Изменить стиль страницы

— Пайшоў! Пайшоў! Цмок пайшоў! — спалохана зашапталіся вакол. Крок, другі… Пахолкі і пахолікі, гайдукі і паюкі, венгрынкі і гусары, машталеры і турчаняты, што сабраліся ў двары, пачалі адыходзіць, хрысціцца, некаторыя ўчынілі гэтак жа, як камянецкія мужыкі, якія збеглі ад Пфальцмана. Жанчыны і дзеці вішчэлі… Здавалася, жалезную пачвару не стрымаюць ніякія сцены. Потым чарапаха застыла, з яе «пысы» высунулася маленькая кароткая гармата, скіравалася да ўсходняй сцяны…

— С-страляй! Валі! — узбуджана крычаў Геранім Радзівіл, прытопваючы нагой. Гармата выплюнула ядро… Сцяна вытрымала ўдар, хаця ў ёй утварылася заўважная выбоіна. Апошняя чэлядзь з крыкам рассыпалася ўбакі, двор апусцеў.

— С-слаба! Мала! — крычаў князь. Металёвая пласціна адыйшла, у адтуліну высунуўся спацелы, счырванелы твар Пфальцмана.

— Ваша мосць, гэтая машына можа быць узброеная дванаццаццю такімі гарматамі, па ўсім перыметры, якія змогуць з дапамогай адмысловых прыстасаванняў страляць адначасова, наносячы ворагу вялікую шкоду!

— Ну д-дык і ўсталюй іх! — супакоіўся пан Геранім, зацікаўлена аглядаючы сваю новую зброю. — У Слуцку лепшыя людвісарні ў краі! Будзеш тут жыць, пакуль да ладу ўсё не давядзеш.

Над замкавым дваром кружлялі спалоханыя вароны.

— Пфальцман не ведае, у што ўвязаўся, — ціха прамовіў таксама расчырванелы ад знаходжання ў пякельнай машыне Лёднік Пранцысю на вуха, калі яны ішлі ў палац, адстаўшы ад іншых. — Мне тут распавялі, як князь выпісаў быў швейцарца, які мусіў паставіць яму ў Слуцку конны помнік. Але пан Геранім так замучыў майстра парадамі і кантраляваннем, да таго ж прыставіў да яго адмысловых людзей, каб не давалі ўжываць віно, што майстар збег. А на развітанне пакінуў гаспадару цыдулку, у якой выказаў, што той не мае ніякага ўяўлення ні пра ліцейную справу, ні пра архітэктуру. Князь ледзь жоўцю не захлынуўся ад злосці. Так што цяпер наўрад Пфальцманам удасца ўцячы.

Доктар памаўчаў, пакуль Пранціш ціха смяяўся, і дадаў:

— А машына ўсё-ткі марудная і неразваротлівая. Ідэю вадзянога рухавіка мы з Якубам разам абмяркоўвалі — цяпер з ёй носіцца малады Кюньё. Той марыць перасоўваць французскую артылерыю з дапамогай паравых машын, а Пфальцман аб’яднаў усё ў адным: гарматы, рухавік і абарончыя збудаванні. — Лёднік уздыхнуў нават трохі зайздросна, і Пранцысь зразумеў, што алхімік усё-ткі аддае належнае вынаходніцкаму таленту аднакурсніка. — Але з такой малой хуткасцю і кароткай дыстанцыяй — ну колькі таго вугля можна з сабой у машыну прыхапіць? — яна пакуль не надта зручная. І дзякуй Богу. — І паглыбіўся ў звыклыя любамудрыі: — Ведаеш, я думаю, Леанарда да Вінчы не змог здзейсніць ніводнае са сваіх вайсковых вынаходніцваў яшчэ і таму, што тады ў вайскаводцаў існаваў пэўны кодэкс гонару: ганебным лічылася б заваяваць перамогу вось такой прыладай, а не хітрай стратэгіяй і мужнасцю вояў. Хаця, можа, я іх ідэалізую, і яны проста былі недавукамі, як наш Аўгуст — Пфальцман жа яму напачатку праект пасылаў, але кароль нават не адказаў. Затое пра машыну даведаўся князь Геранім…

Нямецкія вучоныя былі ўдастоеныя гонару абедаць у Вялікім палацы, які таксама знаходзіўся ў Ніжнім замку і быў перабудаваны з таго, што ўзводзіла яшчэ колішняя гаспадыня Слуцку Анастасія Алелькавіч. Стол абедзены ледзь не тых часоў, з дубовых дошак таўшчынёй у руку не самага кволага чалавека, змяшчаў паводле сармацкага звычая чалавек сто. Колькі выпіта было пад гэтымі высокімі зводамі, колькі віватаў гучэла, колькі зухаватых шляхціцаў проста з-за стала адпраўляліся на двубой! А пасля, калі маглі гэта зрабіць, вярталіся ў залю, каб выпіць міравую… Альбо той, хто выжыў, піў адыходную за спачылага. Колькі старажытных ваярскіх песень тут прараўлі моцныя глоткі!

Але такога магнацкага застолля, як цяпер ладзіў Геранім Радзівіл, нідзе больш нельга было пабачыць. Тут панавала цішыня — голка ўпадзе, пачуеш. Пасля таго, як гаспадар усеўся за асобны столік і за ягонай спінай стаў пахолак, чый абавязак быў каштаваць кожную страву і пітво, што падаваліся князю, і гайдук, які па звычаі трымаў панскі палаш, зайграла цудоўная музыка. Заслізгалі за спінамі гасцей слугі ў блакітных пералівістых жупанах з залатымі гузікамі, за пояс кожнага былі засунутыя ласёвыя рукавіцы. Але гучна прамаўляць насмеліваўся толькі той, да каго князь звяртаўся. Астатнія час ад часу толькі перашэптваліся, намагаючыся не наклікаць падазрэнне гаспадара. Пілі з каштоўных крышталёвых кубкаў з залатымі налепкамі ў выглядзе звяроў так, каб не ап’янець — Радзівіл Жорсткі дужа не любіў п’яных. І гэта ў той час, калі добрым лічылася, каб госці валіліся пад стол, перацалаваўшыся з келіхам. Ніхто не прамаўляў велягурыстых тостаў, не пілі з чаравічка прыўкраснай дамы… Дый дам за сталом зусім не было — бо Геранім Радзівіл іх таксама не любіў, дакладней, пагарджаў і асцерагаўся «фарбаваных лісіцаў». Толькі статуі белых антычных багінь прыкрашалі пакой, а між статуй гэтак жа нерухома стаялі гранд-мушкецёры князя Гераніма, у сініх мундзірах з белымі вылогамі, у капялюшах з пёрамі, са шпагамі, на похвах якіх блішчэлі каштоўныя камяні… Пранціш успомніў расповеды пра прыгонных актрыс, якіх прымушалі выяўляць статуі, прыгледзеўся… І праўда, мармуровыя багіні дыхалі! Насупраць Лёдніка і Пранцыся сядзеў тоўсценькі чалавек у блакітным камзоле, з жывымі чорнымі вачмі. Пранцысь пачуў, як Лёднік ціха звяртаецца да чалавека «сеньёр Пучыні», і зразумеў, што гэта і ёсць агент Сапегаў, дырэктар опернай трупы слуцкага тэатра. Значыць, доктар ужо наладзіў патрэбную сувязь… Як дасведчаны шпег.

Пан Геранім быў у незвычайным гуморы, калі меркаваць на радасных тварах прыдворных. Падобна, новая цацка ў выглядзе жалезнай чарапахі яму дужа спадабалася, і ён ужо планаваў, як з ейнай дапамогай карае ворагаў, а сярод іх значыліся нават усе князевы сваякі. Пфальцман зноў красамоўна апісваў магчымасці свайго вынаходніцтва, але князь спыніў погляд на другім немцы, а менавіта Лёдніку.

— А ў чым т-твой вучоны калега аб-базнаны?

На шчасце, пра адмову аднакурсніка ад астралогіі гер Якуб быў папярэджаны. Таму Пфальцман, не крывячы душой, распісаў выдатныя лекарскія здольнасці гера Лотмана, якому выкладчыкі Лейпцыгскага ўніверсітэту прарокавалі славу новага Парацэльса. І тут патрапіў ключ у замок. Князь належаў да людзей, што падазраюць у сабе кучу ўсялякіх хваробаў. Гэта спалучалася з пастаянным падазрэннем, што яго труцяць, няправільна лечаць, сурочваюць і гэтак далей. Таму князь увесь час меў патрэбу у дактарах, але дактары пры ім доўга не затрымліваліся… І не заўсёды ім удавалася з’ехаць ад капрызлівага пацыента. Часцяком яны проста знікалі. Вось і цяпер князь застаўся практычна без лекараў — двух ацалелых ад княскага гневу няшчасных італійскіх клісцірнікаў Геранім бачыць не жадаў, і яны сядзелі, замкнуўшыся ў пакоях, і пілі адвары валяр’яны. Таму нямецкі доктар быў тут вельмі дарэчы. Настолькі, што чорныя вочы Радзівіла загарэліся дзікім агнём, і князь адразу запатрабаваў, каб гер Лотман яго агледзеў і вынес свой вердыкт. Лёднік кінуў на стол сурвэтку і пакорліва нахіліў галаву. Пранцыся паслалі па Лёднікаву дыхтоўную скураную валізку з абавязковым наборам інструментаў і лекаў, пазычаную ў Сапегаўскага доктара.

Калі князь і Лёднік зніклі за дзвярыма з арламі ў суправаджэнні двух гвардзейцаў, запанавала ціша, якую парушалі толькі асцярожныя пастукванні лыжак аб модныя парцалянавыя талеркі, ды часам баязлівы шэпт гасцей. Спалох на тварах шмат сказаў Вырвічу. Ясна, усе непакояцца, што доктарскі агляд князя раззлуе, бо так, відаць, здаралася часцяком, і тады дастанецца ўсім. Нават жывыя статуі задыхалі часцей, адна аж пераступіла з нагі на нагу, і тут жа замёрла пад злосным позіркам княскага прыдворнага маршалка[11], тлустага, як рапуха, які павінен быў сачыць за дасканаласцю дэкарацый.

Вырвіч адчуваў у жываце ільдзяны камяк. Тым больш і сіньёр Пучыні паглядаў на яго спачувальна. Прайшла, відаць, цэлая гадзіна… Ніхто не насмельваўся ўстаць з месца, горш за ўсё даводзілася нерухомым мушкецёрам ды скульптурам. Музыкі распачалі граць чарговую мелодыю, якой Пранцысь з прычыны сваёй музычнай неадукаванасці пазнаць не мог, але гучэла яна дужа жаласна, як быццам кагосьці на ланцугу па пакутах вадзілі, нават мсціліся словы з карчомнай песенькі пра сіротку Дароту. Кавалак у горла не лез, хаця стол быў багацюшчы: такіх пачварын, якія красаваліся на срэбных блюдах, Вырвіч ніколі не бачыў. Птахі з выкручанымі крылцамі і шыямі, фаршыраваныя грыбамі і садавінай… Шчупакі, з галавы адвараныя, у сярэдзіне запечаныя, з хваста засмажаныя… Парсючкі з прыстаўленымі крыламі… Срэбныя сервізы — складаныя канструкцыі з талерак на вытанчаных маленькіх калонах, упрыгожаныя выявамі антычных багоў, прыпадабняліся славутаму рогу казы Амалфеі, на іх навалілі ўсялякае смакоцце, ад лімонаў да марцыпанаў. На ніжняй талерцы паціху плавіліся «італьянскія лёды», і кожны сервіз стаяў на круглым люстэрку. Раскоша!

вернуться

11

Маршалак — вялікі маршалак кіраваў вялікакняскім дваром і сенатам, павятовы — ачольваў мясцовы ўрад, вёў павятовы соймік, трыбунальскі — кіраваў судовымі паседжаннямі.