Изменить стиль страницы

Вырвіч і Ватман кінуліся да прагалу, усведамляючы, што безнадзейна спазніліся… Але жахлівай прорвы не пабачылі — наадварот: пліты павольна падымаліся наверх, пераляканы доктар (а Пранціш упершыню бачыў доктара пераляканым) трымаў у абдоймах Саламею, а на вуснах той лунала мройная, трохі сумная ўсмешка… І разам з тым, як пліты пакрысе вярталіся на сваё месца, у глухой сценцы, што перагарадзіла шлях, пачала ўтварацца роўная шчыліна, якая са скрыгатам — камень аб камень — пашыралася, нібыта нехта рассякаў, рассоўваў мур волатавым мячом.

— Хутчэй! Дзверы зараз зачыняцца! — крыкнула Саламея і пацягнула Лёдніка за руку ў чорную шчыліну. Вырвіч і Ватман рушылі за імі… Як толькі вандроўнікі забеглі ў таемныя дзверы, страшэнны грукат за спінамі засведчыў — праход зачыніўся.

Ватман высока падняў ліхтар, які не выпусціў з рук, нягледзячы ні на што. Яны апынуліся у пакоі, дзе, аднак, не было ні бібліятэкі, ні рамфеі — толькі фрэскі на сценах. Ясна, што дужа старыя, але нават у цьмяным святле ліхтара бачылася — фарбы не страцілі яркасці. Пранціш пазнаў выявы Барыса і Глеба, Хрыста Пантакратара і нават святога Вацлава. Надпісы на сценах віліся стараславянскай вяззю. Яшчэ адна дзіўната — складзеныя ў куце глыжы, нібыта маленькі курган, пад якім была пахаваная нейкая мізэрная істота.

— І як жа назад? — падазрона папытаўся Ватман. Саламея няўважна махнула рукой:

— Назад прасцей… Націснуць адначасна абедзьвума рукамі вунь на тыя камяні, што выпіраюць са сцяны.

— Гэта на знак, што нічога з сабой не выносіш, — насмешна і раззлавана патлумачыў Лёднік, які яшчэ не ачуняў ад перажытага, бо вочы ў яго ажно гарэлі чорным гнеўным агнём. — Дойліды, аднак, страшнаватыя жарты тут пакінулі. Ты што, папярэдзіць мяне не магла? Абавязкова было, каб я перажыў тваю смерць?

Саламея вінавата апусціла вочы.

— Абавязкова. Так рабілі ўсе, хто прыводзіў сюды неафітаў. Прабач, але бацька сказаў, каб я, калі прыду сюды першы раз, учыніла ўсё па правілах. У сутарэнні могуць прайсці толькі чыстыя сэрцам, а людзі, якія гатовыя ратаваць адзін аднаго цаной уласнага жыцця, зусім кепскімі быць не могуць.

— Значыць, калі б я не скочыў за табой… — у голасе доктара ўсё яшчэ чуўся гнеў.

— Дзверы б не расчыніліся. Мы б не загінулі, але і не прайшлі б далей, — спакойна патлумачыла Саламея.

— Чакайце, — захваляваўся Пранціш. — А як жа Іван Рэніч адзін сюды хадзіў?

— Рэніч быў вынаходнікам, — змрочна прамовіў Лёднік. — А я думаў — нашто яму сюды прыцягваць тое бервяно? Неяк ён даведаўся пра сістэму з плітамі. Націснуць напачатку адначасова на дзве скрайнія пліты. А калі крайняя правая пачне апускацца — перамясціць вагу з крайняй левай пліты на другую справа. І прыводзіцца ў дзеянне механізм, які адчыняе праход. Вось і ўся ахвярнасць. Не містыка, а механіка.

— Для таго і патрэбныя таямніцы і таемствы, каб не зводзілася ўсё да простай механікі, — раздражнёна адказала Саламея.

— Можа, пані адразу патлумачыць, якой халеры нам яшчэ чакаць? — ветліва папытаўся Герман Ватман. — А то ад нечаканасці хтось сплюгуе свае нагавіцы, зганьбіць святое месца.

Пані Лёднік ганарыста адкінула галаву.

— Вы не ў шынку, каб замаўляць стравы на свой густ. Я звязаная прысягай не толькі з панам Багінскім. Проста рабіце тое, што я вам кажу.

— Ніколі не слухаўся кабетаў,— прабурчэў Ватман, але змоўк. А Саламея прайшла ў далёкі канец пакоя, да сцяны, таксама распісанай фрэскамі. Там быў адлюстраваны Страшны Суд. Асабліва палохалі бясконцыя натоўпы грэшнікаў, дробных, з мезенец, якія сыходзілі ў вогненнае мора, на пакуты… На маленькіх невыразных тварах бачыліся раскрытыя ў адчайным крыку раты. Унізе фрэскі віўся надпіс: «Житейское море, воздвизаемое зря напастей бурею, к тихому пристанищу Твоему притек, вопию ти: возведи от тли живот мой, Многомилостиве».

Ватман падыйшоў блізка да сцяны, памацаў яе, абгледзеў, падымаючы ліхтар ва ўсе бакі, але ніякай шчыліны, што паказвала б на схаваныя дзверы, не знайшоў. Затое падлога таксама была складзеная са знаёмых каменных плітаў, і найміт асцярожна адступіў назад.

— Там выпрабоўвалася любоў да бліжняга. Тут выпрабуецца вашая вера ў Госпада, — ціха прамовіла Саламея. — Калі мы прымаем святое хрышчэнне, то адракаемся ад нячыстае сілы, тройчы плюем у бок ейнай агіднае выявы…

— О, мы павінны плявацца? — абрадваўся Ватман. — Гэта я магу! Як саламіну паламаць, даплюну куды скажаш. І шкаляр тут мусіць быць спрактыкаваны, праўда? Мы ў школе, памятаю, праз сцябліны трыснягу так сухім гарохам пляваліся! Вось з доктарам праблемы… Надта чапурысты, пачне плявацца — яшчэ ўласнай слінай атруціцца.

Лёднік хацеў ужо нешта рэзкае сказаць, але Саламея сама раздражнёна перарвала жартаўніка.

— Не варта смяяцца над продкамі, якія не маглі пераўзысці нас у цынізме, а нам здаецца — што ў розуме. Той, хто хацеў увайсці ў месца, дзе захоўваюцца святыя хрысціянскія рэчы, мусіў кінуць камень у выяву нячыстага, вось там. Манахі верылі, што чалавек, якія мае зносіны са злом, не зможа гэтага зрабіць.

Сапраўды, у куце фрэскі, там, дзе было намаляванае пекла з лесам вогненных языкоў, бачылася паскудная выява з рагамі і пысай, падобнай да пысы дзіка, трохі аблезлая — відаць, менавіта ад шпурляння, а можа і плявання, у яе. Вырвіч паслухмяна пайшоў па глыжы — цяпер зразумела было, нашто ў куце гэтая кучка… А Ватман падміргнуў Лёдніку:

— Механіка, кажаш, доктар? Значыць, калі падумаць, усё гэтае пляванне-шпурлянне, выпрабаванне праўдзівасці веры мае на мэце адно: націснуць на тое месца мура, дзе намаляваны Люцыпар, ды ўлучыць чарговую машыну. Пасля падарожжа ў жалезным цмоку мяне нічога не дзівіць.

Ватман лена наблізіўся да сцяны, узважваючы ў руцэ чакан, і дзюбнуў тупым канцом проста ў пысу нячыстай сілы. Усяго адзін раз. Але ў паганым абліччы адразу ўтварылася выбоіна, а падлога пад нагамі зрушылася. Шукальнікі скарбаў адскочылі ад сцяны… Пліты паволі апускаліся, адкрываючы ход уніз. Ватман пасвяціў у чорны прагал ліхтаром:

— Прыступкі! Ну што, спускаемся, ці яшчэ якія фокусы трэба ўчыніць?

Угневаная Саламея моўчкі адсунула Ватмана ўбок і палезла ў ход.

За сцяной, аднак, зноў не аказалася бібліятэкі. Вузкі доўгі пакой без вокнаў, без дзвераў, аднак паветра чамусьці свежае, ясна, што ёсць галаснікі, звязаныя з паверхняй. Тут уся падлога была выкладзеная каменнымі плітамі. Пасярэдзіне ішла вузкая, не шырэй локця, палоска з вузкіх плітаў чырванаватага колеру.

— Ды хто ж усё гэта збудаваў? — вырвалася ў Пранціша. — Няўжо нашыя палачане?

— Думаю, гэта з’явілася задоўга да Ліфляндскай вайны, — задумліва прамовіў Лёднік. — Магчыма, яшчэ і да таго, як пабудавалі Сафію, і акрым палачанаў, тут пастараліся і прыезджыя майстры. Падобнае ёсць у катакомбах Канстанцінопаля… Вядома, лабірынты Егіпту і Кноса куды ранейшыя ды буйнейшыя, параўнанне з імі надта казачна выглядае. Але прынцып паўсюль той самы.

— Ты хочаш сказаць, сюды егіпцяне прыходзілі? — здзівіўся Пранціш.

— Егіпцяне наўрад… А візантыйцы тут дакладна бывалі. Дарэчы, ты ж сам верыш, што вядзеш род ад старажытнарымскага арыстакрата Палямона, — няўважна прамовіў Лёднік і павярнуўся да Саламеі.

— Напачатку выпрабоўвалася моц нашай любові да бліжняга свайго… Пасля — наша хрысціянская вера. Цяпер, паводле логіцы і Святога Пісання, час выпрабаваць нашую надзею? Апошняе, што застаецца чалавеку?

Саламея, раптам саслабеўшы, закрыла твар рукамі і прашаптала:

— Бацька, прабач…

Угледзелася ў твар Лёдніка, прагна, нібыта нешта там шукала — напрыклад, пацверджання, што ён варты такой ахвяры — і рашуча адвярнулася.

— Так, цяпер выпрабаванне надзеі. Бо вам давядзецца спадзявацца толькі на літасць Божую і на мяне. Ступайце за мной след у след. Чуеце? Запаліце паходні… Яны павінны быць вось там, справа ад уваходу. Нам спатрэбіцца святло. Глядзіце пільна пад ногі.

У куце сапраўды былі падрыхтаваныя з дзесятак паходняў, добра прасмоленых. Цемру сутарэнняў гэта не разагнала, але ўсё-ткі ад жывога агню зрабілася весялей. Саламея перахрысцілася, прашаптала кароткую малітву і паставіла нагу — асцярожна, як на лёд — на чырвоную паласу. Ступіла крок, другі, трэці, не выходзячы за межы чырванаватых плітак… Ціха. Але як толькі за ёй на чырвонай паласе апынуўся Лёднік, пліты паабапал нават не апусціліся — а праваліліся з глухім грукатам, так, што ўсё задрыжэла, і Лёднік прытрымаў за локаць Саламею, якая трошкі пахіснулася. І вось ужо па абодва бакі зеўрала прорва. Засталася толькі вузкая каменная дарожка у локаць шырынёй, якая ўпіралася ў процілеглую сцяну. Ватман шматзначна перхануў: