жонка? Сем душ? Акалечана правая рука? Што яшчэ? Усё? - Вось дакумент. Будзеце атрымлiваць дзесяць рублёў на месяц...

Бацька зусiм збянтэжыўся.

- Ды як жа? Цi не памылiлiся вы? Чаму ж так мала...

- Я нiколi не памыляюся. Што табе незразумела?

- Ды вось перада мной быў чалавек - вы яму на дзве душы запiсалi пяцьдзесят рублёў, а мне на сем душ - дзесяць.

- Стары дурань! Зразумей добра: то - пан, а ты - мужык. Табе i дзесяць рублёў няварта даваць. А цяпер - марш адгэтуль, а то i гэты загад адбяру...

Так мы i прамаршыравалi па ўсходках, азiраючыся, цi не даганяе нас чыноўнiк адбiраць дзесяцiрублёвы загад...

Iдучы вулiцай, бацька пытаўся сам у сябе:

"Цi дачакаемся мы таго, каб не было падзелу на лепшых i горшых, на паноў i мужыкоў?"

Дачакалiся...

Буланы конь

У нашай сям'i чамусьцi думалi, што конi ў нас могуць весцiся толькi вараной масцi. Больш, казаў тата, нiякая масць у нас не вядзецца: то хварэць пачынае, то так якое няшчасце здарыцца. Колькi я сябе помню, у нас былi толькi вараныя конi. Апошнi перад самай вайной быў наш уласны гадаванец, узяты яшчэ жарабяткам. Рос ён, можна сказаць, разам з намi, ведаў нас усiх, асцерагаўся, каб не ступiць сваiм капытом на каторага малога, цярплiва ставiўся да ўсiх нашых гарэзных жартаў: заплятання яму хваста ў косы або яшчэ чаго падобнага. Быў ён дужы, цярплiвы. Вазiў вазы вялiкiя, асаблiва тады, калi пайшлi ў нас панарады-калёсы на жалезных восях.

Былi мы iм усе задаволены i толькi iмкнулiся, каб i ён быў задаволены. Наносiлi мы поўныя вышкi асенняга лiсця, якое дадавалася на подсцiл яму i каровам, здабывалi кантрабандай канюшыны ўлетку, нажынаючы яе сярпом. Адным словам, як маглi - дзякавалi за шчырую працу. Улетку вадзiлi час ад часу на рэчку, дзе купалi, мылi, зiмой чысцiлi шчоткамi.

I вось прыйшла вайна. Падкацiлiся яе мутныя хвалi да нашых зацiшных куточкаў. З'явiлася на тых хвалях розная шума несусветная, усялякiя фуражыры-драпежнiкi, якiя бралi ў сялян i пошар, i конi пад шарлатанскiя распiскi, фiлькавы граматы, карыстаючыся ўласцiвым для вайны бязладдзем, безначаллем. Забралi i ў нас каня, з ходу: