- Зусiм слушна, калега, - стукнуў Сымона па плячы Рэмi, - кожны мусiць шанаваць свой нацыянальны й асабiсты гонар. Хiба-ж мы, палякi, лепшыя за iншых?

Сымон аднёсься да такiх словаў зь недаверам. Вось за час амаль двухгадовага побыту ў польскай армii першы раз пачуў нешта арыгiнальнае, зусiм пазбаўленае той пыхi, самалюбнай фальшы, наўмыснага выстаўляньня й падвышэньня сябе ды тых, як шкоты казалi, каралеўскiх манераў i кацiнае маралi. Амаль ня верыў сваiм вушам i дзеля таго наўмысьля прадоўжыў гутарку аб нацыянальнасьцях наогул ды аб беларускай у асаблiвасьцi. Быў вельмi задаволены, калi пазнаў, што Рэмi наскрозь розьнiўся ад iншых палякаў, ня меў тых агульных, вельмi характэрных для палякаў упярэджаньняў, нярэдка зьмешаных з хваравiтым шавiнiзмам i недаацэнкай усяго чужога. Наадварот, часта ў гутарках Рэмi крытыкаваў ня толькi вайсковую верхавiну. але наогул недахопы народнага характару. Спарыш, пераканаўшыся ў шчырасьцi Сварычэўскага й выдатных асаблiвасьцях ягонае натуры, палюбiў яго, i два падхаронжыя сталiся блiзкiмi сябрамi.

Колькi слоў варта прысьвяцiць i Тадзiку, шафёру паўтаратоннага "бэдфорда", прыдзеленага да зьвязу. Быў гэта ў сярэднiм веку вельмi языкаваты й спрактыкаваны чалавек, што нiколi не дазволiў нiкому бяз прычыны наступiць сабе на нагу. Хутка ўсьведамiў сабе, што ад ягонае аўтамашыны, а значыцца, насамперш ад яго, залежная была цэлая каманда зьвязу. Залежнасьць тая выяўлялася ў частых паездках для прыемнасьцi ў суседнiя гарады Плiнты, Апалi й iншых падхаронжых. Тадзiк ведаў усё пазавугольнае жыцьцё ў Матэры, Равене, Бары й iншых месцах. Будучы старым шафёрам i нядрэнным валацугам, маючы знаёмствы сярод iншых шафёраў, што ведалi ваколiцу i ўсе чорныя справы ў гарадах, мог вам ня толькi расказаць аб тым, дзе й калi магчымасьцi былi для раманаў, але назваць i шмат асобаў, падаць цэны на розных рынках. Сам жыцьцё вёў больш вольнае, чымся iншыя радавыя жаўнеры.

Аднойчы Тадзiк наўмысьля прадэманстраваў сваю вагу й незалежнасьць. Вязучы з Бары афiцэраў i падхаронжых, гнаў машыну вельмi хутка. Стрэлка лiчнiка даходзiла да пяцiдзесяцi мiляў. Маёр Дубiнскi, што сядзеў побач Капiнскага, спасьцярогшы гэта, сказаў шафёру, што, згодна з правiламi, нельга ехаць хутчэй чымся трыццаць мiль на гадзiну. Тадзiк зачырванеўся й нiчога не сказаў, але звольнiў да дваццацi пяцi мiляў на гадзiну й ехаў так цэлую дарогу, не зважаючы нi на пагрозы, нi на просьбы пасажыраў.

IV

Маёр Карпiнскi быў дзяцюком гадоў трыццацi пяцi, сярэдняга росту, чарнявым, фiзычна добра разьвiтым. Быў заўсёды лагоднае натуры. Мала сказаць, што Карпiнскi быў наскрозь франтавiком. Аб гэтым сьведчылi чатыры шэрагi берэтак розных мэдалёў на левай грудзiне: там вiдаць былi ўсе польскiя ордэны й некалькi ангельскiх, мiж iх - "Вiкторыя Крос" - найвышэйшы ангельскi ордэн за надзвычайныя ваенныя заслугi. Шмат цiкавага апавядалi аб прыгодах Карпiнскага на фронце. А вайны бачыў ён шмат у Афрыцы й Iталii. Нiколi не сядзеў ззаду. Пад'ехаўшы, бывала, з танкамi на пярэднюю лiнiю й затрымаўшы стальныя кракадзiлы, вылазiў i пехатою, сам або ўзяўшы на дапамогу каго са смялейшых, узброены "томсанам", гранатамi й параю пiсталетаў, падпаўзаў да самых нямецкiх умацаваньняў. У гэтыя моманты Карпiнскi чуўся як у сябе дома. Небясьпека, як выдавалася тым, што маглi сачыць яго ў баях, была самым лепшым ягоным спадарожнiкам. Любiў да немцаў заскочыць унеспадзеўкi, асаблiва тады, калi фронт быў плынны. Часта ўдавалася.

Гэтак, згодна апавяданьняў, у баях перад Анконай Карпiнскi ў лiку трафеяў здабыў нямецкую штабовую легкавую аўтамашыну. Таму, што тая была пашкоджаная й некалi было напраўляць, прывязаў яе да "шэрмана" й цягнуў яе па пыльнай дарозе. Прыйшоў загад затрымацца для перагрупоўкi. На недалёкiм фронце бесьперапынна грымелi гарматы. Адкуль нi ўзяўся палкоўнiк Заорскi. Ехаў ён на джыпе ў кiрунку фронту. Прывiтаўшыся з маёрам, вельмi зацiкавiўся аўтамашынай. Пахвалiўшы маёра за такую здабычу, сказаў:

- Пане маёр, нядрэнна было-б мець мне такi лiмузiн для собскай дыспазыцыi пад рукой.

Магчыма, Заорскi (ён меў сумлеўную славу баязьлiўца, пасьля стаў камандзерам цэнтра ў Матэры, а значыцца, й беспасярэднiм зьверхнiкам Карпiнскага) мяркаваў, што гэройскi маёр ахвяруе яму аўтамабiль. Вялiкае было ягонае расчараваньне. Карпiнскi, пацягнуўшы вiна з адкаркаванай ужо бiклажкi, паказаў у кiрунку фронту й сказаў:

- Пане палкоўнiк, там лiмузiны! - зь вялiкiм нацiскам на слова "там".

Заорскi, зачырванеўшыся, праглынуў сьлiну, а Карпiнскi, адсалютаваўшы, загадаў танкам ехаць далей.

Хоць Карпiнскi быў гэроем у поўным значэньнi слова, характару быў вельмi простага й даступнага. Зь iм мог пасябраваць кожны жаўнер, не важна якога рангу. Здольнасьцi ягоныя, адылi, найбольш выяўлялiся ў ваеншчыне, бо, прыкладна, калi бальшыня войска, будучы ў Iталii, сяк-так наламалася гаварыць па-iтальянску, веды маёра ў гэтай галiне абмяжоўвалiся пару дзесяткамi слоў. З ангельскаю мовай пазьней было яшчэ горш. Ордэнамi цi вялiкiмi заслугамi маёр анiчуць не ганарыўся. Аб гэтым няхай сьведчыць адзiн выпадак, якi варта прыгадаць, хаця й прыходзiцца забегчы наперад.

Пасьля вайны й дэмабiлiзацыi Карпiнскi працаваў на вялiкай фабрыцы ў Ангельшчыне. Працу меў самую простую - падмятаў фабрыку. Аднойчы ўласьнiк фабрыкi, даведаўшыся, што ў лiку ягоных работнiкаў ёсьць носьбiт "Вiкторыi Крос", адшукаў падмятайлу й зьвярнуўся да яго з такiмi словамi:

- Слухай, мне тут твае ўланы казалi, што маеш "Вiкторыю Крос". Мне здаецца, што падмятаньне зьневажае героя. Можа-б...

- Што ён кажа? - паклiкаў Карпiнскi паляка, што апынуўся ў суседзтве. Той растлумачыў.

Гэрой з-пад Монтэ Касыно, Тобрука й Анконы, абапёршыся на мятлу, усьмiхнуўся i адказаў ангельцу:

- Дзякую, сэр, але мне й падмятаць добра. Цяжка не працую. Калi-ж каму здаецца, што гэта неганаровае й панiжаючае, дык заўтра прыйду на працу, начапiўшы на грудзi ваш мэдаль. Можа, тады ўсе будуць адносiцца да мяне з пашанай.

Тыя, што прыслухоўвалiся збоку, асаблiва-ж пара палякаў, голасна зарагаталi. Адказ быў удалы й шматвымоўны ня толькi адносна самога носьбiта "Вiкторыi Крос", але перадусiм таго, як палякi чулiся пакрыўджанымi ангельцамi. Карпiнскi лiчыў, што калi ангельцам ня сорамна было ардэнаносца "Вiкторыi Крос" паставiць на працу зь мятлою ў руках, дык чаго-ж тады меў саромецца ён сам, нядаўна ўзнагароджаны й праслаўлены, а цяпер закiнуты на вычышчэньне ангельскiх iндустрыяльных сьметнiкаў.