Изменить стиль страницы

— А вы чулі, што Валадковіч яшчэ і айцоў францысканцаў разагнаў, калі тыя ішлі са святымі сакрамэнтамі і з труною па нябожчыка? А музыкаў прымусіў ісці з ім на гаўптвахту, дзе сядзеў ягоны сябар, такі ж разбойнік, і граць полечкі…

— Чуў, пан Длускі…—змрочна прагаварыў рэктар. — І лічу, што гэтыя злачынствы трэба спыніць.

Длускі быў адным з радцаў магістрату[17], і Пранцысь зразумеў, што яны прысутнічаюць пры змове супраць Міхала Валадковіча, сябрука Пане Каханку. А паколькі справа гэтая была дужа небяспечнай, не дзіўна, што змоўшчыкі сабраліся ўночы, у такім месцы, дзе ніхто не западозрыць сход.

Нешта яшчэ больш балюча ўпілося ў бок шкаляра, і Пранцысь пачаў успамінаць гісторыю пра спартанскага хлопчыка, які, каб не зварухнуцца ў прысутнасці старэйшых, цярпеў, пакуль схаванае пад кашуляй лісяня выядала яму вантробы. А між тым змоўшчыкі ажно трэсліся ад нянавісці.

— Ён бязбожнік! Гэта дакладна! Проста ў зале суда выкрыкваў страшэнныя блюзнерствы… А тое, што ён святое распяцце рассек! — крычаў з нянавісцю Марыконі.—Гэта страшней, чым рассечаная рука пана Длускага…

— І гэта праўда, панове… — зазначыў Вайніловіч. — Але мы нічога не можам зрабіць, як не змаглі асудзіць ягонага брата Юзафа за здратаванне шляхціца Яцыны. Пан Міхал выбраны скарбнікам Трыбуналу… Паводле закону за рассечаную руку ён можа адліць для пана Длускага срэбную руку, а за блюзнерства — хіба што тры месяцы вежы. І тое сумняюся, што ён іх адседзіць.

— Менская шляхта — за нас! — Длускі ледзь не дыхаў агнём, як слуцкі цмок. — У Быхаве, Варшаве, Вільні, Гародні — паўсюль ёсць людзі, якім радзівілаўскія бясчынствы ў горле пераселі. Полк Масальскага нас падтрымае! Галоўнае — не адступаць! Асудзіць паскудніка на горла! І адразу ж — расстраляць.

— Дык ён на суд не з’явіцца… — засумняваўся Вайніловіч. — У горад прыехаў радзівілаўскі найміт, суддзя Юдыцкі, жыве ў праклятым доме на Падгорнай, а шпегаў рассылае ад Татарскага канца да Залатой горкі. Вынюхаюць, папярэдзяць разбойніка, каб не прыязджаў.

— З’явіцца! — запэўніў Длускі. —Валадковіч даводзіць, што нікога і нічога не баіцца. Ягоны гаспадар расказаў чарговую байку, як з чортам біўся і перамог, дык гэты блюзнер цяпер, напіўшыся, бегае па могілках і выклікае нячыстую сілу на двубой. Вось бы Госпад папусціў, каб яна яму з’явілася ды скруціла паганую шыю! Не, панове, Валадковіч прыйдзе ў суд, нават калі дакладна будзе ведаць, што яго збіраюцца страціць. Нават яшчэ вярней з’явіцца — каб даказаць сваё бясстрашша і ўсемагутнасць. Тады — ніякай літасці! Законы не для такіх, як ён. Пасля каляднага карнавалу і абвесцім суд!

— А што зробіць з намі пасля ягамосць Караль Радзівіл? — асцярожна папытаўся Вайніловіч. Марыконі раззлавана фыркнуў:

— Радзівілы таксама не ўсемагутныя. Прыйдзе сіла і на іх!

— Вось як… — працягнуў Вайніловіч. — Чуў я, што хутка на Беларусі з’явіцца адна святыня… дужа магутная… І аб’явіцца яна ў руках наступнага караля, якога ніхто не пераможа. І гэта, магчыма, будзе не Радзівіл. Вы нічога не чулі пра гэтую святыню?

Голас рэктара гучаў мякка, як быццам ён асцярожна раскладаў сіло са слоў.

— Нічога, — коратка адказаў Марыконі.

— А што за святыня? — зацікавіўся Длускі.

— Тая, якую варта вярнуць у Рым, святому прастолу, — гэтак жа мякка, але з затоенай пагрозай, прамовіў рэктар. — Запэўніваю вас, што той, хто гэта зробіць, займее магутную падтрымку ад касцёлу… Калі ж не — накліча на сябе вечны праклён.

— Я б на месцы вашай правялебнасці не надта верыў чуткам, — суха прамовіў Марыконі.

— Наш айцец Ігнаці Лаёла вучыў быць пільнымі да ўсяго… — мякка запярэчыў Вайніловіч. — Пад кожным недарэчным забабонам можа выявіцца рэальная таямніца альбо пракуды д’ябальскія. У Полацку нашыя браты з ласкі караля-нябожчыка Стафана Баторыя збудавалі касцёл Святога Стафана. Падчас будоўлі сустрэліся з дзіўнымі з’явамі… І чуткамі.

Езуіт памаўчаў, відаць, чакаючы каментароў, не дачакаўся і працягнуў:

— Магчыма, пан Марыконі, вы нешта даведаецеся пра пэўную святую рэч, і падкажаце тым, хто на яе палюе, як трэба ўчыніць.

— Калі раптам даведаюся, васпан, падкажу, — холадна запэўніў Марыконі.

— І галоўнае — ні слова пра нашыя намеры нават на споведзі! Лепей да мяне на споведзь прыходзьце! — напаўжартоўна папярэдзіў Вайніловіч.

Калі свечка былі затушаная, дзверы кабінету зачыніліся і крокі на калідоры змоўклі, шкаляры наважыліся пакінуць куфар. Пранцысь з палёгкай расцёр знямелы бок…

— Яны ж на ключ кабінет зачынілі! — з роспаччу прашаптаў Міхась. Але Пранціш толькі паблажліва паляпаў малодшага сябрука па плячы… Пасля навукі Лёдніка Вырвіч мог узначаліць банду злодзеяў і шарыцца па дамах, нягледзячы ні на якія засовы — праўда, доктар ашалеў бы, каб такое пачуў.

На вуліцы быў холад сабачы… Раптам паваліў мокры снег. Шкаляры подбегам рушылі да інтэрнату… Сталі пад дрэвам.

— Ну, слава святому Францыску, абыйшлося! — радаваўся Міхась. — Шабля твая ў цябе, ніхто нас не ўбачыў! Чаго ты кіслы, як капуста?

— Мне не падабаецца справа з Валадковічам… — прыгнечана прызнаўся Вырвіч. — Гэта не высакародна — без суда і закону расстраляць шляхціца.

Дзесьці на Верхнім рынку забрахаў сабака, і яму адазваліся супляменнікі па ўсім горадзе.

— А што табе да Валадковіча? — паціснуў плячыма Гулец. — Каб перастрэў яго дзесь, думаеш, ён бы цябе дукатамі асыпаў? Лупцаваць бедных шляхціцаў бізунамі, як ён — гэта, па-твойму, высакародна?

Вырвіч уздыхнуў, адчуваючы сябе апошнім дурнем. Але ўжо ведаў, што не можа ўчыніць іначай.

— Трэба яго папярэдзіць.

Гулец ажно падскочыў.

— Ну ты вар’ят! Яго ж і ў Менску няма.

— Можа, праз суддзю… Юдыцкага таго… — неахвотна прагаварыў Вырвіч, успамінаючы непрыемныя хвілі свайго і Лёдніка зняволення, і як Юдыцкі разбіў доктару лоб, і пагражаў праверыць Пранцысева шляхецтва… Але нават дзеля помсты ворагу сармацкія ідэалы прадаваць нельга. Двубой — так… Перайграць ворага, перамудрыць — пачэсна. Схапіць гуртам аднаго ды расстраляць — ганьба! Няхай ён тройчы заслугоўвае. Цяпер Пранціш разумеў, чаму Лёднік збіраўся лекаваць у лесе параненага канваіра, што не перашкодзіла б яму раней ці пазней засячы свайго пацыента шабляй у бойцы. Высакародны чалавек — гэта той, у каго ёсць прынцыпы, якія ён не пераступіць нават дзеля ўласнага выратавання.

Міхась Міцкевіч відавочна не разумеў, чаму атаман раптоўна стаў на бок Радзівілаў, і Вырвіч не стаў яго цягнуць з сабой. Папрасіў толькі скінуць з вакна свечку, крэсіва і крэйду.

У Вырвіча намаляваўся цікавы план, які спалучаў салодкую помсту і выкананне сармацкага доўгу. Дом на Падгорнай нездарма быў названы праклятым. Пару гадоў таму жыла там прыгожая паненка, было ў яе два заляцаннікі, адзін, як водзіцца, стары і багаты, другі — малады і бедны. Паненка ахвотна памяняла б іхнія якасці, што дазволіла б ёй нарэшце вызначыцца, а пакуль тлуміла галаву абодвум. А калі бедны шляхціц пачаў афектавацца, пастанавіла: няхай прынясе ёй асаблівыя лілеі, што растуць толькі ў Нясвіжы, у аранжарэі палаца вялікага гетмана Казіміра Радзівіла Рыбанькі, і аддасць яна ўзамен сваё сэрца.

Добра яшчэ, зорачку з неба не папрасіла.

Шляхціц, аднак, не вагаўся, даскакаў да Нясвіжу і сярод ночы палез у княскі сад. Кветак наламаў, але быў пакусаны сабакамі, злоўлены і прыведзены да самога князя. Нягеглы злодзей шчыра распавёў Казіміру Рыбаньку сваю гісторыю і чакаў пакарання. Але князь расчуліўся, прызнаўся, што й сам зведаў падобныя палкія пачуцці, і загадаў рамантычнага злодзея адпусціць, аддаўшы яму кветкі са срэбнай вазай у дадатак. І зрабілася б яно ўсё як у казцы, калі б гэта была казка, а не жыццё. Бо закаханы малойчык, прыпёршыся са здабытымі цаной пакусаных лытак кветкамі да каханай, убачыў яе ў абдоймах багатага суперніка, і заставалася яму толькі заесці свой афронт радзівілаўскімі кветкамі. Хлопец, аднак, не меў пры сабе доктара з двума дыпломамі, каб нагадаў яму пра кантроль над дыханнем, і ўз’ятрыўся, як забытае на агні малако. Багацея засек, а каханую схапіў і — разам з ёю — у Свіслач… Так што аранжарэйныя лілеі ўсклалі на свежыя магілкі. Куды падзелася падораная гетманам срэбная ваза — ніхто не апавядаў.

вернуться

17

Магістрат — гарадская рада.