Изменить стиль страницы

Пранціш ведаў, што супроць ягонага даверлівага тону і ўмольнага пагляду шчырых блакітных вачэй ніхто не вытрывае. Сапега слізгануў вачыма па гасцях, аббег пакой, зазірнуўшы пад парцьеры, нават вызірнуў за дзверы… Наблізіўся да Лёдніка і Вырвіча ўшчыльную, Пранцысю аж казытнула ў носе ад рэзкага паху моднай парфумы з мускусам і лавандай, загаварыў шэптам.

— Калі я стаў ваяводам полацкім і першы раз прыехаў у места, мне распавялі пра ягоныя дзівосы…. І пра сутарэнні. Многія спрабавалі там шукаць — бібліятэку Сафійскага сабору, скарбы… Папа рымскі Георгій, Іван Жахлівы, езуіты перапаролі ўсё, што маглі. Прызнаюся, спрабаваў і я пасылаць людзей у сутарэнні. Але далёка ні разу не прайшлі, то вада, то завалы. А аднойчы палезлі ў ход ды чацвёра ад кепскага паветра задыхнуліся. І мне параілі звярнуцца да мясцовага купца Івана Рэніча, які любіць па гэтых сутарэннях лазіць. Але гэты махляр не прызнаўся, што нешта знайшоў.

Лёднік шумна выдыхнуў, але стрымаў гнеў ад гэткага непаважлівага водгуку пра ягонага настаўніка.

— Трэба было гэтага купчыну не выпускаць з-пад нагляду… — з прыкрасцю зазначыў Сапега. — Але ён падаўся мне такім дзівачным! А тут пачалася пошасць, і толькі пасля таго, як яна скончылася, і Іван Рэніч памёр, мне даклалі, што, падобна, ён знайшоў уваход у сховішча. А там не толькі бібліятэка Сафійскага сабору, але і адна… рэліквія… Іначай Марцін Радзівіл да яго асабіста не прыязджаў бы.

— А што за рэліквія, ваша мосць? — пацікавіўся Вырвіч. — І ў каго яна цяпер?

Сапега павагаўся, але працягнуў шаптаць, толькі яшчэ больш ціха. — Пра падскарбія Аляксандра Солтана чулі?

— Гэта які трыста год таму стаў рыцарам Гроба Гасподняга? — удакладніў Лёднік.

— Так, ён самы… — Сапега зноў крануў сябе за нос. — Солтан з’явіўся да папы са скаргай, што ў Вялікім княстве Літоўскім уціскаюць праваслаўных. І папа даў яму даручэнне… Узамен якога абяцаў падтрымку. Прывезці з Ерусаліму адну святыню… Яна патрапіла туды з Чэхіі. Калі Сігізмунд Люксембург ваяваў з жаўнерамі Гуса, каб выратаваць найвялікшыя рэліквіі Прагі ад ерэтыкоў, схаваў іх на двух вазах з рыбай і адправіў у Нюрнберг. Але па дарозе вазы перастрэлі, і самая найвялікшая святыня была забраная. Кажуць, гэта ўчынілі пражскія разэнкрэйцэры, і перадалі забранае ў Ерусалім, у Храм гроба Гасподня.

— Разэнкрэйцэрам, якіх ніхто толкам не бачыў, прыпісваюць самыя неверагодныя ўчынкі, — заўважыў Лёднік. — Я б не ўсяму верыў, Ваша мосць. Я жыў у Празе, бываў у Нюрнбергу, чуў пра два вазы з рыбай… Але пра крадзеж рэліквіі — нічога.

— І не павінен быў чуць, — раздражнёна патлумачыў Сапега. — Каб не нарабілася шуму, скрадзенае падмянілі падробкай. І цяпер Папа хацеў сапраўдную святыню вярнуць сабе. Але Аляксандр Солтан, пабываўшы ў Ерусаліме, у Рым не вярнуўся. Паехаў у Партугалію, Францыю, Англію… А калі вярнуўся на радзіму, каталікі яго з амбонаў у Вільні сабакам абзывалі. І ніякай граматы ад Папы ў яго не мелася пра заступніцтва. Затое ў Полацкай Сафіі за здароўе Солтана пачалі кожны дзень служыць малебны. Значыць, туды святыню перадаў, спадзеючыся абараніць братоў па веры, а манахі яе схавалі ў сутарэннях.

— Дык што гэта за святыня, ваша княская мосць? — з нецярплівасцю прашаптаў Пранцысь.

Сапега адвёў вочы.

— Яна доўга пераходзіла з рук у рукі, з’яўляючыся часткай імператарскіх рэгаліяў. Імператар Канстанцін, Отан Вялікі, Карл Вялікі, Барбароса… Усе з ёй у руках каранаваліся. Карацей, уладальнік гэтай рэліквіі — уладар над уладарамі! — голас Сапегі аж узвысіўся ды сарваўся на дыскант ад захаплення. — Калі б хтось у Рэчы Паспалітай яе займеў! Тады і Багінскія, і Чартарыйскія, і Пацы — усе збяруцца пад ягоны сцяг!

Сапега відавочна ўяўляў на месцы шчасліўца сябе.

— Рамфея! — выдыхнуў уражаны Лёднік здагадку, і Сапега кінуў на занадта абазнанага доктара засцярожлівы позірк.

— Няважна… Галоўнае, Іван Рэніч ведаў, дзе яна знаходзіцца. І сабе яе дакладна не забраў. Але толькі абраны чалавек можа прайсці ў сутарэнні, і такі чалавек можа прывесці свайго пераемніка толькі добраахвотна, пасля належных выпрабаванняў. Таму Марцін Радзівіл і ўгаворваў Рэніча па-добраму… Але калі той памёр, захавальніцай полацкай таямніцы стала ягоная дачка.

— Чаму вы так у гэтым упэўнены? Яна сама прызналася? — напружана папытаўся Лёднік. Сапега выпрастаўся, відаць, зусім знудзіўшыся вымушаным знаходжаннем у адной паставе, і зноў забегаў па пакоі, загаварыўшы на поўны голас.

— Прызналася, не прызналася — больш няма каму! Паміж захавальнікамі павінна быць альбо крэўная, альбо духовая еднасць. Таму й паненка пакуль жывая, і, напэўна, здаровая. Цяпер Геранім Радзівіл спадзяецца стаць захавальнікам… і ўладальнікам рэліквіі. А гэтага дапусціць нельга!

Сапега нарэшце спыніўся, у сваім узбітым хмаркай парыку падобны да вушастага красналюдка-гнома.

— Вырашана — адпраўляецеся з Пфальцманамі! Пастарайцеся ўвайсці да Гераніма ў давер, хоць гэта практычна немагчыма. У замку можаце разлічваць на дырэктара тэатра Пучыні. Радзівіл ягоную жонку змусіў разам з іншымі актрысамі ўвасабляць мармуровыя статуі багінь падчас балю. Небарака не вытрымала ганьбы й памерла. Зрэшты, усе слугі, прыслужнікі і прыдворныя свайго пана ненавідзяць люта, — пасміхнуўся Сапега. — Але ж усе запалоханыя да мышынага віску. І яшчэ адзін чалавек вам прыдасца… Пайсці з вамі не зможа — там яго добра ведаюць, але ж каб дастаць князя Гераніма, жыцця не пашкадуе.

Сапега высунуўся за дзверы і гукнуў:

— Ігнась!

Праз хвілю ў кабінет зайшоў высокі дужы шляхцюк у сармацкім строі, з пышнымі светлымі вусамі і доўгім чубам. Вочы шляхцюка пазіралі ўпэўнена, як у дасведчанага воя.

— Знаёмцеся, пан Ігнась Мянчынскі! Брат апошняй жонкі князя Гераніма. Калі прыехаў заступацца за сястру, князь адправіў яго назад у карэце на авальных колах. Так?

— Так! — скрозь сцятыя зубы адказаў шляхцюк, і ягоныя вочы — нават у цьмяным святле свечак гэта было відно — палыхнулі агнём нянавісці за перажытую ганьбу.

— Сястра пана Мянчынскага зараз у бяспецы, у бацькоў, таму пан Ігнась нічым не звязаны. І дапаможа вам, калі што, са сваймі жаўнерамі…

Твар пана Мянчынскага нават засвяціўся ад прадчування помсты — было зразумела, што паляціць за ворагам, калі даць сігнал, як выжал за дзіком… Пранціш шчыра пазайздросціў вусам пана Ігнася. А яшчэ крыўдна зрабілася пры думцы, што Лёднік, як заўсёды, разумее ў пачутым куды больш за свайго гаспадара.

У цемры і дажджы агні паходняў здаваліся размытымі плямамі. Пфальцманы былі шчаслівыя і перапоўненыя ўдзячнасцю — бо ўпэўненыя, што толькі дзякуючы сувязям высакароднага юнака іх адпусцілі. Фрау Эльза гладзіла Пранціша па непаслухмяных кудзерах з сапраўднай мацярынскай ласкай, відаць, прыкідваючы, што магла б мець такога гожага сына. Можна было спадзявацца, што сапраўдных імёнаў сваіх калегаў яны не выдадуць. Чакаць, пакуль развіднее, ніхто не стаў. І праз гадзіну жалезная чарапаха ўкацілася ў браму слуцкага замка.

Лёдніка і Пранціша, прабачце, гера Лотмана і ягонага асістэнта Франца Магнуса пасялілі ў пакоі малога палацу Ніжняга замка, побач з Пфальцманамі. Не ў самым шыкоўным пакоі, але там усё-ткі меўся вялізны ложак на саксонскі манер, які Лёднік, як належала слузе, саступіў Пранцысю, а сам, падкурчыўшы доўгія ногі, улёгся на атаманцы ля каміну.

Нібыта было ўтульна… Суха, цёпла… Лепей, чым дома ў Падняводдзі, дзе Пранцысь і бацька спалі на цвёрдых лаўках. А бацька часта яшчэ, дзеля выхавання шляхецкага духу, будзіў сына з першымі пеўнямі, а то і сярод ночы стрэлам у столь, так што тая нагадвала рэшата. І камін тут нядаўна тапілі. Але шкаляру здавалася, што ён ляжыць не на пярыне, а на тонкім лёдзе, які вось-вось можа растаць, і правалішся ў славутыя сутарэнні-катавальні. Нават у начной цішы ўгадваліся прывідныя крыкі. Пранцысь, змагаючыся з дрымотай, ледзь дачакаўся, пакуль Лёднік прамармыча належныя вечаровыя малітвы, вымавіць «Амін!» і ўляжацца, і папытаўся:

— А што такое рамфея? З-за чаго ўвесь гэты бабілонскі кірмаш?