- Ну, браце, - падскочыў да Сымона, выцягваючы руку, Дэмарчык, - дазволь павiншаваць цябе за такую сьмеласьць i бадзёрасьць.
- А ведаеш, - усьмiхнуўшыся й пацiснуўшы выцягнутую руку, сказаў Сымон, што я сказаў нешта зусiм супрацьлеглае сваiм паглядам. У нас, беларусаў, ёсьць такая прыказка: няхай таго пярун спалiць, хто сам сябе хвалiць.
- Але-ж ты сябе не хвалiў.
- Нельга сказаць, каб хвалiў. Зрэшты, я-б гэтага й не сказаў, калi-б Палiшэўскi быў аб'ектыўны. Ён выказаў сваю подласьць i яшчэ мае нахабства кусаць мяне, быццам той злы сабачка. Ягоная ацэнка да мяне ня прылiпне. Увесь курс ведае, што мяне наўмысьля пакрыўдзiў, толькi мо не жадае бачыць, што прычынаю - мая нацыянальнасьць.
- Маладзец! - захапляўся Дэмарчык. - За гэта, што яму сказаў, то ты поўнасьцю маладзец, маеш маё вялiкае прызнаньне.
- Па-беларуску маладзец, а па-польску ведаеш як? - жартаваў Сымон.
- Галоўнае, што гумару ня трацiш. За гэта люблю цябе, браце.
Назаўтра, пры вялiкай шумiсе, на галоўным абозным пляцы ў прысутнасьцi камандзера цэнтру палкоўнiка Мiхальскага раздавалi выпускнiкам восьмага курсу пасьведкi аб сканчэньнi Школы Падхаронжых. Сымон атрымаў пасведчаньне апошнi. Вечарам у абознай кавярнi адбыўся баль, на якi акрамя колькiх "пэстак" прыбылi й дзяўчаты з Фразэрбурга.
Спарыш у гэты дзень атрымаў другi нумар "Беларускiх Навiнаў" i быў iмi больш абрадаваны, чымся атрыманьнем пасьведкi з ваеннае школы. Гэткаму спалучэньню выпадкаў надаваў навет сымбалiчнае значэньне: клiкала яго свая родная грамада на выгнаньнi, да якой, пэўна, неўзабаве далучыцца.
III
На самым паўночным чубку Шатляндыi, над морам, на беразе пласкагор'я, ляжыць малое мястэчка Тэрсо, а на ўсход ад яго, кiлямэтраў на пяцьдзесят воддаль - Вык. Адсюль вiдаць недалёкiя Аркнэйскiя абтокi. У часе вайны было там колькi вайсковых абозаў i лётнiшча - Скiтэн Арадром. Клiмат там надта нездаровы. Халодныя вятры амаль бесьперапынна дзьмуць з боку Грэнландыi, вольна гуляюць па неўраджайным узвышшы, дажджом i зольлю вечна дакучаючы мясцовым жыхарам.
Пасьля вайны памяшчалася там Шаснаццатая самастойная панцырная брыгада, у склад якой уваходзiлi чатырнаццаты, пяты й трэцi панцырныя палкi ды шаснаццаты полк драгунаў. У сакавiку 1946 года, калi новасьпечаныя падхаронжыя з Фразэрбурга, што належалi да Другога корпуса, прыехалi сюды на часовы побыт, каб чакаць на транспарт да сваiх адзiнак у Iталiю, шаснаццатая брыгада была ў працэсе поўнага раскладу. Хутчэй нагадвала банду людзей у вайсковай вопратцы, чымся войска. Дысцыплiны ўтрымаць было нельга. У гэты час варшаўскi камунiстычны ўрад пры дапамозе брытанскага ўраду лейбарыстаў стараўся ўплываць на жаўнераў, каб вярталiся на радзiму. Брытанскi мiнiстр замежных спраў Бэвiн iшоў Варшаве на руку й ад сябе заклiкаў палякаў, каб вярталiся.
Тыя, што пакаштавалi некалi жыцьця пад бальшавiцкай уладай, слухаць не хацелi гэтых заклiкаў. Адно палякi з заходнiх земляў, што ў бальшынi трапiлi сюды пасьля вайны з нямецкага "вермахта", масамi вярталiся дадому. Афiцэры iх не намаўлялi й не перашкаджалi. Ня было зарганiзаванай прапаганды, каб устрымаць адплыў людзей пад камунiстычную ўладу.
Дысцыплiна ў войску раўнялася нулю. Жаўнеры лаялi афiцэраў, пагражалi, што калi ўсе вернуцца ў Польшчу, то iм - афiцэрам ня будзе чаго рабiць, кiм камандаваць i застануцца без вайсковага пайка. У шаснаццатым палку драгунаў здарыўся напад на сяржанта-харонжага, што быў сьмяротна ранены доўгiм нажом у плечы. Непаслухмянасьць вiдаць была на кожным кроку. Раней давалiся пропускi на водпуск у Францыю, але калi жаўнеры дэзэртавалi й больш не вярталiся ў свае адзiнкi, пропускi былi адмененыя. Службовыя сшыткi эскадронаў штодзённа перапоўненыя былi карнымi рапартамi. Афiцэры прытарноўвалi ангельскiя суровыя вайсковыя карныя правы. За непаслухмянасьць пакараны атрымаць мог да шасьцi месяцаў вайсковага лягеру зьняволеньня.
Умовы жыцьця ў абозах 16-й брыгады былi надта цяжкiмi. Да сталага дажджу й надворнае гразi далучалiся слабое харчаваньне (у той час уся Вялiкая Брытанiя жыла скупой картачнай сыстэмай) i маральная дэпрэсiя, няведамасьць будучынi. Нiхто ня дбаў аб агульным дабры, а кожны думаў над собскiм лёсам.
Пару тыдняў, што новыя падхаронжыя пражылi ў тых адзьдзелах, што распадалiся, былi для iх найбольш няпрыемнымi з часу побыту ў Ангельшчыне. Вестку аб выездзе ў Другi корпус у Iталiю сустрэлi зь вялiкай радасьцю. Каманда групай была даручана сяржанту-падхаронжаму Яворскаму, а школьныя водгукi аб выпускнiках, якiя трэба было даставiць у Другi корпус, - Юрыю Радзiвiлу. Мелi ехаць цягнiком з Выка ў Дувэр, а пасьля, пераехаўшы Ла-Манш, з Па-дэ-кале - цягнiком праз Францыю й Швайцарыю ў Iталiю. Выезд з Выка адбыўся першага красавiка ранiцою.
IV
- Апiнii*! Давайце паглядзiм апiнii! - запрапанаваў Шчуроўскi, калi, пакiнуўшы мглiстай ранiцай станцыю Вык, усе ўселiся ў вагоне. Радзiвiл зiрнуў перш на туга напакаваны, шырокi, паложаны на каленях канверт, пасьля запытальным позiркам акiнуў спадарожнiкаў. На канверце ня было пячаткi зь ляку. Быў звычайна заклеены. Пры добрым уменьнi можна было адклеiць так, што й знаку ня было-б.
* Тут - характарыстыкi.
- Давайце, пане Юры, давайце! - спанукалi iншыя.
- Я ня ведаю... мне даручана...
- Ну дык што-ж. Нiхто ведаць ня будзе.
- Давайце, пане Юры, ня будзьце-ж бабай.
- Але як-жа тут зручней далезьцi да iх? - у нерашучасьцi пытаўся "прынц".
- Я вам памагу! - i Шчуроўскi, ня пытаючыся болей, выхапiў з Радзiвiлавых рук тугi канверт ды пры дапамозе алавiка, пачаўшы з аднаго кута, асьцярожна пачаў адклейваць. Усе абступiлi яго.
- Бярыце, пане Юры, - аддаў назад "прынцу", - чытайце.
- Чыю найперш?
- Кожнаму сваю, й няхай сам чытае.
- Так не магу, бо парасьцягваеце й пасьля не пазьбiраю.
- Дык чыю?
- Можа, Спарышову, каб даведацца, чаму апошняе месца атрымаў.
- Так, давайце Спарышову.
Юры доўгiмi тонкiмi пальцамi выцягнуў Спарышоў сшытак i адгарнуў бачынку, дзе сьвежым яшчэ почыркам было напiсана колькi сказаў, што мелi стацца асноваю далейшае кар'еры беларускага юнака ў польскай армii.
Сымон, пазiраючы цераз плечы iншых, замянiўся ў слух. Навокал замоўклi.
- ..."недастаткова пiльны й зацiкаўлены вайсковымi справамi. Павольны, хваравiты й слаба вышкалены. Адчувае комплекс народнай нiжэйшасьцi. Прычыны веравызнаньне, нацыянальнасьць. Прыдатны на заступнiка камандзера зьвязу".