Изменить стиль страницы

— Няхай прабачыць ваша мосць сціпласць майго жытла. Але тут вам нішто не пагражае. Паверце, часам на мяне гэтак жа скоса паглядалі мае адзінаверцы за сяброўства Іванам, як і на яго — ягоныя… Проста ў кожным народзе ёсць свае дурні і свае мудрацы, здраднікі і героі, правадыры і дзівакі… Ліхвяры[18] браты Іцкавічы, з-за якіх Крычаў паўстаў, абіралі ўсіх, не глядзелі на веру. Гэтак жа, як і другія арандатары — ліцвіны, браты Ваўкавыцкія, што тых жа крычаўцаў мардавалі. А мы з Іванам Рэнічам былі менавіта дзівакамі. Ён — сярод сваго народу, я — сярод свайго… А дзівакі, якія прагнуць ведаць куды больш, чым дазваляюць звычаі, нікому не падабаюцца, над імі смяюцца, іх баяцца… Затое яны могуць пазнаваць адно аднаго па ўсім свеце, і сыходзяцца на шляху да спазнання, на якім няма розніцы нават між шляхціцам і мяшчуком, няхай прабачыць мяне вашая мосць, але розніца толькі ў глыбіні і смеласці думкі.

— Не кожныя веды ўхваляе Гасподзь, — цвёрда прамовіў Лёднік. — Не ўсё, што мы спазнаем, ідзе на выратаванне душы.

— Табе лепей ведаць, «бедны Фаўст», — нечакана жорстка сказаў аптэкар і адкінуўся на высокую драўляную спінку крэсла. — Чуў пра тое, што Іван так цябе называў? Пісалі мне з Прагі, у якія кампаніі ты хадзіў… Добра, што спыніўся. Але сюды вы прыйшлі менавіта за небяспечнымі ведамі, ці не так?

— Так, дзядзька Лейба, — Саламея кінула пагляд на Баўтрамея, нібы хацела набрацца ад яго смеласці.—Мы павінны пайсці туды, куды… хадзіў бацька. Я знайшла ў ягоных рэчах вось гэты ключ.

Цяжкі, пацямнелы, грубай работы ключ лёг на стол. Усмешка знікла са светлых вачэй аптэкара, ён строга падціснуў вусны, памаўчаў.

— А твой бацька хацеў бы, каб ты зрабіла тое, што збіраешся?

Пані Лёднік апусціла галаву ў кароне цёмных кос, якія па-добраму павінны былі б, як у замужняй жанчыны, хавацца пад наміткай — але ў маладых не ставала ні часу, ні сіл пільнавацца звычаяў…

— Ён не хацеў бы гэтага, дзядзька Лейба. Але ў мяне няма выбару. Я прысягнула, што гэта зраблю… Імем свайго Госпада. У абмен на жыцці дарагіх мне людзей…

— І на сваё жыццё, ці не так? — запытаўся-сцвердзіў аптэкар. — Вось чаму цябе адпусцілі…

— Мы не дамо, каб з паннай Саламеяй нешта кепскае здарылася! — горача запэўніў Пранціш. — І нічога ганебнага не ўчынім.

— А што лічыць ганебным, а? І як сувымяраць ахвяру і карысць ад яе? — нявесела ўсміхнуўся Лейба. — Калі цар Давід паслаў свайго ваеначальніка Урыю на пагібель, ён кіраваўся самым высакародным пачуццём — каханнем. А ганьба якая атрымалася — ледзь адмаліўся. Але ад шлюбу Давіда з удавою Урыі, дзеля якой і ўчыніў цар злачынства, нарадзіўся мудрэц Саламон… Значыць, Урыя загінуў не дарэмна, а? І грэх Давіда пайшоў на карысць?

Вырвіча ажно дрыжыкі працялі: ён зразумеў, што стары аптэкар блюзнерыць па канонах усіх рэлігіяў… Ці не блісне тут зараз маланка Божага гневу?

— Мы пакладземся на волю Божую, — цвёрда прамовіла Саламея.

— Усё роўна нас у спакоі не пакінуць, дзядзька Лейба, — ціха прагаварыў Бутрым. — Не дадуць ні ўцячы, ні схавацца. А так ёсць шанец, што хоць хтосьці з нас выжыве.

Лейба моўчкі павярнуўся і выйшаў у суседні пакой, шчыльна прычыніўшы за сабой дзверы. У слоіку, які стаяў на ніжняй паліцы між фаліянтамі, у каламутнай вадкасці, раптам заварушылася нешта, і зноў замёрла, толькі ў пыльным паветры растаў такі гук, як бы хто кінуў у глыбокую студню камень.

— Твой бацька пакінуў разгадку шляху да хрысціянскай святыні тут? — не вытрымаў Пранціш, звярнуўшыся да Саламеі. Тая паціснула плячыма, прашаптала:

— Бацька давяраў дзядзьку Лейбу. Да таго ж тут ніхто б не надумаўся шукаць, нават езуіты.

Аптэкар вярнуўся, трымаючы ў руках куфэрак цёмнага дрэва. Пранціш чакаў пабачыць там што заўгодна — але не тое, што дастала Саламея: клубок тонкай вяроўкі, завязанай вузельчыкамі.

— Што ж, адгаворваць вас — марнаваць свой час, а яго ў мяне не так шмат засталося да сустрэчы з прабацькам Абрамам… Мала я нацярпеўся за апошнія тры гады, дзякуючы Івану… І зноў праклятае сутарэнне мяне дастае. Каб ім Левіяфан скарыстаўся ды абрушыў добра. І калі думаеце ісці? — змрочна прагаварыў Лейба.

— Зараз жа! — выкрыкнуў Вырвіч, паклаўшы руку на Гіпацэнтаўра.

— Вашая праўда, высакародны пан, адцягваць імгненне, калі ўпаде на цябе падвешаны на валасіне меч — працягваць свае пакуты… — паківаў галавой аптэкар. — Усё, што я магу — праводзіць вас да ўваходу, як Харон.

Вырвіч чакаў, што ўваход у полацкія сутарэнні акажацца дзесьці ў рамантычным, святым месцы… Але выявілася, што ён… у пограбе полацкага аптэкара Лейбы.

Той проста аднойчы зайшоў туды пасля вясновае паводкі, калі падземныя воды прабівалі ў вільготнай зямлі свае капрызлівыя шляхі, і… праваліўся. Ледзь выкараскаўся наверх. Аказалася, дзед Лейбы, які скарыстаўся з літасцівага дазволу вялікага князя сяліцца юдэям у местах і займацца рамяством, выкапаў пограб рыхтык над падземным шляхам. Сам Лейба больш туды не спускаўся, і хутчэй за ўсё заваліў бы страшны прагал і дзверы ў пограб забіў цвікамі… Ясная справа, сутарэнні звязаныя з храмамі, а калі хтось вырашыць, што габрэй тайна спрабаваў пранікнуць у хрысціянскую святыню!.. Не, лепей далей ад граху… І так жывеш між гострымі лязамі…

І забылася б усё, каб не Іван Рэніч, з якім Лейба падзяліўся бядой. А кнігар куды толькі свой цікаўны нос не соваў у пошуках таямніцаў! Полацкія сутарэнні былі ягонай улюбёнай загадкай. Па тым ходзе, што пачынаўся пад царквой святой Параскевы, яму ўдалося дайсці толькі да першага павароту — далей быў земляны завал. У сутарэннях Святой Сафіі — тое самае, абрынулася скляпенне. Калі езуіты будавалі касцёл Святога Стафана, таксама на падземныя хады напароліся — і Рэніч тут як тут, круціцца пачаў, выведваць. Але ход, каменны, вышынёй як руку падняць, аказаўся затоплены.

А ў пограбе аптэкара нечакана адкрыўся прагал у некранутую частку сутарэнняў.

Што Іван Рэніч там знайшоў — Лейбе не расказваў, але калі ён першы раз адтуль выбраўся, нібы ў смяротнай бойцы пабываў — збіты, брудны, ды яшчэ кульгавы… Гэта, аднак, ахвоту не адбіла, Рэніч пачаў цягацца ў пограб, як на працу. Перапыняўся толькі, каб залячыць раны, аднойчы нават руку зламаў у земляных нетрах. Колькі свечак звёў, вяровак! А заадно перачытваў летапісы, дабіўся доступу да захаваных парэшткаў архіваў Сафійскага сабору, апытваў старых людзей, што яны чулі…

Аптэкар не ў сваю справу не лез. Напачатку, вядома, спрабаваў прыяцеля ад згубнага захаплення выратаваць. Але пераканаўся, што прывесці да розуму кнігара ніяк не выпадае, і калі перакрыць яму ход у сутарэнні, можа ўвогуле нарабіць глупстваў і яшчэ бяду на гаспадара пограба накліча. Рэніч нават грошы пачаў суседу за кожны свой візіт на ягоны двор плаціць, абы не звягаў. Тады Лейба выдаў апантанаму ключ ад праклятага месца і пастараўся забыцца на дзірку ў прорву. Больш, уласна кажучы, туды нават не падыходзіў, дзякуй прабацьку Абраму, пограб на заднім двары.

Але небарака нават спаць па начах перастаў. І кожны раз, як Рэніч залазіў у пограб, садзіўся за малітву… А што, калі гэты апантаны не вернецца, не выберацца? Прыйшоў сумленны хрысціянін у дом да габрэя і знік! Капцы тады і аптэкару, дый усе габрэі места пацерпяць.

Праз год Рэніч заззяў, як новы талер. Аднойчы паказаў пару старадрукаў, не сказаўшы, адкуль узяліся… Лейба не быў такім абазнаным, як сябар, у кніжнай справе, але зразумеў, якая каштоўнасць перад ім, і здагадаўся, адкуль такое багацце. Бібліятэка Сафійскага сабору, згубленая падчас Інфлянцкай вайны, падобна, дачакалася свайго адкрывальніка.

Але таямніца выглядала дастаткова небяспечна, каб не ўзнікала жадання яе раздзяліць. Лейба цалкам уяўляў, колькі ахвочых да падземных скарбаў маецца, і што яны могуць зрабіць з іх уладальнікам. Да таго ж і Рэніч узяў з аптэкара слова, што той не толькі захавае таямніцу пограба, сам туды не сунецца, але й нікога не пусціць, бо справа небяспечная, ніхто адкуль жывым не вернецца.

вернуться

18

Ліхвяр — пазычаў грошы і жыў з атрыманых працэнтаў.