Вядома, у гэтым клiмаце я здолеў бы хадзiць i голы. Але, калi на мне была адзежа, я лягчэй пераносiў спякоту. Ад пякучых промняў трапiчнага сонца на скуры заставалiся пухiры, кашуля ж баранiла яе ад сонца, i, апрача таго, мяне ахалоджваў рух паветра памiж кашуляй i целам. Не мог я таксама звыкнуць хадзiць на сонцы з голай галавой; кожны раз, як толькi я выходзiў без шапкi, у мяне пачынала балець галава.

Патрэбна было найлепш выкарыстаць тыя запасы адзежы, якiя ў мяне яшчэ заставалiся.

Перш за ўсё мне патрэбна была куртка; усе, якiя ў мяне былi дагэтуль, я знасiў. Таму я вырашыў паспрабаваць перашыць на курткi матроскiя бушлаты, якiя ўсё яшчэ ляжалi ў мяне без патрэбы. У такiх бушлатах матросы стаяць зiмовымi начамi на вахце.

I вось я ўзяўся за кравецтва! Кажучы шчыра, я быў даволi-такi няўдалы кравец, але, як там нi кажы, дзве цi тры курткi я ўсё ж сяк-так агораў.

На мой разлiк, iх павiнна было хапiць мне надоўга.

Пра першую ж маю спробу пашыць сабе штаны лепш i не казаць: скончылася яна сорамам i няўдачай.

Аднак неўзабаве пасля таго я вынайшаў новы спосаб апранацца i з таго часу не меў недахопу ў адзежы.

Справа ў тым, што ў мяне захавалiся шкуры ўсiх жывёл, на якiх я паляваў. Кожную шкуру я высушваў на сонцы, расцягнуўшы яе на жэрдках. Толькi спачатку я, не маючы практыкi, вельмi доўга трымаў iх на сонцы, i таму першыя шкуры былi такiя каляныя, што iх нельга было выкарыстаць. Затое астатнiя былi выдатныя. З iх я i пашыў перш за ўсё сабе вялiкую шапку поўсцю наверх, каб яна не баялася дажджу. Футравая шапка была такая ўдалая, што я вырашыў з такога ж матэрыялу змайстраваць сабе яшчэ i поўны гарнiтур, гэта значыць штаны i куртку. Штаны я пашыў кароткiя, да каленяў, i вельмi прасторныя; куртку таксама зрабiў вольную, таму што i тое i другое патрэбна было мне не так для цеплынi, як для таго, каб баранiцца ад сонца.

Мой крой i шытво, кажучы шчыра, не варты былi добрага слова. Цясляр я быў нiякi, а кравец - i яшчэ горшы. I тым не менш, мая адзежа, пашытая ўласнаручна, служыла мне як не трэба лепш, асаблiва калi мне здаралася выходзiць з дому ў дождж: уся вада сцякала па доўгай поўсцi, i я заставаўся зусiм сухi.

Пасля курткi i штаноў я надумаўся змайстраваць сабе парасон.

Я бачыў, як робяць парасоны ў Бразiлii. Там гарачыня такая страшэнная, што без парасона нельга абысцiся. А на маёй выспе было не халадней, наадварот, бадай, нават яшчэ гарачэй, таму што ён блiжэй да экватара. Хавацца ад гарачынi я не мог, большую частку свайго часу я праводзiў пад адкрытым небам. Неабходнасць прымушала мяне выходзiць з дому ў рознае надвор'е, а часам i падоўгу блукаць пад дажджом i сонцам. Адным словам, без парасона я быў як без рук.

Доўга я калупаўся i многа часу адабрала ў мяне гэта работа, перш чым здолеў змайстраваць нешта крыху падобнае на парасон. Разы два цi тры, калi я думаў, што ўжо дасягнуў мэты, у мяне атрымлiвалася такое непадабенства, што даводзiлася зноў пачынаць усё спачатку. Але ў рэшце рэшт я ўсё ж дабiўся свайго i зрабiў даволi прыстойны парасон. Справа ў тым, што я хацеў, каб ён раскрываўся i закрываўся, - у гэтым вось i была ўся загваздка. Вядома, зрабiць яго нерухомым было вельмi лёгка, але тады давялося б насiць яго заўсёды раскрытым, а гэта было нязручна. Як я ўжо сказаў, я адолеў i гэту цяжкасць, i мой парасон адкрываўся i закрываўся. Я нацягнуў на яго казiныя шкуры поўсцю наверх: дажджавая вада сцякала па поўсцi, як па нахiленай страсе, i самыя гарачыя сонечныя промнi не маглi пранiкнуць скрозь мой парасон.

З гэтым парасонам я не баяўся нiякага дажджу i не пакутаваў ад сонца нават у самае гарачае надвор'е.

Калi ён быў мне не патрэбны, я складваў яго i нёс пад пахай.

Так я i жыў на сваёй выспе, спакойны i задаволены.

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Рабiнзон будуе другую лодку, меншых памераў, i спрабуе аб'ехаць вакол выспы.

Мiнула яшчэ пяць гадоў, i за гэты час, як я памятаю, не адбылося нiчога асаблiвага.

Жыццё маё iшло па-ранейшаму - цiха i спакойна, жыў я на старым месцы, i па-ранейшаму ўвесь мой час быў у працы i на паляваннi.

Цяпер у мяне было ўжо столькi збожжа, што майго ўраджаю хапала мне на цэлы год; вiнаграду таксама было ўдосталь. Але з гэтай прычыны мне даводзiлася працаваць у лесе i ў полi яшчэ больш, чым раней.

Аднак галоўным маiм клопатам было збудаванне новай лодкi. На гэты раз я не толькi зрабiў лодку, але i спусцiў яе на ваду: я вывеў яе ў бухтачку па вузкiм канале, якi мне давялося выкапаць на працягу паўмiлi.

Першую сваю лодку, як ужо ведае чытач, я зрабiў такога велiзарнага памеру, што вымушаны быў пакiнуць яе на месцы пабудовы, як помнiк уласнай дурноце. Ён заўсёды нагадваў мне пра тое, што ў далейшым мне трэба быць больш разумным.

Цяпер я ўжо быў спрактыкаваны. Праўда, на гэты раз я збудаваў лодку амаль за паўмiлi ад вады, таму што блiжэй не знайшоў адпаведнага дрэва, але я быў упэўнены, што здолею спусцiць яе на ваду, бо бачыў, што справа, якую задумаў, гэтым разам была мне па сiле, i цвёрда вырашыў давесцi яе да канца. Амаль два гады пайшло ў мяне на збудаванне лодкi. Мне так страшэнна хацелася атрымаць нарэшце магчымасць плаваць па моры, што я не шкадаваў нiякае працы.

Трэба, аднак, заўважыць, што будаваў я гэту новую пiрогу зусiм не для таго, каб пакiнуць сваю выспу. З гэтай марай я даўно ўжо развiтаўся. Лодка была такая малая, што не было чаго i думаць пераплысцi на ёй сорак цi болей мiль, якiя ляжалi памiж маёй выспаю i мацярыком.

Цяпер у мяне была больш сцiплая мэта: аб'ехаць вакол выспы - i толькi. Я ўжо аднойчы пабываў на супрацьлеглым беразе, i адкрыццi, якiя я там зрабiў, так зацiкавiлi мяне, што мне яшчэ тады захацелася агледзець усё ўзбярэжжа, якое мяне акружала.

I вось цяпер, калi ў мяне з'явiлася лодка, я вырашыў, чаго б гэта нi каштавала, аб'ехаць сваю выспу морам. Перш чым рушыў у дарогу, я старанна падрыхтаваўся да свайго падарожжа. Я змайстраваў для свае лодкi невялiчкую мачту i пашыў такi ж невялiчкi ветразь з кавалкаў парусiны, якой у мяне было яшчэ дастаткова ў запасе.

Калi лодка была аснашчана, я выпрабаваў яе ход i ўпэўнiўся, што пад ветразем яна iдзе даволi прыстойна. Тады я прыбудаваў на карме i на носе невялiчкiя скрынкi, каб захаваць ад дажджу i хваль правiзiю, зарады i iншыя неабходныя мне рэчы, якiя я буду браць з сабой у дарогу. Для стрэльбы я выдзеўбаў у дне лодкi вузкi жолаб.