Змучаны доўгiм веславаннем, я спаў такiм моцным сном, што не адразу здолеў абудзiцца, i мне доўгi час здавалася, што я чую гэты голас у сне.

Але крык настойлiва паўтараўся:

- Робiн Круза! Робiн Круза!

Нарэшце я прачнуўся i зразумеў, дзе я. Першым маiм пачуццём быў жахлiвы страх. Я ўсхапiўся, дзiка азiраючыся вакол, i раптам узняў галаву i ўбачыў на агароджы свайго папугая.

Вядома, я адразу ж здагадаўся, што гэта ён i выкрыкваў гэтыя словы: дакладна такiм жа жаласным голасам я сам часта казаў пры iм гэтыя словы, i ён добра iх завучыў. Сядзе, бывала, мне на палец, наблiзiць дзюбу да майго твару i пачынае паныла паўтараць: "Бедны Рабiнзон Круза! Дзе ты быў i куды ты трапiў?"

Але нават упэўнiўшыся, што гэта быў папугай, i, разумеючы, што, апрача папугая, тут няма каму быць, я яшчэ доўга не мог супакоiцца.

Я зусiм не разумеў, як ён, па-першае, трапiў на маё лецiшча, па-другое, чаму ён прыляцеў менавiта сюды, а не ў iншае месца.

Але таму, што ў мяне не было нiякага сумнення, што гэта ён, мой верны Попка, я паклiкаў яго i працягнуў яму руку. Гаманкая птушка адразу ж села мне на палец i паўтарыла зноў:

- Бедны Рабiнзон Круза! Куды ты трапiў?

Попка нiбыта радаваўся, што зноў бачыць мяне. Пакiдаючы будан, я пасадзiў яго на плячук i панёс з сабою.

Непрыемныя прыгоды маёй марской экспедыцыi надоўга адбiлi ў мяне ахвоту плаваць морам, i многа дзён успамiнаў я пра тую небяспеку, якая пагражала мне, калi мяне несла ў акiян.

Вядома, добра было б мець лодку на гэтым баку выспы, блiжэй да майго дома, але як прывесцi яе адтуль, дзе я пакiнуў яе? Абагнуць маю выспу з усходу толькi ад аднае думкi пра гэта ў мяне сцiскалася сэрца i стыла кроў. Што там робiцца, на другiм баку выспы, я не меў нiякага ўяўлення. А што, калi цячэнне i з таго боку гэтакае ж iмклiвае, як i з гэтага? Хiба не можа яно шпурнуць мяне на ўзбярэжныя скалы з той жа сiлай, з якою другое цячэнне зносiла мяне ў адкрытае мора? Адным словам, хоць на пабудову гэтай лодкi i спуск яе на ваду я паклаў i нямала сiлы, аднак я вырашыў, што ўсё ж лепей застацца без лодкi, чым рызыкаваць праз яе жыццём.

Трэба сказаць, што цяпер я ўжо добра налаўчыўся ва ўсiх ручных работах, якiх патрабавалi ўмовы майго жыцця. Калi я адразу апынуўся на выспе, я не ўмеў трымаць сякеры ў руках, а цяпер, пры выпадку, я мог бы палiчыцца неблагiм цесляром, асаблiва калi ўзяць у разлiк тыя абставiны, што ў мяне было зусiм мала iнструментаў.

Я i ў ганчарнай справе (зусiм нечакана!) зрабiў прыкметны крок наперад: наладзiў станок з кругам, якi круцiўся. Таму работа мая стала i больш хуткай i лепшай: цяпер замест нязграбных вырабаў, на якiя не хацелася глядзець, у мяне атрымлiваўся зусiм прыстойны посуд даволi правiльнай формы.

Але нiколi я, здаецца, так не радаваўся i не ганарыўся сваiм вынаходнiцтвам, як у той дзень, калi мне ўдалося зрабiць люльку. Вядома, мая люлька мела першабытны выгляд - са звычайнай абпаленай глiны, як i ўсе мае ганчарныя вырабы, i атрымалася яна не вельмi прыгожая. Але яна была дастаткова моцная i добра прапускала дым, а галоўнае - гэта была ўсё-такi люлька, пра якую я столькi марыў, таму што прывык курыць з вельмi даўняга часу. На нашым караблi былi люлькi, але, перавозячы адтуль рэчы, я не ведаў, што на выспе расце тытунь, i вырашыў, што не варта iх браць.

Да гэтага часу я заўважыў, што мае запасы пораху пачынаюць прыкметна змяншацца. Гэта надзвычай устрывожыла i засмуцiла мяне, таму што новага не было дзе ўзяць. Што ж я рабiць буду, калi ў мяне выйдзе ўвесь порах? Як я тады буду паляваць на коз i птушак? Няўжо да канца сваiх дзён я застануся без мясной стравы?

РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

Рабiнзон прыручае коз

На адзiнаццатым годзе майго жыцця на выспе, калi порах у мяне пачаў канчацца, я пачаў сур'ёзна думаць, як бы знайсцi спосаб лавiць дзiкiх коз жывымi. Больш за ўсё мне хацелася злавiць матку з казлянятамi.

Спачатку я ставiў сiлкi, i козы нярэдка траплялi ў iх. Але мне ад гэтага было мала карысцi: козы з'ядалi прынаду, а потым разрывалi сiлкi i зусiм спакойна ўцякалi на волю. На жаль, у мяне не было дроту, i сiлкi даводзiлася рабiць вераўчаныя.

Тады я вырашыў пакапаць воўчыя ямы. Ведаючы мясцiны, дзе козы хадзiлi часцей за ўсё, я выкапаў там тры глыбокiя ямы, накрыў iх пляцёнкамi ўласнаручнай работы i паклаў на кожную пляцёнку ахапак каласоў рысу i ячменю. Хутка я ўпэўнiўся, што козы наведваюць мае ямы: каласы былi з'едзены i вакол былi вiдаць сляды казiных капытоў. Тады я прыдумаў сапраўдныя пасткi i на другi ж дзень знайшоў у адной яме вялiзнага старога казла, а ў другой трох казлянят: аднаго самца i дзвюх самак.

Старога казла я выпусцiў на волю, бо не ведаў, што з iм рабiць. Ён быў такi дзiкi i злосны, што ўзяць яго жывога было немагчыма (я баяўся зайсцi да яго ў яму), а забiваць яго не было патрэбы. Як толькi я падняў пляцёнку, ён выскачыў з ямы i прыпусцiў з усiх ног наўцёкi.

Пазней мне давялося ўпэўнiцца, што голад утаймоўвае нават iльвоў. Але тады я гэтага не ведаў. Калi б я прымусiў казла пагаладаць днi тры-чатыры, а потым прынёс яму вады i крыху каласоў, ён бы ўцiхамiрыўся i быў бы спакойны не горш за маiх казлянят.

Козы наогул вельмi разумныя i паслухмяныя. Калi з iмi добра абыходзiцца, iх зусiм не цяжка прыручыць.

Але, паўтараю, у той час я гэтага не ведаў. Выпусцiўшы казла, я падышоў да тае ямы, дзе сядзелi казляняты, выцягнуў iх усiх траiх па адным, звязаў разам вяроўкаю i ледзьве прывалок iх дадому.

Даволi доўга я не мог прымусiць iх есцi. Апрача малака мацi, яны яшчэ не ведалi iншай ежы. Але калi яны добра выгаладалiся, я кiнуў iм некалькi сакавiтых каласоў, i яны памалу ўзялiся за ежу. Неўзабаве яны прывыклi да мяне i зрабiлiся зусiм ручныя.

З таго часу я пачаў разводзiць коз. Мне хацелася, каб у мяне быў цэлы статак, таму што гэта быў адзiны сродак забяспечыць сябе мясам да таго часу, калi ў мяне скончыцца порах i шрот.

Гады праз паўтара ў мяне ўжо было не менш дванаццацi коз, лiчачы з казлянятамi, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я збудаваў пяць загароджаных загонаў; усе яны злучалiся памiж сабой варотцамi, каб можна было пераганяць коз з аднаго лужка на другi.

У мяне цяпер быў невычарпальны запас казiнага мяса i малака. Кажучы па шчырасцi, калi я толькi браўся разводзiць коз, я нават i не думаў пра малако. Толькi пазней я пачаў iх даiць.