Як твой бізнэс? – пытаюся я, ужо калі мы ўзялі. А, – кажа Вася, – ніяк. Вырашыў завязаць. Што так? – пытаюся. Ды разумееш, – кажа Вася, – у гэтай краіне сумленна займацца бізнэсам немагчыма. Яшчэ і бакс блядзкі скача. Ясна, – кажу.

8.47

Дома мы знаходзім нашага сябра Сабаку Паўлава. Здароў, кажа Сабака, нібы так і трэба, – вы што – пабухаць прынесьлі? Пабухаць, Сабака, – кажа Вася, – пабухаць. А што менавіта? – прынюхваецца ён, – няўжо каньяк? Хуяк, – кажу я яму. – А дзе ты быў? На футболе, – кажа Сабака. – Учора цэлы вечар там пратаўкліся, і хоць бы якая радасьць. Ну, і мы ўжо нікуды не выходзім, усё ж такі даўно ня бачыліся, ёсьць пра што пагаварыць, што ўжо там.

– Сабака, – пытаюся я, – а як хоць згулялі?

– Хто згуляў? – не разумее Сабака.

Частка першая.

Чыёй сьмерці ты хочаш насамперш.

9.15

Гэтая лірычная гісторыя пачынаецца з таго, што перад нашымі дзьвярыма зьяўляецца чувак у сінім плашчы, з плястыкавым кейсам, і доўга круціць у руках паперку, глядзіць, ці правільны адрас, ці туды ён трапіў, ці ніхто яго ня кінуў, карацей – пануры, зьнявераны чувак, яшчэ і кейс гэты, наагул – ня ведаю, дзе такіх людзей бяруць і куды іх потым сьпісваюць. Нарэшце ён адважваецца, стукае ў дзьверы, заходзіць і бачыць усіх нас – мяне, Васю Камуніста і нашага сябра-Сабаку, ад нас пахне ранішнім бухлом і вячэрнімі ванітамі, ранак працоўнага дня, адным словам, чувак зноў пачынае круціць у руках паперку, ты хто? – пытае Сабака, ён найбольш з нас трох пужаецца, бо пасьля ўчарашняга разьвітаньня славянкі, то бок пасьля таго, як ён рыбінай высьлізнуў зь няўмелых рук Вовы і Валодзі, менавіта на ягоную кароткастрыжаную галаву мелі б пасыпацца непрыемнасьці, вось ён і думае, раптам гэта за ім, нехта з рэдакцыі, скажам кілер, хто іх ведае, хто там у гэтых підарасаў у штаце ёсьць, газэта заможная, маглі ў прынцыпе запрасіць наёмнага забойцу з пагадзінным тарыфам з былых інтэлігентаў, скажам, ён там яшчэ ўчора працаваў інжэнэрам у інстытуце, а тут дэфолт і беспрацоўе і вялікая краіна развалілася на кавалкі, вось ён і пайшоў у кілеры калыміць, Сабаку прабівае на жах, гэта ўжо дакладна, і ў пакоі западае маўчанка.

– Мяне завуць Робэрт. Дзядзя Робэрт, – кажа чувак, хаваючы нарэшце паперку. – А дзе Саша?

– Якая Саша? – пытаюся я. Можа я нешта прапусьціў, і ў нас тут пасьпела завесьціся нейкая Саша. Тады гэта наш агульны кілер.

– Ну, Саша, ён жа з вамі павінен жыць. Гэта ж, – гаворыць ён, зноў дастае сваю паперчыну і пачынае яе нэрвова круціць.

Ён? – думаю я, – яна што, гермафрадыт, гэтая Саша?

– Ну, Саша, – умольна гаворыць дзядзя Робэрт. – Ён жа гэты адрас дома пакідаў, сказаў, што тут жыве. І пра вас апавядаў, ну, апісваў вас, я вас вось такімі і ўяўляў сабе, – гаворыць ён і па-сяброўску ўсьміхаецца.

Такімі? – думаю я. – Гэта якімі ж? Абрыганымі?

– А, – першым здагадваецца Сабака. – Гэта ён пра Карбюратара гаворыць, пра Сашу.

– А, ну, дакладна, – усе неяк супакойваюцца, выяўляецца, што ніякай Сашы тут усё-ткі не было, а гэта ўжо добра. І гэты ёбаны дзядзя Робэрт, здаецца, ня кілер, хоць і нешта добрае сказаць пра яго таксама нельга. Ён працягвае па-сяброўску ўсьміхацца нам, Сабака таксама пачынае праяўляць да яго інтарэс, уласна ня так да яго, як да ягонага плястыкавага кейса, вядома ж, – думае Сабака, – калі гэты ёбаны дзядзя Робэрт прыехаў да Карбюратара, – так ён думае, – то, мабыць, ён прывёз яму нешта смачнае і карыснае, не каленвалы ж ён яму прывёз, мабыць усё-ткі нешта смачнае і карыснае, там, – думае Сабака, – адэкалёны альбо марыхуану, зранку лепш, канешне, адэкалёны, толькі не каленвалы, карацей мы ўсе зараз ня надта добра разумеем, хто гэта такі і пра што ён нам гаворыць. А ён гаворыць:

– Дык гэта вы – сябры Сашы?

– Мы, – адказвае Сабака, ня зводзячы з кейса пахмельных вачэй. – Мы сябры.

– А што гэта вы тут, – пытаецца дзядзя Робэрт, спрабуючы ўвайсці да нас у давер, – каньяк з ранку п’еце?

Мне ён пасьля гэтага чамусьці адразу перастаў падабацца. Стаіць нейкі прыцірак з кейсам, пізьдзіць тут.

– Дык тое яны, – паказвае Сабака на нас. – Вы праходзьце, сядайце. Можа, гарбаты?

Гарбату Сабака ў апошні раз піў гады два таму, яшчэ ў школе. А тут, бач, разбалакаўся.

– А дзе Саша? – заклапочана пытае чувак.

І тут усе насамрэч думаюць – а дзе Саша? Неяк так сталася, што ў апошнія некалькі дзён на яго ўсе забыліся, я дык дакладна, неяк так трапілася, што ў кожнага свая запара, свае праблемы, ну, ведаеце, як гэта бывае – закручваешся па справах, а потым раптам выяўляецца, што ня ведаеш нават, дзе твае сябры пазьнікалі.

– Можа, на занятках, – кажу няўпэўнена.

– Не, я там ужо быў, – кажа дзядзя Робэрт. – Мне сказалі, што ў вас заняткаў ужо тыдзень як няма.

– Сур’ёзна? – пытаюся.

– Так. Параілі тут пашукаць, у вас.

– Ну, гэта правільна, – гаворыць Вася, каб яго супакоіць. – Правільна. Дзе ж яго яшчэ шукаць.

– Сабака, – пытаюся я, – а на футболе яго з вамі не было?

– Не, кажа Сабака. – Хоць у прынцыпе, – ён зьвяртаецца непасрэдна да дзядзі Робэрта, – я там сьвядомасьць страціў, так што добра ня памятаю, можа і быў.

– А што здарылася? – пытаюся я.

– У Сашы бяда, – кажа дзядзя Робэрт і сядае пры ўваходзе на свой кейс. Я яшчэ думаю, што ён напраўду ў яго пусты і ён яго замест зэдліка носіць.

– Што за бяда? – пытаюся.

– З бацькам.

– Так у яго ж няма бацькі, – кажу я. – У яго ж айчым.

– Ён быў яму як бацька, – кажа дзядзя Робэрт.

– Ды ну, – раптам гаворыць Сабака, – бацька й айчым – гэта зусім розныя рэчы. Хоць, – дадае, – у прынцыпе адзін хуй.

– Пачакай, – кажу я Сабаку. – А чаму – быў?

– Ён загінуў, – кажа дзядзя Робэрт. – Два дні таму.

– Як загінуў?

– Застрэліўся.

– Як?

– У яго стрэльба была.

Пра стрэльбу Карбюратар апавядаў. Ён наагул пра сваіх бацькоў гаварыць не любіў, але нешта недзе ўсё-ткі апавядаў, там у яго ўсё неяк замарочана выходзіла, бацька ягоны іх кінуў, калі ён зусім яшчэ малы быў, потым зьявіўся гэты чувак, са стрэльбай, Карбюратар казаў, што ён проста кончаны, што ён пастаянна бухае, ходзіць і адстрэльвае навокал іхняга будынку ўсё жывое, час ад часу яго забіраюць, але потым адпускаюць на волю, разам са стрэльбай, нейкі ў іх там зусім дзікі Захад выходзіў, як паслухаць Карбюратара. Яшчэ ён апавядаў, што ў ягонага айчыма не было адной нагі, не ад нараджэньня, канешне, ня тое, каб ён быў нейкім паталягічным вырадкам, яму проста яе аднаго разу адрэзалі, гэта быў яшчэ савок, але для айчыма пачалася ўжо ягоная пэрсанальная грамадзянская вайна, зь якой ён і вярнуўся на пратэзе. Гэтую гісторыю Карбюртар апавядаць любіў, ён смакаваў дэталі, прадстаўляў усё гэта ў ролях, адным словам – гісторыя яму падабалася. Як я ўжо сказаў, айчым увесь час цягаў за сабою стрэльбу, добрую, калекцыйную, калі верыць Карбюратару, стрэльбу, у іх там нібыта цэлая кампанія шалёных паляўнічых на скальпы была, ліцэнзій у паловы зь іх не было, але нехта ў іх там працаваў у раённай пракуратуры, так што яны маглі хоць на браневіках ганяць, ніякае даі іх бы не спыніла, палявалі яны цэлы год, на сэзоны ўвагі не зьвярталі, проста набухваліся, бралі мянтоўскі бобік і гналі ў стэп, у бок расійскае мяжы, а паколькі, паўтаруся, савок яшчэ трымаўся сваёй цэласнасьці, то мяжы ніякай і не было, яны проста гналі, на колькі ім хапала бэнзыну, а потым, заглохшы недзе пасярод яравых ці там азімых, як маглі, дабіраліся дадому, замест трафеяў цягнучы на плячах адзін аднаго. Мне гэтая гісторыя таксама падабалася, я не разумеў Карбюратара, у цябе, казаў я, такі прыкольны айчым-ебанат, што ты на яго гоніш, лепш зьезьдзіў бы зь ім, прывёз бы скуру якога-небудзь маманта, я сабе мог уявіць такую паездку, гэтак яны маглі гнаць у прынцыпе да самага Касьпію, як чырвонаскурыя ў прэрыях, забіваючы па дарозе ўсю навакольную фаўну, а прыехаўшы да Касьпію, набіць там цэлую гару вярблюдаў, ці хто там на тым Касьпіі вядзецца, і назад, прыкольна; але Карбюратар такіх рэчаў не любіў, а можа – любіў, толькі віду не падаваў. І вось аднаго разу, падчас чарговага забуха, іхняя п’яная кампанія выехала на палі, і недзе там яны заглохлі, таму мусілі станавіцца на ноч. А зранку на іх наткнуліся камбайны, паколькі стаяла жніво, зноў жа, – не сэзон, і заселі яны недзе проста ў пакосах. Камбайны ехалі, расьцягнуўшыся на пару соцен мэтраў, і раптам перад імі зьявіліся чырвонаскурыя, дакладней – чырвонатварыя ўзброеныя чувакі. Прынамсі, я сабе гэта ўяўляю менавіта так. Найбліжэйшы камбайн, што ішоў проста на іх, пачаў зварочваць, і тут у яго забілася касілка, таму камбайн спыніўся, адтуль вылез чувак, і, баязьліва абзываючы паляўнічых, пачаў лезьці нагой проста ў пашчу свайго сатанінскага агрэгату, намагаючыся прабіць тромб, які ўзьнік; Карбюратар нам потым на схеме паказваў, на схеме, прынамсі, гэта выглядала страшна, я ўжо не кажу пра тэхніку бясьпекі. Ну, але хто ж дзеля гэтага будзе глушыць камбайн, усё ж ідзе бітва за ўраджай, усялякая такая фігня, што тут гаварыць. І вось паляўнічыя, якія ўсё яшчэ адчувалі сябе на паляваньні, раптам вырашылі дапамагчы камбайнёру, ня ведаю, можа ў іх там сумленьне прачнулася, хаця наўрад, мабыць, ім проста было па прыколу агораць такога монстра, як сельскагаспадарчы камбайн «Ніва»; «Ніва», «Ніва», – крычаў Карбюратар, яму ўва ўсёй гэтай гісторыі, пэўна, падабалася вялікая колькасьць тэхнікі, і гэты ягоны кумарны айчым таксама палез сваёй нагою і нават прабіў тромб, і касілка закруціла сваімі мэталічнымі зубамі, заглытваючы ў сваю пашчу чарговую порцыю народнага ўраджаю, уключна з праваю нагой айчыма, чувака пасьпелі выцягнуць назад, але ўжо без нагі, хоць магло быць значна горш. А так проста адкусіла па яйцы, ва ўсялякім разе Карбюратар так гаварыў. Я спрабаваў уявіць сабе што было потым – добра, думаў я, ён ужо быў без нагі, яго, хутчэй за ўсё, павязлі ў бальніцу, але як яны адтуль выбраліся? На камбайнах, ці як? Ну, але добра. А нага? Гэта ж сельскагаспадарчае нутро камбайна добра, як я яго сабе ўяўляў, было ўжо набіта некалькімі сотнямі кілаграмаў залацістага зерня, перамяшанага з храсткамі і жыламі айчыма, плюс неарганічныя рэчывы, ну там, вайсковы чаравік, хэбэшная калашына, карацей – плойма сыравіны, цікава, што хлебаробы з гэтым усім дабром рабілі, сто пудоў жа ня высыпалі, мабыць, здалі дзяржаве, гэта ўжо дакладна, ведаю я гэтых падступных хлебаробаў, яны б і гаўно ўласнае здавалі, калі б яго хто прымаў, і я сабе потым уяўляў гэтае печыва і гэты хлеб, карацей, крывавыя фантазыі простага хлопца, ведаеце, як яно бывае. І вось чувак далей жыў сабе, цяпер ужо з адной нагой, але яму, як я зразумеў, было цалкам дастаткова, прынамсі, ён працягваў бухаць і адстрэльваў усё, што рухалася, проста монстр нейкі.