Изменить стиль страницы

— Я не збіраўся цябе прадаваць! Праўда! Толькі папалохаць… Каб ты сказаў, што хочаш са мной застацца… І каб мяне ў сутарэнні ўзялі…

— Не варта было б табе ісці з намі, — з уздыхам прамовіў Лёднік. — Гэта не на шпацыр. Але, падобна, у атачэнні нашых дабрадзеяў нам больш небяспечна знаходзіцца, чым пад зямлёй. Нам з Саламеяй здаецца, што гэты дождж міласці — ажно з патэнтам на шляхецтва — хавае не вельмі прывабную для нас прышласць. Дзе гаспадар кладзе самы смачны кавалак сыру, ведаеш? У пастцы. І пра лёс рамфеі мы павінны думаць. Князь можа па слабасці характару аддаць яе ў рукі расійскай царыцы, каб падлагодіцца… Альбо патрапіць святыня ў Рым замест таго, каб умацоўваць сілай сваёй наш Полацак.

— Дык можа… уцячы? — прапанаваў Вырвіч.

— Каб мы былі іншымі — уцяклі б… Але Саламея прысягнула. Выкупіла нашыя жыцці цаной згоды пайсці ў сутарэнні і адшукаць дзіду святога Маўрыкія. Цяпер памрэ — прысягу не парушыць. Але ж і бацьку яна слова давала хаваць таямніцу… Карацей, зноў паміж жорнамі, хлопец, мы патрапляем. Ну, ну, перастань раўсці… Урэшце, дзякуючы тваім выбрыкам, я атрымаў волю і шляхецтва, а ты — грошы. Хаця ці ўдасца скарыстаць табе твае дукаты, а мне маё шляхецтва, невядома. Супакойся, а то змушу заняцца нямецкай зараз жа.

Пранцысь гатовы быў хоць нямецкай, хоць ненавіснай лацінай заняцца, калі доктар зажадае. Жыццю вяртаўся сэнс… Наперадзе чакалі подзьвігі! Нават успамін пра Паланэю Багінскую больш не ірваў сэрца.

— Саламея, ідзі сюды! І талерку нясі. Пан Вырвіч выйшаў са стану сусветнае тугі і больш не хоча гуляць ва ўтаймавальніка наравістых слуг.

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

ЯК ПРАНЦІШ ЗА ГІПАЦЭНТАЎРАМ ХАДЗІЎ

На абразе Прасвятая Багародзіца мела такі прыгожы, рахманы, сумны твар… А яе палаючае любоўю сэрца праціналі ажно сем мечаў! Малады шляхціц Пранціш Вырвіч ад жалю глыбока ўздыхнуў і на хвілю ўявіў, як бы ён абараніў Прасвятую, адбіўшы тыя варожыя мячы сваім Гіпацэнтаўрам, знуджаным у палоне езуіцкага калегіюму.

Пранціш, вядома, ведаў, што мячы на абразе проста сімвалізуюць той боль, які Прасвятая Дзева перажыла, страціўшы Сына. Без зброі не абыходзіцца нават у святых рэчах… У Апакаліпсісе сказана, што з вуснаў Госпада нашага Ісуса Хрыста сыходзіць меч — сымболь непераадольнай нябёснай праўды… З вогненнымі мячамі стаяць архангелы ля ўваходу ў страчаны рай, каб грэшныя нашчадкі Адама і Евы не ўлезлі да спакусных пладоў, не спаганілі цікаўнасцю сваёю святое месца. З мячом малюецца святы Павал… Мячом святы Пётр, самы баявіты апостал, адсек вуха рымскаму жаўнеру з варты, якая прыйшла схапіць Госпада ў Гефсіманскім садзе… Каб там быў Вырвіч, жаўнер адсечаным вухам не абыйшоўся б! Вядома, вучыць нас Святое Пісанне прабачаць ворагаў, падстаўляць другую шчаку… Але як жа шляхціцу без зброі, асабліва той, што пабывала ў руках бацькі, дзеда і прадзеда? На дзяржальне якой выгравіраваны Гіпацэнтаўр? Нездарма ў дзяржальны мяча ўкладвалі святыя рэліквіі. Іспанскі паладын Раланд, дык той умудрыўся ў свой меч Дзюрандаль укласці зуб святога Пятра, сасуд з крывёй святога Базыля, волас святога Дзяні ды кавалак адзення Прасвятой Дзевы.

У радавым мячы Вырвічаў нічога падобнага не было, ён сам быў рэліквіяй. Дзед Пранцысеў з ім у руках загінуў на полі бойкі. Пранціш у роздуме блытаўся па пакоі і напяваў:

— Ехаў Ліцвін ды па Сініх Водах
Тры дні, тры начы,
Тры дні, тры начы,
Меч крывавячы.
Скокаў Ліцвін, ой ды пад Смаленскам,
Тры дні, тры начы,
Тры дні, тры начы,
Шабляй рубячы.
Кляўся Ліцвін у святой Дуброве
На старым мячы,
На старым мячы,
Чужынцаў сячы…

Увушшу гучэлі павучальныя словы Лёдніка пра сапраўдную адвагу і ўяўную, што спраўджваецца за кошт тых, хто не можа абараніцца. І Вырвічу надта карцела давесці доктару і пекнай панне Саламеі, ягонай сардэчнай сяброўцы¸ а таксама фанабэрыстай паненцы Паланэі Багінскай, а найперш сабе самому, што ён здатны на адважныя ўчынкі. Сядзець безвылазна ў кляштары ў чаканні ды навучанні моцы ўжо не ставала. Лёдніку лепей — у яго Саламея ёсць, ды яшчэ кожны дзень да маці Альжбэты ў якасці доктара ходзіць — як жа кабета без усялякіх балячак! А доктар хоць і схізматык, але з дыпломам, і справу сваю ведае як найлепш. Пачаў лекі для ўсяго кляштара рыхтаваць, дзеля чаго яму адчынілі на першым паверсе скарбніцы яшчэ адзін пакой, ссунуўшы ў кут куфры з дабром. Былы алхімік зладзіў там невялічкую лабараторыю, ганяючы сястру Дамініку на кухню за прыпасамі ды прыладамі. Аптэчку кляштара, да якой Лёдніка ўночы звадзілі на тую ж кухню, ён напалову збракаваў, параіўшы выкінуць запасы мышынага тлушчу, сушаных жаб і кажаноў, настоі на шчанючках ды іншыя неабходныя ў кожным доме рэчывы. А яшчэ ён з Саламеяй дарваліся да кляштарнай бібліятэкі. Пранцысь гэтак жа замілавана мог паглядаць хіба на свежы пірог з зайчацінай пад канец Вялікага посту, як гэтыя двое на пыльныя, пажаўцелыя фаліянты, якімі здаровых пацукоў забіваць можна.

— «Апостал»! Скарынаўскі! — гладзіць пяшчотна старонку, а ў самога аж рука дрыжыць, і ў голасе ад замілавання слёзы. Цьху, вар’яты!

І калі на брукаванку лёг першы снег, нібыта святы Франтасій пасцяліў дыван дзеля дарагога госця, Пранцысь вырашыў: час выручаць свайго Гіпацэнтаўра!

Натуральна, што Лёдніка ў такія планы не пасвяціш — раскрычыцца, забароніць… Хоць і шляхціц цяпер, але ж натуры настаўніцкай не змяніў, дый шляхецтва свайго нібыта ўсур’ёз не прымаў. Хаця мог, як такія ж «фальшывыя шляхціцы», зараз жа адрасціць вусы, на падараваныя яму ў дадатак да патэнту княскія грошы замовіць адпаведны строй, панадзяваць пярсцёнкі ды паяс і патрабаваць звароту «пан». Але Лёднік ні на гран не змяніўся, быў пачцівы без ліслівасці, і адначасна строгі, патрабавальны ды з’едліва-іранічны, і гэта цешыла. Бо Пранцысь усё ж лічыў такое «шляхецтва» шалберствам — не на полі бойкі здабытае, з рогатам падоранае… І, падобна, Лёднік ставіўся да сітуацыі гэтак жа.

Не, у справе з Гіпацэнтаўрам патрабаваўся іншы паплечнік.

І вось у змрочную пятніцу пашанцавала: манашка Дамініка, пагардліва бліскаючы вачыма колеру выцвілай лістоты, абвесціла, што яе княская мосць ваевадзянка Багінская жадае асабіста перадаць загад сваёй цёткі, маці Альжбэты, якая з раніцы ў ад’ездзе, пану Вырвічу. Што, на думку шкаляра, азначала, што паненка гэтак жа, як ён, нудзіцца і скарысталася ад’ездам цёткі, каб пабачыцца хоць з нявартым увагі, але ж кавалерам і атрымаць сваю долю пакланення і куртуазных размоў.

Сястра Дамініка ўсім сваім выглядам паказвала, што не ўхваляе гэткія вольныя норавы, але ваевадзянка была цяпер у кляштары самай уплывовай асобай, і Вырвіча з належнымі перасцярогамі праводзілі да келлі на першым паверсе. Госця сустрэла прыслуга панны, якой ён раней не бачыў — танклявае дзяўчо з сумнымі цёмнымі вачыма ў сукенцы паслушніцы.

Прыслуга завяла Пранцыся ў перадпакой, па-манаску аскетычны, толькі распяцце на сцяне і драўляная лаўка, і асцярожна пастукала ў дзверы:

— Ваша мосць, прыйшоў пан Вырвіч!

Тое, што панна Багінская падрыхтавалася да прыходу госця, можна было зразумець па тым хаця б, што яна знарочыста не звярнула на ягоны прыход увагі, седзячы ў крэсле, павернутым да вакна, але ножка ў вышытым чаравічку была пастаўленая на абцягнуты аксамітам зэдлічак менавіта так, каб той, хто ўвайшоў, адразу пабачыў гэтую маленькую, падобную да чоўніка мятлушкі, ножку і ацаніў дасканалы французскі чаравічак на выгінастым чырвоным абцасіку ў тры вяршкі. Дый замест сукенкі паслушніцы на паненцы была няхай не парадная, але шляхецкая жаўтлявая шаўковая сукенка з галандскімі карункамі. Пакой прыкрашалі прадметы, адрозныя ад манаскага ўставу, якія асабліва выбіваліся раскошай на тле голых сценаў: кітайская шаўковая шырма з паўлінамі, два люстэркі ў пазалочаных рамах, парцалянавы набор для гарбаты на століку з чырвонага дрэва…