- А ты можаш? Што-ж, я сьляпы цi сягоньня нарадзiўся? Чаму вы, палякi, усе такiя эгаiсты й ня хочаце прызнаць навет вiдавочных рэчаў, а ўсё стараецеся бачыць праз прызму свайго, мэтазгоднага з нацыянальнымi задачамi, уяўленьня? Тут-жа ўсё ясна, як два дадаць два - чатыры. Кожнаму з вас навет недзе ўнутры сорамна за маёра, за наўмыснае крыўджаньне чужога. Але-ж ваш эгаiзм не дазваляе на прызнаньне мае слушнасьцi.
Гэтыя жалюгодныя спробы перакананьня Сымона, што ён пакрыўджаны ня з прычыны свае нацыянальнасьцi, на тым i скончылiся. Выпускнiкi восьмага курсу, што думалi над гэтым пытаньнем, вiдаць, поўнасьцю згаджалiся зь беларусам, але ўсё-ж ня мелi адвагi голасна сваёй згоды выказаць.
Доўга Сымон мяркаваў, што рабiць. Лiчыў, як пасьля шмат пазней даведаўся, зусiм слушна, што маёр Палiшэўскi, дазволiўшы яму скончыць школу, наважыў загарадзiць далейшую кар'еру ў польскай армii з прычыны нацыянальнасьцi. Можа, ня было-б так крыўдна, калi-б хлапец быў меншым патрыётам свайго народу. Але ягоны патрыятызм сягаў аж да фанатызму. На восьмым курсе ён лiчыў сябе ледзь не амбасадарам беларускага народу. Абарона й чысьцiня беларускага iмя перавышала ў яго навет асабiсты гонар i амбiцыi, якiя ставiў заўсёды на першым месцы. Учынак Палiшэўскага лiчыў ня менш чым за вялiкую зьнявагу й аплявуху беларускаму народу, а ня толькi самому сабе.
Прыйшоўшы да такога выснаву, стараўся мяркаваць, што далей рабiць. Мог адмовiцца ад прыняцьця ступенi падхаронжага й гэтым самым выратаваць свой асабiсты й нацыянальны гонар.
"Так, гэта надзвычайная думка, - згадзiўся зь iдэяй Спарыш, - няхай бачаць, сукiны сыны. Я iм пакажу, як зьневажаць. Так i быць! Адмоўлюся!" Ужо ўстаў i хацеў бегчы шукаць Палiшэўскага, каб паведамiць аб сваiм намеры, але ў апошнюю хвiлiну стрымаўся. "А што-ж я гэтым здабуду? - прыйшло раптам у галаву. - Добра, цяпер усе пабачаць маю асабiстую вартасьць, можа, навет пацiснуць руку за такую адвагу ў абароне нацыянальнага й асабiстага гонару, але-ж калi гэта ўсё разьедзецца й трапiць у адзьдзелы, дзе нiхто амаль ня будзе ведаць аб школьных ацэнках i аб Палiшэўскiм, дык чым-жа я застануся? Iзноў радавым? Iзноў кожны апошнi капрал будзе мной загадваць ды апошнi Антак стане стукаць па плячы запанiбрата? Неяк яно тут ня тое ўсьмiхаецца. I чаму, дарэчы, калi Палiшэўскi можа крывiць душой ды вызначаць некаму апошняе месца толькi таму, што ён iншае нацыянальнасьцi, чаму тады я не магу крышку скрывiць? Можа, ён якраз таго й спадзяецца? Напэўна, што так. Знае-ж мяне, сабака, нядрэнна. Мусiць, таго й чакае. А калi так, то скула ў бок. Вось наўмысьля не адмоўлюся й прыму. А там-жа ўжо пакажацца, што рабiць. Пэўна-ж, век у гэтай праклятай армii, сярод фальшывых людзей, служыць не давядзецца".
I чым больш думаў, тым больш узмацнялася злосьць i пагарда да карцёжнiка-каманданта. Думкай гэтай нi зь кiм не падзялiўся, толькi, замкнуўшыся ў сабе, калупаўся, рыхтуючыся да заўтрашнiх урачыстасьцей.
II
Рух у бараку ўжо амаль спынiўся. Выглянцаваная подлога сьвяцiла як люстра. Быў вечар. Навучэнцы восьмага курсу канчалi глянцаваць чаравiкi, спражкi, што ззьялi золатам, пасы, пераглядалi, цi ў парадку й цi чысты iншы рыштунак. Кожны зь нецярплiвасьцю чакаў заўтрашняга дня. Янкоўскi зь вялiкай асалодай песьцiў зрокам прышытыя на мундзiры свежыя сярэбраныя стужкi i ўяўляў сябе, пэўна, адмiралам. Хшаноўскi тайком выцягнуў зь кiшэнi здымак "боскай Марыськi" й распрамянiўся ўсмешкай. Самазадаволена гудзелi ў куце покернiкi. Паводле ацэнак усе яны трапiлi на пярэднiя месцы. Зьвязны Розмарэк яшчэ раз пераканаўся, што закулiсныя хады больш паплатныя, чымся франтавыя. Дэмарчык з задаваленьнем гудзеў пад носам "Сагару", а ў галаве маячылася цёпленькая ангельская ўдоўка й выпрабавальная будучыня ў "Iнтэлiджэнс Сэрвiс" ды памножаныя iм могiлкi ворагаў. Барак цiха й раўнамерна гудзеў, быццам той вуль пчолаў пасьля працавiтага гарачага летняга дня. Зацяты й гусьценькi, паганяны хуткiм ветрам шкоцкi дождж ёмка хлiстаў знадворку шыбы бараку. Каля нагрэтай печкi цёрлiся кадэты.
- Зва-а-а-жай! - загрымеў голас з ваколiцы дзьвярэй. Маёр Палiшэўскi, засопшыся, быццам паравоз, разам з дажджлiвым ветрам уварваўся ў барак i на момант спынiўся каля парога. Дваццаць тры пары вачэй упiлiся ў камандзера. Даць вольна! - загадаў маёр.
Кругленькая брухатая фiгурка пасоўвалася праходам мiж пасьцелямi, а маленькiя вочкi найперш папаўзлi па выглянцаванай падлозе, пасьля па пасьцелях, а ўжо потым пераскаквалi з твару на твар вучняў. Маёр затрымаўся каля печкi, пацёр рукi i, нешта буркнуўшы пра капрызную пагоду, пачаў пра заўтрашнi дзень.
- Глядзiце, каб усё прэзентавалася першага класу. Гэта для вас вялiкi дзень, i ня мушу паўтараць, што кожны з вас мае быць на сто працэнтаў у парадку. Што да ацэнаў, то курс скончыў зусiм добра, аднак можна было шмат лепш. Асаблiва-ж, - уталопiўся ён з грымасай у Сымона. - Спарыш i Марцiнкоўскi надта слаба выйшлi. Я спадзяваўся, што вы, браце, пастараецеся лепш. Слаба, надта-ж слаба.
Сымон стаяў каля свае пасьцелi, крокаў пяць воддаль ад печкi й нi на момант ня спускаў вачэй з маёра. Пры ягоным успамiне аб ацэнах хлапец зачырванеўся, а ў вачох засьвяцiўся злы агонь.
Маёр накiраваўся ў куток, дзе ў кучцы стаялi покернiкi, i замянiўся з iмi паўголасам колькiмi словамi. Iншыя абступiлi афiцэра, й адбылася кароткая гутарка аб заўтрашнiх урачыстасьцях ды аб вялiкiм выпускным балi, што вечарам меў адбыцца спэцыяльна для школы ў абознай кавярнi. Маёр накiраваўся павольным крокам да выхаду й спынiўся каля Сымона.
- А ты, Спарыш, яйцаў не маеш! - Тон быў фальшыва-сяброўскi. - Такi здаровы й малады зь цябе хлапец, ды аж брыдка глядзець на твае рухi й павароты. Так, яйцаў табе бракуе. I вельмi-ж слаба ты выйшаў, я не спадзяваўся такога.
- Спадар маёр, - адазваўся беларус, - усё роўна што я атрымаў, з таго й задаволены. Зрэшты... - Тут Сымон раптоўна спынiўся. Смелая думка апанавала хвiлiннай нерашучасьцю.
- Што? Што ты хацеў сказаць? - падтрымаў маёр, пераходзячы на "ты".
- Мой собскi погляд, пане маёр. Для мяне найбольш iстотным ёсьць тое, што сам ведаю сваю вартасьць, а як мяне iншыя ацэняць, тое для мяне - другараднае.
Палiшэўскi пачырванеў як бурак. На твары зьявiлася брыдкая грымаса, затанцавалi злосныя вочкi й ледзь заўважна задрыжаў падбародак. Нешта манiўся сказаць, ды ўстрымаўся й выглядаў, быццам тое дзiця, што паламала каштоўную цацку, пад абвiнавальным зрокам маткi. "Мык-пык", - буркнуў нешта невыразнае пад носам i зноў-жа пры тым услужлiвым крыку "зважай" пакiнуў барак.