Изменить стиль страницы

— Цывільныя! Жаўнер у снезе начуе і не застуджаецца.

— Яшчэ як застуджаецца, шаноўны, і колькі я ў такіх герояў у Прусіі ды Чэхіі адрэзаў адмарожаных рук ды ног — на воз не змясціліся б. Пілаваў і пілаваў, — не змаўчаў Лёднік.

Найміт ашчэрыўся, як звер:

— От я б зараз не адмовіўся ад добрага кавалка мяса.

Зрабіў застрашлівую паўзу, і дадаў супакаяльна-насмешна:

— Не, не чалавечага.

Зарагатаў, а потым ціха завёў прыемным хрыплаватым голасам мілую песню пра дзяўчыну, якая чакала з вайны свайго каханага, чакала, а той вярнуўся ў выглядзе прывіда і завёз яе з сабой у цёмную сырую магілу.

«— Ой, ці не страшна табе са мной?

— Ой, мне не страшна, мой герой!

— А косткі мае не надта грымяць?

— За пацалункам іх не чуваць!

— А хутка і вусны мае згніюць!

— А зубы ж не хутка выпадуць!».

Спіна Лёдніка, які зноў ляжаў ніцма, пачала трэсціся, як быццам ад ліхаманкі. Ён перавярнуўся і, не хаваючыся, зарагатаў, а потым пачаў падпяваць чорнавясёламу Герману:

«— А што, калі ўсё разваліцца?

— Тады з костак булён зварыцца!»

І Вырвіч зразумеў, што ўсё будзе добра.

А калі туман амаль дапоўз даверху, з ягонай прывіднай глыбіні пачуўся свіст. Уцекачы з’ехалі з гары, і да іх далучыліся пяцёра вершнікаў, у якіх знайшлася для вымачаных у селядцовым расоле новая вопратка. Атрымалі згаладалыя мужчыны і прыпасы ў дарогу. Пранціш проста седзячы ў сядле ўпіўся зубамі ў кавалак вяндліны.

— Рушылі! — скамандваў Ватман.

— Куды? — спытаўся, жуючы, Пранціш.

— У Менск, у кляштар бернардзінак!

І сэрца шкаляра забілася мацней: да Паланэйкі!

А Лёднік упарта закінуў галаву:

— Я нікуды не паеду без адной асобы!

Вершнік, невысокі, стройны, наблізіўся да яго ўшчыльную, прыўзняў белы твар з вялікімі вачыма і прамовіў няроўным ад радаснага хвалявання голасам:

— Думаю, гэта не праблема, мой бедны Фаўст!

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

ЯК ПРАНЦЫСЬ У ЖАНОЧЫМ МАНАСТЫРЫ ЖЫЎ

Гэтае лета было ў слаўным горадзе Менску не самым спакойным. Пане Каханку ўсю столь у зале Трыбуналу ў ратушы расстраляў, на рэшата. Потым ягоны амарат[14] пан Міхал Валадковіч горад на вушы паставіў, праходу панам радцам не даваў.

Усе чакалі сечы, а любая шляхецкая звада адбівалася на месцічах самым сумным чынам. Трыбунальскі віцэ-маршалак Марыконі пакляўся, што прымусіць Валадковіча адказваць па законе за ўсе бясчынствы. А які закон можа быць для пана, без якога ўсемагутны Пане Каханку кроку ступіць не можа, у лоб цалуе і братам называе? Нясвіжскі ксёндз Аблачынскі, якога ледзь не святым парафіяне лічаць, вунь паспрабаваў быў у Марыінскім саборы буяша прысароміць, дык той яму праз тыдзень імшу сарваў. Прывёў на плошчу музыкаў, цыганоў з мядзведзямі і малпамі ды бочку віна выкаціў. Асабліва радаваліся навучэнцы езуіцкага калегіюму. Пранцішу тады ўдалося пабыць у натоўпе, скарыстацца з выбітнога відовішча і дармовага віна. Тады ён шчыра зайздросціў зуху Валадковічу і марыў стаць падобным да яго. Захацеў каму бізуноў даць — даў, захацеў пекную кабету памацаць — хай ейны муж церпіць… Сёння, успамінаючы шалёныя вочы Валадковіча і ягоны чырвоны, спіты твар — хаця пан быў яшчэ малады — Пранцысь не быў упэўнены, што гэта ягоны ідэал.

З вокнаў кляштара бернардзінак добра бачыўся Марыінскі сабор з двума вежамі, якія ўпрыгожвалі два званы, адлітыя з велізарнага звона па імені Ян Салагуб, прывезенага з Караляўца і занадта вялікага для карыстання на мясцовай званіцы. Бачыўся і такі да болю знаёмы будынак езуіцкага калегіюму. Дзесьці там, у інтэрнаце-канвенце, засталася радавая шабля Вырвічаў, з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам. Лірнік пад вакном заспяваў баладу пра магутнага гетмана Радзівіла, чым, напэўна, параніў бы сэрцы высакародных прастаўнікоў роду Багінскіх, каб тыя лічылі вартым прыслухоўвацца да спяванняў нейкага жабрака:

— Радзівіл князь выязджае,
Веліч нібы сонца ззяе
Моц і слава зямлі літоўскай
Па-над ім лятае.
Моладзь і высока панства,
Рыцары — Літвы ваярства,
Коні рвуцца пад імі,
чуюць вершнікаў штукарства.

Пранціш пацягнуўся да вакна бліжэй… Толькі пры пані ігуменні асабліва па баках не пакруцішся. Маці Альжбэта, мажная і ўладная, сурова глядзела на гасцей, хаця й чаканых і добра аплочаных пляменнікам. Двое мужчын, да таго ж схізматыкаў, і кабета ў мужчынскай адзежы — у яе манастыры!

— Як хочаце, але ў келлях я іх пасяліць не магу! — строга сказала маці Альжбэта белагаловаму волату з перабітым носам, канфідэнту[15] ваяводы Багінскага.

— Але ж, цётачка, яго княская мосць мой пан брат дужа прасіў…—мілым галаском прамовіла маладзенькая паслушніца з троху кірпатым носікам, ружовымі вуснамі і гарэзнымі не як у мнішкі вачыма. — Яго княская мосць запэўнівае, што госці гэтыя вельмі важныя, і іх бяспека — справа нашага сямейнага гонару і…

— Сціхні, сарока, — раздражнёна спыніла пляменніцу маці Альжбэта. — Каб не так — не пусціла б у святыя муры гэтую банду.

Агледзела яшчэ раз прыхадняў, як гаспадыня — няўдалыя булкі:

— Значыць, так… Паселіцеся ў левым крыле, дзе скарбніца. Туды хадзіць усім забаронена, ключ толькі ў мяне, маецца выхад праз сутарэнні… Самае то. Жанчыну — у верхні пакой, дзе складзеныя габелены. І каб замыкалася на ключ! Мужчынам прыдзецца начаваць пад лесвіцай. Спадзяюся, не трэба папярэджваць, што тут — прытулак цнатлівасці…

— Я сама прасачу за іх паводзінамі, цётачка! — паслушніца пацалавала ігуменню ў руку.

— Ты ўжо прасочыш… — у голасе маці Альжбэты скрозь радражненне чулася паблажлівая любоў.—За табой сачыць трэба, гарэза. А клапаціцца пра гасцей і праўда давядзецца табе. Бо лішніх воч і вушэй нам тут не трэба.

Спынілася поглядам на госці ў мужчынскім касцюме, чый апякаюча прыгожы твар быў такі бледны і змучаны, быццам зараз пані паваліцца, зірнула на ладнага юнака з нахабнымі вачыма і яго старэйшага спадарожніка, з разумным саркастычным абліччам, занадта разумным і занадта саркастычным для добрага хрысціяніна, нахмурылася…

— Распарадзіся, Паланэя, каб нагрэлі вады. Пах ад гэтых мужыкоў, як ад гнілых селядцоў. Дзеўка хай кладзецца ў ложак. І на ключ замыкайся, чуеш! Плюгаўства нейкае робіцца… Мужчыны ў жаночым кляштары…

На развітанне паслушніца падміргнула Пранцысю, так што ў яго радасна зайшлося сэрца.

Спаць Лёдніку і Вырвічу належала на сенніках, кінутых на падлозе пад вітой лесвіцай. Але й гэта было добра. Гэта было нават раскошна. Яшчэ ў іх распараджэнні мелася лесвічная пляцоўка цокальнага паверху ўнізе, але ўсе дзверы пакояў — і там, і вышэй — былі надзейна зачыненыя, зберагаючы дабро бернардзінак. Можна было ўзняцца па лесвіцы на самы верх, на гарышча, да круглага вакенца. Ход у сутарэнні закрываўся плітой у падлозе, і сэнсу ірвацца туды пакуль не было.

Раніцай Саламея спусцілася ўніз, пераапранутая ў простую брунатную сукенку, наўрад з гардэробу ваевадзянкі, хутчэй, якой простай паслушніцы. Як пры гэтым яна ўмудралася па-ранейшаму прападабняцца Сільфідзе, была загадка. Пранцысь назіраў за яе плаўнымі рухамі, сачыў тонкія абрысы твару, ганарыстую постаць… І крамольныя думкі ўзнікалі: чым гэтая мяшчанка горшая ад шляхцянкі? Пастаў побач яе і любую магнатку, недасведчаны чалавек менавіта ў палачанцы пазнае блакітную кроў. А Міхалішыўна са Слуцкага тэатру, такая ж вытанчаная і гожая, увогуле з прыгонных!

Выратавальная думка вярнула пахіснуты свет на месца: а хто сказаў, што ў гэтых паненках няма блакітнае крыві? Ну, далі плён пазашлюбныя забавы магнатаў… Справа звычайная. Можа, і ў Лёдніка, сына гарбара, такі выбітны розум менавіта таму, што ягоная маці ці бабуля спадабаліся высакароднаму пану. А кроў — не вада!

вернуться

14

Амарат — сардэчны сябар, каханак.

вернуться

15

Канфідэнт — давераная асоба.