Изменить стиль страницы

Вырвіч успомніў усё, што вычытаў пра свецкія паводзіны ў трактаце Рэя з Наглавіц «Зерцала альбо жыццё сумленнага чалавека», пастараўся трымацца як мага болей годна, раскланяўся, падыйшоў да ручкі паненкі… Паланэйка зрабіла выгляд, быццам толькі цяпер пабачыла госця, і адразу настроіла голас на халодна-паблажлівы тон:

— А, пан Вырвіч… Я і забылася, што загадвала вас прывесці.

— Заўсёды гатовы служыць чароўнай панне! — ветліва адказаў Пранціш, намагаючыся не ўпусціць у сэрца нікому не патрэбную крыўду.

Багінская павярнула да яго фанабэрысты тварык (а нос напудрыла не дзеля манашак жа!) і строга вымавіла:

— Пан Вырвіч, мушу перадаць вам загад маёй цёткі, яе княскае мосці, маці Альжбэты. Сярод сясцёр бернардзінак пайшлі нядобрыя чуткі пра тое, што адбываецца ў левым крыле кляштара. Таму што да іх далятае лязгат зброі і выкрыкі! Я разумею, што заняткі фехтаваннем неабходныя для мужчын, але ў гэтым месцы мужчын быць не павінна! Перадайце і вашаму доктару: трэба паводзіцца цішэй!

Пранціш самым галантным чынам пакланіўся і запэўніў паненку, што яны выправяцца… Але ёсць адна акалічнасць, якая пры згадцы пра зброю і фехтаванне надрывае сэрца вырвічаўскае…

Паланэйка фанабэрыста прыўзняла броўку, паказваючы, што яе мала кранае, што там робіцца ў сэрцы нейкага загоннага шляхцюка, але ж не перапыніла — яна б зараз, напэўна, і крумканне жабы паслухала дзеля разнастайнасці.

І Пранціш як мага болей выразна распавёў ёй пра сваю ўзятую ў палон зброю, якую мусіць цяпер любым коштам вызваліць. Асаблівы ўпор робячы, што з гэтай зброяй ягоны дзед служыў у палку пад началам дзеда панны, ваяводы троцкага Марцыяна Багінскага, і паранены быў смяротна ў славутай Хацінскай бітве на Днястры з войскамі Гусейн-пашы. І ўсё, што просіць ад панны — памагчы яму выбрацца ўночы з кляштара, і дае сваё шляхецкае слова, што да раніцы вернецца.

І далібог — вочы паненкі загарэліся, і Пранціш гатовы быў прысягнуць, што ёй больш за ўсё на свеце зараз хацелася б пайсці з ім і перажыць Вялікую Прыгоду. І зразумеў, што не памыліўся, звярнуўшыся да фанабэрыстай магнаткі, за абліччам якой хавалася гарэзнае бясстрашнае (і бязлітаснае) дзяўчо. Паланэйка пляснула ў далоні, і зараз жа прыбегла прыслуга, спалохана паглядаючы вялікімі цёмнымі вачыма на гаспадыню.

— Ганулька, калі пані цётка вернецца?

— Заўтра, пасля ранішняй службы, ваша мосць, — ціхім пяшчотным галаском адказала прыслуга.

— Тады вось што…

Вырвіч марыў скарыстацца сутарэннямі — але цяжкую пліту адзін нават Ватман не падыме, дый паказаць шлях няма каму. І Пранціша вывела з кляштара Ганулька — самым банальным шляхам, праз дзверы, калі ўсе паснулі. Баязліўка дрыжэла, як асіна, і спынялася на кожным кроку, нервуючы Пранціша. Як яна прасядзіць у цёмным калідоры да раніцы, чакаючы ўмоўнага свісту Вырвіча?

Вецер падзьмуў у твар калючымі мокрымі сняжынкамі. Воля! А шкаляр і забыўся, якая яна на смак! Пранціш паправіў за поясам пісталет, пагладзіў шаблю: добрая, але ж не свая! Менск спаў на дне чорнай лістападаўскай прорвы, і былі ў гэтай цемры свае пачвары і свае Тэзеі… І як светач Арыядны, свяцілася вакенца панны Паланэі, la belle dame sans mersi — Чароўнай Дамы, якая не мае літасці, дзеля якой варта паміраць, але не варта чакаць удзячнасці і спагады.

Ваколіцы езуіцкага калегіюму Пранціш Вырвіч ведаў, як цыган ведае, на якую нагу пачне кульгаць прададзены ім конь. Колькі разоў шкаляр пакідаў свой пакой у канвенце не праз дзверы… Так што ўскараскацца з дапамогай знаёмага да апошняй галінкі дрэва да вакна спальні малодшага курсу не было аніякай замінай. Багацейшыя шкаляры сяліліся асобна, куды ў лепшых умовах, з прыслугай… А тут, у канвенце, напханыя ў пакоі, па колькі змяшчалася, начавалі бурсакі з беднаты. І адзін з іх, той, што быў патрэбны Пранцысю, спаў якраз ля вакна… Зусім не выпадкова, бо разумны шкаляр заўсёды рыхтуе сабе шлях да рэтырацыі і пракудаў.

Пранцысь падрапаўся ў вакно:

— Міхась! Гулец, ты тут? Міцкевіч!

Да шкла прыліпла заспаная фізіяномія, вакно ціха прыадчынілася (разумны шкаляр заўсёды трымае шлях да рэтырацыі і пракудаў напагатове).

— Што за ная тут?

— Міхась, гэта я, Пранцысь! Пранцысь Вырвіч! Толькі ціха…

— Аёй! Матка Боска Чанстахоўска… Перахрысціся! — той, хто шаптаў, пераляканы быў не на жарт.

— На, перахрысціўся… Калі ты ў гэтай цемры забачыў. У імя Госпада нашага Ісуса Хрыста. Усё, вылазь, Гулец, справа ёсць!

Пранцысь саскочыў на зямлю, і хутка ля яго апынуўся жвавы шчаўлік Міхась Міцкевіч, лепшы гулец у косткі і карты за ўсю гісторыю калегіюма. Дзякуючы чаму, а яшчэ свайму авантурнаму адчайнаму характару Міхась і быў прыняты ў банду Вырвіча. І праславіўся тым, што аднойчы выкраў з кабінету рэктара сканфіскаваныя астрагалы — свае шчаслівыя косткі для гульні. Лепшага кампаньёна па вызваленні Гіпацэнтаўра нельга было і прыдумаць.

— Нам сказалі, ты загінуў! — трохі падазрона паведаміў Міхась, відавочна змагаючыся з жаданнем памацаць старэйшага сябрука і праверыць на прадмет прыналежнасці да нячыстай сілы. Пранціш хмыкнуў, тлумачыць ні сваё знікненне, ні ўваскрашэнне не стаў, аднак прымусіў Гульца паклясціся, што нікому не скажа аб сустрэчы. У іхняй бандзе клятваў ніхто не ламаў, і прыдумалі яны такія заклёны, закавырыстыя ды велягурыстыя, што іх вымаўляць было страшна, не тое што парушыць. Адзін заклён Гулец і прашаптаў Пранцысю на вуха, паабяцаўшы ў выпадку здрады сярод іншага знайсці свае зубы ссыпанымі ва ўласны бот і аддаць пячонку на з’ядзенне гадзюкам.

Калі Пранціш патлумачыў, што прыйшоў па сваю шаблю, Міхась задумаўся.

— Няйначай яна ў рэктара ў кабінеце. Ёсць там такі куфар, куды сканфіскаванае ды ахвяраванае трапляе… Калі ў Шастовіча нож забралі за тое, што парту зрэзаў, ён дакладна бачыў, што айцец Рамановіч паклаў яго туды.

— Ведаю той куфар, — задуменна прамовіў Пранцысь.

— Але на ім замок…

— Гэта не перашкода! — запэўніў Вырвіч, навучаны Лёднікам адчыняць любы замок шпількай усляпую. — Пойдзеш са мной?

— А то! — пасміхнуўся Міцкевіч. — Усё жыццё марыў з нябожчыкам банду стварыць!

Ноччу прыстойным людзям, якія не абцяжараныя вызваленнем радавых шабляў, належыць спаць. Ноччу ніякая навучальная ўстанова працаваць не павінна, калі там не рыхтуюць вупыроў альбо ваўкалакаў.

Але калі Пранцысь і Міхась прабраліся цёмным калідорам да кабінета рэктара, пана Рамуальда Вайніловіча, з-пад дзвярэй прабівалася палоска святла. Пранціш прыслухаўся: ціха. Зазірнуў у адтуліну для ключа: пуста, далібог, пуста! А свечка гарыць, абгарэлы кнот нахіліўся, як п’яны. Нібыта нехта выйшаў на хвілю і зараз вернецца, альбо нябачныя духі ў пакоі балююць. Але айцоў-езуітаў духі павінны баяцца, таму…

— Давай хутчэй, я павартую! — шапнуў Міцкевіч, і Пранціш тузануў дзверы, якія аказаліся адчыненымі. Замок на куфры, вялізным, як човен, ён прыкончыў за пару імгненняў — не тое што на назе Сільфіды ў Слуцкім замку, засталося радавацца, што ў кабінеце светла — бо сярод наваленнага ў куфры дабра сваю шаблю ў цемры ён бы да раніцы шукаў… Там былі складзеныя дылеі і жупаны, срэбныя кубкі і падбітыя футрам кунтушы, кінжалы і куфэрачкі…

Вось ён, Гіпацэнтаўр! Пранціш пацалаваў з дзяцінства знаёмае лязо, надзеў на сябе перавязь з похвамі са скуры вугра…

— Ідуць! — трывожна шапнуў Міцкевіч, і шкаляры замітусіліся, як печкуры ў нераце. На калідоры ўжо чуліся нечыя крокі, таму рэтыравацца не атрымлівалася… Куды схавацца? Міцкевіч першы нырнуў у куфар, за ім сунуўся Пранціш, шчыра спадзеючыся, што ў прыцемку ніхто не зважыць на адчынены замок куфра, і што грымучыя прадметы іх прысутнасці не выдадуць. Нешта цвёрдае адразу ўпілося Пранцішу ў бок…

— Сюды, пан Марыконі!

У кабінет, мяркуючы па галасах, зайшлі трое.

— Дзякую, пан рэктар, што падтрымалі нашыя памкненні дабіцца справядлівасці.

Гэта гаварыў Марыконі.

— Як служка Божы, я не магу пакінуць грэх беспакаранным. Асабліва пасля гісторыі са святым айцом Аблачынскім… — у голасе заўжды вытрыманага рэктара Рамуальда Вайніловіча чуўся гнеў.—Святы айцец дасюль адысці не можа ад ганьбы.