Я думаю, што нават самы пануры чалавек не стрымаўся б ад усмешкi, каб убачыў мяне з маiм сямействам за абедзенным сталом. На галоўным месцы сядзеў я, кароль i ўладар выспы, якi поўнаўладна распараджаўся жыццём усiх сваiх падданых: я мог караць i мiлаваць, дараваць i адбiраць волю, i сярод маiх падданых не было нiводнага бунтаўшчыка.

Трэба было бачыць, з якой каралеўскай пышнасцю я абедаў адзiн, акружаны маiмi прыдворнымi. Толькi Попку, пястуну, дазвалялася размаўляць са мной. Сабака, якi даўно ўжо састарыўся, садзiўся заўсёды з правай рукi свайго ўладара, а злева сядалi каты, чакаючы падачкi з маiх уласных рук. Такая падачка лiчылася знакам асаблiвай каралеўскай мiласцi.

Гэта былi не тыя каты, якiх я прывёз з карабля. Тыя даўно памерлi, i я сам пахаваў iх непадалёк ад свайго жытла. Адна кошка ўжо на выспе акацiлася; я пакiнуў у сябе двое кацянят, i яны выраслi ручнымi, а астатнiя збеглi ў лес i здзiчэлi. Паступова на выспе распладзiлася такое мноства катоў, што ад iх не было адбою: яны лазiлi да мяне ў кладоўку, цягалi правiзiю i пакiнулi мяне ў спакоi толькi тады, калi я прыстрэлiў двух цi трох.

Паўтараю: я жыў сапраўдным каралём, нi ў чым не маючы патрэбы; вакол мяне заўсёды быў цэлы штат адданых мне прыдворных - не было толькi людзей. Аднак, як убачыць чытач, неўзабаве прыйшоў час, калi ў маiх уладаннях з'явiлася нават вельмi многа людзей.

Я цвёрда вырашыў нiколi больш не распачынаць небяспечных марскiх падарожжаў, i ўсё роўна мне вельмi хацелася мець пад рукамi лодку - хаця б для таго, каб плаваць на ёй каля самага берага. Я часта думаў пра тое, як бы мне перавесцi яе на той бок выспы, дзе была мая пячора. Але, разумеючы, што ажыццявiць гэты план цяжка, кожны раз я супакойваў сябе тым, што мне добра i без лодкi.

Аднак, сам не ведаю чаму, мяне вельмi цягнула да тае горкi, куды я ўзбiраўся ў час мае апошняе паездкi. Мне хацелася яшчэ раз паглядзець адтуль, якiя абрысы берагоў i куды накiроўваецца цячэнне. У рэшце рэшт я не вытрымаў i падаўся ў дарогу - на гэты раз пехатой, уздоўж берага.

Калi б у нас, у Ангельшчыне, з'явiўся чалавек у такой адзежы, якая была на мне ў той час, усе прахожыя, я ўпэўнены, разбеглiся б ад страху або пакацiлiся б са смеху; ды i сам я не раз, гледзячы на сябе, мiжвольна ўсмiхаўся, уяўляючы сабе, як я шпацырую па родным Йоркшыры з такой свiтай i ў такiм убраннi.

На галаве ў мяне ўзвышалася спiчастая няўклюдная шапка з казiнага футра. Яна спаўзала мне на патылiцу, каб прыкрываць маю шыю ад сонца, а ў час дажджу не даваць вадзе лiцца за каўнер. У гарачым клiмаце няма нiчога больш шкоднага, чым дождж, якi трапляе за адзежу на голае цела.

Затым на мне быў доўгi камзол з таго ж матэрыялу, амаль да каленяў. Штаны былi са скуры вельмi старога казла з такой доўгай поўсцю, што яны закрывалi мне ногi амаль да паловы лытак. Панчох у мяне зусiм не было, а замест чаравiкаў я змайстраваў сабе - не ведаю, як i назваць, - боты не боты з доўгiмi шнуркамi, якiя завязвалiся збоку. Абутак гэты быў вельмi дзiўны, як, зрэшты, i ўсё астатняе маё ўбранне.

Камзол я падпярэзваў шырокай папругай з казiнай скуры; спронжку мне замянiлi два шкурацiкi, а з бакоў я прышыў па пятлi - не шпагу i кiнжал насiць, а для пiлы i сякеры.

Апрача таго, я надзяваў скураную перавязь цераз плячо з такiмi ж засцежкамi, як i на папрузе, толькi крыху вузейшымi. Да гэтай перавязi я прымацоўваў дзве сумкi так, каб яны знаходзiлiся пад левай рукой: у адной быў порах, у другой шрот. За спiною ў мяне вiсела карзiна, за плячыма стрэльба, а над галавою - вялiзны футравы парасон. Парасон быў брыдкi, але ён быў, бадай, самай неабходнай прыналежнасцю пры маiх дарожных зборах. Больш патрэбная за парасон - была хiба толькi стрэльба.

Колерам твару я найменш, чым можна было чакаць, нагадваў негра, улiчваючы тое, што я жыў непадалёк ад экватара i нiколькi не баяўся загару.

Спачатку я адпусцiў сабе бараду. Барада вырасла непамернай даўжынi. Потым я пагалiў яе, пакiнуўшы толькi вусы; але затое вусы выгадаваў незвычайныя, сапраўдныя турэцкiя. Яны былi такой страшэннай даўжынi, што ў Ангельшчыне палохалi б прахожых.

Але пра ўсё гэта я зазначаю мiж iншым: не надта многа было на выспе гледачоў, якiя маглi б захапляцца маiм тварам i паставай, - дык цi не ўсё роўна, якая была ў мяне знешнасць! Я загаварыў пра яе проста таму, што прыйшлося да слова, i больш ужо не буду весцi гаворкi на гэту тэму.

РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

Нечаканая трывога. - Рабiнзон умацоўвае сваё жытло.

Неўзабаве адбылася падзея, якая рашуча парушыла спакойнае цячэнне майго жыцця.

Было пад поўдзень. Я iшоў берагам мора, накiроўваючыся да свае лодкi, i раптам, на вялiкае здзiўленне i жах, убачыў на пяску выразны след босай чалавечай нагi!

Я спынiўся i не мог крануцца з месца, як быццам мяне ўдарыла громам, як быццам я ўбачыў здань.

Я пачаў прыслухоўвацца, я азiраўся навокал, але не чуў i не бачыў нiчога падазронага.

Я ўзбег наверх па ўзбярэжнаму схiлу, каб лепш агледзець увесь краявiд; зноў спусцiўся да мора, прайшоў уздоўж берага - i нiдзе не знайшоў нiчога: нiякiх прыкмет прысутнасцi людзей, апрача гэтага адзiнага адбiтка нагi.

Я вярнуўся яшчэ раз на тое ж месца. Мне хацелася даведацца, цi няма там яшчэ адбiткаў. Але другiх адбiткаў не было. Магчыма, мне здалося? Магчыма, гэты след не належаў чалавеку? Не, я не памылiўся! Гэты быў несумненна след нагi чалавека: я выразна адрознiў пяту, пальцы, падэшву. Адкуль тут узяўся чалавек? Як ён сюды трапiў? Я губляўся ў здагадках i не мог спынiцца нi на чым пэўным.

Страшэнна растрывожаны, не чуючы зямлi пад нагамi, заспяшаўся я дадому, у сваю крэпасць. Думкi блыталiся ў маёй галаве.

Праз кожныя два-тры крокi я азiраўся. Я баяўся кожнага куста, кожнага дрэва. Кожны пень здалёку я прымаў за чалавека.

Немагчыма апiсаць, якую нечаканую i палахлiвую форму набывалi раптам усе рэчы ў маiм узбуджаным уяўленнi, якiя дзiкiя фантастычныя думкi хвалявалi мяне ў той момант i якiя бязглуздыя намеры прыходзiлi мне ў галаву па дарозе.

Дабраўшыся да свае крэпасцi (так я пачаў з таго дня называць сваё жытло), я iмгненна апынуўся за агароджай, нiбыта за мною гналася пагоня.

Я нават не мог успомнiць, пералез я цераз агароджу прыстаўнымi лескамi, як заўсёды, цi зайшоў праз дзверы, гэта значыць знадворным праходам, якi я выкапаў у гары. Я i на другi дзень не здолеў прыпомнiць гэтага.