Изменить стиль страницы

— Бацька кажа, нядобра адмаўляцца ад таго, што дзяды бераглі, — памаўчаўшы, ціха адказаў Пранцысь, зусім не жадаючы нарвацца на багаслоўскія спрэчкі пра перавагу той ці іншай веры. Не пераказваць жа расповеды бацькі, як палачане садралі з гарадской брамы уніяцкія абразы, і войт скардзіўся каралю, што яны «ілжат, дэспектуюць, дзяруць, топчуць, насмейваючыся», і тым абразам «насы вышарпваюць», а потым у праваслаўных паадбіралі храмы.

— Дзяды лічылі, што мыцца шкодна, — насмешна прамовіла Паланэйка. — А твой доктар нам з цёткай цэлую лекцыю прачытаў пра «гігіену чыстага цела».

— Ён можа… лекцыю… — сярдзіта прамовіў Пранцысь — і тут нельга абысціся без Лёдніка! Затое добра, што тэму памянялі, і можна ўзяць галантную ноту. — Я ўпэўнены, што асабліва пекныя паненкі маюць прыродную чысціню і надзвычай прыемны водар, як кветкі. Вось скура ваша, мая панна, пахне найлепшымі ружамі… —Пранціш насмеліўся схіліцца да ручкі паненкі. Паланэйка міла зморшчыла носік і ручку сціпла прыбрала.

— Пан, напэўна, забыўся, што нават ружы растуць на зямлі, якая насычаная зусім не пекнымі водарамі. Трэба заўсёды памятаць, што мы з зямлі выйшлі і ў зямлю сыдзем.

Багінская відавочна паўтарала павучанні цёткі, і яшчэ ўздыхнула пры гэтым удавана скрушна.

— Няўжо паненка ў манашкі збіраецца? — галантна здзівіўся Вырвіч. Паланэйка засмяялася, зубкі яе, белыя, акуратныя, чамусьці здаваліся вострымі, як у драпежнага звярка.

— Спадзяюся, гэтая доля мяне праміне. Ды я ўжо і прасватаная.

— За каго? — трохі нацягнута папытаўся Вырвіч, хаця ясней поўні было, што шарачок у якасці жаніха для сястры магната і прэтэндэнта на карону падыходзіў не больш, чым драбіны да калыскі, і любая праява рэўнасці тут недарэчная.

— За Адама Чартарыйскага, падчашага, — легкадумна адказала Паланэйка.

— Ён жа… стары, — буркатнуў Пранціш.

— Ну і што? — какетліва паціснула плечыкамі паненка, як быццам яны былі дэкальтаваныя, а не хаваліся пад шчыльнай тканінай паслушніцкай сукенкі.—У яго тры мястэчкі, дзесяць маёнткаў, душ, мабыць, сотня тысяч. А суцешыць сэрца я знайду з кім!

— Як бы я хацеў суцешыць сэрца паненкі — хоць цяпер… — па ўсіх правілах куртуазнасці прагаварыў Пранцысь, але сустрэў халодны насмешны позірк.

— Можа быць, калі пан Вырвіч пачне з’яўляцца пры двары… На балях…

Пранціш пачырванеў, нешта балюча заварушылася пад сэрцам, як быццам ён зноў пачуў выгукі на калідорах езуіцкага калегіюму: «Гнаявік! Гнаявік!». Так не павінна больш быць! Ён перарос гэтае вартае жалю становішча.

— Але ж гэты каралеўскі двор можа быць вашым, мая панна! Калі я, рызыкуючы ахвярна жыццём сваім і не шкадуючы крыві сваёй, прынясу ягонае княскае мосці, пану Міхалу Багінскаму, рамфею, дзіду святога Маўрыкія, рэліквію, якая надае мудрасці і вялікасці, і ён стане каралём… Можа быць, пры вашым двары знойдзецца месца і для мяне?

Паланэйка паглядзела на Вырвіча зверху, і ён на хвілю жахнуўся, бо твар яе падаўся яму тварам антычнай багіні, больш мармуровым, чым удавалі прыгонныя актрысы Гераніма Радзівіла.

— Безумоўна, брат узнагародзіць вас шчодра, і знойдзе пачэснае месца. Напрыклад, мог бы зрабіць вас кавалерам… Праз тры гады навучання вы атрымалі б неабходны свецкі бляск і годныя манеры і маглі б працягнуць сваю кар’еру.

Пранціша як абліло халоднай вадой. Пры магнацкіх дварах заўсёды былі кавалеры, іначай — пажы: юнакі са шляхецкіх сем’яў тры гады служылі, як загадаюць, насілі за панам зброю, за пані —малітоўнік. Калі напаскудзяць — атрымлівалі па спіне карбачамі, на дыване, вядома. Праз тры гады гаспадар даваў такому юнаку поўху, прапіваў з ягоных рук чару, узнагароджваў зброяй і чым яшчэ ад шчодрасці сваёй, і лічылася, што юнак спасцігнуў свецкую ды вайсковую навукі. Раней Пранцысь мог толькі марыць пра такое. Але няўжо гэта ўсё, чаго Паланэйка лічыць Пранціша вартым? Нават пасля таго, як ён з шабляй бег на ўзброеных стрэльбамі жаўнераў у Слуцкай браме, ва ўпэўненасці, што зараз гераічна загіне?

Злосць і крыўда падымаліся з глыбіні душы крывавым туманам… Можа, проста справа ў тым, што ён занадта галантны, а жанчыны любяць рашучых? Вунь як яна зняважліва згадвае пра свайго «мяккацелага», баязлівага брата, якога трэба ў спіну штурхаць, нават каб на невялікі ўзгорак узышоў, і які ад боязі перад невялічкім такім скандальчыкам пры каралеўскім двары саслаў сваю сястру сюды, нудзіцца і адмольваць зусім даравальныя высакароднай паненцы грахі. Сябар пана Міхала, рускі пасол Рапнін, яго ледзь не ў вочы называе мокрай курыцай, а князь церпіць. Adonis in Eskarpnis, Адоніс у лёгкіх чаравіках, а не сармацкі рыцар. На месцы расейскай прынцэсы Паланэя таксама б такога ў сэрца не ўпусціла!

Вырвіч жа не быў мокрай курыцай… І паспрабаваў сарваць з вуснаў паненкі пацалунак. Урэшце, ён быў яму дакладна абяцаны! Яшчэ тады, у карчме.

Але пацалунак не атрымаўся, хаця Пранцысь лічыў сябе ў гэтай справе спрактыкаваным, як стары паляўнічы — у стральбе. Паненка скрывілася, нібыта датыкнулася да жабы, адштурхнула хлопца і папыталася насмешна, колькі ў ягонага бацькі прыгонных, колькі вёсак і гарадоў… І як даўно пан удзельнічаў у прыдворнай каруселі[16] — рыцарскім паядынку. І ці не ён быў у першым шэрагу каруселі ў Кракаве, у чорных даспехах, на арабскім скакуне з зялёнай збруяй? Не? А пан увогуле каня мае?

Яна сапраўды шчыра лічыла такіх, як Вырвічы, людзямі іншай, ніжэйшай пароды. Гэтаксама, як Вырвічы пагардліва глядзелі на простых мужыкоў, няхай тыя побач з імі аралі зямлю і смяяліся за вочы «Два паны — адны штаны». Але калі маленькі Пранцысь гуляўся ў яшчара і чыжа з сялянскімі дзеткамі, старэйшы Вырвіч пільна сачыў, каб мужыцкія лапы не выцялі шляхецкага сына, а пасля гульні каб кожны пацалаваў руку малодшага Вырвіча ды падзякаваў панічу за ласку пагуляцца з імі. Што, праўда, не заўсёды выконвалася, асабліва наконт кухталёў, якімі малечы зазвычай абменьваліся, не зважаючы на тытулы.

— Гнаявік! Гнаявік! — гучэла ўвушшу Пранцыся, і мсціліся ля сценаў постаці, што затыкалі сабе насы пры ягоным набліжэнні.

Такі дасканалы свецкі тон, які крышыў годнасць суразмоўцы на дробныя ашмёткі, быццам бліскучае лязо турэцкай шаблі — пераспелы гарбуз, Вырвіч чуў упершыню. Але злавацца на паненку было ўсё адно, што на залеву, якая цябе вымачыла — а няма чаго выходзіць пад нябёсны вадаспад. Ён проста адчуваў сябе мізэрным, няўклюдным, нікчэмным, і разумеў, што якія подзвігі ні здзейсніў бы ў будучым — у вачах гэтых Сапегаў, Багінскіх, Радзівілаў усё адно застанецца Гнаявіком. Не панам-братам, а «братоўчыкам»… Цяпер ён разумеў цынічны тон Ватмана ў адносінах да тытулаў — прусак ведаў, што хоць ён барон, хоць герцаг, гаспадары баяцца, паважаюць і адначасова грэбуюць ім.

— Пан Вырвіч, што здарылася? — настаўніцкім тонам папытаўся Лёднік, калі Пранціш моўчкі паваліўся на свой сеннік. Яшчэ знайшоўся апякун… Калі Вырвіч — гной пад нагамі Багінскай, дык доктар — гной пад нагамі Пранціша! Так, кантроль за дыханнем, лічыць пульс…

— Вырвіч, я задаў пытанне!

— Не твая справа… — толькі і змог прасіпець юнак.

— Можа, нам заняцца фехтаваннем? — задумліва прамовіў Лёднік. — Перад сном, вядома, шкодна, але я чую па тваім дыханні, як цябе перапаўняюць гнеў і нянавісць, а фізічныя практыкаванні — найлепшы сродак з імі справіцца.

— Не хачу! — ледзь стрымліваючыся, каб не пачаць лаяцца на доктара, прамовіў Пранціш.

— Тады паспрабуем выгаварыцца… На каго так угневаўся?

— На свайго бацьку! — нечакана выгукнуў Пранціш, і адчуў, як гараць шчокі ад гневу. — Ён мог не пляжыць сваё майно і матчын пасаг! Не зводзіць маці ў магілу сваімі п’янкамі і бойкамі! І ў мяне было б нармальнае шляхецкае жыццё! Усё Падняводдзе калісьці належала нам. На полі працавалі б мужыкі, а не мы. Я б меў каня, парчовы жупан, шаблю-карабэлу… Ведаеш, як мы дарэшты згалелі? — Пранціш нервова зарагатаў. — Напіліся бацька з суседам і пайшлі ў заклад, хто больш уласнага майна спляжыць — бо рыцар не павінен ад майна залежаць і ў любы момант можа шабляй сабе новае здабыць. Коней параздавалі, футры і жупаны проста пасеклі… Нават пуні спалілі! Бацька перамог, усё без жалю панішчыў ды раздаў, хоць і так няшмат меў. Вось толькі новага нажыць не адолеў. Мне год быў, калі я застаўся па ягонай міласці жабраком. Ён ніколі мяне не любіў! Акрамя кухталёў ды дранага азадку нічога я ад яго не меў! Ненавіджу!

вернуться

16

Карусель — прыдворны рыцарскі турнір.