Изменить стиль страницы

А есці не хочацца.

Грукнулі дзверы… Князь Геранім увайшоў у залу парывістым крокам, ягоныя вусны крывіліся задаволенай усмешкай, а ўсміхаўся князь у апошні раз, відаць, калі сабакі на ягоных вачах рвалі зашытых у мядзвежыя скуры правадыроў Крычаўскага паўстання. Уся зала адначасова нібыта выдыхнула з палёгкай, як толькі столь не прыўзнялася. За князем з каменным фанабэрыстым тварам крочыў Лёднік.

— Неад-дменна сёння ж усе вашыя ад-двары мусяць быць гатовыя! — абвесціў на нямецкай князь Геранім і ўрачыста ўсеўся на месца. — Зоймеш п-пасаду майго асабістага д-доктара! Італійцаў вон! Д-дваццаць дукатаў у месяц даю! Я заўсёды к-казаў, што нямецкая мед-дыцына самая лепшая! — і перайшоў на беларускую: — Зараз жа п-падаць мне аўсянай кашы і к-кавалак ад-дварной ялавічыны…

— Толькі ўсё ешце без солі, ваша княская міласць! — сваім нізкім голасам па нямецку прамовіў Лёднік, і можна было зразумець, што гэта прапісаную ім дыету князь пачаў неадкладна спраўджваць.

— Чуеце, невукі? Без солі! Т-толькі атручваць мяне зд-дольныя вэнджаным д-ды смажаным! Пры маіх хворых нырках!

Пахолкі забегалі з такім жахам на твары, нібыта кавалак ялавічыны зараз выражуць з іхніх сцёгнаў. Цяпер уся ўвага засяродзілася на цуда-доктары. Лёднік быў на вышыні. Ён тарабаніў па-нямецку пра солі і мінералы, жыццёвыя сокі і энергію месяца так пераканаўча, што нават Пранцысь, які разумеў з пятага на дзесятае, зацікавіўся.

Раптам князь рэзка ўзняўся, музыка зараз ж сціхла, як перарэзалі струны, і кінуў у бок Пфальцмана і Лёдніка:

— Хадземце, немчукі, мне п-патрэбныя парады добрых знаўцаў.

Пфальцман паспеў увярнуць нешта пра тое, што ягоная мосць князь Радзівіл і сам найвыдатны знаўца ўсіх навук і рамёстваў, але на князя найшла істэрычная прага дзеяння. Ён, зразумела, пад прыглядам чатырох янычараў[12] у наматаных паўзверх бабровых шапак белых чалмах, цягаў немцаў па ўсім палацы, распавядаючы пра грандыёзныя задумы, якія часткова пачаў здзяйсняць. Вялікі палац Ніжняга замку быў сапраўды велізарны, але аднапавярховы, крыты гонтай — драўлянай чарапіцай, з высокім цокальным паверхам. Пры князі Гераніме тут дадаліся дзве алькежы — бакавыя прыбудовы, паўкруглы выступ з фасаду, падраслі дзве вежы — князь відавочна імкнуўся дагнаць у раскошы свайго слуцкага жытла нясвіжскага пляменніка Пане Каханку. А Радзівіл усё яшчэ шмат планаваў, пра што натхнёна і распавядаў сваім нямецкім спадарожнікам: зладзіць аранжарэю з кактусаў, дзівосных калючых раслінаў з Амерыкі, каб раслі аж пад самую столь, правесці перагаворныя трубы, каб з любога пакою гукнуць у такую — і пачуюць у самым далёкім памяшканні. Зрабіць шкляны пакой, у якім будзе штучнае мора, каб назіраць за жыццём марскіх пачвараў — пераплюнуць Пане Каханку, у якога рыбы над шкляной столлю плавалі… Паказаў паноптыкум, у якім сабраў дзівосы — ад васковых лялек у чалавечы рост, што ўмелі таньчыць і прамаўляць, да заспіртаваных двухгаловых цялятаў, вялізны глобус і нават мадэль сонечнай сістэмы — мядзяная зямля на ёй магла рухацца вакол пазалочанага сонца, бронзавы месяц — вакол зямлі. І Пранцысь, які паслухмяна насіў за Лёднікам ягоны доктарскі сакваяж, раптоўна пабачыў перад сабой іншага чалавека, таго, які б мог адбыцца — але застаўся толькі часткай натуры разбэшчанага дэспата. Чалавека дапытлівага, смелага ў здагадках, прагнага да ведаў… Так, ён у звычайных абставінах быў бы таксама не самым дасканалым чалавекам — крыўдлівы, лёгка раздражняўся б… Але калі ён павінен быў бы займацца нейкай карыснай, канкрэтнай справай, то ў пачвару, якая пакутуе сама і мучыць іншых, ператварыцца б не змог.

Уласна кажучы, ад немцаў патрабавалася толькі згаджацца і захапляцца. Нарэшце князь спыніўся ў нядаўна адбудаванай галерэі, завешанай фамільнымі партрэтамі і габеленамі з выявамі слаўных бітваў, у якіх бралі ўдзел Радзівілы, бліснуў дзікімі чорнымі вачыма.

— А цяпер я пакажу вам Сільфіду. Я злавіў яе сам, прывабіў мудрасцю сваёю. Але тут, на зямлі, у грубым матэрыяльным асяроддзі, Сільфіды пачуваюцца нядобра. І вы, гер Лотман, павінны параіць, як падлячыць гэтую нябёсную істоту, якая зараз прыняла аблічча і цела зямной жанчыны. Гаварыць з ёй я вам забараняю, але агледзець, толькі асцярожна і ў маёй прысутнасці, вы яе зможаце. Але запомніце: калі пасля вашага візіту гэтая істота надалей расхварэецца, я вельмі, вельмі расчаруюся ў вас, мае шаноўныя немцы.

Пфальцман збляднеў і выцер лоб насоўкай, працягваючы захоплена-прыніжана ўсміхацца. Лёднік толькі моўчкі схіліўся, а Пранціш зноў адчуў ганебны для шляхціца страх: вар’ят! Гэты Геранім сапраўдны вар’ят! Не менш, чым ягоны брат. Ці справіцца на гэты раз Лёднік? Гэта ж не чалавека лячыць… Што за пачвару ці прывіда князь у сябе трымае?

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

СІЛЬФІДА СЛУЦКАГА ЗАМКУ

Да Сільфіды трэба было падымацца на верхнюю пляцоўку правай вежы. Там знаходзіліся акаваныя жалезам дзверы з замкамі і засовамі, ды яшчэ два вартавыя мэнчыліся. Пфальцман застаўся на лесвіцы, справядліва лічачы, што чым менш магнацкіх таямніцаў ведаеш, тым даўжэй пражывеш. Дзверы цяжка расчыніліся, нібыта вечка ўсыпальніцы. Першым зайшоў князь, за ім — Лёднік і Пранціш.

Убранне невялікага пакоя было падобным да ўсходняй казкі: пяшчотных колераў шаўковыя шпалеры і покрывы, карункавыя фіранкі, чырвоны пухнаты кілім, на ім рассыпаныя яркія аранжарэйныя кветкі… Святло прасявалася скрозь вітражы — малюнак на іх выяўляў кветкі лілеі. Паветра, здавалася, можна пакратаць рукою, бо ў ім таньчылі, звіваліся, раставалі струменьчыкі дыму ад усходніх курэнняў. Дадавала прыкрага мёртвага водару нібы знятая з вітража вялізная кветка лілеі ў срэбнай вазе. Але ўся гэтая раскоша не заўважалася пры поглядзе на істоту, што нерухома сядзела на засланай белым кілімам канапе і безуважна пазірала перад сабой вялізнымі сінімі вачыма. Пранцысь аж спатыкнуўся… Яму стала б крыўдна за Паланэйку Багінскую, якая на фоне гэтай жанчыны, нашмат за яе старэйшай, здавалася гэткай звычайнай кірпаносай дзеўчынёхай, каб ён загадзя не ведаў, што мае справу з істотай незямнога паходжання. Сільфідзе — можна быць такой гожай.

Стыхійны дух быў апрануты па апошняй палацавай модзе — белая сукенка з шоўку і карункаў, неверагодна тонкі стан, зацягнуты ў гарсэт, высокі парык, упрыгожаны перлінамі, набелены і нарумянены твар, падведзеныя чорным выгінастыя броўкі, мушка на правай шчацэ… Дыяменты ззялі на дасканалай скуры пані гэтак натуральна, як раса на пялёстках белай ружы. У яе абліччы былі і вытанчанасць, і веліч, якая можа сыходзіць толькі знутры, з душы. Праўда, калі першае захапленне прайшло, Пранцысь заўважыў, што Сільфіда сапраўды пачуваецца не дужа добра: на твары з тонкімі, нібыта вытачанымі рысамі заўважныя дарожкі, якія ўтвараюцца на пудры ад слёз, вялікія вочы з даўжэзнымі чорнымі вейкамі пачырванелыя, дасканалыя вусны — з горкай складкай… А рукі такія тонкія, белыя, аж празрыстыя. І нат не зварухнулася, позірк не перавяла, як быццам зусім страціла ахвоту да жыцця.

Князь Геранім загаварыў, намагаючыся змягчыць голас:

— Даражэнькая, я прывёў выдатнага доктара. Яго завуць гер Барталамей Лотман, ён немец, не разумее ні слова па-нашаму, так што не спрабуй з ім загаварыць, не траць дарма сілаў. Але ён неадменна дапаможа табе пачувацца больш бадзёра! У нас жа яшчэ столькі спраў, дарагая мая панна!

Пры апошніх словах гаспадара палаца Сільфіда трохі падала прыкметы жыцця, куточкі яе вуснаў пакрывіліся. Лёднік, які, падобна, быў уражаны выглядам незямной істоты яшчэ больш за Пранцыся, да зласлівай радасці апошняга, наблізіўся да стыхійнага духу і павольна апусціўся перед ім на калена, так, што ягоны твар апынуўся проста перад сінімі сумнымі вачыма… І тыя раптоўна пашырыліся, у іх нешта палыхнула, ад чаго Сільфіда падалася яшчэ больш прыгожай. Яна перарывіста ўздыхнула і трохі адкінулася назад.

— Не бойся, даражэнькая, доктар не зробіць табе нічога кепскага, — супакойваюча прагаварыў князь Геранім. Але Пранцысь бачыў, што ў вачах Сільфіды быў не спалох, а… нешта іншае. Між тым Лёднік асцярожна, як быццам дакранаўся да крохкага крышталю, узяўся за тонкую руку Сільфіды. Намацаў пульс, пяшчотна-пяшчотна, нібы лашчачы злоўленую птушку… Потым праверыў пульс на другой руцэ… Пранцысь стаяў збоку, таму мог бачыць, у адрозненне ад князя, што Лёднік і Сільфіда неадрыўна глядзяць адзін аднаму ў вочы, нібыта вядуць нячутную іншым размову. Вось жа доктар-прайдзісвет… Нават са стыхійным духам паразумеўся!

вернуться

12

Янычары — від войскаў у ВКЛ.