Ён нават ня можа ўзгадаць, што адбылося – лета пачыналася так добра, ішлі дажджы, Сабака пасьпяхова і бестурботна прасяраў свае маладыя гады, але раптам сябры-рэклямнікі зацягнулі стабільна беспрацоўнага Сабаку ў нетры рэклямнае індустрыі, кажучы прасьцей, узялі кур’ерам у аддзел рэклямы сваёй газэты, Сабаку ламала, але ён трымаўся і хадзіў на працу. Карысьці ён прыносіў ня шмат, але добра было ўжо тое, што недзе лічыўся чалавекам, сам ён гэтым асабліва ніколі не пераймаўся, ну, а сябры, на тое яны і сябры, каб грубым кантактным спосабам выпраўляць твой сацыяльны статус, я ад самага пачатку казаў, што надоўга яго ня хопіць, але мяне ня слухалі, казалі нічога, ён нармальны ўвогуле хлопец, ёбнуты трошкі, але нічога, нічога, пагаджаўся я, нічога.

Сабакі хапае дзён на дзесяць, пасьля ён запівае і на працу больш ня ходзіць, а каб яго не знайшлі, п’е па знаёмых, у Сабакі ў ягоныя 19 паўгораду знаёмых, адну ноч ён нават начуе на вакзале – сустракае там знаёмых грыбнікоў, што едуць ранішняй электрычкай кудысьці на Данбас за сыравінай, і начуе зь імі пад калонамі на вуліцы, тройчы шманаецца патрулямі, сумленна адседжвае да ранку, слухаючы байкі пра грыбы ды іншыя тэрмаядзерныя рэчы, потым не вытрымлівае і звальвае дахаты. Тут яго і засьпявае тэлефонны званок. У іншым стане Сабака ні за што слухаўку ня зьняў бы, але ўнутры ў яго ўжо плаваюць срэбныя халодныя стронгі трохдзённага алькагольнага запою і балюча б’юць зь сярэдзіны хвастамі па нырках і печанях, так што сьвет ў Сабакавых вачах цямнее, і слухаўку ён бярэ аўтаматычна. «Сабака? – крычаць у тэлефон. – Ня сьмей кідаць слухаўку!»: сябры-рэклямнікі Вова і Валодзя, якія ўладкавалі яго на сваю галаву ў рэклямны бізнэс, сядзяць недзе ў сваім камсамольскім офісе, і, вырываючы адзін у аднаго слухаўку, імкнуцца пераканаць Сабаку пагаварыць зь імі, зьбіваючыся час ад часу на мат. «Сабака! – гавораць яны. – Галоўнае, ня сьмей кідаць слухаўку. Підар! – гавораць яны, пераканаўшыся, што Сабака іх слухае – калі ты зараз кінеш слухаўку, табе хана. Мы цябе ўрыем, чуеш?» «Алё» – кажа на гэта Сабака. «Што алё? – нэрвуюцца Вова і Валодзя – Што алё? Ты нас чуеш?». «Так», – кажа Сабака напалохана. «Добра, – жвавеюць Вова і Валодзя. – Значыцца так – цяпер дзясятая ранку». «Што»? – Сабака канчаткова пужаецца і слухаўку кідае. Тэлефон адразу трашчыць па-новай. Сабака нерашуча падымае слухаўку. «Ты!!! – раве ў слухаўцы. – Підар!!! Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Ты нас чуеш??? Ня сьмей кідаць слухаўку!!!». Сабака цяжка зглытвае сьліну. «Ты нас чуеш?» «Ну», – няўпэўнена кажа Сабака. «Значыцца так – разрываюцца рэклямнікі. – Цяпер – дзясятая ранку. Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Ты чуеш??? Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Цяпер дзясятая. А палове на шостую мы чакаем цябе каля стадыёну. Калі ня прыйдзеш – мы табе адарвем яйцы. Калі прыйдзеш – мы табе таксама адарвем яйцы. Але табе лепш прыйсьці. Ты зразумеў???» «Так», – кажа Сабака. «Ты нас зразумеў?!!» – ня могуць супакоіцца рэклямнікі. «Зразумеў», – кажа Сабака Паўлаў, адчуваючы як стронгі весела ганяюць недзе ў яго пад горлам. «Што з табой? – нарэшце пытаюцца рэклямнікі. – Табе дрэнна?» «Так». «Табе чаго-небудзь прынесьці?» «Вадзяры прынясіце». «Підар», – гавораць Вова і Валодзя і кладуць слухаўку.

Сабака пераводзіць дых. Дзясятая гадзіна. Трэба пераапрануцца або пахмяліцца, лепш, канешне, пахмяліцца. З суседняга пакою выходзіць яго бабуля. Гэта яго бабуля, ён яе любіць, ну і ўсякае такое, нават ходзіць зь яе вэтэранскім пасьведчаньнем, можна нават сказаць, што ён ганарыцца ёю, не зусім, канешне, але да пэўнай ступені, гаворыць, што яна ў танку гарэла, я сабе слаба ўяўляю старэнькую ў танкавым шлеме, але усё можа быць. «Што, Віталік?» – гаворыць яна. «Праца, бабуля, – кажа Сабака. – Праца». «Што гэта за праца такая, – бядуе старэнькая. – Учора цэлы дзень тэлефанавалі, дзе, кажуць, гэты підар. А я адкуль ведаю?»

17.22

Вова і Валодзя выскокваюць з вагона, падбіраюць Сабаку і выходзяць на вуліцу. «Жывы?», – пытаюцца. Сабака зусім бледны, ніяк не паправіцца, яны цягнуць яго ў гастраном на Пляханаўскай і бяруць там дзьве пляшкі вадзяры, ня бойся, гавораць яны Сабаку, мы цябе спачатку адкачаем, а ўжо потым яйцы рваць будзем, які нам інтарэс рваць нешта ў цябе такога, ты на сябе паглядзі, яны падводзяць яго да вітрыны гастраному, гастраном цёмны і пусты, як і большасьць гастраномаў у краіне ў гэты трывожны час, развалілі краіну, сукі, глядзі, гавораць яны Сабаку, глядзі, на каго ты падобны, Сабака зусім расслаблены, ён глядзіць у вітрыну, за якой стаіць прадавачка ў белым халаце і таксама глядзіць, як за вакном на вуліцы, акурат насупраць яе, стаяць двое навалачнага выгляду ўблюдкаў, трымаюць пад рукі трэцяга такога ж і паказваюць на яе пальцамі. Яна глядзіць на іх зь нянавісьцю, Сабака неяк факусуе позірк, пазнае сваё адлюстраваньне і раптам заўважвае, што ў гэтым адбітку ёсьць яшчэ нехта, нейкая дзіўная істота ў белым адзеньні зь вялікай колькасьцю касмэтыкі на твары цяжка паварочваецца ў яго абалонцы, у межах ягонага цела, нібы намагаецца прарвацца скрозь яго, так што яму робіцца дрэнна, напэўна, думае Сабака, гэта мая душа, толькі чаму ў яе залатыя зубы?

17.35 – 18.15

Цягам сарака пяці хвілін Сабаку прыводзяць у прытомнасьць. У яго ўліваюць вадзяру, і, па нейкіх законах фізыкі, Сабака, напаўняючыся ёю, прыбывае на паверхню, гаворыць усім прывітаньне, яго таксама вітаюць усе прысутныя, зь вяртаньнем цябе, піянер-герой Сабака Паўлаў, клёва, што ты вярнуўся да нас, нам тут цябе таксама не хапала, ага, гавораць прысутныя, то бок Вова і Валодзя, мы проста мусілі цябе адкачаць, каб яшчэ раз паглядзець у твае, хоць і п’яныя, але ўсё адно сумленныя вочы, каб ты нам сказаў, за што ты так ненавідзіш рэклямны бізнэс цалкам і нас з Валодзем – кажа Вова – у прыватнасьці, што мы табе зрабілі, што ты нас так беспантова кінуў, зьнік зь вельмі важнай, дарэчы, карэспандэнцыяй, за якую, калі б маглі, мы б табе двойчы адарвалі яйцы. І так паміж імі вядзецца нейкая такая сяброўская размова, ведаеце, як яно бывае, і Сабака поўнасьцю вяртаецца на сьвет, зь якога яго лездь не выштурхнула яго ж уласная душа, ён азіраецца навокал і прыслухоўваецца: стронгі ляжаць недзе на глыбіні, злы залатазубы анёл у белым халаце і капронавых панчохах таксама адляцеў, рэклямнікі Вова і Валодзя зацягнулі яго кудысьці ў зелень за мэталічныя, пафарбаваныя ў белы, кіёскі і шчодра пояць вадзярай. Соцыюм патрабуе кампрамісаў.

18.15

Чаму яны ніколі не прыходзяць на стадыён своечасова, калі там гучаць маршы і прывітальныя прамовы клеркаў ад муніцыпалітэту? Па-першае, яны зазвычай прыходзяць не зусім цьвярозыя і ўжо дрэнна арыентуюцца, колькі часу, іншым разам яны наагул дрэнна арыентуюцца, што ўжо там час, яны поры году не адрозьніваюць, заўжды то ў цёплых швэдрах пад пякучым сонцам, то ў мокрых футболках пад першым сьнегам. Па-другое, перад матчамі адбываецца якая-небудзь лятарэя, а ў лятарэю яны ня вераць, тут і гаварыць няма пра што. Па-трэцяе, іх таксама можна зразумець – калі табе 19 і ты запаўзаеш у свой сэктар, і ўсе – уключна зь міліцыяй – бачаць, у якім ты цудоўным прыўзьнятым стане, што можа быць больш узбуджальным для цябе? Потым, калі ты вырасьцеш і станеш працаваць ў банку ці газавай канторы, калі з рэальнасьцю будзеш вымушаны мець зносіны толькі па тэлевізары, а зь сябрамі – па факсе, калі ў цябе будуць сябры, а ў іх – факс, тады, канешне, табе по хуй будзе такая штука як п’яны тынэйджарскі драйв, што зносіць башку і кідае цябе на ўсе амбразуры сьвету, калі вочы вільгатнеюць ад ўзбуджэньня, кроў пад пазногцямі спыняецца ад таго, што вось некалькі сотняў чалавек сочаць, як яны заходзяць у сэктар і шукаюць свае месцы, і нават кагосьці нясуць на плячах, называючы яго чамусьці сабакам, час ад часу губляюць яго паміж лавамі, але ўпарта і настойліва падбіраюць і цягнуць на запаветныя месцы, далей ад вартавых, далей ад прадавачак марозіва, увогуле – далей ад футболу, як яны яго разумеюць.

18.25

Наступны раз у прытомнасьць Сабака Паўлаў прыходзіць ужо на стадыёне, добра вось так сядзець зь сябрамі, думае ён, на лаве, недзе пад нейкімі дрэвамі, што шумяць і хістаюцца ва ўсе бакі, не, раптам думае ён, гэта ня дрэвы, тады што гэта?