Изменить стиль страницы

— Па якім праве? — абурыўся гер Пфальцман, які звык, што імя Радзівілаў выклікае ў сустрэчных звычайна багавейлівы жах.

— Па загадзе генерал-маёра Аляксандра Сапегі! — адказаў улан, і Пранціш ускінуўся: вось дык шанец!

— А дзе зараз найяснейшы пан Сапега?

— А табе што за справа, немчык? — пагардліва кінуў улан, і нават палаш з похваў трохі высунуў, каб пастрашыць падшыванца. Пранцысь жа забыўся, у якім ён зараз абліччы. Але пазбаўляцца шанцу сустрэцца з Сапегам было немагчыма. Вырвіч саскочыў з брычкі, наблізіўся да ўлана і пачаў тлумачыць пра таемнае і тэрміновае пасланне.

— Нядаўна да пана Сапегі прыехаў малады казак[10], увесь аброслы… Давялося яго пагаліць, каб прачытаць на ягонай чэрапаўцы напісанае квасцамі пасланне. У цябе таксама нешта падобнае? — насмешна папытаўся улан. — Ты ж разумееш, што калі ветрам гандлюеш, нашыя шаблі хутка праветраць твае вантробы.

Пранціш паклаў руку на сваю зброю:

— Слова шляхціца! Калі неадкладна праводзіце да пана Сапегі мяне і майго доктара, генерал толькі рады будзе.

А за ягонай спінай ужо дыхаў Лёднік, гатовы абараняць маладога гаспадара. Пфальцман выціраў насоўкай спацелы лоб, уцяміўшы, што патрапіў у рукі ворагаў свайго кліента, не менш магутных, чым той, а побач грувасцілася захінутая палотнамі жалезная чарапаха.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

КАШЧЭІ СЛУЦКАГА ЗАМКУ

Для людзей занадта мітуслівых, якія хапаюцца, як немаўля за бразготкі, адразу за некалькі справаў, мысляры мінулага раілі разводзіць у доме траву ядранец, альбо каменяломку, якая прыводзіць вадкасці цела да гармоніі і супакойвае. Вакол князя Аляксандра Сапегі ядранцу з ягонымі пяшчотнымі белымі ды юлёвымі кветкамі належала прарасці праз усе сцены. Можа, тады гэты недарослы, шчуплы чалавечак з вялікім носам і блізка пасаджанымі вачыма, у недарэчна вялікім парыку і парчовым жустакоры з сумётамі брабанцкіх карункаў прысеў бы хоць на хвілю ды спыніўся б на адным са шматлікіх сваіх планаў. На партрэтах Сапега выглядаў як малады антычны бог з паблажлівым паглядам. Але цяпер Пранціш нават не раўнаваў чароўную Паланэйку, ад якой перадаў князю ліст з дасканала адноўленай пячаткай. Вядома, калі трэба да алтара ісці, нават самы плюгавы магнат падаецца практычным дамам прыгажэй за самага гожага ды дужага шляхціца-шарачка, але ж тым плюгаўцам пасля і рогі ахвотна настаўляюць з гожымі і дужымі. А ўспомніць яшчэ пра ваевадзянку Сапегу, якая ўлагоджвала сына каралеўскага амарата…

Сапега раздражнёна кінуў ліст ад Багінскіх на столік са срэбным прыборам для кавы.

— Лёгка сказаць — «з дапамогай Дзевы»! А як да той дзевы дабрацца, я што, штурмаваць павінен Слуцкі замак? Досыць, бацька наваяваўся, ледзь палову маетнасці не страцілі! — крычаў Сапега, намякаючы на нядаўнюю ўнутраную вайну, калі магнаты аб’ядналіся супраць роду Сапегаў, які надта набіраў магутнасці. — А гэты лысы паскуднік Радзівіл чхаў нават на Трыбунал!

На шпалерах з залатымі кветкамі слізгалі дзівосныя цені, спароджаныя прабяганнем князя перад кандэлябрамі. Лёднік пачціва кашлянуў, каб прывабіць увагу гаспадара.

— Магу я мовіць слова да яснавяльможнага пана? Магчыма, варта змяніць тактыку, per fas ac nefas? Можна паспрабаваць пранікнуць у замак таемна, у чужым абліччы.

Сапега злосна зірнуў на Лёдніка. Доктар выглядаў, як мае быць: акуратны белы парык, таксама выкуплены ў Пфальцмана, нямецкая вопратка, капялюш, перавязаны чыстай шаўковай белай стужкай, шабля… Нават твар згодна свецкім звычаям доктар напудрыў і румянак наклаў, ад чаго выгляд у яго быў фанабэрысты да немагчымага. Ведаў бы князь, што гэты важны муж вучоны ўсяго толькі пажыццёвы і бяспраўны слуга маладога шляхціца Вырвіча, на якога Сапега не звяртаў аніякае ўвагі… Ад гэтай думкі Пранціш вышэй задзёр падбароддзе і пашкадаваў, што ў яго яшчэ не растуць вусы.

Сапега спыніў позірк шэрых вачэй на доктары.

— Вы што, гер Лотман, думаеце, у мяне ў слуцкім замку шпегаў няма? Ды тут уся зямля нашпігаваная шпегамі, як шынка — часныком. Шпегі тут, шпегі там, двайныя, трайныя… І ўрэшце ўсё ўпіраецца ў тое, хто каго першы прадасць і купіць. Мне данеслі, панна Саламея Рэніч, якую, як вы сцвярджаеце, добра ведаеце, жывая. Але дзе князь яе трымае — ніхто не здагадваецца.

Лёднік не стрымаў уздыху палёгкі, а Сапега толькі махнуў рукой.

— Але ці можна гэтаму верыць? І ў любым выпадку яе сцерагуць так, што падабрацца немагчыма.

Лёднік сціснуў вусны.

— Але я змагу! Радзівіл мне паверыць. Я цяпер — немец, што прыехаў разам з панам Пфальцманам дэманстраваць новую магутную зброю, я — вядомы доктар, што пацвердзіць той жа Пфальцман… Мае паслугі могуць спатрэбіцца ўсім, нават князю Гераніму.

Сапега адбегся ў другі кут пакоя і пачаў калмаціць свой парык, раздумваючы. Вырвіч скарыстаўся момантам, каб высветліць адносіны са слугою.

— Што значыць — «я змагу»? А я?

— Твая місія закончана! — Лёднік быў суровы, як вецер у лютым. — Ліст перадаў, дукаты атрымаў… Усё! Гэта мая асабістая справа! Няма ніякай патрэбы рызыкаваць жыццём высакароднага шляхціца дзеля беднай мяшчанкі…

— А я не дазваляю табе выпраўляцца без мяне! — выразна шапнуў Пранціш, дастаўшы на хвілю з кішэні складзеную паперу аб куплі алхіміка.

— Дурное хлапчо! — прасычэў Лёднік, ягоны худы твар ажно плямамі пайшоў.—Застанешся тут!

— А не табе загадваць! Вось я — захачу і зусім нікуды цябе не адпушчу! — з задавальненнем прасычэў у адказ Пранціш, які нізавошта не хацеў упускаць магчымасці паўдзельнічаць у небяспечнай і цікавай прыгодзе. — Табе ж нельга совацца ў замак, бо можа нехта пазнаць нават у нямецкім строі.

— Маё жыццё нічога не каштуе! — доктар ледзь жоўцю са злосці не пляваўся.

— Ну як жа, каштуе! — шматзначна прамовіў Пранціш, намякаючы на свой шэлег. Алхімік нарэшце заторкнуўся, злосна пазіраючы на шкаляра. Сапега вярнуўся да стала, не зважыўшы на раз’ятранае перашэптванне гасцей.

— Можа быць, і варта ўзяцца за чапялу, калі меч зламаны… Але тады я павінен адпусціць да Радзівіла машыну, якую вы называеце смяротнай зброяй! А ён немаведама што з ёю наробіць! — Сапега адсёрбнуў са срэбнага кубка кавы. Тая, відаць, зусім астыла, таму што ён скрывіўся і выплюнуў яе назад, але слугу клікаць не стаў, не жадаючы, відаць, лішніх вушэй.

— Ваша княская міласць, наколькі я змог разгледзець, гэтая машына занадта марудная і неразваротлівая, — напружаным голасам загаварыў Лёднік. — Эфектнасці ў ёй больш, чым рэальнай карысці. Новы вадзяны рухавік — рэч ненадзейная, такія цягам эксперыментаў часта ўзрываліся. Хуткасць такой машыны будзе не хутчэй за тры вярсты ў гадзіну, чалавека не абгоніць. Да таго ж на сваім паліве праедзе не больш паўвярсты. Яна будзе палохаць, але не забіваць арміі.

— Што ж… — Сапега зноў забегаў туды-сюды, кратаючы рукамі то посуд на стале, то кандэлябры, то ўласны нос. — На такую рызыку можна было б пайсці, калі б я быў упэўнены, што вам удасца прывесці да мяня дачку полацкага кнігара жывой…

— Я вызвалю яе, альбо памру сам! — запэўніў Лёднік такім тонам, што сумніву ўзнікала не больш, чым у намерах кулі, што ляціць да твайго ілба.

— І прывядзеш сюды!

— Але толькі пры адной умове, прабачце маю дзёрзкасць, ваша мосць…

— Якой умове? — нахмурыўся Сапега.

— Калі вы дасцё сваё шляхецкае слова, што ў вашых руках панне Саламеі нічога не пагражае, што яна не стане палонніцай і вы не змусіце яе ні да чаго супраць ейнай волі!

Лёднік пачціва схіліўся, але было зразмела, што не адступіцца.

— Слова Аляксандра Сапегі — я нічым не пакрыўджу дзеўку.

Пранціш заўважыў, што князь трохі скрывіўся, што азначала, што даваць слова яму не з рукі, і задаў яму пытанне, што само сабой узнікала:

— Ваша княская мосць, але ж мы найлепей выканаем сваю місію, калі будзем ведаць, што насамрэч патрэбна высокім панам ад Саламеі Рэніч? Ну не абараніць жа правы полацкай мяшчанкі? Ваша мосць, вы можаце нам давяраць, бо мы ўжо сваім жыццём рызыкавалі, гнеў Радзівілаў выклікаўшы, і надалей нас смяртэльная гульня чакае.

вернуться

10

Казакі — не толькі сацыяльная супольнасць, але таксама і від лёгкай кавалерыі.