Плiнта быў сярэдняга росту худым бляндынам, зь сiнiмi вачыма, чырвоным носам, звычайна заўсёды цёмным ад загару. Гадоў меў больш сарака. Добра ведаў ангельскую мову й ведамi гэтымi дзялiўся з афiцэрамi ў Матэры на вячэрнiх лекцыях, што адбывалiся два разы ў тыдзень.

Нядзьвецкi й Апаля векам раўнялiся Плiнту. Абое мелi больш чым па паўтузiна медалёў. Былi першакласнымi п'янiцамi й распуснiкамi. Бальшыню часу пасьля заняткаў праводзiлi з алькаголем i жанчынамi.

III

Мiж вышэйменаваных вырознiваўся Рэмi Сварычэўскi. З паходжаньня быў сынам буйнога абшарнiка з-пад Люблiна. У войску быў ад пачатку Другой сусьветнай вайны. Ягоная вайсковая кар'ера ледзь ня скончылася пад П'едымонтэ, дзе "шэрман", каторым ён кiраваў, дастаў проста ў лоб снарад зь нямецкае "восемдзесят васьмёркi". Увесь экiпаж танка згарэў разам з машынай. Рэмi Сварычэўскi, цяжка ранены ў жывот й левы бок, выскачыў зь вежы i страцiў прытомнасьць. Ачуняў у амэрыканскiм палявым шпiталi. Восем месяцаў праляжаў у шпiталi ў Нэапалi. Працэс аздараўленьня быў надта цяжкi й марудны. Калi нарэшце Рэмi поўнасьцю вярнуў свае сiлы й знайшоў свой адзьдзел, даведаўся ад новага камандзера, што падхаронжы зьвязны Рэмi Сварычэўскi быў забiты пад П'едэмонтэ, а яго - быццам нейкае ўвасабленьне загiнуўшага гэроя, новы камандзер разглядаў зь цiкавасьцю. Пасьля, знайшоўшы ў адзьдзеле старых знаёмых i сяброў, Рэмi меў няменшыя цяжкасьцi, калi пробаваў давесьцi, што ён - гэта ён - Сварычэўскi, а ня хто iншы. Людзi дзiвiлiся й надзiвавацца не маглi, што сьвятой памяцi падхаронжы, па якiм даўно зрабiлi памiнкi й якога ў кнiгу гэрояў запiсалi, уваскрос i зноў па зямлi ходзiць.

Сварычэўскi быў высокiм, вельмi худым бляндынам. Меў падоўжаны твар i ясна-блакiтныя вочы. Нягледзячы на цяжкiя выпрабаваньнi лёсу - няволю, хваробы, раны (меў аж чатыры адзнакi за раны), быў заўсёды вясёлым, пагодным i жартаўлiвым. У пазьнейшых часах жыцьцё навучыўся бачыць праз прызму гумару. Казаў iншым, што так лягчэй было. I жарты ягоныя былi своеасаблiвымi.

- Чаму, - казаў Сымону, зь якiм найбольш зблiзiўся й пасябраваў, - газэта, што выходзiць удзень, завецца дзёньнiк, а тая, што зьяўляецца ўночы, не завецца ночнiк? Скажы мне, калега.

Або iншы жарт:

- Цi ты чуў аб чалавеку, якi прыйшоў у краму сядзеньне для туалета купляць ды настойваў, каб прымерыць ягоны размер?

Жарты Сварычэўскага былi ў бальшынi банальнымi, не належалi да тых, што можна было-б апавядаць у салонах, дзе захоўваюцца правiлы прыстойнасьцi. Важна тое, што выдумляў iх сам, не паўтараў звычайна чутае аднекуль цi ад некага (хоць i гэтага правiла не заўсёды трымаўся), але ўсё бачанае навокал стараўся прадстаўляць у жартаўлiвым сьвятле, у крывым, сьмешным люстэрку... Чалавек гэты мог некаму выдацца пустым, забаўным аж да дзяцiннасьцi, але гэта толькi таму, хто ня ўмеў глыбей заглянуць у людзкую душу. Фактычна Рэмi быў чалавекам паважным i ня скора адкрываў тайнiцы свайго характару. Адно Сымон добра пазнаў i ацанiў яго. Ад яго-ж i здабыў жартаўлiвы, навет цынiчны падыход да жыцьця. Паколькi жыцьцё было такiм цяжкiм, няпрыемным i амаль без надзеi на паправу, дык нашто тады дарэмна сабе галаву дурыць? Цi ня лепш падыходзiць да яго з гумарам i кпiнамi?

Сымон пачаў у некаторай меры датарноўваць прынцыпы Сварычэўскага да жыцьця. Пераканаўся неўзабаве, што так было лёгка й выгадна. У глыбiнi сэрца й душы, у лябiрынтах розуму заставалiся старыя летуценьнi, адчуваньнi, iмкненьнi, старыя асновы. Але надворны выгляд i павярховасьць натуры чалавека - гэта магло быць зусiм iншае. Хiба-ж ад размалёўкi шалупiны велiкоднага яйка зьмянялася спажыўнае нутро яго?

Рэмi Сварычэўскi любiў паэзiю, пераказваў шмат вершаў на памяць. Некалi ў бацькi была багатая бiблiятэка, й сын быў абазнаны з выдатнейшымi творамi сусьветнай лiтаратуры. На гэту тэму часта гаварыў з Сымонам. Творы й пiсьменьнiкаў таксама iлюстраваў па-свойму, часта дадаючы, творачы карыкатуры. У войску быў паважным жаўнерам i добрым падафiцэрам, але не належаў да службiстаў. Асабiсты гонар ставiў вышэй выслужваньня абы-каму дзеля павышэньня рангу. Хаця быў амаль беззаганным вайскавiком паводле здатнасьцi й паводзiн, дарогу да авансаў меў закрытую. Некалi здарыўся зь iм выпадак, што шмат сьведчыў ня толькi аб другой асобе, але перадусiм аб самым Сварычэўскiм.

Школу падхаронжых скончыў у 1942 годзе. Як падхаронжы часта заглядаў у афiцэрскае казiно. Было гэта яшчэ ў Афрыцы. Камандзер вайсковае базы, беспасярэднi начальнiк Сварычэўскага - палкоўнiк Друцкi - любiў пакпiць з маладых падхаронжых. Найлепшай для гэтага нагодай былi вечары ў афiцэрскiм казiно, дзе можна было выпiць, закусiць i пажартаваць. Сядзiць, бывала, палкоўнiк Друцкi зь iншымi афiцэрамi пры стале i заўважыць маладога падхаронжага. Бярэ са стала чарку цi шклянку й шпурляе ёю ў афiцэрскага навiчка. Калi той зловiць, на залi грымiць рогат i брава, насамперш i найвыразней чуваць грымотны бас Друцкага.

Маладыя падхаронжыя ведалi несамавiты жарт палкоўнiка i старалiся лавiць шпурляныя iм чаркi цi шклянкi. Але Рэмi ня лiчыў патрэбным выстаўляцца паслухмяным цюцькам. Аднойчы, калi ўвайшоў у казiно, а Друцкi, па прынятай прывычцы, шпурнуў у яго шкляной чаркай, Сварычэўскi навет не зварухнуўся, толькi з ледзь заўважнай усьмешкай зiрнуў пад ногi на разьбiтую чарку.

- Шчанё! - раўнуў, зачырванеўшыся, палкоўнiк Друцкi.

- Словы, якiмi я спадара палкоўнiка мог-бы назваць, у добрым асяродзьдзi ня могуць быць ужытыя, - адрэзаў Рэмi наўмысьля голасна, каб пачулi ўсе афiцэры, i, як быццам нiчога не сталася, сеў каля столiка й замовiў сабе выпiўку.

Гэты выпадак дорага каштаваў Сварычэўскаму, бо палкоўнiк у ягоным службовым сшытку напiсаў, мiж iншага, наступнае: "прадстаўляецца да авансу на афiцэра з моманту дэмабiлiзацыi". Не памаглi падхаронжаму i баявыя заслугi пад Монтэ Касыно, П'едэмонтэ i ў iншых месцах. Падафiцэрам так i застаўся.

Калi аднойчы Сымон выказаўся Сварычэўскаму, што ён не паляк, а беларус, то рэакцыя была самая непрадугледжаная.

- Кажаш, што ты беларус? Браце каханы, дык чаго-ж ты журышся, што ты беларус? Хiба-ж беларусы горшыя людзi за iншых?

- Я не журуся й вельмi далёкi ад думкi, што беларусы горшыя за iншых. Наадварот, я ганаруся...