Вася і Марак забягаюць у падземны пераход і там пераводзяць дых. «Підарасы, – Вася бярэцца за старое, – іх бы ў цэх». Але Марака ідэя ўжо не прыкольвае, пайшлі дадому, – пачынае ён, хуй, – кажа Вася, – яшчэ пяць флаконаў засталося, прададзім і паедзем, забьюць, – кажа Марак, ай, перастань, – кажа Вася, чаго ты баішся, зараз хутка ўсё сплавім, купім хаўкі і дадому, давай, ня бойся, не, – гаворыць Марак, – не хачу, баюся. Ладна, – не вытрымлівае Вася Камуніст, – хрэн з табой. Вось табе за работу, давай, валі: ён дастае дзьве пляшкі і дае іх Мараку. Марак вагаецца толькі нейкае імгненьне – значыць так, – думае ён, – зранку ў мяне не было нічога. Зараз у мяне дзьве пляшкі. Відавочна, што я ў плюсах, – вырашае ён і забірае сумленна заробленую вадзяру. Усе, давай, – кажа Вася, дома ўбачымся. «Да, сапраўды дэбіл», – думае ён, гледзячы ў сьпіну кампаньёну, чыя стомленая ваенна-марская туша зьнікае ў цемры пераходу. На вуліцы таксама цямнее, зьяўляюцца зоры, і птушкі хаваюцца ад дажджу ў памяшканьні вакзалу. «Калі зараз паехаць дахаты, – думае Марак, – можна зачыніцца ў д у шы і да ранку ўсё выпіць». Так ён і робіць.

21.00

Ён бярэ ўсё, што ў яго засталося, і ідзе па вячэрнім пэроне, хочаш ня хочаш, мусіш рызыкаваць, калі табе 19 і галава забітая голымі цёткамі з газэтных вокладак, рэклямай і прапагандай – чаго табе баяцца на трэцяй плятформе Паўднёвага вакзала горада Харкава. А 21.00 падыходзіць транзытны на Баку, праваднікі бакінцы, людзі салідныя, з бабкамі, можна рызыкнуць. Вася падыходзіць да першага вагона, яго пасылаюць, потым да наступнага, на трэці раз тоўсты бакінскі камісар спыняе яго: «Водка нэ травлэна?» – пытае, «нармальна водка, нармальна», – кажа Вася, «ладна, давай, пашлі ў вагон», «навошта ў вагон?» – Вася насьцярожваецца, «нэ бойся, нэ бойся, – кажа камісар, – я проста праверу – палёная ў цябе водка ці не, калі ўсё нармальна – вазьму всю сразу». Яны заходзяць у купэ правадніка, там пахне анашою і проста дарагім тытунём, у вагоне цёпла і напаўпуста, у Баку амаль ніхто ня едзе, тыя, хто едзе – сьпяць, дзявятая вечара, што ім яшчэ рабіць, на пэрон не выходзяць, каб лішні раз не нарвацца на шмон, водку потым у правадніка купяць, лепш не совацца на вакзал, ад іх усіх за некалькі мэтраў нясе спэрмаю і плянам, так, нібы ўсю дарогу, некалькі дзён і начэй, яны дрочаць па абкурцы, грамадзяне ёбанага Азэрбайджану. «Захадзі», – кажа Васю праваднік, Вася заходзіць у паўзмрок купэ і праваднік рэзка зачыняе за ім дзьверы, «пасядзі тут», – кажа, зачыняе дзьверы на ключ і кудысьці ідзе, Вася пачынае панікаваць, б’е з нагі ў сьценку, стукае ў зачыненае акно, круціцца як шчур у цесным, прапахлым азыяцкімі травамі пакоі, нарэшце сядае на пранумераваную коўдру, якой засьцеленая паліца, і пачынае плакаць, сьціскаючы пад пахай пакет з вадзярай. Ну, добра, гаворыць ён сам сабе, добра, ня ный, што яны табе зробяць, ну, забяруць вадзяру, на хера мне гэтая вадзяра, падумаеш – вадзяра. Трахнуць. Да, трахнуць могуць, асабліва гэты кабан у чыгуначным картузе, які зачыніў мяне тут. Не, ня трахнуць, як мяне можна трахаць, але Вася глядзіць на столік, засыпаны цыгарэтамі і прэзэрватывамі, і думае, што ў прынцыпе могуць і трахнуць. Могуць прадаць чачэнам на камплектуючыя запчасткі. Патрэбны я чачэнам? Канешне, патрэбны. На органы, там, ныркі адрэжуць, лёгкія, яйцы, прывяжуць дзе-небудзь у сябе ў ауле за ногі і пачнуць дзяўбсьці пячонку як Праметэю, або прэпаруюць, як труса, і зробяць са скуры баявы чачэнскі барабан, мама з Чаркасаў нават на магілу ня прыйдзе, трэба валіць, валіць, пакуль бакінец не прыйшоў: Вася здымае пас і перавязвае ручку дзьвярэй, цяпер захочуць – не ўвайдуць, спрабуе адчыніць акно, яно трошкі паддаецца, Вася высоўвае галаву вонкі, у пахучае вакзальнае сутоньне, націскае яшчэ, адтуліна павялічваецца, Вася пераводзіць дых, бачыць на паліцы некалькі порначасопісаў і рачуша сігае ў вакно. Тут цягнік рэзка кранаецца, рыпіць сваімі рэўматычнымі храсткамі і рушыць у бок Баку, цягнучы з сабой, акрамя ўсяго, і ні ў чым не вінаватага Васю Камуніста, майго сябра, між іншым.

Заўжды так: хочаш ня хочаш – мусіш змагацца, інакш з гэтага нічога ня выйдзе, або сядзі дома і ня рыпайся, або ўжо давай – спрабуй узяць за яйцы прыкрыя абставіны, а там, калі ўсё атрымаецца, цябе абавязкова чакае джэк-пот, ну, там, ня ведаю, што ў такіх выпадках даюць пераможцам – дысконтная картка, пастаянныя зьніжкі, бясплатны сэкс, карацей – дрыгайся, інакш табе з гэтага гаўна ўсё адно ня выбрацца; Вася з адчаем глядзіць, як паўз яго праплываюць апошнія вакзальныя прыбудовы, зьнікаюць спэкулянткі і кантрабандысты, нават ментаўні нідзе не відаць, у такой сытуацыі ён бы і ёй быў рады, увесь гэты набор знаёмых і родных рэалій зьнікае недзе ў блакітнай далечыні, і ў гэты час бакінскі камісар разьбіраецца са сваімі няхітрымі справамі, згадвае пра закладніка і спрабуе зайсьці ва ўласнае купэ. Але дзьверы не паддаюцца. Гэй, няверны, давай адчыняй, крычыць ён нешта накшталт гэтага. Вагон трывожна чакае. Вася гарачкава круціцца ў вакне і раптам разумее, што захрас. Праваднік наагул нічога не разумее. Ён па звычцы гаворыць па-азэрбайджанску са шчодрымі дадаткамі з братніх славянскі моў, спачатку проста лаецца, потым пужаецца – раптам скаўта хапіў кандрацій, потым нэрвова пачынае заклікаць Васю да парадку і сумленьня, пасажыраў заклікае быць сьведкамі, цягнік ужо недзе ў прыгарадзе, і тут аконная рама, у якой захрас Вася Камуніст, не вытрымлівае і трашчыць, Вася пасьпявае згрупіравацца, выварочваецца ў акне і цалкам прыцэльна, як пацяганы дваровы кацяра, спланоўвае з акна, вецер урываецца ў пустое купэ для адпачынку праваднікоў і весела шпурляе пад столь гральныя карты, упакоўкі з-пад прэзэрватываў і парнаграфічныя ўлёткі, руйнуючы, адным словам, усталяваны побыт працаўніка азэрбайджанскага міністэрства шляхоў спалучэньня. І бясконцы цягнік, напоўнены мяшкамі з вугалем і валізамі з гераінам, весела памахвае хвастом і ўжо пярэднімі вагонамі ўяжджае на тэрыторыю Расіі, адным словам, чувакам не пазайздросьціш.

23.00 – 08.00

Вася нават нічога не ламае, у сэнсе, не ў вагоне нешта, а сабе – нічога не ламае. Проста скочваецца з насыпу, рве правую штаніну, але нават вадзяру – якую ён увесь гэты час сутаргавата прыціскае да сэрца – не выпускае і не разьбівае. Ужо не гаворачы пра розныя там рэбры ,галенастопы і ўсякую такую анатамічную паябень. Устае так, нібы нічога не адбылося, абцярушвае штаніну, выцірае ўспацелыя далоні аб швэдар, каб гарэлка, глядзі, ня высьлізнула, і ідзе шукаць цывілізацыю, ну, але якая там цывілізацыя, калі ты з вагона выпаў, так – ідзеш, куды можаш, уздоўж заводзкіх парканаў, мінаючы колішнюю гордасьць абароннай прамысловасьці і толькі зямля пад падэшвамі чвякае – вязкая і прыставучая, як пажаваны стымарал. Але раптам Вася выходзіць на трамвайныя рэйкі, ну, гэта ўжо добра, думае ён, яшчэ б ведаць, у які мне бок, ён сядае на рэйкі і дастае пляшку. Надпівае і думае пляшку схаваць, але вырашае не сьпяшацца, куды сьпяшацца, думае ён, да раніцы пратрымаюся, а там пабачым, і ён п’е далей і не пераймаецца надта ні гэтай ноччу, ні ўсім сваім няўдалым бізнэсам. Усё нармальна ў прынцыпе, усё нармальна, магло быць нашмат горш, маглі наагул забіць або падвесіць дзе-небудзь у тамбуры, або ў топцы засмажыць, тунгусы сраныя, Вася смачна прыкладаецца да пляшкі, да, думае ён, добра, што вадзяры шмат, усю нават ня вып’ю. Добра, дарэчы, што ня вып’ю, а то дзе яе зараз купіш, думае ён і так і сядзіць – у драных джынсах, што спадаюць бяз паса, у цёмным швэдры і бітых красоўках, на мокрых рэйках, на якіх час ад часу пабліскваюць пранізьлівыя месяцовыя промні.

А першай ночы Васю ледзь не пераехаў дзяжурны трамвай. Кіроўца толькі ў апошні момант бачыць, што на рэйках нешта ёсьць, сабака, думае кіроўца, і вырашае давіць, але ўсё ж пасьпявае заўважыць, што не – не сабака, які сабака, сабакі вадзяру з горла ня глушаць, пасьпявае прытармазіць, выбягае з трамвая і знаходзіць на рэйках п’янага Васю. Ты што – дэбіл? крычыць ён, я ж цябе, бля, ледзь напапалам не разьдзяліў. Прабач, кажа Вася, я ад цягніка адстаў, на, вось, вадзяры, кіроўца бярэ, добра, кажа ён сам сабе, ад стрэсу трошкі можна, і сядае каля Васі. Так яны і сядзяць сабе на рэйках, нават не размаўляючы, сядзяць, маўчаць, не перашкаджаюць адзін аднаму – рэйкі шырокія, месца ўсім хопіць, пачынае накрапваць дробны дождж, ладна, кажа нарэшце кіроўца, паехалі, я цябе магу да парку падкінуць, там неяк дабярэшся, дзякуй, кажа Вася, але квіток купіш, у нас тут кантралёры на лініі, якія кантралёры? дзівіцца Вася – ноч на двары, ага, абражаецца кіроўца, прызвычаіліся без квіткоў езьдзіць, ладна, мне час ехаць, і яны залязаюць у халодны трамвай і едуць у парк, па дарозе сапраўды падсажваецца кантралёрка, падыходзіць да Васі, той хоча заплаціць ёй, лезе ў кішэню, але знаходзіць там толькі тоўсты пачак расійскіх рублёў, вытаргаваных у гуцулаў, і ўсё, і больш нічога, вось, кажа ён кантралёрцы, вазьміце. Што гэта? – пытаецца тая, грошы, – гаворыць Вася, якія гэта грошы? гэта брудныя грошы, – гаворыць Вася, – брудныя. Вазьміце іх, калі ласка. Але кантралёрка раптам кажа: ні фіга – мне гэтыя грошы не патрэбныя, давай нашыя. Ды дзе я іх вазьму? – стомлена адбіваецца Вася. Бяры дзе хочаш, – жорстка гаворыць кантралёрка. Я ад цягніка адстаў, – кажа Вася, але кантралёрка не рэагуе. Ну, хочаце, я вам вадзяры дам? Не, – адмаўляецца кантралёрка, не хачу. Як гэта? – зьдзіўляецца Вася.