Изменить стиль страницы

— Па-твойму, так у пана просяць міласці? Ці мне трэба было абыходзіцца з табой, як раіў Агалінскі? Калацінай? Ты, значыць, спланаваў, што добры хлопчык Пранцысь адпусціць цябе на волю, і ты над ім пасмяешся? Сыдзеш і цераз плячо сплюнеш? Не цэніш дабрыні! На калені! Руку цалуй, хамуйла!

Лёднік з каменным тварам, апусціўшы вочы, стаў на калені, пачціва ўзяў руку Пранцыся і прыклаўся да яе вуснамі.

Шкаляр глядзеў на доктара, які стаяў перад ім на каленях з апушчанай галавой, але спіна па-ранейшаму была выпрастаная, не сагнутая пакорліва… І яму хацелася раўсці — ад злосці, крыўды, гневу… У цалаванні рукі вышэйшаму за цябе не было нічога нязвыклага альбо ганебнага. Колькі сам Пранціш перацалаваў усялякіх ручак-ножак, чыстых і не вельмі — пану-бацьку, хроснаму, святару, рэктару, дэкану, колькі разоў бачыў, як багатыя і радавітыя шляхціцы не грэбавалі ў сваіх шытых золатам уборах з дыяментавымі гузікамі кідацца ў ногі больш багатым панам, абцалоўваць іх боты і знізаныя пярсцёнкамі рукі… Ды й самому доктару працэдура дакладна не ўнове. Гэта было звычайнае жыццё! Калі бацька выпраўляў Пранцыся на вучобу, расклаў на дыване ды паводле сармацкага звычаю ўсыпаў бізуноў. А Пранцысь слугу свайго нават ні разу не сцебануў! Але Лёднік, няправільны доктар, які вынайшаў філасофскі камень і адрокся ад яго, умудраўся стаяць на каленях так, што ў гэтым бачылася няправільнасць, несправядлівасць, і Вырвічу было невыносна яго прыніжэнне… І падымаўся гнеў на Лёдніка яшчэ і за гэты свой сорам. Русо, Дыдро, Вальтэр, чалавек не павінен быць рабом…

«Я табе яшчэ пакажу! У Еўропах сваіх адвык ад сармацкіх звычаяў! Ты яшчэ пыл з маіх ботаў сцалоўваць будзеш з пачцівасцю!» — Пранцысь, задыхаючыся, узбег на гарышча, прыпаў да вакна, ля якога сам перажыў нядаўна страшэннае прыніжэнне ў размове з паненкай Багінскай. Вось так яно ўсё ў свеце і адбываецца? Адзін аднаму перадаваць злосць, гасіць крыўду аб скуру бліжняга свайго?

За вакном зноў нудзіў дождж, барабаніў у шыбы, як надакучлівы старац, што прасіў прытулку. Але з Верхняга, Ніжняга і Рыбнага рынкаў даносіліся крыкі і лаянка, а вулічныя гандляры гарлалі проста пад вокнамі, прапаноўваючы свежую рыбу, злоўленую ў Нямізе, вееры з гарадзенскай мануфактуры, пастаўскія хусткі, булкі з Траецкага прадмесця ды іншыя рэчы, якімі грэшнае цела так моцна прывязанае да мітуслівага гэтага свету, што забывае рыхтаваць анёльскія пёры бессмяротнай душы да апошняга палёту, у які не ўзяць анічога — ні літых паясоў, ні налібоцкіх чарачак, ні таго, што з гэтых чарачак так добра п’ецца.

Пранцысь шкадаваў сябе, пакуль унізе не грукнулі дзверы і не пачуліся галасы. Вырвіч збег з лесвіцы і ўбачыў Германа Ватмана, плечы якога абцягваў чорны аксамітны жупан са срэбным шыццём, і найміт здаваўся чорнай скалой. А побач са скалой зіхацела кветка, сама Паланэя Багінская ў сціплай сукенцы паслушніцы, і пазірала вакол вясёлымі фанабэрыстымі вачыма:

— Збірайцеся, пойдзем! Прыехаў мой вельмішаноўны брат, ягамосць Міхал Багінскі, чакае вас.

Пранцысь пачціва схіліўся, намагаючыся выглядаць спакойна і весела. Бо ясна, што іх размова для паненкі не значыла нічога і ў яе памяці, як нешта надзвычайнае, не адклалася. Трэба, каб яна не адчула ягоную крыўду… Якая стукалася ў скроні, зноў напаўняла чорным гневам…

Хаця што ёй ягоная крыўда? Нікому ў свеце няма справы да Пранціша Вырвіча і ягоных пачуццяў! Што ж, героі Плутарха не чакалі спачуванняў, самі здабывалі павагу і імператарскую карону. Пранцысь Вырвіч знойдзе, як давесці сваім бліжнім, што з ім трэба лічыцца і цаніць яго!

РАЗДЗЕЛ ДВАНАДЦАТЫ

ЯК ПРАНЦЫСЬ ЛЁДНІКА ПРАДАВАЎ

Дзе б чалавек ні пасяліўся — найперш ён думае пра абарону і ўцёкі. Што ён робіць дзеля абароны — ведама ўсім, бо здалёк бачныя земляныя валы, каменныя муры і запоўненыя вадой ірвы. А што рыхтуецца для ўцёкаў — навакольным і не павінна быць бачна. І чым меней яны пра гэта ведаюць — тым надзейней шлях для адступлення. Мала хто здагадваўся, праходзячы па пляцы каля ратушы, што ідзе ён над падземнымі хадамі, якія з’ядноўвалі будынкі ўсяго Верхняга Гораду.

Хаця ісці цераз пляц было не даўжэй, чым талерку клёцак з’есці, гасцей з базыльянскага кляштара вялі на сустрэчу з Міхалам Багінскім менавіта праз сутарэнні. Для ўсіх князь Багінскі быў у гэты час за мяжой, займаўся мастацтвамі. Вярнуўся ён у Рэч Паспалітую патаемна, і любы лішні пагляд мог яго таямніцу выкрыць.

Дзесьці ў гэтых сутарэннях, напэўна, і былі схаваныя падчас адступлення войска Пятра I скарбы езуітаў. Пётр у Паўночную вайну жыў у менскім езуіцкім калегіюме, яму дужа спадабалася зладжаная там сістэма навучання, выкладчыкаў нахвальваў і міласцівіў… Але калі ягонага саюзніка Аўгуста Моцнага шведы разбілі, як гліняны гаршчок, стаўленне перамянілася. Жаўнеры князя Шарамецьева пачалі перад адступленнем рабаваць горад, як захоплены. У храмы бессаромна ўлазілі, нават у Жоўтую царкву, не паглядзелі, што праваслаўная — братчыкі месцічаў склікалі, ледзь абаранілі свой храм. Вось тады айцы езуіты майно сваё ў сутарэннях і схавалі… Прыйшлі шведы, разгром давершылі, а потым яшчэ і чума заявілася — пошасць любіць крывавыя часы, калі яшчэ да яе прыходу страшнае жніво пачалося… І мніхі, што ведалі таямніцу скарбаў, загінулі.

Пранцысь з цікавасцю паглядаў па баках, гадаючы, за якім паваротам мог быць запаветны ход да скарбаў. Ватман трымаў ліхтар, які асвятляў нізкія вільготныя зводы і рабіў твары падобнымі да твараў мерцвякоў. Асабліва гэта тычылася Лёдніка, ягонае худое змрочнае аблічча дакладна магло напалохаць выпадковага мінака, калі б такія тут трапляліся, але шматлікія сустрэчныя пацукі баяліся толькі святла і шуму. Саламея Рэніч таксама здавалася незямным стварэннем. Бледны твар з вялізнымі адчайнымі вачыма і тонкімі рысамі, дасканала акрэсленыя вусны, гордая шыя, танклявая пастава… Пранцысь выпадкова заўважыў цікавую сцэну, якая адбылася, калі яны выходзілі з сутарэнняў па лесвіцы і Ватман прапускаў усіх наперад, падсвечваючы прыступкі ліхтаром. Калі паўз яго апошняй праходзіла панна Рэніч, прыціснуў яе да сябе і паўжартоўна прапанаваў:

— Выйдзеш за мяне, вядзьмарачка? У мяне замак у Сілезіі. Будзеш баранэсай. Маю жонку ніхто пальцам не зачапне, ні магнат, ні кароль, а чараў я не баюся.

Саламея акуратна выслізнула з мядзвежых абдоймаў:

— Ваша мосць жартуе… Якая з мяне баранэса? Я простая кабета.

— А ты падумай…

Добра, што Лёднік гэтага не чуў.

Падобна, яны апынуліся ў дольнай зале ратушы, відаць, і прызначанай для таемных сходаў — ніводнага вакна, цяжкія зводы, здавалася, ціснулі на самую душу. Свечкі спалохана міргалі, іх агеньчыкі цягнуліся да нябачнага праёму, нібы хацелі ўцячы.

Багінскі на гэты раз быў у сармацкім касцюме, даволі сціплым у параўнанні з параднымі, у якіх ён звычайна з’яўляўся. На ягоных грудзях матляўся залаты медальён, у якім, як казалі, знаходзіцца партрэт жонкі наследніка расійскага прастолу і пасмачка яе валасоў: Багінскі яшчэ не страціў надзею адцясніць шчаслівага суперніка па заваяванні сэрца будучай царыцы і працягваў на ўсялякі выпадак удаваць палка закаханага.

Князь Міхал абняўся з малодшай сястрой, пажартаваў над ейным манаскім выглядам, паабяцаў, што хутка верне яе да свецкага жыцця, пры добрых паводзінах, зразумела, і ўсеўся за цяжкі дубовы стол, упрыгожаны разьбой у выглядзе скрыжаваных мячоў. Побач з ім уладкаваўся чарнявы пан з сівымі вусамі і скронямі, з разумнымі цёмнымі вачыма, якога называлі Марыконі — Пранцысь успомніў, што гэта віцэ-маршалак менскага трыбуналу, зацяты вораг Радзівілаў. За спінай Марыконі вырас малады шляхціц з такой фанабэрыстай пысай, якая магла належаць толькі малазначнаму судоваму чыноўніку. Герман Ватман таксама стаў за сваім гаспадаром, падманліва расслаблены, але гатовы вобмірг прыкласці да падлогі любога, хто выкліча незадаволенасць пана. Па правую руку ад Багінскага ўладкавалася маці Альжбэта, ягоная і Паланэі цётка, побач з ёю яшчэ адна кабета, з прыгожым уладным тварам з цяжкаватым падбароддзем — старэйшая сястра Паланэі Алена, жонка маршалка дворнага Патоцкага. Сямейны савет Багінскіх з дарадчыкамі… Лёднік, Пранціш і Саламея стаялі перад імі, як падсудныя.